“Мы жывём адной справай, працуем плённа і самааддана”

- 11:44Людзі адукацыі

Па выніках работы сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь за 2019 год гімназія № 33 Мінска прызнана лепшай установай агульнай сярэдняй адукацыі і за дасягненне высокіх вынікаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару.

“Установа адукацыі для мяне — гэта цэлы свет, па мадэлі якога я і будую сваю дзейнасць, — адзначае дырэктар гімназіі выдатнік адукацыі Аксана Барысаўна ЯКУБОЎСКАЯ. — Для мяне няма дробязей, значэнне мае літаральна ўсё: прыгожая і дагледжаная тэрыторыя ўстановы, настрой у калектыве, перамогі вучняў на алімпіядах і навуковых канферэнцыях і многае іншае. Мудрасць кіраўніка, на мой погляд, заключаецца ў тым, каб захоўваць раўнавагу свету, за які ён адказвае”.

— Аксана Барысаўна, якімі былі вашы першыя крокі ў прафесіі? Хто аказаў на вас найбольшы ўплыў як на педагога і кіраўніка?

— Стаць педагогам я марыла з дзяцінства, і прыкладам у гэтым былі настаўнікі маёй Данілавіцкай сярэдняй школы Дзяржынскага раёна. Скончыўшы філалагічны факультэт БДУ, я ўладкавалася працаваць у сярэднюю школу № 136 Мінска настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Дырэктарам гэтай школы і маім чулым настаўнікам у многіх прафесійных і чалавечых пытаннях з’яўлялася Валянціна Сямёнаўна Каткова. Праз сем гадоў я стала яе намеснікам па выхаваўчай рабоце.

 У 2002 годзе мяне прызначылі дырэктарам сярэдняй школы № 211 Мінска, якая ў 2009 годзе атрымала статус гімназіі № 33. Узначаліць новы калектыў было складана, але, дзякуючы падтрымцы калег і асабістаму энтузіязму, змагла стварыць каманду аднадумцаў, якая ўсе 18 гадоў працуе адказна і вынікова. З большасцю гэтых людзей я працую і сёння. Прызнаюся, што мне пашанцавала не толькі з калектывам. Мой муж Георгій Уладзіміравіч Андрушчанка — гэта мой калега, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. На працягу 49 гадоў ён працаваў дырэктарам — спачатку сярэдняй школы № 157 Мінска, затым на працягу 25 гадоў узначальваў сталічную сярэднюю школу № 212. Ён і сёння выкладае фізіку і АБЖ. Школы, якія мы ўзначальвалі, так супала, знаходзіліся праз дарогу адна ад адной і адрозніваліся адной лічбай у нумары. Мы былі шчаслівыя разам ездзіць на нарады, падоўгу абмяркоўваць на­дзённыя пытанні, даваць адно аднаму парады, радавацца і перажываць. Георгій Уладзіміравіч — мая падтрымка і апора, настаўнік па жыцці.

— 2019 год стаў знакавым для вашай установы…

— Аналізуючы нашы сацыяльна-эканамічныя паказчыкі за апошніх 5 гадоў, можна ўбачыць станоўчую дынаміку. Дзякуючы гэтаму, у мінулым годзе наша ўстанова была занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і стала лаўрэатам прафсаюзнай прэміі ў галіне працы. Упершыню навучальнай установе сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі ў нашай краіне была прысуджана такая прэмія. Мы спаборнічалі з найбуйнейшымі прадпрыемствамі прамысловасці, сельскай гаспадаркі і сацыяльнай сферы.

У 2019 годзе гімназія перавыканала паказчык па росце заработнай платы (ён склаў 120,3%). Выкананне паказчыкаў аб’ёму экспарту адукацыйных паслуг склала 110%, а аб’ём выканання платных адукацыйных паслуг — 111%. Штогадовае асваенне фінансавых сродкаў у нас стапрацэнтнае. Дзякуючы платным адукацыйным паслугам, у 2019 годзе намі зароблена 191 962,75 беларускіх рублёў. Вялікая ўвага ў калектыве ўдзяляецца стварэнню новых працоўных месцаў для педагогаў дадатковай адукацыі — у 2019 годзе створана 14. Педагогі гімназіі ўпэўнены ў заўтрашнім дні: з 86% супрацоўнікаў кантракт заключаны на 5 гадоў. У 2019 годзе рэальны кошт калектыўнага дагавора на аднаго работніка гімназіі склаў 710 беларускіх рублёў. Калектыўным дагаворам для нашых супрацоўнікаў прадугледжана больш за 15 дадатковых сацыяльных выплат і мер стымулявання, акрамя тых, якія звычайна прадугледжваюцца.

