Мы гатовы да адкрыццяў і падарожжаў!

- 12:39Адукацыйная прастора, Рознае

Пад’язджаючы да Ушачаў, у аграгарадку Арэхаўна нельга не заўважыць на ўзгорку ля дарогі карабель з пунсовымі ветразямі, а за ім — вялікі сучасны будынак. “Мы гатовы да адкрыццяў і падарожжаў,” — сцвярджае дырэктар Арэхаўскай сярэдняй школы імя Н.Л.Касцючэнкі Ларыса Аляксандраўна Булаўка.

Крыху гісторыі

Гісторыя школы пачалася яшчэ ў 1923 годзе, калі ў вёсцы Арэхаўна ў адным з пакояў дома мясцовага дзяка Мікалая (Карвэцкага) сталі вучыцца дзеці з навакольных вёсак. Вучыла іх грамаце дачка дзяка Лідзія Мікалаеўна. А 1 верасня 1925 года расчыніла дзверы тыпавая пачатковая школа, дзе ўжо было некалькі класаў.

У 1933 годзе школа пераехала ў будынак былога маёнтка пана Грабніцкага. Сярод лепшых вучняў першага выпуску, які адбыўся ў 1936 годзе, быў і Леанід Аляксандравіч Міцкевіч, які пасля стаў настаўнікам Арэхаўскай школы.

У гады Вялікай Айчыннай вайны школа не працавала, а пасля вызвалення Ушаччыны ад фашысцкіх захопнікаў 1 верасня 1944 года аднавіла сваю работу.

З 1958 года школа стала васьмігадовай, а ў 1988 годзе набыла статус няпоўнай сярэдняй школы. Менавіта ў гэты час дырэктарам стаў Васіль Ігнатавіч Карчэўскі, пры якім у 1994 годзе школа стала базавай, а ў 1998 годзе — пасля пераезду ў новы будынак — была пераведзена ў статус сярэдняй.

З 2001 і па ліпень 2013 года дырэктарам школы з’яўлялася Іна Фёдараўна Сыроўчанка. Менавіта пад яе кіраўніцтвам школа пачала выходзіць на рэспубліканскі ўзровень.

Сёння школай кіруе Ларыса Аляксандраўна Булаўка, дарэчы, былая выпускніца Арэхаўскай школы, якая імкнецца захоўваць шматгадовыя традыцыі і далей пашыраць дзейнасць гэтай установы адукацыі.

Толькі наперад!

Арэхаўская сярэдняя школа імя Н.Л.Касцючэнкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці — навучальная ўстанова, вядомая далёка за межамі сваёго рэгіёна дзякуючы актыўнаму ўдзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных экалагічных праграмах.

Мы звярнуліся да дырэктара школы Ларысы Аляксандраўны з просьбай расказаць пра сённяшні дзень школы, праекты, якія рэалізуюцца ў навучальнай установе і найбліжэйшыя планы на будучыню.

— Усе новаўвядзенні ў нашай школе пачаліся з Іны Фёдараўны Сыроўчанка, якая доўгі час была дырэктарам школы, а зараз узначальвае сістэму адукацыі Ушаччыны, — пачала свой аповед Ларыса Аляксандраўна. — Але ўсё ўзнікла не на пустым месцы. У 2001 годзе, калі дырэктарам школы быў яшчэ Васіль Ігнатавіч Карчэўскі, на базе нашай установы адукацыі праходзіў семінар работнікаў лясной гаспадаркі з удзелам прадстаўнікоў Германіі і Польшчы. Дзякуючы гэтаму ў нашай школе быў адкрыты кабінет экалогіі, у якім прадстаўлены найбольш распаўсюджаныя віды расліннага і жывёльнага свету Беларусі. Гэта дало пачатак экалагічнай дзейнасці нашай школы.

Усё, што сёння створана ў школе, зроблена сваімі рукамі. Некаторыя ідэі “падглядваем” у калег з іншых устаноў адукацыі і адаптуем іх для нашай установы. У прыватнасці, ідэя афармлення рэкрэацый была запазычана ў полацкай школе №1.

