Мінск рыхтуецца да Еўрагульняў
26 кастрычніка адбылася прэс-канферэнцыя на тэму “Падрыхтоўка і правядзенне II Еўрапейскіх гульняў”, у якой прынялі ўдзел намеснік дырэктара фонду “Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года” Анатоль Котаў, начальнік упраўлення электронных СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рабаволаў і начальнік упраўлення спорту і турызму Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Сяргей Фурманаў.
У пачатку сустрэчы Анатоль Котаў прывёў лічбы і пазначыў маштаб спартыўнай падзеі: “ІІ Еўрапейскія гульні адрозніваюцца ад першых і па наборы відаў спорту, і па дысцыплінах, якія будуць прадстаўлены: 15 відаў спорту і 23 спартыўныя дысцыпліны, будуць разыграны 189 камплектаў медалёў. У спаборніцтвах прымуць удзел каля 4 тысяч спартсменаў, якім будуць дапамагаць трэнеры, абслуговы персанал і інш.”.
У абсалютнай большасці відаў спорту спаборніцтвы стануць кваліфікацыйнымі для летняй Алімпіяды-2020, што пройдзе ў Токіа. Гэты факт гарантуе прыезд у Мінск наймацнейшых еўрапейскіх спартсменаў.
II Еўрапейскія гульні стануць пляцоўкай, дзе будзе прэзентаваны новы фармат правядзення спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы. “Мінск стане пляцоўкай, дзе ўсе ўбачаць новы фармат, на які Еўрапейская федэрацыя лёгкай атлетыкі ў будучыні збіраецца зрабіць стаўку, змяніўшы традыцыйныя, досыць доўгія і месцамі не дынамічныя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы”, — пракаменціраваў Анатоль Котаў.
Да 15 лістапада праходзіць адкрыты Рэспубліканскі конкурс на распрацоўку талісмана II Еўрапейскіх гульняў у Мінску. На сёння паступіла больш за 200 заявак, і кожны дзень прыходзяць дзясяткі новых. Сярод удзельнікаў як школьнікі, так і прафесійныя мастакі. Разнастайнасць прадстаўленых заявак таксама ўражвае: герой СвятаСлаў, вавёрачка, трактар, бульбазаўр і буслы. Прыём заявак адкрыты, таму шанc па-свойму ўвайсці ў гісторыю такой маштабнай падзеі ёсць у кожнага. Уладзімір Рабаволаў адзначыў, што галоўнае — гэта канцэпцыя, цікавая думка. Будуць выбраны тры пераможцы, якія атрымаюць права на наведванне ўсіх мерапрыемстваў Еўрапейскіх гульняў і камплект нацыянальнай парадна-спартыўнай экіпіроўкі нацыянальнай зборнай Беларусі.
Сяргей Фурманаў адзначыў, што існуючыя гасцініцы і тыя, якія ў найбліжэйшы час будуць уведзены ў эксплуатацыю, цалкам забяспечаць патрэбы гасцей спаборніцтваў: “Дадаткова плануецца задзейнічаць гасцініцы і санаторыі Мінскага раёна аддаленасцю 10—15 км. Пражываць удзельнікі спаборніцтваў будуць у інтэрнатах студэнцкай вёскі, дадаткова будуюцца яшчэ два інтэрнаты. Для гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства створаць максімальна камфортныя ўмовы. Распрацоўваецца спецыяльная турыстычная праграма, у прыватнасці мабільны дадатак, які дазволіць гасцям камфортна арыентавацца на спартыўных аб’ектах, дзе будуць праводзіцца спаборніцтвы. У дадатку будзе даступная інфармацыя аб часе пачатку спаборніцтваў, лагістыцы і г.д.”.
Таксама плануецца абнаўленне аўтобуснага парка. Было адзначана, што арганізатары прыкладуць максімальныя намаганні, каб мінімізаваць нязручнасці мінчан падчас Еўрагульняў, а адной з асноўных задач будзе захаванне спадчыны спаборніцтваў, якія пасля завяршэння палепшаць жыццё сталіцы.
Надзея КРАЎЧУК.