“Мы разам, мы аб’ядноўваем”

- 11:04Сацыяльны ракурс

VI Усебеларускі народны сход пакінуў у яго ўдзельнікаў шмат уражанняў. Сярод дэлегатаў ужо другі раз была старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Раманаўна Якубовіч. Яна падзялілася сваімі думкамі наконт убачанага і пачутага з чытачамі нашага выдання.

— Я другі раз удзельнічала ва Усебеларускім народным сходзе, гэта і вельмі ганарова, але і вельмі адказна, таму што любы дэлегат, які прысутнічаў на гэтым сходзе, павінен данесці да працоўных калектываў інфармацыю пра ўсе напрамкі і віды дзейнасці, па якіх будзе развівацца наша краіна.

Мы разумеем, што адукацыя — гэта свое­асаблівы драйвер развіцця нашай краіны. Стаўка ў дзейнасці нашага прафсаюза робіцца на інтэлектуальнае развіццё і якасць адукацыі, а таксама на выхаванне маладога пакалення і на маладых спецыялістаў. У нас склаўся вельмі канструктыўны дыялог з Міністэрствам адукацыі па ўсіх напрамках дзейнасці: і ў заканадаўстве, і ў пытаннях маніторынгу заработнай платы, і, безумоўна, у адзіных падыходах да дзейнасці.

Мы будзем распрацоўваць новыя падыходы да ўступнай кампаніі і да адзінага экзамену. Цяпер мы працуем над удасканаленнем ліцэнзавання ў адукацыі, і прафсаюз тут таксама сказаў сваё слова. Для стварэння роўных умоў для ўстаноў важна, каб было ліцэнзаванне  як прыватных, так і дзяржаўных устаноў дашкольнай адукацыі.

Мы дакладна разумеем, што сёння сацыяльная дзяржава — гэта наш брэнд, і галоўны наш дэвіз — “Мы разам”. Задача прафсаюза — аб’ядноўваць і гуртаваць.

Сёння мы працуем у тым ліку і над павышэннем статусу педагагічнага работніка, і гэта не толькі павышэнне заработнай платы, якое запланавана на бягучы год, але і павелічэнне працэнта ВУП, які з кожным годам прырастае. Так, на пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі мы разглядалі гэтыя параметры, і сёлета, нягледзячы на складаную эпідэмічную сітуацыю, усё роўна працэнт улівання эканомікі ў адукацыю павялічыўся. Напрыклад, у мінулым годзе ён складаў 5,11% (гэта разам з пазабюджэтам), сёлета — 5,47%. У працэнтах гэта няшмат, але ў грашовым выражэнні прырост ёсць, а гэта значыць, ёсць магчымасц­ь для таго, каб і павышаць даходы, і ўмацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў адукацыі, што ўплывае на якасць адукацыі, якая, безумоўна, павінна ўзрастаць.

Наш прафсаюз будзе ўдзяляць увагу і пытанням прафарыентацыі, якія з’яўляюцца вострымі сёння. Так, у сучасных рэаліях адпадае неабходнасць усім людзям быць з вышэйшай адукацыяй. У наш час плітачнік высокага ўзроўню майстэрства часам можа зарабляць больш, чым кіраўнік прадпрыемства. Таму трэба перанакіроўваць патокі, каб развіваліся запатрабаваныя спецыяльнасці ў эканоміцы. Гэта тычыцца і профільных класаў, якія ёсць у нашых школах. Важна, каб гэта былі не толькі эканамічныя і гуманітарныя напрамкі, але і па-сапраўднаму запатрабаваныя на рынку працы. У гэтым кірунку павінны папрацаваць і ідэолагі, паказаўшы і даказаўшы маладым людзям, што кожная прафесія вартая павагі.

У гэтым плане трэба сказаць дзякуй і “Настаўніцкай газеце”, дзе вельмі многа матэрыялаў прысвечана людзям розных спецыяльнасцей, шмат гаворыцца пра педагогаў з глыбінкі, дзе таксама можна многага дасягнуць — не менш, чым у сталіцы.

У Год народнага адзінства  вызначаны чатыры прыярытэты: шчаслівая сям’я, моцныя рэгіёны, інтэлектуальная дзяржава, дзяржава-партнёр. Сёння мы ўсе разумеем: калі мы будзем разам, калі будзем добра працаваць кожны на сваім працоўным месцы, то і развіццё дзяржавы будзе ісці больш якасна і хутка.

Сёння кожны з нас павінен паставіць перад сабой пытанне: што я зрабіў для таго, каб наша дзяржава развівалася? І прафсаюзы таксама выходзяць на якасна новы ўзровень работы з моладдзю. Мы цалкам перафармаціравалі гэтую дзейнасць: перавыбралі новы маладзёжны савет, будзем працаваць над праектамі, распрацаванымі маладымі ініцыятыўнымі людзьмі, а самыя перадавыя з іх будуць прафінансаваны.

Трэба разумець, што новае пакаленне не лепшае і не горшае за старэйшае, яно проста іншае, і сёння з ім трэба размаўляць на роўных. Калі мы з маладымі людзьмі будзем размаўляць менавіта так і часцей даносіць ім інфармацыю аб усіх напрамках дзейнасці ў нашай краіне, то моладзь будзе разумець гэта.

Маладыя людзі павінны бачыць, што прафсаюзы сёння — гэта не толькі навагоднія падарункі, а розныя напрамкі дзейнасці — ад заканатворчасці да работы з канкрэтнымі праблемамі членаў прафсаюза. Наш лозунг — “Мы разам, мы аб’ядноўваем”, і ён актуальны не толькі для прафсаюза нашай краіны, але і для кожнага грама­дзяніна.

Таццяна МІРСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.