На секундных стрэлках гісторыі

- 12:11Якасць адукацыі

100 гадоў газеце “Гомельская праўда”. Менавіта гэтай падзеі ў 2017 годзе быў прысвечаны абласны конкурс “Ведай і любі рускую мову”, які прайшоў у рамках сумеснага праекта гімназіі № 14 Гомеля і газеты “Гомельская праўда”. Адзінаццаты раз абласны цэнтр прымаў у сябе дзяцей з усяго рэгіёна. У конкурсе прынялі ўдзел больш за 109 навучэнцаў Гомельскай вобласці, сапраўдных знаўцаў рускай мовы, аматараў рускага слова.

Задуманы арганізатарамі з мэтай выяўлення лінгвістычна адораных дзяцей і развіцця інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў у галіне мовазнаўства, конкурс стаў рэгулярнай і значнай падзеяй у вобласці, набываючы з кожным годам важкасць.

Знаёмства з прафесіяй журналіста, удасканаленне аналітычных уменняў і навыкаў навучэнцаў праз работу з матэрыяламі газеты, развіццё цікавасці да вывучэння прадметаў “Руская мова” і “Руская літаратура” і іншыя задачы ставілі перад сабой арганізатары мерапрыемства ў 2017 годзе.

На свяце, прысвечаным рускай мове, прысутнічалі і ганаровыя госці: прадстаўнік Расійскай Федэрацыі вядучы спецыяліст Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Гомелі Антон Віктаравіч Беранеў, прарэктар па вучэбна-метадычнай рабоце Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Аляксандраўна Блажко, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля Наталля Віктараўна Салонікава, рэдактар аддзела грамадска-палітычнага жыцця і права КУП “Рэдакцыя газеты “Гомельская праўда” Наталля Старчанка, карэспандэнт аддзела інфармацыі і журналісцкіх расследаванняў Вікторыя Кашпур.

Яркае і маляўнічае адкрыццё, якое расказвала пра гісторыю ўзнікнення абласной газеты, настроіла канкурсантаў на творчы лад.

Конкурс праводзіўся ў тры этапы.

Першы этап (завочны) — творчая работа ў адным з публіцыстычных жанраў (па выбары навучэнцаў), падрыхтаваная на аснове аналізу матэрыялаў, апублікаваных у газеце “Гомельская праўда” (час публікацыі не абмяжоўваўся). Работы пісаліся на адну з прапанаваных загадзя тэм. Пераможцаў у завочным туры вызначала рэдакцыя газеты.

Другі этап — лінгвістычны конкурс. Навучэнцам прапаноўваліся заданні алімпіяднага ўзроўню складанасці.
Трэці этап — конкурс міні-сачыненняў на адну з прапанаваных тэм: “Калі б я быў журналістам газеты “Гомельская праўда”, “Рэпартаж — гэта вочы і вушы чытача” (Р.Я.Салганік), “Газета — вялікая сіла” (М.Гандзі), “Газеты — гэта секундныя стрэлкі гісторыі” (А.Шапенгаўэр), “Лінгвістыка — ты думка і пачуццё, адна з маральных асноў…” (Я.Еўтушэнка).

У час правядзення тураў Жаннай Фёдараўнай Жадзейка, настаўніцай рускай мовы і літаратуры кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”, быў дадзены майстар-клас для педагогаў-філолагаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі вобласці. Настаўнікі атрымалі канкрэтныя рэкамендацыі па падрыхтоўцы навучэнцаў да конкурсаў, алімпіяд, разабралі найбольш складаныя і нестандартныя заданні конкурсу.

Узнагароджаны дыпломамі 47 юных знаўцаў, 4 з якіх з’яўляюцца прадстаўнікамі ліцэяў, 29 — гімназій і 14 — устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Час праляцеў непрыметна, спаборніцтвы скончыліся. Наперадзе — цэлы год для карэкцыі сваіх ведаў і ўменняў. І педагогам, і канкурсантам хочацца пажадаць удачы і поспеху на выбраным шляху. І няхай вашым дэвізам будуць словы Максіма Горкага: “Няма сілы больш магутнай, чым веды: чалавек, узброены ведамі, непераможны”.

Тамара ЖДАНАВА,
метадыст вышэйшай катэгорыі вучэбна-метадычнага аддзела гуманітарных
дысцыплін Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.