Мужчынскі прыклад

- 12:33Сацыяльны ракурс

Матэрыяльная, сацыяльна-псіхалагічная, педагагічная і юрыдычная падтрымка заўсёды вельмі важная, але, напэўна, выхаванцам і выпускнікам інтэрнатных устаноў хочацца крыху іншага — мець побач з сабой па-сапраўднаму блізкага чалавека.

Варыянты вырашэння праблем ёсць, і адным з іх з’яўляецца настаўніцтва — дапамога дзецям-сіротам з боку дарослых, якія на добраахвотнай аснове ўдзяляюць выхаванцам і выпускнікам інтэрнатных устаноў свой вольны час, дзеляцца вопытам і ведамі, падтрымліваюць у самастойным жыцці, даюць падказкі ў складаных сітуацыях. На такіх добраахвотнікаў і скіраваны спецыяльны праект, які пачала некамерцыйная ўстанова па сацыяльнай адаптацыі дзяцей-сірот “Ніткі Сяброўства”. Мэта праекта заключаецца не толькі ў тым, каб знайсці людзей, якія змогуць стаць для сірот сябрамі і дарадчыкамі. Адначасова настаўнікам прапаноўваецца навучанне, кансультатыўная падтрымка і суправаджэнне. “Як паказвае практыка, развіццё настаўніцтва спрыяе сацыяльнай адаптацыі і змяненню жыццёвых установак дзяцей-сірот, з’яўляецца даволі эфектыўным спосабам раскрыцця іх здольнасцей, дапамагае з вызначэннем далейшай прафесійнай дзейнасці, а таксама адыгрывае значную ролю ў плане прафілактыкі шкодных звычак. Адсюль і рашэнне рэалізаваць гэты праект для выхаванцаў інтэрнатных устаноў сталіцы, — зазначае дырэктар установы “Ніткі Сяброўства” Арцём Галавій. — Прычым мы разлічваем, што актыўны ўдзел у праекце будуць прымаць мужчыны і сямейныя пары. Значная частка дзяцей, якія пражываюць у інтэрнатных установах, — гэта хлопчыкі, тады як пераважная большасць настаўнікаў і выхавальнікаў — жанчыны. А для паспяховай сацыялізацыі хлопцам неабходны мужчынскі прыклад, і асабліва ён важны для падлеткаў”.

Сяргей ГРЫБ.