На перамогу маюць усе правы

- 10:51Якасць адукацыі

Студэнты юрыдычнага факультэта БДУ прадставяць Беларусь на Міжнародным юрыдычным конкурсе імя Ф.Джэсапа (Jessup Competition) у Вашынгтоне. Гэта стала вядома 29 студзеня падчас фіналу нацыянальнага адбору конкурсу ў Мінску.

Конкурс імя Ф.Джэсапа — гэта найбуйнейшае і самае прэстыжнае спаборніцтва ў свеце сярод студэнтаў юрыдычных факультэтаў па міжнародным праве. Штогод у конкурсе прымае ўдзел больш за 2500 студэнтаў з 90 краін свету.

Спаборніцтва праходзіць у форме судовага пасяджэння, якое імітуе разгляд выдуманай, але часта заснаванай на рэальных падзеях спрэчкі паміж дзяржавамі ў Міжнародным судзе ААН. Конкурс праводзіцца цалкам на англійскай мове і складаецца з дзвюх частак: пісьмовай (выкладанне прававых пазіцый кожнага з бакоў спрэчкі; звычайна гэта два дакументы па 30 старонак) і вуснай (дэбаты з камандамі сапернікаў). Такім чынам, студэнты-юрысты выступаюць у ролі адвакатаў у працэсе, максімальна набліжаным да сапраўднага судовага разбору ў Міжнародным судзе ААН.

Тэма гэтага года — праблема экалагічных бежанцаў, эксплуатацыі агульных прыродных рэсурсаў, зварот культурных каштоўнасцей. Дарэчы, у мінулым годзе вырашаліся юрыдычныя задачы ў галіне сеткавых камп’ютарных нападаў.

Нягледзячы на тое, што конкурс праводзіцца з 1960 года, вопыт удзелу ў ім Беларусі не вельмі багаты, але дасягненні ўжо вялікія.

— У 2014 годзе каманда Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО” ўпершыню заняла пятае прызавое месца ў агульнасусветным заліку пісьмовых работ, апярэдзіўшы Оксфард, Стэнфард, Універсітэт Сіднея і больш за 600 іншых універсітэтаў. У 2015 годзе нашы студэнты (“МІТСО”) паўтарылі поспех. А ў 2016 годзе за пісьмовыя работы беларуская каманда (факультэт міжнародных адносін БДУ) атрымала другое месца, саступіўшы толькі Універсітэту Іерусаліма, — паведаміў старшыня Асацыяцыі міжнароднага права і арбітражу Андрэй Козік.

З 2016 года адміністратарам нацыянальнага раўнда стала Асацыяцыя міжнароднага права і арбітражу (BILA Association) — некамерцыйная арганізацыя, створаная для развіцця юрыдычнай навукі і гуманітарнай адукацыі, падтрымкі таленавітай моладзі і абмену вопытам паміж членамі арганізацыі. Беларускаму адміністратару ўдалося пашырыць колькасць удзельнікаў нацыянальных раўндаў і на вышэйшым узроўні прэзентаваць Беларусь у Вашынгтоне.

Адзначым, што да 2016 года ў беларускіх нацыянальных раўндах штогод удзельнічалі 2—3 каманды (у той час як у Расіі ў нацыянальных раўндах штогод спаборнічаюць ад 40 да 60 каманд). Сёлета ў нацыянальным адборы прынялі ўдзел 6 каманд: факультэта міжнародных адносін БДУ, юрыдычнага факультэта БДУ, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова і Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

— Беларусь зацікаўлена ў падрыхтоўцы высокакласных спецыялістаў-практыкаў, здольных, калі спатрэбіцца, абараняць інтарэсы і суверэнітэт краіны на міжнароднай арэне. Юрысты-міжнароднікі — адны з іх. Нацыянальны адбор конкурсу Ф.Джэсапа дае магчымасць вылучыць лепшых маладых юрыстаў-міжнароднікаў краіны, — адзначыў старшыня Асацыяцыі міжнароднага права і арбітражу Андрэй Козік.

Фінальныя раўнды міжнароднага конкурсу па традыцыі праходзяць у сталіцы ЗША — Вашынгтоне. Туды студэнты Белдзяржуніверсітэта адправяцца ў красавіку, каб пазмагацца за галоўны прыз — Кубак Джэсапа і званне лепшай каманды юрыстаў-міжнароднікаў у свеце.

Марына ПЫРКОВА.