— Што сведчыць аб якасці адукацыі ў гімназіі?

— У аснову інавацыйнай структуры гімназіі закладзены прынцып трох складнікаў: сувязь з навукай, адукацыйныя тэхналогіі і работа на вынік. Установа наладзіла цеснае супрацоўніцтва з БДПУ імя Максіма Танка, МДЛУ, БДУ, інстытутамі і кабінетамі Канфуцыя, Інстытутам Гётэ ў Мінску, аддзелам па адукацыі Пасольства КНР, пасольствамі Польшчы, Ра­сіі, Эстоніі.

Ва ўстанове на ўсіх узроўнях ствараецца і падтрымліваецца сапраўдны культ ведаў. У адукацыйным працэсе мы інтэгруем высокі ўзровень класічнай адукацыі з прагрэсіўнымі методыкамі і новымі тэхналогіямі (праблемнага навучання, інтэнсіфікацыі навучання на аснове схемных і знакавых мадэлей вучэбнага матэрыялу, узроўневай ды­ферэнцыяцыі, праграмаванага навучання, інтэрактыўных тэхналогій). Укараняем у практыку педагагічны фрыланс (навучанне нашых вучняў на адлегласці выкладчыкамі ўніверсітэтаў з выкарыстаннем ІТ), тэхналогію скразнога навучання, якое дазваляе выяўляць здольнасці дзяцей да таго ці іншага віду дзейнасці пачынаючы з сярэдняга школьнага ўзросту, і паслядоўнай іх падрыхтоўкі па маршруце “школа — прафесійнае самавызначэнне”. Выкарыстоўваем такія спосабы і формы ўзаемадзеяння, якія забяспечваюць інтэрактыўнасць працэсу навучання, у тым ліку інтэрнэт-рэсурсы, воблачныя тэхналогіі, форумы, сацыяльныя закладкі, адукацыйныя блогі, тэхналогіі дапоўненай віртуальнай рэальнасці.

Рэйтынг вучэбных дасягненняў навучэнцаў гімназіі па выніках 2019 года склаў 8,5 бала. 100% выпускнікоў паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі (пераважна ў БДУ, медыцынскі, політэхнічны, лінгвістычны ўніверсітэты), прычым 80% з іх — на бюджэтную форму. Па выніках ЦТ гімназія № 33 Мінска ўваходзіць у дзясятку лепшых навучальных устаноў краіны. Летась 6 з 40 вучняў атрымалі стабальныя сертыфікаты, 14 атрымалі ад 90 балаў і вышэй.

— Як развіваецца алімпіядны і конкурсны рух у гімназіі?

— У нашай установе лічыцца прэстыжным трапіць у каманду для ­ўдзелу ў алімпіядзе, выступіць на навуковай канферэнцыі. Больш за 50% вучняў 3—11 класаў штогод удзельнічаюць у міжнародных інтэлектуальных конкурсах, інтэрнэт-алімпіядах. Больш за 70% вучняў 5—11 класаў прымаюць удзел у штогадовым алімпіядным гімназічным марафоне. На розных этапах рэспубліканскай алімпіяды ў 2018/2019 навучальным го­дзе нашы навучэнцы атрымалі 103 дыпломы і 4 пахвальныя водзывы. Чатыры вучні перамаглі на заключным этапе алімпіяды (у пазамінулым годзе атрымана 9 дыпломаў і пахвальны водзыў). Два гады запар гімназія № 33 займае першае месца па выніках рэспубліканскай алімпіяды ў Фрунзенскім раёне і знаходзіцца сярод лідараў у Мінску: 32 навучэнцы гімназіі за 10 гадоў, у тым ліку 21 навучэнец за апошнія два навучальныя гады, удастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Больш за 9 гадоў мы актыўна супрацоўнічаем з Пасольствам КНР у Рэспубліцы Беларусь. Сёння больш за 100 нашых вучняў вывучаюць кітайскую мову (у рамках дадатковай адукацыі), штогод перамагаюць на алімпіядах. Спаборнічаюць нароўні з вучнямі сталічных гімназій, дзе кітайская мова вывучаецца як асноўная. 5 нашых навучэнцаў адзначаны асабістай прэміяй пасла КНР у Беларусі спадара Цуй Цыміна. У гімназіі штогод праводзяцца публічныя навуковыя чытанні і конкурс юных даследчыкаў, функцыянуюць навуковыя таварыствы. Гімназісты становяцца пераможцамі гарадской канферэнцыі навучэнцаў па матэматыцы, інфарматыцы, хіміі, англійскай мове, астраноміі. У 2019 годзе дыплом I ступені на IX Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў па англійскай мове атрымала Салмі Самедава. Пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай канферэнцыі па кітайскай мове таксама былі гімназісты Віялета Сідарэнка (2016 год) і Дзмітрый Зябліцаў (2018 год).

