“На працу — з радасцю, з працы — з гордасцю” — забыты раней лозунг зноў набывае актуальнасць

- 11:02Якасць адукацыі

У рамках XVII Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі “Правільны прафесійны выбар — упэўненая будучыня маладога пакалення!” быў праведзены майстар-клас “Алгарытм прафесійнай будучыні: школа — прафесійны ліцэй — завод”. На ім прысутнічалі С.Э.Якубовіч, намеснік генеральнага дырэктара ААТ “БелАЗ-Холдынг”, М.В.Ільін, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, Г.І.Дабрынеўская, метадыст упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кіраўнікі ўстаноў адукацыі.

Усвядомлена, а не пад уздзеяннем

Майстар-клас стаў яшчэ адным значным і ў многім вызначальным мерапрыемствам, праведзеным у рамках інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі навучэнцаў у працэсе ўзаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійнай і дадатковай адукацыі, сям’і і соцыуму”. Нагадаем, што з мінулага года гэты праект рэалізоўваецца ў 11 установах агульнай сярэдняй адукацыі. Мяркуючы па назве, мэтай праекта стала ранняе, яшчэ дапрофільнае, вызначэнне здольнасцей, схільнасцей школьнікаў з улікам іх жаданняў і памкненняў, выкарыстанне найбольш эфектыўных форм прафарыентацыі ў адукацыйным працэсе і пазаўрочнай рабоце. На гэты раз на майстар-класе было прадэманстравана, як арганізавана ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі з вытворцамі — прадпрыемствамі і арганізацыямі, для таго каб паказаць школьнікам, што ўяўляе сабой працоўнае жыццё, вытворчасць, якія там створаны ўмовы для рабочых кадраў.

Вельмі важна, каб свой прафесійны выбар школьнікі рабілі ўсвядомлена, абдумана, а не пад уплывам знешніх фактараў. Таму, напэўна, так рана пачынаецца прафарыентацыйная работа, скрупулёзна шукаюцца новыя метады і формы яе арганізацыі і правядзення, дакладна вывучаецца новы педагагічны вопыт. Як сёння зрабіць так, каб выбар будучага працоўнага шляху дзяцей супадаў з іх прыроднымі данымі, з унутранымі патрэбамі, каб чалавек знайшоў сваё прызванне з маладых гадоў?

— Вучоныя сцвярджаюць, што кожнае дзіця нараджаецца з мноствам здольнасцей, — адзначыла Г.І.Дабрынеўская. — Важна толькі вызначыць іх і даць прастор для развіцця. Таму мы ідзём па шляху індывідуалізацыі вучэбнага працэсу, які асобасна арыентаваны і скіраваны на тое, каб дапамагчы кожнаму навучэнцу знайсці сябе і сваё месца ў жыцці. Акрамя таго, вельмі важна індывідуальную арыентаванасць і папярэдняе прафесійнае вызначэнне дзяцей замацоўваць на практыцы, у рэальным жыцці, непасрэдна на вытворчасці, куды будуць накіраваны выпускнікі пасля атрымання рабочай прафесіі. І на гэты раз мы далучылі да нашай работы ў інавацыйным праекце прадстаўнікоў прадпрыемстваў, бо без узаемадзеяння з вытворчым звяном нам цяжка навучыць нашых школьнікаў усвядомлена выбіраць свой будучы працоўны шлях.

Прыцягальны брэнд

Кадравая палітыка — актуальнае пытанне не толькі для вытворчай сферы, гэта задача і сістэмы адукацыі. Менавіта ў адукацыйнай сферы пачынаецца выбар школьнікам сваёй будучай прафесіі. Сёння профільнае навучанне прапаноўвае шырокі выбар для кожнага дзіцяці, прадастаўляе магчымасць мэтанакіравана ісці да сваёй мэты. Але дзеці не заўсёды гатовы і яшчэ не здольны выбіраць, што ім патрэбна ў жыцці, таму іх трэба гэтаму навучыць, дапамагчы вызначыць найбольш падыходзячы напрамак. Гэта значыць, што трэба сфарміраваць у школьнікаў навыкі адукацыйнага і прафесійнага выбару, каб яны маглі паспяхова будаваць сваю прафесійную кар’еру, каб у далейшым працоўныя рэсурсы былі папоўнены не проста прафесіяналамі, а асобамі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, з высокім узроўнем адукацыі з улікам сучаснай вытворчасці, гібкімі і мабільнымі з улікам патрабаванняў заказчыкаў кадраў. Не сакрэт, што большасць выпускнікоў школ, асабліва 9-х класаў, паступаюць туды, куды іх накіроўваюць бацькі, а гэта часта памылковы выбар. Таму ранняя прафарыентацыя спрыяе ўсвядомленаму і асэнсаванаму выбару будучай прафесіі.