Праз некаторы час вырашылі не абмяжоўвацца толькі экалогіяй і далучыліся да работы ў напрамку энергазберажэння. Так мы сталі ўдзельнікамі рэспубліканскага праекта “Укараненне мадэлі дзейнасці ўстановы адукацыі як Школы рацыянальнага энергарэсурсаспажывання”. За тры гады работы ў гэтым праекце быў назапашаны вялікі вопыт, якім мы ахвотна дзяліліся з іншымі ўстановамі: двойчы — у 2014 і 2015 гадах — школа была месцам правядзення абласных семінараў.

Зараз школа з’яўляецца ўдзельнікам партнёрскай сеткі школ устойлівага развіцця і ў лютым бягучага года ўступіла ў асацыяцыю “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”. У сённяшніх умовах мы павінны навучыць дзяцей, што з неба нічого не падае. І мы не адмаўляемся ад работы, якую нам прапаноўваюць: вырошчаем садавіну і агародніну на прышкольным участку, удзельнічаем у пасадцы лесу, вырабляем сінічнікі — нашы дзеці любяць і ўмеюць працаваць і зарабляць. Ды і на прышкольнай тэрыторыі ўсё зроблена сваімі рукамі.

Вельмі важна, што навучэнцы школы таксама разумеюць, што трэба цаніць і берагчы тое, што зроблена іншымі. На калідорах — сапраўдныя карцінныя галерэі з мастацкіх твораў навучэнцаў. У рэкрэацыях — мастацкія кампазіцыі разнастайнай прыроднай і экалагічнай тэматыкі — усё ў ідэальным стане. І ні ў кога — нават у самых малых — не ўзнікае жадання нешта паламаць ці сапсаваць.

— Выбраўшы экалагічны напрамак, мы вырашылі развівацца далей і стварылі “зялёны клас”, у якім экспануюцца 109 відаў разнастайных раслін, кожная з якіх мае свой пашпарт: у ім фіксуецца, як называецца расліна і адкуль яна родам. На базе “зялёнага класа” працуе гурток кветкаводства, які, да нашага вялікага здзіўлення, наведвае вельмі многа хлопчыкаў. Таксама ў “зялёным класе” жывуць папугаі і чарапахі.

У 2002 годзе аднавіў сваю работу школьны гісторыка-краязнаўчы музей, які дзейнічаў яшчэ ў будынку былой школы. Экспанаты, беражліва захаваныя, часткова папоўніліся. Зараз музей складаецца з чатырох раздзелаў, якія адлюстроўваюць жыццё ў населеным пункце ў розныя гістарычныя перыяды: гісторыя школы, гісторыя вёскі, этнаграфічны куток, выстава работ народных умельцаў. Экскурсіі па музеі праводзяць вучні. Акрамя таго, на базе музея праходзяць урачыстыя мерапрыемствы: прыём у піянеры і акцябраты, урокі мужнасці.

Па-за бюджэтам

Для многіх устаноў адукацыі, асабліва ў сельскай мясцовасці, значнай праблемай з’яўляецца пазабюджэтная дзейнасць. Калектыў Арэхаўскай школы сам знаходзіць і пашырае крыніцы пазабюджэтнага фінансавання.

— Папаўненне пазабюджэтных сродкаў адбываецца з розных крыніц. Па заказе лясгаса вырабляем сінічнікі, удзельнічаем у пасадцы лесу, збіраем металалом, макулатуру, аказваем платныя паслугі, а таксама рэалізуем насельніцтву сельгаспрадукцыю, якую вырошчваем на прышкольным участку, — гэта адна з найбольш важкіх крыніц даходаў, — з гонарам адзначае Ларыса Аляксандраўна.

У сельскай мясцовасці аказанне платных паслуг з’яўляецца даволі праблемным пытаннем. У Арэхаўскай школе скіравалі ўвагу на платныя паслугі для дарослых: тут ужо некалькі гадоў працуюць камп’ютарны гурток і валейбольная секцыя.