— Якая сістэма дадатковай адукацыі склалася ў гімназіі?

— У гімназіі арганізавана работа 105 факультатываў і 149 аб’яднанняў па інтарэсах рознай накіраванасці, як на платнай, так і на бясплатнай аснове. Створана разгалінаваная сістэма лінгвістычнага навучання. Вучні маюць магчымасць дадаткова вывучаць англійскую, кітайскую, нямецкую, іспанскую, польскую і французскую мовы. Ва ўстанове ёсць лінгвістычны медыяцэнтр, кабінеты сучасных інфармацыйных тэхналогій інтэрактыўнага навучання з лінгафонным абсталяваннем, вучэбнымі праграмнымі комплексамі, аўдыя- і відэаматэрыяламі. Тут назапашаны тэматычны матэрыял па гісторыі, культуры, мастацтве, эканоміцы, фінансавай дасведчанасці. Паспяхова працуюць клуб гімназістаў Esse quam videri, літаратурная гасцёўня, англамоўны тэатр, студыя дэкаратыўна-прыкладной творчасці, цэнтр беларускай культуры, музейная экспазіцыя, прысвечаная ветэранам вайны і працы мікрараёна Сухарава. Вучні-экскурсаводы пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Жанны Міхайлаўны Бічэўскай сталі распрацоўшчыкамі практычнага курса “Мінсказнаўства”.

— Раскажыце аб асноўных напрамках выхаваўчай работы.

— У нашай установе распрацаваны кодэкс гімназіста, са зместам якога знаёмяцца ўсе вучні, пачынаючы з першакласнікаў. Дзеці ведаюць аб сваіх правах і абавязках, аб магчымасцях гімназічнай адукацыі. Рашэннем камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама ў 2019 годзе гімназіі № 33 прысвоены статус рэсурснага цэнтра па ідэалагічным і патрыятычным выхаванні моладзі “МИР” (Мировоззрение. Инициатива. Развитие). Ва ўстанове дзейнічаюць піянерская дружына імя Міхаіла Пятровіча Часнейшага, жыхара мікрараёна Сухарава, удзельніка вайны, ветэрана, якога, на жаль, з намі ўжо няма, а таксама арганізацыя вучнёўскага самакіравання “Наш дом”, пярвічныя арганізацыі БРСМ, Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах, Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных, атрад юных інспектараў руху, валанцёрскі атрад “Клопат”, які аказвае дапамогу пажылым і адзінокім людзям, займаецца працоўнай дзейнасцю, праводзіць дабрачынныя і інфармацыйна-асветніцкія акцыі. З 2016 года піянерская дружына гімназіі носіць званне правафланговай.

— У якіх цікавых праектах прымае ўдзел гімназія?

— Навучэнцы гімназіі з’яўляюцца аўтарамі сацыяльных праектаў, удзельнічаюць у нацыянальных праектах “Сям’я”, “Я — мінчанін”, “Беларусь — краіна натхнення”, “Вытокі роднай культуры” і інш. У 2019 го­дзе мы рэалізоўвалі 11 міжнародных праектаў і праграм EARN. Сярод іх — “Money Matters / Фінансавыя пытанні”, “Recycle — Upcycle, Use — Reuse / Іншае жыццё непатрэбных рэчаў, ці Як зрабіць карысную рэч з бытавых адходаў”, “My School, Your School / Мая школа, ваша школа”, “Talking Kites аround the World / З паветраным змеем вакол свету”, “Stay healthy / Здаровы лад жыцця”, “Global art / Сусветнае мастацтва”, “Holiday Card Exchange / Абменьваемся віншавальнымі паштоўкамі”, “My City and me / Мой горад і я” (ЮНІСЕФ, ­ЮНФПА ў Рэспубліцы Беларусь) і інш.

Мы з’яўляемся ўдзельнікамі міжнароднага праекта Japan Artmile (AICL) 2019 International “Сумеснае стварэнне міру і ўстойлівай будучыні”, які праводзіцца пад эгідай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі, культуры, спорту, навукі і тэхналогіі Японіі. Дзякуючы актыўнай рабоце па рэалізацыі міжнародных праектаў і праграм, Мэт устойлівага развіцця, нашай гімназіі ў 2018 годзе быў прысвоены статус асацыяванай школы ЮНЕСКА.

— Аксана Барысаўна, падзяліцеся сакрэтам, як вам удалося стварыць паспяховы калектыў?

