На рахунку вучняў школы № 1 Жабінкі не адна навукова-даследчая работа, прысвечаная гісторыі малой радзімы

- 11:01Образование

Больш за 50 тысяч наведвальнікаў пабывалі ў гісторыка-­краязнаўчым музеі, які амаль 70 гадоў дзейнічае ў сярэдняй школе № 1 Жабінкі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Яго заснавальнікам быў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны настаўнік гісторыі Аляксандр Гогалеў. Дзякуючы намаганням неўтаймоўнага педагога, калег і вучняў, невялікае памяшканне плошчай усяго каля 30 квадратных метраў стала, без перабольшання, цэнтрам грамадзянска-патрыятычнай і краязнаўчай работы на Жабінкаўшчыне. За час свайго існавання школьны музей і гурток пры ім неаднаразова адзначаліся дыпломамі Міністэрства адукацыі Беларусі, а лепшыя экскурсаводы — граматамі.

Пасля рэканструкцыі, якая завяршылася летась, музейнае памяшканне набыло сучасны выгляд, а экспазіцыя істотна пашырылася. Сёння ў ёй налічваецца больш за 200 прадметаў асноўнага і каля 300 прадметаў дапаможнага фондаў.

— Першыя раздзелы экспазіцыі прысвечаны падзеям далёкай мінуўшчыны, — расказвае загадчыца музея настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Настасся Баган. — Тэрыторыя Жабінкаў­шчыны засялялася людзьмі ў ся­рэднім палеаліце (100 — 40 тысяч гадоў назад) і ўваходзіла ў арэал розных старажытных культур, пра што сведчаць экспанаты, знойдзеныя падчас археалагічных раскопак: частка збана, фрагменты керамікі, каменныя сякеры, цвікі, ідалы, наканечнікі стрэл, падковы… Назвы мясцовых рэк Жабінка і Жыцінка маюць балцкае пахо­джанне і згадваюцца ў пісьмовых крыніцах XVI стагоддзя.

Жабінкаўскі раён знаходзіцца на захадзе Беларусі сярод балот і лясоў. Першабытны чалавек прыйшоў сюды ў сярэднім мезаліце вод­ным шляхам. Плямёны сяліліся ўздоўж рэк, займаліся рыбаводствам і жывёлагадоўляй. Гэта пацвярджаюць апрацаваныя камяні і прасвідраваныя косці, выяўленыя каля вёсак Пятровічы і Ракітніца.

У VIII стагоддзі на тэрыторыі сучаснай Брэстчыны жылі дрыгавічы, якія пакінулі пасля сябе селішчы, гарадзішчы і курганныя пахаванні. На Жабінкаўшчыне налічваецца 47 курганоў.

У IX—XIII стагоддзях праз рэгіён па рацэ Мухавец праходзіў адзін з найбольш значных гандлёвых шляхоў. У розны час Жабінкаўшчына ўваходзіла ў склад Тураўскага княства, Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Сваёй назвай райцэнтр, на месцы якога ўжо існавала паселішча да 1620 года, абавязаны рацэ. Афіцыйная дата заснавання населенага пунк­та — 1871 год, калі тут была пабудавана чыгуначная станцыя на дарозе ад Масквы да Брэста. У 1970 годзе Жабінка набыла статус горада, які ў 1991-м атрымаў свой герб, створаны настаўнікам малявання, першым мастаком-афарміцелем школьнага музея, удзельнікам Сталінградскай бітвы Міхаілам Карнеевым.

Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае тэма Вялікай Айчыннай вайны. Некалькі раздзелаў расказваюць пра акупацыю раёна нямецка-фашысцкімі захопнікамі, дзейнасць партызанскага атрада імя Міхаіла Чарнака, спаленую вёску Драмлёва, вызваленне Жабінкі ад гітлераўцаў, а таксама пра воінаў-землякоў.

Як вядома, першы ўдар фашысцкай Германіі на сябе прыняла Брэсцкая крэпасць, якую на працягу 32 дзён абаранялі савецкія салдаты пад кіраўніцтвам капітана Івана Зубачова, маёра Пятра Гаўрылава і палкавога камісара Яфіма Фаміна. Педкалектыў ганарыцца, што ў школе настаўніцай мастацтва працуе ўнучка Івана Зубачова Ірына Бялавенцава, актыўная ўдзельніца рэканструкцыі музея.

