Моладзь у навуцы

- 11:48Навіны рэгіёнаў

Ужо дзесяць гадоў запар у Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В.Сухога праходзіць міжнародная навуковая канферэнцыя студэнтаў, аспірантаў і маладых навукоўцаў, якая дае моладзі магчымасць выступіць з дакладамі, прадставіць свае даследаванні, у рэшце рэшт, заявіць пра сябе. Лепшыя работы, як правіла, друкуюцца ў зборніку, які выдаецца пасля канферэнцыі.

Сёлета для ўдзелу ў юбілейным мерапрыемстве маладых навукоўцаў “Беларусь у сучасным свеце” зарэгістравалася больш як 100 саіскальнікаў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны і нават Нарвегіі — выхадцы з Беларусі, якія зараз жывуць і працуюць у гэтай скандынаўскай краіне. Варта сказаць, што цікавасць да канферэнцыі праявілі не толькі маладыя навукоўцы, студэнты і аспіранты, але і выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі.

Адкрыла канферэнцыю пленарнае пасяджэнне, на якім прагучалі даклады выкладчыкаў і навукоўцаў. Тэматыка дакладаў ахоплівала розныя сферы навуковай дзейнасці, але, зразумела, у кантэксце пазначанай тэмы “Беларусь у сучасным свеце”. Бадай, адным з самых цікавых было выступленне прарэктара па вучэбнай і выхаваўчай рабоце ГДТУ імя П.В.Сухога, доктара сацыялагічных навук, прафесара Віктара Кірыенкі. Віктар Васільевіч разважаў над актуальнай і важнай у навуковым і адукацыйным асяроддзі тэмай Балонскага працэсу, разглядаючы яго як вынік і фактар інтэграцыйных працэсаў у эканоміцы, палітыцы, культуры дзяржаў Еўрапейскага саюза. Сацыёлаг прасачыў гісторыю стварэння адзінай еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, расказаў, што стала перадумовамі для такога збліжэння сістэм вышэйшай адукацыі, а таксама выказаў гіпотэзы адносна далучэння да Балонскага працэсу нашай краіны.

Малады навуковец выкладчык кафедры эканомікі і кіравання ў галінах Лілія Шчукіна выступіла з дакладам “Нарматыўнае забеспячэнне вытворчасці арганічнай сельскагаспадарчай прадукцыі: сусветныя і нацыянальныя асаблівасці”.

Тэму супрацоўніцтва дзяржаў узняла ў сваім выступленні выкладчык Бранскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта кандыдат эканамічных навук Алена Ларычава.

Вельмі цікавым аказаўся для аўдыторыі даклад магістранткі Гомельскага тэхуніверсітэта Кацярыны Шэметавай на тэму “Даследаванне якасці паліва на аўтазаправачных станцыях Гомеля”.

Другая частка канферэнцыі ўяўляла сабой работу дзевяці секцый, кожная з якіх мела свой навуковы кірунак. Праблемы беларускай эміграцыі, супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў сферы сацыяльнай палітыкі, стварэнне сумесных прадпрыемстваў і перспектывы іх развіцця ў Саюзнай дзяржаве, праблемы крызісу ідэнтычнасці ў эпоху глабальных рызык, а таксама асаблівасцей працоўных каштоўнасцей беларускай моладзі, магчымасці развіцця турызму ў Беларусі — гэта толькі частка тэм, якія абмяркоўвалі маладыя вучоныя і студэнты ў рамках секцый.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.