Прыклад узаемадзеяння ўстаноў адукацыі з БелАЗам, канечне, не тыповы. Для многіх прадпрыемстваў такога паняцця, як кадравая палітыка, па сутнасці, не існуе. Яны жывуць адным днём і не заўсёды клапоцяцца, хто заўтра да іх прыйдзе працаваць. Як правіла, гэтага прытрымліваюцца прадпрыемствы нерэнтабельныя, і ім цяжка нешта планаваць на перспектыву, нават бліжэйшую. БелАЗ знаходзіцца ў іншай сітуацыі. Гэта манапаліст, буйное горадаўтваральнае прадпрыемства, на якім працуюць 14 тысяч чалавек. 47% працаздольнага насельніцтва Жодзіна звязала з ім сваё жыццё. БелАЗ цвёрда стаіць на нагах і мае істотны прыбытак.

Кадравая палітыка на прадпрыемстве мае ўстойлівы, мэтанакіраваны характар. І гэта цалкам апраўдана. Завод не хоча згубіць лідарскія пазіцыі на рынку збыту сваёй прадукцыі. А для гэтага трэба выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю, якая б адпавядала міжнародным патрабаванням. Сёння аўтамабілі БелАЗа з’яўляюцца брэндам айчыннага машынабудавання і ездзяць па многіх краінах розных кантынентаў. Штогод БелАЗ рэалізоўвае сваёй прадукцыі на 1 млрд долараў, і з кожным разам попыт на яе расце. Каб падтрымліваць такую высокую планку, кіраўніцтва клапоціцца пра кадравы склад свайго прадпрыемства, росціць папаўненне, як кажуць, з малых гадоў. Прыкладам гэтага з’яўляецца цеснае супрацоўніцтва завода са школамі Жодзіна, прафесійным ліцэем і політэхнічным каледжам горада.

— Імклівая мадэрнізацыя вытворчасці, укараненне новых тэхналогій, перадавых сусветных тэндэнцый у аўтамабілебудаванні, сучаснага абсталявання з электронным начыннем — усё гэта скіравана на тое, каб быць у лідарах на міжнароднай арэне і не згубіць сваю нішу на міжнародным рынку, — заявіў намеснік генеральнага дырэктара ААТ “БелАЗ-Холдынг” С.Э.Якубовіч. — Але ніводны наш крок не прывядзе да поспеху, калі працоўны калектыў не будзе прафесійным і маральна падрыхтаваным да сучаснай вытворчасці. Таму мы вельмі зацікаўлены ў высокакваліфікаваных кадрах, каб людзі, якія да нас прыходзяць працаваць, былі невыпадковымі, прафесійна арыентаванымі, каб іх выбар быў усвядомленым і мэтанакіраваным. Ад гэтага будзе залежаць прафесійны рост кожнага работніка, удасканаленне яго майстэрства і адказнае стаўленне да сваёй працы. Калі чалавек любіць сваю працу, сваю прафесію — расце яго прадукцыйнасць, і ў выніку павялічваецца прыбытак прадпрыемства.

Як сёння стварыць кадравы рэзерв для прадпрыемства? Што ўплывае на падрыхтоўку кадраў? Прайшлі тыя часы, калі людзі доўгі час працавалі, валодаючы толькі тымі ведамі і прафесійнымі навыкамі, якія атрымалі падчас вучобы ў прафесійна-тэхнічнай установе, і рэдка павышалі кваліфікацыю. Сёння іншыя рэаліі. Па словах С.Э.Якубовіча, так званая карпаратыўная заводская інфармацыя мяняецца 50 разоў за год, а гэта патрабуе перанавучання, а таксама пераасэнсавання сваёй прафесійнай дзейнасці. Таму адной з асноўных умоў працаўладкавання новых кадраў з’яўляецца іх гатоўнасць да хуткай змены інфармацыі, да абнаўлення тэхнікі і ў сувязі з гэтым да пастаяннага ўдасканальвання, засваення сучасных ведаў і прафесійных навыкаў, умення адаптавацца да новых умоў. Самае галоўнае — павінна быць унутраная гатоўнасць да змен, а завод, у сваю чаргу, павінен даваць магчымасць удасканальвацца сваім работнікам. Сёння на БелАЗе больш за тысячу чалавек вучацца на завочнай форме ў вышэйшых навучальных установах. (Гэта адказ для тых бацькоў, якія сёння ў большасці сваёй настроены на тое, каб іх дзіця паступала толькі ва ўстанову вышэйшай адукацыі.) Такім чынам завод прадастаўляе магчымасць мэтанакіраванаму чалавеку ўдасканальваць свае веды без адрыву ад вытворчасці і вырасці, урэшце, ад простага рабочага да інжынера, тэхнолага і кіраўніка. Але гэта ў тым выпадку, калі маладыя людзі самі імкнуцца да далейшага навучання, калі яны неабыякавыя да сваёй працы і прафесійны выбар імі зроблены не знянацку.