— Самае складанае для кіраўніка — сабраць вакол сябе каманду аднадумцаў. Мне пашанцавала зрабіць гэта. Калектыў гімназіі вельмі стабільны, большасць педагогаў, якія тут працуюць, сустракалі мяне ва ўстанове як кіраўніка 18 гадоў назад. Я старалася захаваць кадры, падтрымаць традыцыі калектыву, прымножыць яго заслугі. Мы прымаем актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці Фрунзенскага раёна і Мінска. Членства ў ГА “Белая Русь” і ГА “Беларускі саюз жанчын” сярод педагогаў складае 100%. Сучасныя кластарныя падыходы і піяр-тэхналогіі ў рабоце з кадрамі даюць плён. Штогод (на працягу 14 гадоў ) педагогі гімназіі становяцца пераможцамі гарадскога конкурсу “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы”. У 2019 годзе абагульненне педагагічнага вопыту намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Людмілы Сцяпанаўны Дзмітрачковай па тэме “Укараненне структурна-функцыянальнай мадэлі “Рост” у адукацыйную практыку гімназіі для развіцця дзіцячай адоранасці” адзначана прэміяй Мінгарвыканкама. Педагогі гімназіі — пераможцы і прызёры гарадскіх конкурсаў “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”, “Лепшы малады спецыяліст Мінска”.

Мне цікава самой прымаць удзел у розных справах калектыву і несці адказнасць за вынік работы. Кожны наш супрацоўнік адчувае клопат аб ім з боку кіраўніцтва, упэўнены, што яму заўсёды дапамогуць. І кіраўнік у сваю чаргу павінен быць ацэнены і абаронены сваімі калегамі. Калектыў фарміруецца з тонкіх нітачак розных узаемадзеянняў, гэта мудрае спляценне зносін, сустрэч, падтрымкі. Я ведаю пра клопаты і цяжкасці сваіх настаўнікаў, тэхнічных работнікаў, чым яны шчыра са мной дзеляцца.

Не заўсёды ўсё атрымліваецца, усякае бывае, але самае галоўнае, што ў нас ёсць агульнае імкненне працаваць добра. Адзінства патрабаванняў не проста ўсталёўваецца ў нашым калектыве, яно культывуецца. Мы актыўна ўзаемадзейнічаем з соцыумам, з’яўляемся сацыяльна адкрытай установай адукацыі. І ў той жа час мы, як адна сям’я, ствараем і зберагаем традыцыі, разам не толькі працуем, але і адпачываем. З экскурсійнымі паездкамі аб’ехалі амаль усю Беларусь. 

Я заўсёды гавару “дзякуй” супрацоўнікам за іх карысныя справы. Штотыднёвую нараду з педагогамі пачынаю з аналізу вынікаў дзейнасці і падзякі за тое, што было зроблена на мінулым тыдні. Кіраўніку трэба гнутка рэагаваць на сітуацыі, якія склаліся, “мець тонкую скуру”, каб гасіць любыя непаразуменні і канфлікты. Кіраўнік не павінен маўчаць, ён павінен размаўляць з людзьмі, пераконваць, звяртацца да асабістага вопыту, прасіць прабачэння, калі гэта неабходна. Госці, якія прыходзяць у гімназію, адзначаюць, што тут пануе асаблівая атмасфера — прафесійная, спакойная, камфортная.   

Наш калектыў узняўся на сур’ёзную прафесійную вяршыню і быў высока ацэнены дзяржавай. Далейшая наша задача — працаваць з поўнай самааддачай. Працягваць добра вучыць дзяцей, якасна рыхтаваць іх да алімпіяд і конкурсаў, рабіць тое, што рабілі раней. Толькі ўжо з усведамленнем адказнасці, якую мы ўзялі на сябе з прыняццем высокіх узнагарод.

У беларусаў ёсць унікальны код шчасця і дабрабыту, які зашыфраваны ў старажытных сімвалах, у прыгожых лініях узораў народнага арнаменту. Наш калектыў знайшоў гэты код і свой шлях да поспеху. Штодзень старанна працуючы, мы сумеснымі намаганнямі і ў цесным узаемадзеянні ствараем яркую, шматколерную палітру гісторыі сваёй установы адукацыі. Мы жывём адной справай, працуем плённа і самааддана, вынікова і творча. Клапоцімся пра дабрабыт, у тым ліку матэрыяльны, кожнага члена калектыву. Наша сіла — у нашых каранях і памяці, у пастаянным імкненні да лепшага, у клопаце і вялікай стваральнай энергіі, у шматлікіх выніках працы вучняў і настаўнікаў. Калектыў гімназіі — гэта сям’я аднадумцаў, аб’яднаная агульнымі мэтамі. Жывём з пазітыўным настроем і радасцю, з бясконцасцю мар і планаў. Кожны дзень рухаемся наперад, каб нашы мары здзяйсняліся! 

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.