Тэрыторыя школы — 3,2 гектара, з якіх пад садавіной і агароднінай — трэцяя частка. На астатняй тэрыторыі — стадыён, пляцоўка для вывучэння Правіл дарожнага руху, элементы азелянення. Нават восенню, калі я наведаў Арэхаўна, школа патанала ў квецені клумбаў.

— Усе клумбы падзелены паміж класамі, таму кожны адказвае за свой участак работы. Самыя прыгожыя кветкавыя кампазіцыі па выніках конкурсу адзначаем на школьнай лінейцы. Канечне, бывае так, што ў некага не ўзышла расада ці расліны загінулі. Тут класы прыходзяць адзін аднаму на дапамогу. Нават дырэктар і намеснікі таксама маюць сваю “зону кветкавай адказнасці”.

Ад бульбы да дынь і кавуноў

Разнастайнасці садавіны і агародніны, якая вырошчваецца на прышкольным участку Арэхаўскай школы, можа пазайздросціць любая гаспадыня.

— Найбольшая плошча ўчастка занята пад капусту, якую мы прадаём мясцоваму насельніцтву і на кірмашах, — усе ведаюць, што наша капуста самая лепшая. Таксама амаль поўнасцю забяспечваем сябе бульбай, буракамі, морквай і цыбуляй. Памідораў і перцаў вырошчваем нямнога, бо саліць і марынаваць на месцы іх нельга — затое ўсю першую палову верасня дзеці забяспечаны салатамі са свежых памідораў.

У цяпліцы прытрымліваемся севазвароту: пасля збору ўраджаю засейваем вызваленыя месцы іншымі культурамі. З лютага ў цяпліцы пачынаем вырошчваць разнастайную зеляніну: цыбулю, кроп, салату і радыску, і на ўсю вясну забяспечваем сябе вітамінамі. Пасля ўборкі зеляніны вырошчваем расаду капусты, таматаў і перцаў, частку з якіх таксама рэалізоўваем насельніцтву. А потым у цяпліцы селяцца дыні і кавуны — штогод мы збіраем іх каля 200 кілаграмаў.

Сабраныя ў школьным садзе яблыкі закладваем на захаванне, і да лістапада дзеці ласуюцца кампотам са свежай садавіны. Частку садавіны высушваем на зіму.

Поспех, які нараджае поспех

— У школе распрацавана праграма “Школа, нацэленая на поспех”. Прыемна, калі нашу работу заўважаюць і ацэньваюць, але галоўнае — ісці да ўласнага поспеху, і мы ідзём па гэтым шляху. І нават калі ў нечым не атрымаем прызавога месца, усё роўна мы самыя лепшыя!

Мы ганарымся нашымі выпускнікамі, якія вучацца ва ўніверсітэтах краіны, атрымліваюць адукацыю ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах. Чырвоны дыплом ВНУ і далейшае навучанне ў магістратуры нашых выпускнікоў – паказчык і нашай плённай працы. Ганарымся, што нашы вучні выбіраюць прафесіі, звязаныя з экалогіяй, працягваюць навучанне ў Полацкім лясным каледжы, БНТУ. Штогод нашы выпускнікі становяцца студэнтамі педагагічных устаноў і пасля атрымання вышэйшай адукацыі вяртаюцца дадому, знаходзячы сябе ў родных мясцінах. Вельмі радасна, калі яны вяртаюцца ў сваю школу — значыць, ім тут было добра і камфортна.

У гэтым годзе ў школу прыйшоў працаваць наш былы выпускнік Аляксандр Анатольевіч Грысюк, які будзе выкладаць фізіку і тэхнічную працу. У мінулым го-дзе ў школу таксама прыйшлі 4 маладыя спецыялісты і 2 настаўніцы выйшлі з дэкрэтнага водпуску. Вельмі радуе, што моладзь, якая працуе ў нашай школе, вельмі актыўная і энергічная — не дае старэць душой і сядзець на месцы тым, хто ўжо працуе ў школе даўно: унутры педагагічнага калектыву адбываецца пастаянны абмен вопытам — мы любім і на іншых паглядзець, і сябе паказаць.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.