Моладзь і ветэраны: стратэгія ўзаемадзеяння

- 10:33Адукацыйная прастора

У Полацку адбылося сумеснае пасяджэнне Рэспубліканскага савета ветэранаў працы галіны і маладзёжнага савета Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Мерапрыемства такога фармату прайшло ўпершыню за 17 гадоў: ветэраны і прадстаўнікі маладога пакалення педагогаў, студэнты сабраліся разам, каб знайсці агульныя падыходы ў рабоце двух саветаў, выпрацаваць стратэгію ўзаемадзеяння.

У рабоце пасяджэння прынялі ўдзел старшыні абласных, Мінскай гарадской арганізацый прафсаюза, саветаў ветэранаў, маладзёжных саветаў, прадстаўнікі саветаў ветэранаў устаноў вышэйшай адукацыі краіны, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Яркае ўражанне аб Полацку падаравала ўдзельнікам мерапрыемства наведванне Сафійскага сабора, мастацкай галерэі і Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. А ўрачыстае адкрыццё пасяджэння адбылося ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, у гістарычным будынку былога езуіцкага калегіума.

Гасцей віталі намеснік старшыні Цэнтральнага камітэта прафсаюза В.А.Ільіна, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі прафсаюза А.С.Суханаў, прарэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта П.В.Кавалёнак, старшыня Рэспубліканскага савета ветэранаў працы галіны Я.А.Трахімовіч, старшыня маладзёжнага савета прафсаюза М.Ф.Барэйша.

Як адзначыла Яніна Аляксандраўна Трахімовіч, вельмі важна далучаць ветэранаў да грамадскай работы, каб яны “не згубіліся ў бурлівым патоку сучаснага жыцця”. Звяртаючыся да прадстаўнікоў маладзёжнага савета, яна выказала надзею, што сумесныя сустрэчы паспрыяюць таму, што моладзь стане “больш міласэрна ставіцца да тых, хто іх выхаваў і вывучыў”.

Пленарнае пасяджэнне адбылося ў новым сучасным вучэбна-лабараторным корпусе Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, у пасёлку Міжрэчча.

У рабоце пленарнага пасяджэння прыняў удзел старшыня Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў Алег Генадзьевіч Буевіч, які расказаў пра перспектывы развіцця Наваполацка.

Цікавым і запамінальным было выступленне старшыні ветэранскай арганізацыі дацэнта кафедры тэхналогіі праграмавання Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аркадзя Піліпавіча Воськіна. У складзе ветэранскай арганізацыі ўніверсітэта — 151 чалавек. Савет ажыццяўляе маніторынг выканання калектыўнага дагавора ў частцы работы з ветэранамі. Ветэраны праводзяць з маладымі спецыялістамі вучэбныя семінары, з дапамогай сумесных акцый і мерапрыемстваў удзельнічаюць у патрыятычным выхаванні студэнтаў. Параўнальна нядаўна для ўдзелу ў конкурсе “Песні Перамогі” ва ўніверсітэце створана вакальная група ветэранаў. У планах савета — стварыць базу даных ветэранаў, распрацаваць палажэнне аб знаку “Ганаровы ветэран”, арганізаваць хор.

Задача студэнцкай арганізацыі ўніверсітэта ў сумеснай рабоце — індывідуальны падыход да кожнага ветэрана. У навучальнай установе карыстаюцца папулярнасцю камп’ютарныя курсы і курсы англійскай мовы, на якіх студэнты навучаюць ветэранаў універсітэта. Працуе гістарычная гасцёўня, у рамках якой арганізоўваюцца экскурсійныя паездкі па памятных месцах. І самае цікавае ў гэтай рабоце тое, што ветэраны самі падказваюць студэнтам новыя ідэі для сумесных праектаў.

Аб рабоце ветэранскіх арганізацый устаноў вышэйшай адукацыі на пленарным пасяджэнні расказалі прадстаўнікі яшчэ некалькіх УВА.

Падрыхтавала Марына ХІДДЖАЗ.