— Сёння нерацыянальна ўкамплектоўваць сучасную вытворчасць выпадковымі кадрамі — прадпрыемства не зможа развівацца, — заявіў прадстаўнік БелАЗа. — Таму мы вельмі зацікаўлены ў ранняй дыягностыцы школьнікаў, каб вызначыць іх прафесійныя схільнасці.

Не трэба гучных слоў

Па меркаванні намесніка дырэктара жодзінскай школы № 4 Ірыны Міхайлаўны Хан, нельга словамі ўнушыць дзіцяці, што сёння добра, а што дрэнна, нельга прымусова прывіць дзіцяці такія пачуцці, як любоў і павага. Яны нараджаюцца ў чалавеку пад уздзеяннем спраў, учынкаў, прыкладаў.

— Сёння мы імкнёмся перавесці прафарыентацыю на іншы ўзровень, — адзначыла Ірына Міхайлаўна. — Старыя формы і метады ўжо не працуюць, патрэбны новыя шляхі ўздзеяння. Не трэба гучных слоў, не трэба перакананняў, трэба асабістым прыкладам у рэальным часе паказваць, хто такі рабочы сёння, якія прывілеі мае, які яго статус у грамадстве.

На прафесійны выбар школьнікаў лепш за ўсё можа паўплываць прыклад бацькоў. На думку Ірыны Міхайлаўны, бацькі — лепшыя прафарыентатары, і гэта пацвярджаецца на працягу многіх гадоў. Сёння на заводзе налічваецца 36 дынастый, некаторыя з якіх маюць 4 пакаленні работнікаў завода, а агульны стаж працы адной з такіх дынастый налічвае амаль 300 гадоў. Дарэчы, гэтыя падлікі зрабілі школьнікі, калі ўдзельнічалі ў конкурсе, прысвечаным гісторыі прадпрыемства і яго працоўным дынастыям. Можна не сумнявацца, што многія вучні, якія падлічвалі стаж працы родных, марылі ў думках дадаць і свае працоўныя гады, якія прысвецяць БелАЗу.

Сёння школа імкнецца прыцягваць да прафарыентацыйнай работы цэлыя сем’і, падключаць бацькоў да мерапрыемстваў (у тым ліку дэкад па прафарыентацыі, фестываляў прафесій), працы тэхнічных гурткоў. Найбольш папулярнымі сталі майстар-класы, дзе бацькі, якія працуюць на заводзе, дзеляцца сваімі прафесійнымі ўменнямі са школьнікамі.

Працаваць з такім прадпрыемствам, як БелАЗ, навучальным установам даволі камфортна. Угаворваць нікога не трэба. Завод прывабны для працаўладкавання моладзі, праца на ім прэстыжная, цікавая, вытворчыя і сацыяльныя ўмовы вельмі спрыяльныя. Сярэдні заробак на БелАЗе складае 1 тысячу рублёў. Такім чынам, поспех у прафесійным выбары школьніка залежыць не толькі ад навучальнай установы, але і ад прадпрыемства ці арганізацыі, куды малады чалавек мяркуе прыйсці пасля набыцця прафесіі.

Заваяваць прафесійны інтарэс

Кіраўніцтва БелАЗа працуе з навучальнымі ўстановамі як адно цэлае. Напрыклад, прафарыентацыйная работа плануецца такім чынам, што кожнае мерапрыемства, як кажуць, завязана на вытворчасці. Амаль на кожны тыдзень распісаны сумесныя дзеянні школ і завода, каб школьнікі як мага бліжэй маглі азнаёміцца з вытворчасцю. Атрымаў развіццё і такі кірунак, як прамысловы турызм, калі на БелАЗ прыязджаюць школьнікі з розных куткоў краіны.

