Мы нарадзіліся, каб жыць побач

- 12:06Спецыяльная адукацыя

У Магілёўскім абласным ЦКРНіР з 2017 па 2020 год рэалізоўваўся інавацыйны рэспубліканскі праект “Укараненне мадэлі фарміравання маральных каштоўнасных арыентацый вучняў праз арганізацыю валанцёрскай дзейнасці ў сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў”. У рамках праекта педагогі цэнтра актыўна супрацоўнічалі з установамі агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі.

“Інклюзія, інклюзіўная адукацыя і культура, нармалізацыя жыцця­дзейнасці і талерантнае стаўленне — гэтыя паняцці апошнім часам увайшлі ў лексіку не толькі спецыялістаў сістэмы адукацыі і сацыяльнай абароны, але і большасці людзей, — адзначае педагог-псіхолаг Магілёўскага абласнога ЦКРНіР Наталля Аляксандраўна Каралькова. — Інклюзія часта разглядаецца як навучанне дзяцей з інваліднасцю ў агульнаадукацыйных школах разам з іх аднагодкамі. Вядома, што арганізацыя такога працэсу мае шэраг праблем. У першую чаргу, узнікаюць перашкоды сацыяльнага характару, якія заключаюцца ў стэрэатыпах і забабонах, негатоўнасці прыняць новыя прынцыпы адукацыі. Паміж дзецьмі з АПФР і іх звычайнымі равеснікамі даволі цяжка і вельмі павольна нагладжваюцца кантакты. Пры арганізацыі інклюзіўнай прасторы ў агульнаадукацыйных школах варта, перш за ўсё, задумацца, ці гатовы педагогі, навучэнцы і іх бацькі прыняць у класе асаблівае дзіця? Вялікую ўвагу варта ўдзяліць не толькі вырашэнню матэрыяльна-тэхнічных праблем, але і пытанням фарміравання інклюзіўнай культуры, пабудове супольнасці, дзе кожнае дзіця мае сваю асабістую значнасць, у тым ліку ў вачах навакольных.

Не ўсе бацькі і педагогі разуме­юць, што знаходжанне побач з асаблівымі дзецьмі — гэта магчымасць выхаваць у звычайных дзяцей дабрыню, талерантнасць, пачуццё справядлівасці, навучыць клапаціцца пра слабых. Мы шукалі магчымасці для распаўсюджвання ідэй інклюзіі і талерантнасці ў соцыуме. Адна з іх — падрыхтоўка бацькоў-валанцёраў, якія, заручыўшыся падтрымкай спецыялістаў, могуць хадзіць ва ўстановы адукацыі і дасведчана гаварыць там аб інтарэсах сваіх асаблівых дзяцей, ­удзельнічаць у акцыях. Спецыяльна навучаныя баць­кі-валанцёры сумесна з педагогамі і валанцёрамі са школ і ўніверсітэтаў (Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова) пачалі штогод праводзіць акцыі ў гандлёвых цэнтрах Магілёва. Арганізатары і ўдзельнікі акцый раздавалі буклеты, праводзілі сацапытанні, флэш-мобы, выставы сувеніраў і мастацкіх работ асаблівых дзяцей. Бацькі такіх дзяцей давалі інтэрв’ю СМІ”.

Для больш эфектыўнага распаўсю­джвання вопыту на базе Магілёўскага абласнога ЦКРНіР функцыянуе інавацыйны рэсурсны цэнтр “Фарміраванне маральных каштоўнасных арыентацый вучняў праз арганізацыю валанцёрскай дзейнасці”. Спецыялісты ўстановы праводзяць лекцыі ў абласным ІРА, вэбінары для настаўнікаў-дэфектолагаў і псіхолагаў, якія ажыццяўляюць суправаджэнне дзяцей з АПФР, намеснікаў дырэктараў, педагогаў-псіхолагаў і педагогаў сацыяльных агульнаадукацыйных школ Магілёўскай вобласці, рэфлексіўныя размовы з бацькамі. Яшчэ яны абмяркоўваюць пытанні псіхалагічнай характарыстыкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з АПФР, асаблівасці ўзаемадзеяння з імі, фарміравання неабходных кампетэнцый у дзяцей з АПФР для забеспячэння магчымасці вучыцца ў агульнаадукацыйных школах, падрыхтоўку бацькоў-валанцёраў.

Сваім вопытам педагогі ЦКРНіР гатовы дзяліцца з установамі спецыяльнай і агульнай сярэдняй адукацыі, дапамагаць у арганізацыі валанцёрскай работы, праводзіць асветніцкія кіналекторыі і трэнінгі з бацькамі. Распрацавана тэматычная інфармацыя па тымбілдынгу, наладжванні камунікацыі, кейсы па актуальных сітуацыях. Напрыклад, разглядаецца сітуацыя, калі бацькі апынуліся з асаблівым дзіцем у паліклініцы, або кейс аб паво­дзінах асаблівага дзіцяці падчас паездак у грамадскім транспарце і рэакцыі бацькоў. Наладжваецца міжведамаснае ўзаемадзеянне з установамі аховы здароўя, медыкаў запрашаюць на інклюзіўныя мерапрыемствы.

На радыё запісаны сацыяльныя гісторыі па аповедах бацькоў: “Дарогу адужае той, хто ідзе”, “Ёсць захад сонца — бу­дзе і світанне”, “Маё імя — Вікторыя”, “У нас усё будзе добра!”, “Ніколі не здавацца!”. Наталля Каралькова склала ў публіцыстычным жанры рэалістычныя, але ў той жа час канфідэнцыяльныя гісторыі, змяніўшы імёны і месцы пражывання іх герояў. Яны выклікаюць не жаль да бацькоў, а разуменне кантэксту, у якім яны выхоўваюць дзіця, яны натхняюць і дораць надзею. Гісторыі падыдуць для бацькоў асаблівых дзяцей, якія яшчэ не перажылі траўму і знаходзяцца ў стане прыняцця свайго дзіцяці. Разам з тым гэта асветніцкія гісторыі, якія можна выкарыстоўваць у школах, дзе будзе вучыцца асаблівае дзіця, на бацькоўскіх сходах.

“Набыццё вопыту сумеснай дзейнасці — магутны сацыяльны сродак узаемадзеяння звычайных дзяцей з дзецьмі з АПФР для фарміравання талерантнасці, — гаворыць педагог сацыяльны Вольга Ула­дзіміраўна Бальшакова. — Сумесныя мерапрыемствы дапамагаюць дзецям змяніцца ўнутрана і нават знешне. У іх развіваецца такі важны навык, як сацыяльная кампетэнтнасць, набывацца сацыяльны вопыт узаемадзеяння з аднагодкамі, незалежнасць, самакантроль. Многае ў прыняцці асаблівых дзяцей іншымі бу­дзе зале­жаць ад пазіцыі педагогаў. Для гэтага мы ў першую чаргу наладзілі кантакты з установамі агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі. Нішто не вучыць дзяцей лепш, чым прыклад іх равеснікаў. У студэнтаў-валанцёраў вышэйшых навучальных устаноў склалася добрая традыцыя прыхо­дзіць у госці да навучэнцаў у ЦКРНіР, маляваць з імі калажы, фатаграфавацца і проста гуляць. На адным з валанцёрскіх мерапрыемстваў мы пазнаёміліся са студэнтамі БРУ, якія пажадалі супрацоўнічаць з намі. Яны выступалі з тэатральнымі пастаноўкамі, праводзілі для баць­коў і асаб­лівых дзяцей майстар-класы, выяз­джалі з імі ў антыкафе “Краіна вялікіх кошак”, было шмат іншых цікавых сустрэч.

Школьнікі-валанцёры з гімназіі № 4 Магілёва ў супрацоўніцтве з нашым цэнтрам рэгулярна праводзяць дабрачынныя акцыі, прымеркаваныя да Міжнароднага дня людзей з інваліднасцю і іншых значных дат. Арганізоўваюцца культурна-пазнавальныя выезды, на якіх дзеці з АПФР максімальна ўключаюцца ў сацыяльнае жыццё. У рамках рэалізацыі абласнога праекта “Мая зямля Прыдняпроўе” ў Магілёўскім абласным ЦКРНіР суме

сна з навучэнцамі-валанцёрамі гімназіі № 4 прайшло інклюзіўнае мерапрыемства. Адной з яго частак стаў урок, на якім рэалізоўваўся прынцып “роўны вучыць роўнага”, дзе школьнікі знаёмілі выхаванцаў ЦКРНіР з цэнтральнымі вуліцамі Магілёва і яго памятнымі месцамі. Вынікам інклюзіўных заняткаў стаў маляўнічы калаж, на якім прадстаўлены маршрут ад гімназіі да ЦКРНіР. Падчас гульняў з аднагодкамі дзеці размаўлялі, абменьваліся навінамі пра поспехі ў вучобе, кожны атрымаў зарад станоўчых эмоцый, адчуў сваю значнасць”.

Праект завершаны, але ідэі талерантнасці працягваюць распаўсюджвацца сярод школьнікаў і студэнтаў, адлюстроўваюцца ў арганізацыі інклюзіўнай прасторы, калі ўмацоўваюцца партнёрскія сувязі паміж установамі, падтрымліваюцца добрыя адносіны з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу.

Надзея ЦЕРАХАВА.