Мяккая, добрая з дзецьмі і бацькамі

- 10:35Людзі адукацыі

Для выхавальніка дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Светлагорска Аксаны Запатылак педагог — гэта не прафесія, гэта стан душы.

Шлях Аксаны Васільеўны ў прафесію пачаўся з невялікай сельскай школы вёскі Палессе Светлагорскага раёна, куды яна прыйшла настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Выпускніца ўніверсітэта трапіла ў калектыў прафесіяналаў і майстроў сваёй справы, якія не толькі прынялі яе, але і ва ўсім дапамагалі, натхнялі на творчасць. Але, як аказалася, пошук сябе ў педагогіцы толькі пачынаўся. Праз дзесяць гадоў Аксана Запатылак апынецца на парозе дашкольнай установы і зразумее, што гэта менавіта тая справа, якой яна можа захварэць. І захварэла. Ды так, што хацелася працаваць лепш і лепш, але ведала: разлічваць на аптымальны вынік сваёй працы без спецыяльнай адукацыі немагчыма. Таму пайшла атрымліваць спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя” ў Акадэмію паслядыпломнай адукацыі, якую паспяхова скончыла.

— У мяне ёсць з чым параўноўваць, таму дашкольную адукацыю я не прамяняю ні на якую іншую, — кажа Аксана Васільеўна. — Больш удзячных гледачоў, слухачоў, чым дашкольнікі, ніколі не сустракала. Работу сваю вельмі люблю. Я ішла да яе доўга, але цяпер адчуваю сябе задаволенай і шчаслівай.

Адукацыйны працэс выхавальнік са Светлагорска будуе, выкарыстоўваючы сучасныя падыходы ў арганізацыі сюжэтна-ролевай гульні ў працэсе сацыялізацыі дзяцей. Адным з эфектыўных падыходаў педагог лічыць праблемныя сітуацыі, якія спрыяюць узбагачэнню сацыяльнага вопыту дзяцей, а таксама віртуальныя экскурсіі-падарожжы, што даюць магчымасць вырашыць праблемы маленькага горада, пабываць у іншых гарадах і краінах і пазнаёміцца з традыцыямі і норавамі іх жыхароў.

На занятках у Аксаны Васільеўны ніколі не бывае сумна. Тут пануе атмасфера даверу і пастаянных адкрыццяў: то выхаванцы рыхтуюцца да вандровак, то адкрываюць для сябе новыя цікавыя прафесіі ў гульнявой форме, то ў гарадской карціннай галерэі праводзяць экскурсіі для сваіх жа аднагодкаў. І чым бы ні займаліся дашкаляты на занятках, гэта заўсёды весела, цікава і пазнавальна, бо выхавальнік вучыць дзяцей атрымліваць радасць і задавальненне ад свайго добрага стаўлення да наваколля.

Дзякуючы свайму абаянню, уменню размаўляць з дзецьмі на розныя тэмы, Аксана Васільеўна можа схіліць да сябе любое дзіця, бо галоўнае для яе — адкрытыя зносіны і супрацоўніцтва з выхаванцамі. Як вынік — малыя ўспрымаюць яе не толькі як выхавальніка, а ў першую чаргу як сябра.

Што тычыцца асобасных прафесійных якасцей Аксаны Васільеўны, то яна чалавек самадысцыплінаваны, прынцыповы, патрабавальны да сябе, ініцыятыўны. Яна карыстаецца заслужаным аўтарытэтам як сярод калег, так і сярод бацькоў.

— Мяккая, добрая з дзецьмі і бацькамі, — гаворыць пра нашу гераіню Марыя Акуліч, маці адной з выхаванак. — Мы давяраем ёй у любых пачынаннях, бо яна заўсёды прафесійна ставіцца да справы. А дзяцей любіць проста за тое, што яны ёсць у яе жыцці, і прымае іх такімі, якія яны ёсць.

Метадычная актыўнасць Аксаны Запатылак ужо даўно выйшла за рамкі ўстановы, дзе яна працуе выхавальнікам групы выхаднога дня, сумяшчае работу выхавальніка-метадыста і выхавальніка. А яшчэ Аксана Васільеўна кіруе школай маладога выхавальніка, з’яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання, актыўна ўдзельнічае ў метадычнай рабоце раёна і вобласці. У яе на ўсё хапае часу і энергіі.

Удзел Аксаны Запатылак у Рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” нечаканасцю не стаў. Як гаворыць загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Светлагорска Ніна Захаранка, Аксана Васільеўна не той педагог, які будзе стаяць на месцы. “Яна ўвесь час у руху, у пошуку чагосьці новага, да працы ставіцца з вялікай адказнасцю і аддачай. Гэта разумны адказны чалавек, які хвалюецца за сваю работу і па-сапраўднаму любіць яе”, — адзначае кіраўнік. Сама ж педагог прызнаецца, што ў яе быў добры прыклад: заўсёды назірала за захопленасцю і любоўю да працы сваіх бацькоў.

Прафесія выхавальніка — адна з самых складаных, але гуманных і творчых. Поспех у ёй прыйдзе, калі яна стане не проста прафесіяй, а ладам жыцця, як у Аксаны Запатылак. Быць добразычлівым, уважлівым, праяўляць чуласць і клопат, быць прафесіяналам — гэта ўсё тое, што дапамагае выхаваць і сфарміраваць характар чалавека, у руках якога будучыня. І радуе, што ўсімі гэтымі якасцямі надзелены лепшы выхавальнік Гомельшчыны, які жыве ў Светлагорску.

Людміла ЯВАР,
Наталля ЛУТЧАНКА.