Як расказала намеснік дырэктара Жодзінскага прафесійнага ліцэя Іна Васільеўна Панцялей, БелАЗ для ліцэя — базавае прадпрыемства ўжо больш за 50 гадоў. Яно актыўна прымае ўдзел у дзейнасці навучальнай установы, непасрэдна ў падрыхтоўцы кадраў для прадпрыемства. Кіраўніцтва завода, згодна з вытворчымі запытамі, уплывае на змест навучання, на яго практычную скіраванасць, і сёння 40% вучэбнага часу адведзена тэорыі, а 60% — практыцы. Некаторыя дысцыпліны маюць апераджальны характар з улікам хуткага абнаўлення тэхнікі на заводзе. Акрамя таго, прадпрыемства прадастаўляе месцы для правядзення вытворчай практыкі і плаціць за работу навучэнцам-практыкантам даволі высокія заробкі.

— Трэба прызнаць, што ў нашай краіне пакуль нямнога дзяцей, якія гатовы мэтанакіравана ісці ў рабочы клас, мець рабочую прафесію і працаваць на заводзе. Усё ж прыярытэты выпускнікоў школ сёння скіраваны ў бок вышэйшай адукацыі. Але мы павінны заваяваць аўтарытэт у моладзі, — адзначыла Іна Васільеўна. — Раней мы здавольваліся прафарыентацыйнай работай сярод старшакласнікаў, але зараз так рабіць позна. Сёння трэба ўжо ў дапрофільны час умешвацца ў працэс фарміравання прафесійнага выбару школьнікаў і старацца схіляць менавіта на рабочую прафесію.

Самай запатрабаванай у цяжкай прамысловасці з’яўляецца прафесія станочніка. Але сёння БелАЗу патрэбен станочнік шырокага профілю, які б меў навыкі токара, шліфавальшчыка, аператара станкоў з праграмным кіраваннем — такога ўніверсальнага рабочага лягчэй працаўладкаваць. Жодзінскі прафесійны ліцэй хутка адрэагаваў на запыты завода і пачаў рыхтаваць кадры менавіта па такой прафесіі, што ў выніку гарантуе працаўладкаванне. Увогуле вучэбны працэс у ліцэі наладжаны такім чынам, што ён цалкам задавальняе заказчыкаў кадраў, і пры размеркаванні 100% выпускнікоў ліцэя па машынабудаўнічых прафесіях накіроўваюцца на працу на БелАЗ.

— На кожным узроўні дапрофільнай падрыхтоўкі можна вызначыць навучэнцаў, якія пойдуць у прафесійна-тэхнічныя, сярэднія спецыяльныя ўстановы, а хто накіруецца ва УВА, — адзначыла І.В.Панцялей. — І мы стварылі найбольш спрыяльныя ўмовы для такога вызначэння. Наша ўстанова ўяўляе сабой міні-завод, дзе ўсталявана сучаснае прамысловае абсталяванне. Кожны юны наведвальнік можа ўвачавідкі азнаёміцца з тэхнікай прадпрыемства і нават паспрабаваць яе ў дзеянні. Калектыў установы з кожным годам робіць прафарыентацыйныя мерапрыемствы больш разнастайнымі і знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых, больш дзейсных форм і метадаў. Станоўчым вынікам работы ліцэя з’яўляецца той факт, што задоўга да правядзення прыёмнай кампаніі 19 школьнікаў 9-х класаў сярэдняй школы № 4 Жодзіна падалі заявы на паступленне ў ліцэй.

Заваяваць прафесійны інтарэс школьніка, прыцягнуць яго ўвагу да працы на вытворчасці сёння ўдаецца пакуль прамысловым волатам, вядучым прадпрыемствам, якія могуць прадаставіць моладзі высокія заробкі, сацыяльныя гарантыі, спрыяльныя ўмовы для працы на вытворчасці, рэсурсы для далейшага прафесійнага росту. Але да гэтага трэба імкнуцца і іншым.

М.В.Ільін падкрэсліў, што зрабіць так, каб малады чалавек з радасцю ішоў на завод, няпроста, але магчыма. На гэта і нацэлена ўзаемадзеянне школы, прафесійнай установы і вытворчасці. Плён такога супрацоўніцтва пацверджаны гадамі, толькі сёння яно патрабуе больш сучасных падыходаў, узаемаразумення, садружнасці, сутворчасці, імкнення да сумеснай дзейнасці. Усё гэта забяспечыць поспех.

Ала КЛЮЙКО.