22 чэрвеня 1941 года нямецкія захопнікі пачалі бамбіць чыгуначную станцыю ў Жабінцы, работнікі якой як маглі ратавалі ад ворага грузы, паравозы і вагоны. Цаной уласнага жыцця чыгуначнікі паспелі адправіць увесь рухомы састаў. Два дні на тэрыторыі раёна ішлі жорсткія баі. Але сілы былі няроўныя. Пачалася акупацыя.

Экспазіцыя не абмяжоўваецца толькі мясцовымі падзеямі таго часу, а расказвае і пра буйныя ваенныя аперацыі: бітвы пад Масквой, Сталінградам, на Курскай дузе. Асаблівай гордасцю жабінкаўцаў з’яўляюцца землякі — удзельнікі Сталінградскай бітвы: Рыгор Андрасюк, Аляксандр Каламіец, Аляксандр Машунін, Пётр Шаўчэнка, Вера Вяземская і Міхаіл Карнееў. З іх жыццёвым шляхам можна азнаёміцца на спецыяльным стэндзе.

—  Важкі ўклад у Вялікую Пе­рамогу ўнеслі партызаны, — гаворыць Настасся Баган. — У гады вайны на Жабінкаўшчыне дзейнічалі розныя партызанскія фарміраванні: брыгада імя І.В.Сталіна, атрад імя М.В.Фрунзэ і атрад імя М.М.Чарнака. Самы вядомы мясцовы партызан — Міхаіл Чарнак, які нарадзіўся ў вёсцы Старое Сяло. У час акупацыі ён камандаваў узводам, быў намеснікам камандзіра атрада па разведцы, кіраваў шэрагам баявых аперацый, удзельнічаў у разгроме 4 варожых гарнізонаў, знішчыў да 40 гітлераўцаў. Імя Міхаіла Чарнака стала легендарным і наводзіла жах на фашыстаў. На жаль, ён загінуў у баі 2 мая 1943 года. А ўжо ў чэрвені Старасельскі партызанскі атрад атрымаў імя М.М.Чарнака, пасмяротна ўзнагароджанага званнем Героя Савецкага Саюза. Сёння ў Жабінцы на вуліцы, названай у яго гонар, усталяваны абеліск, а на месцы пахавання — помнік.

Адзін з раздзелаў экспазіцыі знаёміць і з іншымі партызанамі: Іванам Селівонікам, Васілём Зуб­цовым і Нурумам Садыкавым. Кожны з іх адзначаны медалямі і ордэнамі і спалучаў у сваім характары мужнасць і рашучасць.

Асобная зменная экспазіцыя расказвае пра генацыд беларускага народа на прыкладзе насель­ніцтва Жабінкаўшчыны. У час вайны ў раёне дзейнічала яўрэйскае гета і былі знішчаны 18 вёсак. Сярод іх — Драмлёва. 11 верасня 1942 года стала апошнім днём для 196 яе жыхароў, расстраляных і спаленых у хлявах. У жывых засталіся толькі 3 падлеткі.

Вёска так і не адрадзілася. У 1982 годзе на яе месцы быў узве­дзены мемарыял курганнага тыпу, у цэнтры якога — бронзавыя скульптуры трох самотных жанчын розных пакаленняў: маці, дачкі і ўнучкі. Зямля з месца спаленай вёскі пахавана ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”. Штогод у Драмлёве праходзіць жалобны мітынг, у якім удзельнічаюць і жабінкаўскія школьнікі.

За час акупацыі фашысты забілі каля 1,8 тысячы жыхароў раёна. Яго тэрыторыю савецкія войскі вызвалілі ў ліпені 1944 года ў ходзе Люблін-Брэсцкай наступальнай аперацыі. Вораг абараняўся ўпарта, бо Жабінка з’яўлялася важным апорным пунктам на брэсцкім напрамку. Музейная экспазіцыя захоўвае імёны не толькі вызваліцеляў горада, але і землякоў, якія змагаліся на розных франтах, удзельнічалі ў штурме Берліна і ўзяцці рэйхстага.

