На адной хвалі з вучнямі

- 12:01Навіны рэгіёнаў

Настаўніца нямецкай мовы Верамейскай сярэдняй школы Чэрыкаўскага раёна Юлія Стаблецкая педагагічнай дзейнасцю займаецца ўсяго чацвёрты год, а ў яе працоўнай скарбонцы ўжо нямала дасягненняў. Юлія Міхайлаўна — прызёр шэрага прафесійных спаборніцтваў, была пераможцай сярод педагогаў у раённым конкурсе “Чэрыкаўшчына маладая”, узнагароджвалася граматай аддзела па адукацыі райвыканкама. А сёлета за плённую працу стала ўладальніцай звання “Лепшы па прафесіі” з занясеннем на раённую Дошку гонару. У чым сакрэт такога прафесійнага поспеху?

— На мой погляд, нейкага сакрэту ці формулы поспяховасці не існуе. Трэба проста любіць тую справу, якой займаешся. Калі ідзеш на работу з радасцю, калі да таго, што робіш, ляжыць душа, тады бу­дуць і плён, і поспех, — упэўнена Ю.М.Стаблецкая.

Асабіста для яе педагогіка менавіта такая справа. Прафесію ў свой час Юлія Міхайлаўна выбрала свядома.

— Нямецкая мова захапіла мяне адразу, як толькі гэты прадмет з’явіўся ў школьнай праграме. У пэўнай ступені паўплывалі на гэта мае настаўнікі. Бо ўжо тады, у дзяцінстве, цвёрда для сябе вырашыла, што ў будучыні хачу стаць выкладчыцай, раскрываць таямніцы нямецкай мовы дзецям, — паведаміла Ю.М.Стаблецкая.  

Сваё прафесійнае імкненне яна ажыццявіла ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Студэнцкія гады для Юліі Міхайлаўны прайшлі незаўважна, бо вучылася яна з энтузіязмам. Як вынік — атрымала дыплом магістра з адзнакай, а матэрыялы яе дыпломнай работы зараз выкарыстоўваюцца пры правядзенні заняткаў па курсах “Лексікалогія”, “Лінгвакраіназнаўства”, “Культуралогія” і “Парэміялогія” ў выглядзе кампанента вучэбнага матэрыялу.

Для маладога педагога Ю.М.Стаблецкай было адкрыта шмат дарог, але яна выбрала тую, якая вяла на малую радзіму. Па размеркаванні накіравалася ў Чэрыкаўскі раён. Больш за тое, прыйшла настаўнічаць у сваю родную Верамейскую школу.

— Аб тым выбары ні разу не пашкадавала. У нашай установе створаны ўсе ўмовы для прафесійнай самарэалізацыі. І педагагічны калектыў у нас цудоўны. Па першым часе мяне вельмі падтрымалі кіраўніцтва школы, больш вопытныя калегі-педагогі. Гэта вельмі дапамагло ў перыяд педагагічнага станаўлення, — расказала Юлія Міхайлаўна.

Маладая настаўніца і сама пастаянна імкнецца да прафесійнага развіцця. Яна пераканана: у сучасных рэаліях інакш нельга.

— Педагогу неабходна ісці ў нагу з часам. Запыты грамадства на адукацыю пастаянна мяняюцца. Трэба ўлічваць гэта, умець адпавядаць сённяшнім адукацыйным тэндэнцыям, — лічыць Ю.М.Стаблецкая.

На сваіх уроках Юлія Міхайлаўна шырока выкарыстоўвае інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, інтэрактыўнае і тандэмнае навучанне, метад творчых праектаў. Наогул, імкнецца рабіць упор на прымяненне разнастайных сучасных адукацыйных тэхналогій.

— За час сваёй педагагічнай дзейнасці я зрабіла выснову, што традыцыйныя падыходы навучання ўжо не так цікавы дзецям. Яны больш аддаюць перавагу інтэрактыўным метадам, чым рабоце з падручнікам, — адзначыла Ю.М.Стаблецкая.

Па яе меркаванні, добраму засваенню нямецкай мовы спрыяе таксама камунікатыўны аспект. На сваіх занятках Юлія Міхайлаўна ўдзяляе гэтаму моманту першачарговую ўвагу. Зносіны на ўроку — толькі па-нямецку. Перыядычна настаўніца арганізуе для вучняў гутаркі непасрэдна з носьбітамі мовы. У прыярытэце таксама — вывучэнне нямецкай культуры, менталітэту.

— Вучэбная паспяхо­васць залежыць таксама ад узаемаадносін настаўніка і дзяцей. Я да кожнага навучэнца імкнуся знайсці свой падыход. Наогул, лічу, што для педагога вельмі важна быць на адной хвалі з вучнямі, — падкрэсліла Ю.М.Стаблецкая.

Узаемаразуменне з навучэнцамі вельмі дапамагае Юліі Міхайлаўне ў раскрыцці іх здольнасцей. Яе вучні паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху. Асаблівых поспехаў яны дасягаюць у даследчай дзейнасці — неаднаразова станавіліся прызёрамі абласнога конкурсу работ даследчага характару сярод школьнікаў.

— Нейкай пэўнай сістэмы работы з адоранымі вучнямі ў мяне няма. Але я заўсёды зыходжу з інтарэсаў дзяцей. Потым раблю ўсё, каб раскрыць іх здольнасці. Стараюся і сама быць для навучэнцаў прыкладам. Таксама актыўна займаюся навуковай дзейнасцю. Дзяцей гэта цікавіць, а я падтрымліваю любыя іх пачынанні. Як вынік — сёння некаторыя з вучняў з’яўляюцца не толькі пераможцамі даследчых конкурсаў, але і аўтарамі навуковых артыкулаў, — паведаміла Ю.М.Стаблецкая.

Кожнае дасягненне, кожны поспех навучэнцаў для гэтай маладой настаўніцы маюць вялікую значнасць.

— Менавіта гэта для мяне галоўны паказчык эфектыўнасці маёй педагагічнай працы. А яшчэ — лепшы матыватар да самаўдасканалення, — запэўніла Юлія Міхайлаўна.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Ю.М.Стаблецкай.