На прафесійным старце

- 9:50Якасць адукацыі

“Ці лёгка быць маладым настаўнікам у сучаснай школе?” — менавіта гэтае пытанне ставяць перад сабой выпускнікі педагагічных універсітэтаў, вырашаючы, ці ісці ім працаваць у школу. Падчас навучання студэнты звычайна праходзяць педагагічную практыку. Цесная сувязь тэорыі педагогікі з практыкай дапамагае ім адчуць упэўненасць у сабе, у сваіх дзеяннях, усвядоміць мэты і задачы настаўніцкай прафесіі. Аднак часам не кожнаму студэнту, які меў выдатныя адзнакі на практыцы, атрымліваецца паспяхова пачаць сваю работу ў школе. Многае залежыць ад калег, атмасферы ў калектыве. Пытанням падрыхтоўкі і адаптацыі маладых спецыялістаў на першых рабочых месцах на Барысаўшчыне ўдзяляецца павышаная ўвага. Пра гэта расказала начальнік упраўлення па адукацыі Барысаўскага райвыканкама Ірына Міхайлаўна Садоўская.

— У Барысаўскім раёне 97 устаноў адукацыі наведваюць больш за 19 тысяч навучэнцаў і каля 8 тысяч дашкольнікаў, працуюць 3192 педагогі. Створаны ўмовы для развіцця інтэлектуальных і творчых здольнасцей дзяцей, актыўных заняткаў фізічнай культурай і спортам, у тым ліку дзяцей з асаблівымі па­трэбамі, для фарміравання лідарскіх якасцей падрастаючага пакалення.

Упраўленнем па адукацыі праводзіцца прагназаванне і забеспячэнне кадравай патрэбнасці сістэмы адукацыі раёна. З кожным годам назіраецца павелічэнне колькасці маладых спецыялістаў, якія накіроўваюцца ў рэгіён, і адпаведна задавальненне заяўкі. У 2020 го­дзе прыступілі да работы 104 маладыя спецыя­лісты, у 2019 годзе — 73, у 2018 годзе — 59 маладых педагогаў. Тут мы бачым рэсурсы ў адкрыцці педагагічных класаў і груп, што дазволіць забяспечыць мясцовымі кадрамі ўстановы адукацыі. Дарэчы, у педагагічных класах (групах) вучыцца 44 школьнікі, класах (групах) спартыўна-
педагагічнай накіраванасці — 6 чалавек.

 Важна не толькі прыняць маладога спецыя­ліста ў калектыў, але і стварыць умовы для яго замацавання. З 1 студзеня 2020 года ва ўмовах новай сістэмы аплаты, згодна з пастановай Міністэрства адукацыі ад 03.06.2019 № 71, маладым спецыялістам з ліку педагагічных работнікаў устаноўлена стымулюючая выплата — надбаўка ў памеры 30% ад акладу, маладым спецыялістам іншых катэгорый — 20% ад акладу.

Маладым спецыялістам лакальнымі нарматыўнымі актамі прадугледжаны дадатковыя формы матэрыяльнай падтрымкі. Так, штомесячную даплату атрымліваюць 52 маладыя спецыялісты, надбаўка за кантракт устаноўлена 58 пачынаючым педагогам, 10 маладым спецыялістам, якія працуюць у сельскай мясцовасці, часткова пакрываюцца выдаткі за праезд да месца працы, 5 маладым спецыялістам устаноўлена частковая кампенсацыя за наём жылля.

Аналіз заработнай платы маладых педагогаў паказвае, што спецыялісты з вышэйшай адукацыяй маюць больш высокі ўзровень заработнай платы.

З мэтай замацавання пачынаючых настаўнікаў на першым працоўным месцы ва ўпраўленні і ўстановах адукацыі праводзіцца работа па адаптацыі маладых педагогаў. Інстытут настаўніцтва працуе ва ўсіх установах адукацыі раёна і дазваляе аптымізаваць працэс прафесійнага станаўлення маладога спецыяліста, сфарміраваць у яго матывацыю да самаўдасканалення і самаразвіцця. Маладыя педагогі прыходзяць у школу з пэўным багажом ведаў, але ў асноўным без умення прымяняць свае веды на практыцы. Вось у гэтым і заключаецца дапамога вопытных настаўнікаў, якія загадам па школе замацаваны за кожным маладым спецыялістам: дапамагчы маладому настаўніку адаптавацца ў калектыве, навучыцца правільна даносіць свае веды вучням, быць добрым класным кіраўніком, правільна запаўняць разнастайныя паперы, а яшчэ дапамагчы палюбіць сваю работу, школу, калі гэтага яшчэ не адбылося.

Для аказання дапамогі маладым спецыя­лістам у пераадоленні розных цяжкасцей, фарміравання індывідуальнага стылю творчай дзейнасці працуюць раённая школа маладога спецыяліста “Дыялог”, школа маладога спецыя­ліста ўстановы дашкольнай адукацыі “ПрафСтарт”. Школа маладога спецыяліста стварае ўмовы для асобаснага і прафесійнага росту маладых педагогаў, іх самарэалізацыі і сацыялізацыі сродкамі метадычнай работы, дапамагае адаптавацца да новых умоў. Заняткі праходзяц­ь па адзінай метадычнай тэме: “Вучыцца самому, каб больш паспяхова вучыць іншых”. У індыві­дуальным парадку адсочваецца метадычны рост педагогаў пры наведванні ўрокаў. Ажыццяўляецца кансультаванне па праблемах вучэбна-выхаваўчага працэсу, прымянення сучасных тэхналогій і здароўезберажэння на ўроках, падрыхтоўкі да ўрока, самааналізу заняткаў, афармлення школьнай дакументацыі, работы з адоранымі навучэнцамі.

Штогод у красавіку ў раёне праходзіць фестываль “Метадычная вясна”, дзе трансліруецца не толькі першы вопыт пачынаючых педагогаў, але і дзейнасць вопытных настаўнікаў. Метадычнай платформай у рабоце з маладымі спецыялістамі выступае Барысаўская сеткавая супольнасць (БОСС) маладых спецыя­лістаў (https://holubec.wixsite.com/mysite).

У адпаведнасці з загадам начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама ад 30.08.2019 № 409, упраўленне па адукацыі з 1 верасня 2019 года рэалізуе педагагічны праект “Метадычнае суправа­джэнне прафесійнага развіцця маладых спецыялістаў у сістэме адукацыі раёна” (праект разлічаны да 2021 года).

У 2020 годзе праводзіўся ўжо традыцыйны раённы конкурс прафесійнага майстэрст­ва “Малады спецыяліст года”. Абсалютнай пераможцай гэтага конкурсу сярод педагогаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі прызнана выпускніца БДПУ імя Максіма Танка Наталля Крыно, педагог гімназіі № 1 Барысава. Па выніках конкурсных выпрабаванняў яна набрала найбольшую колькасць балаў.

У лістападзе мінулага года на базе сярэдняй школы № 18 Барысава была арганізавана мала­дзёжная педагагічная дыялогавая пляцоўка “Маладзёжнае лідарства — стратэгічны рэсурс Барысаўшчыны” пад дэвізам “Пазнавай, развівайся, імкніся палепшыць сябе і свет вакол”. Абмяркоўваліся актуальныя напрамкі “Моладзь і вольны час”, “Моладзь у дзяржаўным кіраванні”, “Якой я бачу Канстытуцыю”, “Моладзь і адукацыя”. Ад у­дзельнікаў мерапрыемства паступіла прапанова аб стварэнні і дзейнасці клубнага аб’яднання маладых педагогаў Барысаўскага раёна, і ўжо адбылося некалькі інтэрактыўных сустрэч у рэсурсным цэнтры “Ступені”.

Праведзеная работа з маладымі спецыя­лістамі дазволіла павялічыць працэнт іх замацавання. Пасля двух гадоў адпрацоўкі ў 2019 годзе ў раёне засталося працаваць 68% маладых педагогаў, у 2020 годзе — 70,8%.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.