Некалькі раздзелаў расказва­юць пра пасляваеннае развіццё рэгіёна і мясцовыя прадпрыемствы, вядомыя за яго межамі. Сярод іх — ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, дзе вырабляюць сухі корм для сабак і кошак “Рэкс” і Petboom, ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, дзе першымі ў краіне наладзілі вытворчасць жэліруючага цукру, ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі” і інш.

Асобная ўвага — сярэдняй школе № 1, адной са старэйшых устаноў адукацыі Жабінкаўшчыны. Яе падмурак быў закладзены пры польскай уладзе ў 1924 го­дзе, а ў 1925-м яна прыняла першых вучняў. У 1971 годзе школа пераехала ў новы будынак. За шматгадовую гісторыю ўстанову ўзначальвалі цудоўныя педагогі: Іван Бажкоў, Леў Галаўчынер, Пётр Грыцук, Мікалай Міцковіч і Міхаіл Савянкоў. Сёння школай кіруе Ірына Панфіла.

Не менш цікавы раздзел экспазіцыі “Мы памятаем, мы ганарымся”, які расказвае пра вядомых выпускнікоў і педагогаў установы адукацыі. У розныя гады ў ёй працавалі заслужаныя настаўнікі БССР Валянціна Талокіна, Ганна Сяльскова, Вера Секержыцкая і Марыя Кавалёва. Усе яны нара­дзіліся далёка ад Беларусі, але большую частку жыцця правялі на Жабінкаўшчыне. Іх асобы — прыклад самаадданай працы для сучасных педагогаў.

Школа ганарыцца і шматлікімі выдатнікамі адукацыі. Сярод іх — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Станіслаў Секержыцкі і Васіль Валасюк, Валерыя Галаўчынер і Аляксандра Вараб’ёва, якія працавалі ў школе шмат гадоў.

Асобныя раздзелы знаёмяць з вядомымі выпускнікамі ўстановы і вядомымі людзьмі Жабінкаўшчыны. Тут нарадзіліся пісьменнікі, навукоўцы, культурныя, царкоўныя і палітычныя дзеячы, героі войнаў і ўдзельнікі рэвалюцый. Імёнамі некаторых з іх названы вуліцы на малой радзіме. У асобнай тэматычнай папцы сабраны матэрыялы пра 16 выпускнікоў школы — удзельнікаў вайны ў Афганістане.

Дзверы музея адчынены не толькі для вучняў і педагогаў, але і для гасцей горада. Экскурсіі, пад­рыхтаваныя школьнікамі, надоўга застаюцца ў сэрцах і памяці шматлікіх наведвальнікаў.

Пасля нядаўняга візіту кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка напісаў у гасцявой кнізе, што экспазіцыя і вучні-экскурсаводы пакінулі ў яго найлепшыя ўражанні. Ён пажадаў педагогам і іх выхаванцам быць патрыётамі сваёй краіны і свята шанаваць нашы баявыя і працоўныя традыцыі.

І настаўнікі з дзецьмі гэта з радасцю робяць. Пры музеі дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “Юны экскурсавод”, дзе пад кіраўніцтвам Настассі Баган займаюцца вучні, неабыякавыя да гісторыі. Сярод іх — сямікласніцы Ульяна Дзенісюк, Дар’я Грыцук і Вольга Бацук, якія прыйшлі ў гурток яшчэ пяцікласніцамі. Яны натхнёна і доўга могуць расказваць пра мінулае і сучаснасць роднага краю. На рахунку вучняў не адна навукова-даследчая работа, прысвечаная гісторыі малой радзімы.

Але не адным музеем можа пахваліцца сярэдняя школа № 1, дзе атрымліваюць веды больш за 1000 дзяцей і 89% педагогаў якой маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Установа адукацыі з’яўляецца рэсурсным цэнтрам па навучанні і выхаванні дзяцей з АПФР і ваенна-патрыятычным выхаванні вучняў. Педагогі рэалізуюць рэспубліканскі інавацыйны праект па ўкараненні тэхналогіі мнагамернага чытання для фарміравання функцыянальнай пісьменнасці малодшых школьнікаў, а таксама ўдзельнічаюць у праектах “Школа — тэрыторыя здароўя” і “Жа­бінка — здаровы горад”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара