Мовай гульні, праўдай жыцця

Аддзел сацыяльна-мастацкіх і гульнявых форм Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам Вольгі Бельчанковай мае дачыненне калі не да ўсіх, то да пераважнай большасці буйных культурна-масавых мерапрыемстваў, што праводзіць рэгіянальная сістэма адукацыі. Сфера дзейнасці надзвычай шырокая і адказная. Сацыяльна-мастацкія, гульнявыя формы запатрабаваны маладзёжнай аўдыторыяй. Разам з тым гэта прастора педагагічнай творчасці і развіцця, выяўлення цікавага вопыту работы, перспектыўных ідэй і знаходак, прапаганды лепшых дасягненняў.

— Гульня з’яўляецца ўнікальным сацыякультурным сродкам, які напрамую ўплывае на светапогляд, сістэму каштоўнасцей, паводзіны і лад жыцця, — тлумачыць Вольга Бельчанкова. — Яна раскрывае творчы патэнцыял і пашырае сферу інтарэсаў, развівае ініцыятыву і лідарскія якасці, крэатыўнае мысленне, навыкі працы ў камандзе, уменне хутка засвойваць вялікія аб’ёмы інфармацыі і, у залежнасці ад сітуацыі, або дакладна прымяняць на практыцы свае веды, або смела камбінаваць іх, прымаць нестандартныя рашэнні. Вядомы феномен Homo ludens — неад’емная частка чалавечай культуры, іншымі словамі, выкарыстоўваючы назву міжнароднага фестывалю і рэспубліканскага конкурсу, у якім, дарэчы, прадстаўнікі Віцебшчыны неаднойчы станавіліся пераможцамі, “гуляюць дзеці — гуляем мы”. Асоба чалавека фарміруецца праз гульню ў раннім узросце. Пра велізарнае значэнне сюжэтна-адлюстроўваючых, сюжэтна-ролевых, тэатралізаваных і рэжысёрскіх гульняў для дзяцей я магу казаць, у тым ліку зыходзячы з уласнага вопыту, таму што першую педагагічную і метадычную практыку атрымала менавіта ў якасці выхавальніка ўстановы дашкольнай адукацыі. А для фарміравання і развіцця асобы, выхавання падлеткаў і моладзі гульня набывае асаблівае значэнне. У азначаным узросце навучэнцы ўжо не гуляюць у дарослых: для іх гульня становіцца сродкам набліжэння да ідэалу даросласці, пазнання, самарэалізацыі і самасцвярджэння.

Як вобразна тлумачыць гэты напрамак сваёй работы Вольга Аляксандраўна, энергія маладосці, калі яе правільна накіраваць, здатная звярнуць горы на шляху да перамогі. Паказальным прыкладам тут можа паслужыць развіццё ў рэгіёне аднаго з самых папулярных маладзёжных рухаў і ўніверсальная форма арганізацыі вольнага часу моладзі — КВЗ. З 1994 года на пачатку красавіка на Віцебшчыне праходзіў Абласны фестываль школьнай сатыры і гумару. Установы адукацыі ўдзельнічаюць у Абласным чэмпіянаце школьных каманд КВЗ, арганізатарамі якога традыцыйна выступаюць упраўленне адукацыі аблвыканкама, абласны палац дзяцей і моладзі і Віцебская ліга КВЗ. Лідарства паўночнага рэгіёна ў рэспубліканскім турніры школьных каманд КВЗ “У будучыню з усмешкай” пацвярджае пераканальная серыя перамог: у 2012 годзе 1-е месца атрымала каманда КВЗ “Аўсянка” сярэдняй школы № 11 Наваполацка, праз год на першым радку турнірнага рэйтынгу яе змяніла каманда “Спартак — Мадрыд” сярэдняй школы № 7 Віцебска, у 2014 годзе 1-е месца было ў каманды “Выдатны боршч” гімназіі № 1 Оршы. У 2014 годзе каманда “Куба” Кіраўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна заняла 4-е месца, але на наступны год прадстаўнікі Віцебшчыны ўзялі рэванш: у фінал выйшаў “Выдатны боршч” і зноў вярнуўся дадому з перамогай — рэкорд спаборніцтва! Сёлета ў каманды “Наш дах” сярэдняй школы № 3 Оршы 3-е месца, аднак віцебскія КВЗ шнікі не сумняваюцца, што ім па сілах адваяваць першую пазіцыю ў наступным турніры.

