На прасторах творчасці з “Крыштальным зубранём”

- 12:57Якасць адукацыі

У актавай зале сярэдняй школы № 51 Мінска адбылося ўрачыстае закрыццё фестывалю педагагічнага майстэрства “Крыштальнае зубраня — 2017” (з міжнародным удзелам) і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў. У ёй прынялі ўдзел намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна сталіцы Г.В.Шкода, начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна А.У.Цыпылова.

Мэтай фестывалю, які праводзіўся па ініцыятыве адміністрацыі Ленінскага раёна сталіцы, упраўлення адукацыі, спорту і турызму, Мінскага філіяла Расійскага эканамічнага ўніверсітэта імя Г.В.Пляханава, з’яўляецца пошук і падтрымка педагагічных ідэй па праблемах абнаўлення і ўдасканалення сучаснай мадэлі адукацыі, павышэння якасці адукацыі.

Фестываль арганізоўваецца ўжо другі год, і сёлетняй яго асаблівасцю стала ўвядзенне новай намінацыі “Актыўныя метады і тэхналогіі развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту” для педагогаў, якія працуюць ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Свае педагагічныя ідэі настаўнікі, якія працуюць на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі, прадставілі ў намінацыі “ІТ-тэхналогіі ў адукацыйным працэсе”.
Мерапрыемства праходзіла ў два этапы: завочны і вочны. На завочны этап педагогі прадставілі свае творчыя работы, праекты на афіцыйным сайце фестывалю http://www.izubr.int.by і відэаролікі іх абароны на рэсурсе youtube.com. Вочны этап быў арганізаваны ў свабоднай форме: педагогам неабходна было правесці майстар-клас альбо стэндавую абарону і інш. Канкурсантаў гасцінна прымалі ў сярэдняй школе № 111 Мінска і яслях-садзе № 8, дзе гаспадары прадаставілі ім базу для правядзення мерапрыемстваў.

Як расказала начальнік аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Святлана Іванаўна Дыбаль, усяго ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 80 педагогаў з Мінска, іншых куткоў Беларусі, а таксама з Расіі, Манголіі. “Мы рады, што фестываль стаў традыцыйным, бо ён сапраўды садзейнічае развіццю міжнароднага супрацоўніцтва, трансляцыі інавацыйнага вопыту, укараненню ІКТ у адукацыйны працэс, стварэнню вучэбна-метадычнага кантэнту”, — адзначыла Святлана Іванаўна.

Пераможцамі ў намінацыі “ІТ-тэхналогіі ў адукацыйным працэсе” сталі настаўнік пачатковых класаў сярэдняй школы № 29 Калінінграда Аляксей Максімавіч Зубаў (1-е месца), настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 202 Мінска Ларыса Леанідаўна Гардзіенка (2-е месца), настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 54 Мінска Ірына Пятроўна Баркоўская (3-е месца).

Для А.М.Зубава з педагагічнай дынастыі фестываль “Крыштальнае зубраня” не першыя спаборніцтвы, таму асаблівых цяжкасцей яны не выклікалі.

— Мяне перапаўняюць станоўчыя эмоцыі, — падзяліўся сваімі ўражаннямі Аляксей Максімавіч. — Зараз складана працаваць па-старому, калі дзеці сядзяць у планшэтах, смартфонах, любяць працаваць з тэхнікай, і лічу, што класічны ўрок непрыдатны сёння для нашых дзяцей. Сваім праектам я імкнуўся паказаць, як можна выкарыстоўваць планшэты, нэтбукі ў адукацыйным працэсе, каб вучням было цікава. На фестывалі прадстаўляў тэхналогію змешанага навучання — калі дзіця на працягу аднаго ўрока працуе не толькі з тэхнікай, але і ў групе, узаемадзейнічае з настаўнікам, выкарыстоўвае лабараторнае абсталяванне. Літаральна за адзін дзень мы абмяняліся з беларускімі калегамі шматлікімі метадычнымі напрацоўкамі. Нягледзячы на тое, што працуем мы ў розных установах і знаходзімся ў розных дзяржавах, мэта ў нас адна — навучыць дзяцей. І робім мы гэта дастойна.

Настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 202 Мінска Ларыса Леанідаўна Гардзіенка прадставіла электронны адукацыйны рэсурс для 4 класа “Практыкаванні для інтэрактыўнай дошкі. Happy English”, які змяшчае 9 тэм, 101 аўтарскае практыкаванне па лексіцы, граматыцы, успрыманні і разуменні маўлення на слых, развіцці навыкаў гаварэння. “Лічу, што стварэнне і выкарыстанне электроннага адукацыйнага рэсурсу садзейнічае не толькі інтэнсіфікацыі вучэбнага працэсу і павышэнню матывацыі навучэнцаў да англійскай мовы, развіццю ў іх усіх відаў маўленчай дзейнасці, але і стварэнню ўмоў для прафесійнай і асобаснай самарэалізацыі настаўніка, абмену вопытам і павышэнню якасці адукацыі”, — гаворыць педагог.

Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 54 Мінска Ірына Пятроўна Баркоўская ўжо 27 гадоў працуе з малодшымі школьнікамі. Асноўны прынцып работы педагога — ісці наперад разам з дзецьмі.

— Хочацца выхаваць чалавека, грамадзяніна, які б ганарыўся краінай, у якой жыве. І мы пачынаем са сваёй маленькай радзімы. Я прадставіла праект “Спазнаём Мінск разам”. Разам з маімі вучнямі — трэцякласнікамі — мы спазнаём Ленінскі раён. Другой прыступкай будзе вывучэнне Мінска, а трэцяй — Беларусі. Канчатковым прадуктам нашай работы з’яўляецца відэаролік, які спачатку трансліруецца ў школе, затым выкладаецца на сайце, а потым — на Youtube, — каменціруе Ірына Пятроўна. — Самым складаным для мяне была падрыхтоўка, бо гэта доўгі працэс, які прымушае сабраць усе сілы, мабілізавацца і падаць матэрыял даступна, наглядна, прыгожа, паказаць сябе так, каб людзі ацанілі і зразумелі.

У намінацыі “Актыўныя метады і тэхналогіі развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту” 1-е месца заняла выхавальніца ясляў-сада № 142 Мінска Наталля Георгіеўна Барысава, 2-е месца — выхавальніца ясляў-сада № 137 Мінска Людміла Аляксееўна Макарава, 3-е месца ў выхавальніцы ясляў-сада № 393 Мінска Кацярыны Іванаўны Валынчык.

Выхавальніца ясляў-сада № 142 Мінска Наталля Георгіеўна Барысава прадставіла ў сваім праекце наглядны практычны метад навучання, які дазваляе замацаваць і засвоіць атрыманыя веды з дапамогай тэматычнай папкі — лэпбука. “У нашай практыцы часта сустракаюцца дзеці, якія не хочуць займацца. Пошук новых форм арганізацыі тэматычных заняткаў у садку і прывёў мяне да выкарыстання лэпбука, — расказала Наталля Георгіеўна. — Гэта самаробная папка з кішэнямі, акенцамі, пэўнымі дэталямі. Яна інфарматыўная, поліфункцыянальная, варыяцыйная і, як паказвае практыка, сродак творчасці, уяўлення, мастацка-эстэтычнага развіцця дзіцяці”.

Праект “Мультфільмы сваімі рукамі” прадставіла выхавальніца ясляў-сада № 137 Мінска Людміла Аляксееўна Макарава.

— Працэс стварэння мультфільмаў садзейнічае авалоданню дыялагічным і маналагічным маўленнем, фарміраванню ўмення перадаваць асаблівасці характару персанажа з дапамогай інтанацыйна-вобразнага маўлення, — заўважае Людміла Аляксееўна. — У выхаванцаў развіваюцца сенсаматорныя якасці, звязаныя з дзеяннямі рукі, якія забяспечваюць хуткае і дакладнае засваенне тэхнічных прыёмаў у розных відах дзейнасці, успрыманне прапорцый, асаблівасцей формы, характару ліній, прасторавых адносін, колеру, рытму, руху. Створаныя мультфільмы шырока выкарыстоўваюцца на занятках па развіцці маўлення і маўленчых зносін, выяўленчага мастацтва, на занятках у настаўніка-дэфектолага.

Выхавальніца ясляў-сада № 393 Мінска Кацярына Іванаўна Валынчык прадэманстравала сістэму работы па метадзе праектаў, які ўжо на працягу некалькіх гадоў актыўна выкарыстоўваецца педагогам. Выхавальнік з’яўляецца кансультантам, экспертам, памочнікам, стварае сітуацыі, якія пабуджаюць дзіця самастойна мысліць, увасабляць ідэі на практыцы. Так, былі рэалізаваны праекты “Мінскі метрапалітэн”, “Мінскі цырк запальвае агні” і інш. У рэалізацыі праекта прымаюць удзел і дзеці, і бацькі, і выхавальнік. Дашкольнікі праяўляюць сябе, вучацца суадносіць свае інтарэсы з інтарэсамі іншых.

Удзельнікі фестывалю атрымалі дыпломы і памятныя падарункі. Арганізатары спадзяюцца, што межы фестывалю з кожным годам будуць пашырацца і ён набудзе статус міжнароднага.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.