На чале развіцця новых кірункаў работы з дзецьмі

- 11:32Дашкольная адукацыя

Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Пунсовая кветачка” № 517 Мінска адзін з першых у сталіцы атрымаў адпаведны статус — у 1994 годзе. З гэтага моманту калектыў установы актыўна ўдзельнічае ў інавацыйнай і эксперыментальнай дзейнасці, апрабацыі сучасных педагагічных тэхналогій. Педагагічныя праекты, распрацаваныя ў дашкольным цэнтры, не аднойчы былі адзначаны грантамі Мінгарвыканкама. На чале ўсіх пачынанняў, якія адбываюцца ва ўстанове, больш за 18 гадоў знаходзіцца загадчык Святлана Ісакаўна ЖАЛУДОК.

— Статус дашкольнага цэнтра развіцця, як кажуць, абавязвае. Як вам удаецца на працягу многіх гадоў заставацца лідарам у адукацыі?

— Цэнтр развіцця дзіцяці — гэта тып дашкольнай установы, які забяспечвае павышаны ўзровень якасці адукацыйных і аздараўленчых паслуг. Наш педагагічны калектыў на пастаяннай аснове ажыццяўляе навукова-метадычную дзейнасць у сферы новых адукацыйных праграм і тэхналогій, новых форм арганізацыі дашкольнай адукацыі, новых мадэлей арганізацыі развіццёвага асяроддзя і г.д.

Ва ўстанову на работу я ўладкавалася ў 1998 годзе, і ў той жа год наш цэнтр паспяхова прайшоў атэстацыю. Пасля нас атэстоўвалі ў 2003 і 2008 гадах. Гэты перыяд мне запомніўся актыўным укараненнем сучасных педагагічных тэхналогій: ТРВЗ-РТУ (дагэтуль у цэнтры працуюць педагогі, якія першымі ў горадзе пачалі яе прымяняць), Марыі Мантэсоры, “Першы крок”, методыкі М.Зайцава. У 2000 годзе наш праект “Павышэнне якасці адукацыі дашкольнікаў шляхам укаранення інавацыйных тэхналогій” быў адзначаны грантам Мінгарвыканкама. Элементы названых тэхналогій педагогі цэнтра прымяняюць і сёння. Наша ўстанова заўсёды была сярод удзельнікаў педагагічных фестываляў і конкурсаў, з’яўлялася базавай пляцоўкай НІА па распрацоўцы рэкамендацый “Арганізацыя прадметна-развіццёвага асяроддзя груп дашкольнай установы”, “Тэматычнае планаванне адукацыйнага працэсу”, якімі цяпер карыстаюцца педагогі дашкольных устаноў.

Час ідзе, многае мяняецца, але нязменнай застаецца атмасфера, якая пануе ва ўстанове, — цёплая, сяброўская. Наш калектыў хоча і ўмее працаваць прафесійна, з поўнай аддачай. З моманту адкрыцця цэнтра ў ім працуюць педагогі Людміла Васільеўна Кондраль, больш за 20 гадоў — Іна Уладзіміраўна Палтарухіна, Вольга Уладзіміраўна Сыраквашка, Святлана Пятроўна Юшко. Усе яны даказалі сваю адданасць прафесіі і не аднойчы ў размовах падкрэслівалі, што няма лепшай работы для жанчыны, чым быць педагогам у дзіцячым садку. Дзеці — гэта эмоцыі, радасць жыцця. Нават калі на вуліцы — дождж, а на душы — сум, маленькія сонейкі сагрэюць педагога сваімі ўсмешкамі, падораць добры настрой.

Быць у лідарах адукацыі дашкольная ўстанова можа дзякуючы развіццю новых кірункаў работы з дзецьмі. Шмат гадоў у нашай установе дзейнічаюць студыі тэатральна-музычнай дзейнасці і выяўленчага мастацтва, камп’ютарны клас. З 2013 года функцыянуе група на платнай аснове з поўным комплексам дадатковых адукацыйных паслуг. Па выніках работы па арганізацыі платных адукацыйных паслуг наш цэнтр выйшаў у лідары Першамайскага раёна Мінска. Эканамічная рэнтабельнасць ад аказання такіх паслуг складае 40 працэнтаў (для дашкольнай установы гэта добры паказчык). Заробленыя сродкі ідуць на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы цэнтра і на прэміраванне супрацоўнікаў, якое ажыццяўляецца за пэўныя заслугі згодна з калектыўным дагаворам.

— Раскажыце, калі ласка, аб найбольш запатрабаваных у бацькоў і дзяцей адукацыйных паслугах, якія прадастаўляюцца ў вашай установе.

— Сваім выхаванцам мы прапаноўваем гурток англійскай мовы Happy English, які вядзе Вольга Сяргееўна Каржаневіч. На занятках дзеці развучваюць англійскія песні і вершы, гуляюць у заапарк, магазін цацак, знаёмяцца з часткамі цела чалавека, лічэбнікамі і прыметнікамі.

Вопыт сумеснай мастацкай творчасці, азы акцёрскага майстэрства нашы выхаванцы набываюць на занятках гуртка тэатральна-музычнай дзейнасці “Вясёлая карусель” (кіраўнік Аліна Іосіфаўна Дырыкава). Малышы вучацца працаваць над вобразамі свойскіх жывёл і птушак, імітаваць рухі звяроў з выкарыстаннем розных відаў тэатраў: тэатра ценяў, пальчатак, настольнага, бі-ба-бо, выкарыстоўваюць роставых лялек. Два разы на год у цэнтры праходзяць дзіцячыя тэатральныя паказы для бацькоў і дзяцей малодшых груп. Да ўсіх казачных пастановак у нас рыхтуюцца дэкарацыі і касцюмы. Іх мы набываем або вырабляем разам з бацькамі. Дзякуючы дапамозе бацькоў, у гэтым годзе ў нас з’явілася лічбавае піяніна і сучасны мікрафон.

У гуртку развіцця рытмічных рухаў “Грацыя” (кіраўнік Ірына Дзмітрыеўна Маркаран) дзеці вучацца прыгожа рухацца, развіваюць пачуццё рытму, адчуванне свабоднай пластыкі. Практыкаванні, гульні, харэаграфічныя мініяцюры і танцы педагог чаргуе так, каб былі задзейнічаны розныя групы мышцаў.

На занятках гуртка выяўленчай дзейнасці “Вясёлка” педагог Наталля Мікалаеўна Баранава вучыць дзяцей традыцыйным і нестандартным тэхнікам малявання: жывапісу, графіцы, маляванню далонькай, пальчыкаваму жывапісу, монатыпіі, раздзіманню фарбы, кляксаграфіі, каракулеграфіі, маляванню свечкай, напырску, тампанаванню, тэхніцы выканання вітражоў, графічнаму адбітку. Такім чынам, дзеці атрымліваюць веды і ўменні звыш базавай праграмы. Іх творчыя работы рэгулярна дэманструюцца ў выставачнай галерэі дашкольнага цэнтра, якая пастаянна папаўняецца і абнаўляецца, штогод праводзяцца аўтарскія выставы дзіцячых работ.

Настаўнік-дэфектолаг Святлана Пятроўна Юшко аказвае карэкцыйна-педагагічную дапамогу ў пункце цэнтра, а яшчэ яна праводзіць з дзецьмі заняткі па рыторыцы. Дашкольнікам з 5 гадоў выкладаецца камп’ютарная грамата. У нас абсталяваны сучасны камп’ютарны клас (у ім 10 камп’ютараў). Заняткі на камп’ютары накіраваны на замацаванне, удакладненне, абагульненне ведаў, атрыманых на занятках з іншымі педагогамі. Усе спецыялісты цэнтра выкарыстоўваюць камп’ютарны клас для правядзення сваіх заняткаў, паказу мультымедыйных прэзентацый.

Педагог-псіхолаг Вераніка Мікалаеўна Аласека праводзіць заняткі па падрыхтоўцы да школы: працуе над развіццём маторыкі рук, ставіць дзецям руку для пісьма. Калі нашы выпускнікі ідуць у школу, яны амаль усе ўмеюць чытаць, лічаць прыклады ў межах 10. Мы не прымушаем да гэтага, але ствараем матывацыю да вучобы.

Асабліва мне хочацца адзначыць старанні бацькоў выхаванцаў нашага дашкольнага цэнтра. Яны таксама імкнуцца прысутнічаць як выхавальнікі ў жыцці сваіх дзяцей, ведаць, як малышы развіваюцца. Таты і мамы з радасцю прымаюць удзел у занятках, рабоце педсаветаў, тэматычных майстар-класах. Бацькі дзеляцца вопытам выхавання дзяцей, укаранення ў сваіх сем’ях прынцыпаў здаровага ладу жыцця, здымаюць фільмы пра свае сем’і, рыхтуюць візіткі.

— Ці магчыма ў дашкольнай установе разгледзець будучы талент дзіцяці?

— Нашы выхаванцы ўжо ў 3—4 гады не баяцца выходзіць на сцэну, свабодна бяруць мікрафон і выконваюць песні, дэкламуюць вершы, выконваюць ролі ў спектаклях. Калі ў такім узросце малыш атрымлівае падобны вопыт, у яго з’яўляецца смеласць, развіваецца фантазія, ён пачынае раскрываць свае здольнасці. І мы па праве можам лічыць сябе першаадкрывальнікамі дзіцячых талентаў. Наша выпускніца Лена Балоціна займаецца мастацкай гімнастыкай. Яна майстар спорту міжнароднага класа, прызёр чэмпіянату Еўропы сярод юніёраў. Яе здольнасці мы заўважылі, калі яна наведвала наш гурток па фітнесе. Памятаю, як Ілья Волкаў, які чатыры гады назад заняў на дзіцячым “Еўрабачанні” ў Кіеве 3-е месца, спяваў у нас сольныя кампазіцыі на ранішніках. Зараз ён вучыцца ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка, займаецца бальнымі танцамі, удзельнічае ў міжнародных конкурсах. Мы запрашаем Ілью на нашы святы ў цэнтр, і ён з радасцю адгукаецца. Сярод нашых выпускнікоў ёсць хакеісты, мастакі.

І намеснік загадчыка Надзея Аляксандраўна Субат калісьці сама хадзіла ў нашу ўстанову. Яе выхавальнікам была Людміла Васільеўна Кондраль, якая і цяпер тут працуе.

— Адным з найбольш вострых пытанняў з’яўляецца забеспячэнне даступнасці для дзяцей, у тым ліку ранняга ўзросту (ад 0 да 3 гадоў), якаснай дашкольнай адукацыі. Ці ўсіх жадаючых вы змаглі прыняць да сябе ў новым навучальным годзе?

— Пытанне даступнасці вельмі актуальнае, асабліва для сталічных дашкольных устаноў у раёнах масавай забудовы. Да нас дзеці трапляюць у парадку чаргі. Калі б сёлета да нас прыйшлі ўсе, хто быў у чарзе, прычым тыя дзеці, якім споўнілася на 1 верасня 2 гады (мы прымаем з гэтага ўзросту), то нам давялося б залічыць у 2 ясельныя групы 180 чалавек! Наш цэнтр наведваюць 250 выхаванцаў. А ў гэтым годзе мы змаглі прыняць толькі 68 дзяцей (рознага ўзросту).