Безумоўна, кожная такая перамога — плён напружанай працы ўсіх устаноў адукацыі рэгіёна. Аддзел сацыяльна-мастацкіх і гульнявых форм, акрамя арганізацыйнай работы, праводзіць для кіраўнікоў, рэжысёраў і ўдзельнікаў каманд семінары, інструктыўна-метадычныя нарады, кансультацыі, сустрэчы з зоркамі КВЗ. Па выніках ІV Рэспубліканскага конкурсу праграм аб’яднанняў па інтарэсах інтэлектуальнага кірунку ў намінацыі “Гульні КВЗ” абласны палац дзяцей і моладзі адзначаны дыпломам ІІІ ступені. Варта дадаць, што ў скарбонцы перамог аддзела гэта не адзіная падобная ўзнагарода. Напрыклад, метадычная распрацоўка “Клуб інтэлектуальна-стратэгічных настольных гульняў “Фронтіръ” як сродак аптымізацыі выхаваўчага працэсу” атрымала дыплом І ступені выставы навуковай літаратуры і педагагічнага вопыту “Мадэлі педагагічнай дзейнасці ва ўстановах для дзяцей і моладзі”. Яшчэ адна віцебская ініцыятыва, а цяпер ужо добрая традыцыя — Абласны конкурс культарганізатараў — не мае аналагаў у іншых рэгіёнах. Традыцыйна Віцебшчына ўдзельнічае ў рэспубліканскай творчай акцыі КВЗ “Восеньскі марафон”. Важна, што па ўмовах спаборніцтва з 10 чалавек у камандзе не менш за 8 складаюць навучэнцы, якія знаходзяцца на розных формах уліку — або ў ІСН, або як непаўналетнія ў сацыяльна небяспечным становішчы.

— Наш кірунак — эфектыўны інструмент карэкцыі асобы і паводзін, — адзначае мая суразмоўца. — У прадастаўленага самому сабе і ўплыву вуліцы, далёка не заўсёды спрыяльнага сацыяльнага асяроддзя, дэструктыўных ІТ-рэсурсаў падлетка юнацкі максімалізм можа з часам перарасці ў маральны рэлятывізм. Неабходна прапанаваць моладзі такія ідэі і праекты, удзел у якіх будзе мець пазітыўны, стваральны пачатак. На гэта накіраваны шэраг нашых рэгіянальных ініцыятыў, у тым ліку Абласны конкурс “Моладзь за здаровы лад жыцця” — завочны творчы форум, на які кожны раён дасылае лепшыя тэматычныя відэаролікі, мультымедыя, паэтычныя творы і рэкламную прадукцыю. Уяўляюць цікавасць абласныя конкурс юных паэтаў rifma.by і фестываль танцавальна-забаўляльных праграм “Пакаленне”, дзе спаборнічаюць дыджэі, арганізатары і вядучыя танцавальна-забаўляльных праграм (акрамя згаданага вышэй, праект мае выражаную прафарыентацыйную накіраванасць). Папулярны і Рэспубліканскі агляд-конкурс Дзядоў Марозаў і Снягурачак “Ёлка-фэст”, дзе мы неаднойчы ўваходзілі ў склад пераможцаў і прызёраў. У аб’яднаннях па інтарэсах пры аддзеле займаюцца юныя дыджэі, аматары КВЗ і паэтычнага слова, гульнятэхнікі, аніматары, арганізатары святочнага адпачынку, вядучыя канцэртных праграм і нават удзельнікі вогненнага шоу. Галоўнае, аб чым нельга забывацца ў нашай рабоце, — актыўны характар набыцця вопыту, асабістая зацікаўленасць усіх удзельнікаў. Толькі тады методыкі кіравання гульнявой і праектнай дзейнасцю дапамогуць дасягнуць пастаўленых мэт.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *