Гістарычная памяць пра трагічныя і гераічныя падзеі перыяду Вялікай Айчыннай вайны захавана не толькі ў падручніках гісторыі, ва ўспамінах ветэранаў, кадрах кінахронік, але і ў розных відах мастацтва: у мастацкіх фільмах, у жывапісе, музыцы і літаратуры. Прычым асаблівы па сіле выразнасці і мастацкай дакладнасці пласт уяўляе сабой паэзія паэтаў-франтавікоў, якія абверглі шырока вядомае выказванне пра тое, што музы маўчаць, калі гавораць гарматы. Не, муза ў салдацкім шынялі ў гады Вялікай Айчыннай вайны не маўчала. Яна разам з байцамі ішла ў атаку, мерзла ў акопах, выносіла з поля бою раненых, а ў хвіліны адпачынку ўзнімала баявы дух салдата, нагадваючы пра тое, што дома яго чакаюць…
Як сённяшняму пакаленню маладых людзей даць магчымасць адчуць біццё пульсу часу “саракавых-франтавых”; як дапамагчы пачуць галасы паэтаў-франтавікоў, якія былі маладымі, любілі, хацелі жыць, але ішлі ў бой і часта паміралі за сваю Айчыну?
Для ІТ-пакалення зразумелая і даступная мова інтэрнэту, і менавіта гэта падштурхнула мяне да таго, каб размову пра паэзію ваенных гадоў перанесці ў віртуальную прастору і стварыць сайт “Паэзія перыяду Вялікай Айчыннай вайны”. Электронны рэсурс http://nivcherkes.wix.com/poeziavov уяўляе сабой вучэбна-метадычны комплекс, створаны на воблачнай платформе.
Мэта гэтага рэсурсу — забяспечыць інтэрактыўнасць, камунікатыўнасць навучання, спрыяць павышэнню эфектыўнасці і якасці адукацыі па прадмеце “Руская літаратура”.
Задачы — аказаць дапамогу настаўнікам рускай мовы і літаратуры, настаўнікам гісторыі, класным кіраўнікам, педагогам-арганізатарам у падрыхтоўцы ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне; пашырыць і паглыбіць уяўленні навучэнцаў пра паэзію перыяду Вялікай Айчыннай вайны, пазнаёміць з творчасцю паэтаў-франтавікоў; развіваць у школьнікаў навыкі работы з мастацкімі тэкстамі і інфармацыйна-даведачнымі матэрыяламі, уменне супастаўляць творы літаратуры, музычныя творы з гістарычнымі падзеямі; стварыць сітуацыю, якая спрыяе ўсведамленню навучэнцамі велічы подзвігу салдат Вялікай Айчыннай вайны, выхаванню патрыятызму, фарміраванню грамадзянскай пазіцыі.
Навігацыя па сайце вельмі простая і зручная: з любой віртуальнай старонкі можна вярнуцца на галоўную або перайсці па ўкладках на іншыя старонкі, якія ўяўляюць сабой змест электроннага рэсурсу. Вучэбна-метадычны комплекс складаецца з некалькіх блокаў.
Блок 1. Паэты-франтавікі і іх творчасць. У гэтым блоку ў алфавітным парадку прадстаўлены імёны 20 паэтаў-франтавікоў, а таксама інфармацыя пра аўтараў і тэксты іх твораў. Сярод іх — Эдуард Асадаў, які ў маі 1944 года атрымаў цяжкае раненне, якое прывяло да страты зроку. На старонцы, прысвечанай паэту, размешчаны два яго фотаздымкі: малады прыгожы баец і паэт з цёмнай павязкай на вачах, якую ён насіў да канца жыцця. Віртуальныя старонкі, прысвечаныя Канстанціну Сіманаву, расказваюць пра яго асаблівыя адносіны да Беларусі, дзе ён знайшоў пункт апоры ў 1941 годзе. Вярнуўшыся з-пад Магілёва, паэт напісаў верш “Жди меня”, які стаў для тысяч салдат своеасаблівым абярэгам. Ёсць фотаздымкі маладога ваенкара Сіманава, яго жонкі, актрысы Валянціны Сяровай, якой быў прысвечаны гэты надзвычайны па сіле пачуццяў верш. Тут жа фотаздымкі сівавалосага Канстанціна Сіманава, які завяшчаў развеяць свой прах на Буйніцкім полі пад Магілёвам, каб навек застацца сярод салдат, якія загінулі на беларускай зямлі. Юлія Друніна, маладая, кволая дзяўчына, сястрычка, якая выносіла з поля бою раненых. Менавіта яна сказала ад асобы свайго пакалення: “Мы не ждали посмертной славы, мы со славой хотели жить”.
Блок 2. Вершы, напісаныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Прадстаўлены вершы і звесткі пра іх аўтараў, якія не змагаліся на фронце, але сваёй творчасцю, “да штыка прыраўнаваўшы пяро”, унеслі ўклад у набліжэнне перамогі. Сярод іх — Ганна Ахматава з яе “Мужнасцю”, якая гучыць як метраном, Вольга Бергольц, якая стала душой асаджанага Ленінграда (“Я говорю с тобой под свист снарядов…”).
Блок 3. Аўдыязапісы і відэазапісы чытання вершаў ваенных гадоў. Змяшчае аўдыя- і відэаматэрыялы з чытаннем вершаў ваеннага перыяду, сярод якіх і аўтарскае чытанне вершаў такімі паэтамі, як К.Сіманаў, А.Суркоў, С.Нараўчатаў і інш.
Блок 4. Вершы, якія сталі песнямі ў 1941—1945 гг. Змяшчае аўдыя- і відэаматэрыялы з песнямі ваенных гадоў у выкананні легенд 40-х гадоў — Леаніда Уцёсава, Клаўдзіі Шульжэнка, Марка Бернеса, а таксама сучасных выканаўцаў. Для стварэння візуальных вобразаў змешчаны фотаздымкі. Напрыклад, кадры з фільма, у якім Марк Бернес выконвае песню “Цёмная ноч”, цудоўны па артыстызме Леанід Уцёсаў у касцюме “Косці-марака”.
Блок 5. Сцэнарыі літаратурных вечарын, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Прапанаваны сцэнарыі трох літаратурна-музычных вечарын, распрацаваныя аўтарам гэтага рэсурсу.
Блок 6. Артыкулы пра паэзію перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Прадстаўлены два артыкулы з аглядам паэзіі перыяду Вялікай Айчыннай вайны, прычым аўтарам аднаго з іх з’яўляецца К.Сіманаў, паэт-франтавік, ваенны карэспандэнт.
Блок 7. Тэставыя заданні па тэме “Радкі, абпаленыя вайной…”. Матэрыялы для самаправеркі тэставых заданняў. Навучэнцы могуць праверыць, наколькі засвоена тэма, выканаўшы тэставыя заданні з іх наступнай праверкай і магчымасцю самакарэкцыі. Тэст можна выконваць у рэжыме анлайн, таксама ёсць магчымасць раздрукаваць заданні на папяровым носьбіце.
Блок 8. Форум. Рэсурс дае магчымасць для зваротнай сувязі, абмеркавання матэрыялаў і размяшчэння рэкамендацый педагогаў, школьнікаў і іх бацькоў для далейшага ўдасканалення работы электроннага сродку навучання.
Усе матэрыялы электроннага вучэбна-метадычнага комплексу могуць быць выкарыстаны і пры неабходнасці лёгка адаптаваны педагогамі пры падрыхтоўцы ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Электронны сродак навучання можа быць рэкамендаваны школьнікам для самастойнай работы.
Актуальнасць гэтага электроннага адукацыйнага рэсурсу ў тым, што ён прызначаны як для сумеснай, так і для індывідуальнай работы педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў з мэтай пашырэння і паглыблення звестак школьнага курса па тэме “Паэзія перыяду Вялікай Айчыннай вайны”.
Тэма Вялікай Айчыннай вайны ў нашай краіне застаецца адной з прыярытэтных як для ветэранаў і людзей, якія перажылі цяжар вайны, так і для моладзі, прызванай захаваць гістарычную памяць, чаму ў значнай ступені будзе спрыяць прымяненне на ўроках і ў пазаўрочны час вучэбна-метадычнага комплексу “Паэзія перыяду Вялікай Айчыннай вайны”.
Наталля ЧАРКЕС,
настаўніца рускай мовы і літаратуры кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” сярэдняй школы № 1 Скідзеля Гродзенскага раёна.