Даступнасць — гэта не толькі наяўнасць месцаў у дзіцячых садах для ўсіх жадаючых, але і належны змест работы з выхаванцамі. Даступнасць арганізоўваецца праз пашырэнне спектра адукацыйных паслуг, у тым ліку праз стварэнне груп кароткачасовага знаходжання дзяцей, якія не наведваюць дашкольную ўстанову. Па назіраннях нашых педагогаў, дзіця, якое прыйшло ў дашкольную ўстанову ў 2 гады, лягчэй сацыялізуецца, чым дзіця, якое прыйшло ў 3 гады, калі ў яго ўжо склаліся пэўныя рысы характару і звычкі, і часта з-за дамашняй апекі не вельмі добра развіты навыкі самаабслугоўвання, асабістай гігіены.
Заняткі ў нашай групе кароткачасовага знаходжання арганізоўваюцца для дзяцей ад 1 да 3 гадоў 2 разы на тыдзень (на працягу 1 гадзіны). Такая група ў цэнтры дзейнічае ўжо 8 гадоў. Сістэма работы ў ёй добра адпрацавана. Заняткі праходзяць у гульнявой форме і абавязкова з удзелам бацькоў. Адукацыйны працэс накіраваны на рознабаковае развіццё малышоў (фізічнае, пазнавальнае, сенсаматорнае, маўленчае, эстэтычнае (выхаванцы малююць, займаюцца лепкай, вырабам аплікацый, атрымліваюць музычнае выхаванне і інш.). Перш чым адкрыць такую групу, мы падабралі прафесійныя кадры педагогаў, якія маглі б працаваць менавіта з дзецьмі ранняга ўзросту, — выхавальніка, педагога-псіхолага, музычнага кіраўніка і кіраўніка фізвыхавання. Трэба было знайсці і асобнае памяшканне для заняткаў. Эканамісты падлічылі кошт такой паслугі з улікам рэнтабельнасці.

Чацвёрты год у нас працуе група на платнай аснове. У гэтым годзе ажыццяўляем набор дзяцей ад 3 да 4 гадоў. Гэта яшчэ адна магчымасць трапіць у наш дашкольны цэнтр. Попыт на гэтую групу вялікі, а яе спісачны склад — 15 чалавек. Кошт наведвання групы для бацькоў складае сёння 400 рублёў у месяц. Сродкі ідуць на аплату 5-разовага харчавання, на заробак педагогам, на развіццёвае асяроддзе. Група працуе з 7 гадзін раніцы да 7 гадзін вечара. З дзецьмі кожны дзень займаюцца 7 спецыялістаў — акрамя выхавальнікаў, яшчэ педагог-псіхолаг, настаўнік-дэфектолаг, кіраўнік гуртка англійскай мовы і г.д.

— Над якімі новымі праектамі вы сёння працуеце?

— У 2016/2017 навучальным годзе мы з’яўляліся эксперыментальнай пляцоўкай па тэме “Апрабацыя праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу для груп кароткачасовага знаходжання дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі”. У эксперыментальнай дзейнасці прымалі ўдзел рознаўзроставая група дзяцей ад 1 да 3 гадоў і рознаўзроставая група дзяцей ад 5 да 7 гадоў. Навуковы кіраўнік праекта — дацэнт кафедры педагогікі факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ імя Максіма Танка кандыдат педагагічных навук Людміла Мікалаеўна Варанецкая. Педагогі адзначылі высокую эфектыўнасць і выніковасць работы па праграмна-метадычным забеспячэнні адукацыйнага працэсу для груп кароткачасовага знаходжання дзяцей. Па кожнай тэме заняткаў яны прадставілі свае прапановы, заўвагі, склалі метадычныя рэкамендацыі, якія абавязкова ўлічаць аўтары вучэбна-метадычных дапаможнікаў. Пасля адпаведнай карэкціроўкі выданні ўвойдуць у шырокую практыку выкарыстання. З бягучага навучальнага года наша пляцоўка набудзе статус інавацыйнай па тэме “Укараненне мадэлі метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу для груп кароткачасовага знаходжання дзяцей ва ўстанове дашкольнай адукацыі”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.