На шляху да мадэлі прадпрымальніцкага ўніверсітэта

- 10:23Рэспубліканскі педагагічны савет

Удзельнікамі секцыі “Асноўныя напрамкі развіцця вышэйшай школы і навуковага кадравага патэнцыялу” сталі прадстаўнікі рэктарскага корпуса вышэйшых навучальных устаноў і навуковых арганізацый краіны.

Першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Анатольевіч Богуш, адкрываючы пасяджэнне секцыі, засяродзіў увагу на стратэгічных напрамках развіцця навукі і вышэйшай школы, акрэсліўшы асноўныя прыярытэты развіцця сістэмы вышэйшай адукацыі, сярод якіх забеспячэнне якасці адукацыі ў адпаведнасці з патрэбамі эканомікі дзяржавы і інтарэсамі грамадзян, максімальна магчымы ўлік гістарычнага вопыту і традыцый пры ўнясенні змен у сістэму, забеспячэнне сацыяльнай устойлівасці і выключэнне сацыяльных хваляванняў пры карэкціроўцы існуючай сістэмы, умацаванне экспартнага патэнцыялу вышэйшай адукацыі краіны.

“Сёння каля 30% усіх занятых у Рэспубліцы Беларусь маюць вышэйшую адукацыю, — адзначыў В.А.Богуш, — і, калі гаварыць пра высокатэхналагічныя вытворчасці з высокім дабаўленым коштам, менавіта гэтыя людзі сёння найбольш здольны не толькі працаваць на такіх прадпрыемствах, але і рухаць іх наперад, распрацоўваючы і ўкараняючы новыя тэхналогіі. Рэспубліка Беларусь мае значныя перавагі для тэхналагічнага лідарства ў многіх сферах. Каб не страціць гэтыя пазіцыі, для вышэйшай адукацыі галоўнымі задачамі з’яўляюцца падрыхтоўка высокакваліфікаваных кадраў, развіццё навуковай і інавацыйнай дзейнасці, а таксама экспарт адукацыйных паслуг”.

“Навукова-тэхнічны і кадравы патэнцыял сённяшніх устаноў вышэйшай адукацыі дае магчымасць гаварыць пра ўкараненне мадэлі прадпрымальніцкага ўніверсітэта, — адзначыў у сваім выступленні начальнік навукова-інавацыйнага аддзела НДІ ФХП БДУ Юрый Васьевіч Нечапурэнка. — Сёння 13% штатных супрацоўнікаў УВА з’яўляюцца аўтарамі 20% вынаходак, якія робяцца ў Беларусі”. Сярод універсітэтаў і навуковых арганізацый Міністэрства адукацыі лідарам у інавацыйнай дзейнасці з’яўляецца Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, які за перыяд з 1994 па 2016 год атрымаў 1041 патэнт на вынаходствы. Найбольш распаўсюджаным сродкам камерцыялізацыі вынікаў даследаванняў застаецца іх асваенне на вытворчых плошчах заказчыкаў. Самым камерцыйна паспяховым праектам стала вытворчасць у рамках праграмы малатанажнай хіміі сумесевага дызельнага біяпаліва: у 2007—2016 годзе было выпушчана і рэалізавана прадукцыі больш як на 2,5 млн долараў.

Было адзначана, што адным з фактаў стрымлівання навукова-даследчай дзейнасці з’яўляецца абавязковая камерцыялізацыя вынікаў навуковай дзейнасці. Акрамя таго, прасоўванне тэхнічных распрацовах таксама патрабуе немалых сродкаў, якіх установы вышэйшай адукацыі часта не маюць.
Падчас размовы была закранута праблема павышэння сярэдняга ўзросту навуковых кадраў краіны. Для ажыццяўлення якаснай пераемнасці пакаленняў у навуцы ўжо сёння трэба рабіць канкрэтныя крокі, першым з якіх павінна быць стварэнне ўмоў для падрыхтоўкі дысертацыйнай работы і зацікаўленасці ў далейшай дзейнасці.

“Сёння па шэрагу аб’ектыўных прычын скарачаецца колькасць выкладчыкаў устаноў вышэйшай адукацыі са ступенню кандыдата і доктара навук, — адзначыў падчас абмеркавання В.А.Богуш, — і кожны кіраўнік павінен выбудоўваць уласную палітыку ў адносінах да кадравага патэнцыялу”. Прысутныя сышліся на думцы, што павінна быць разгорнута мэтавае фінансаванне дысертацыйных даследаванняў, якое будзе прадугледжваць навучанне, эксперыментальную работу, набыццё неабходнага абсталявання і матэрыялаў, аплату выдаткаў на замежныя стажыроўкі і ўдзел у навуковых форумах. Прагучалі прапановы аб дыферэнцыяцыі і аптымізацыі аплаты працы прафесарска-выкладчыцкага складу з мэтай стымулявання прытоку навуковых кадраў ва ўстановы адукацыі.

На секцыі таксама ішла размова пра ўпарадкаванне структуры спецыяльнасцей, накіраванае на выключэнне дубліравання падрыхтоўкі спецыялістаў на розных узроўнях і дакладнае разуменне мадэлі спецыяліста на ўзроўнях вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі. Валерый Канстанцінавіч Бойка, выконваючы абавязкі загадчыка кафедры фундаментальнай і прыкладной матэматыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, узняў праблему прагназавання патрэб эканомікі краіны ў прафесійных кадрах. Галоўнай праблемай у гэтай сферы з’яўляецца няўзгодненасць стандартаў сістэмы адукацыі, прамысловасці і аховы працы, але станоўчы зрухі ва ўзгадненні стандартаў ужо ёсць. Па словах, В.К.Бойкі, распрацаваная ў ГрДУ сістэма прагназавання дазволіць праводзіць аналіз кадравых патрэб не толькі па ўсёй краіне, але і ў рэгіянальным аспекце ў разрэзе кожнай асобнай галіны.

Падчас работы секцыі былі агучаны перавагі рэалізацыі канцэпцыі “Універсітэт 3.0”. Прарэктар па навуковай рабоце Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Сяргей Васільевіч Харытончык адзначыў, што канцэпцыя прадугледжвае не толькі аптымізацыю арганізацыі адукацыйнай і навукова-даследчай дзейнасці, але і пэўныя крокі, скіраваныя на камерцыялізацыю вынікаў навуковых даследаванняў ва ўніверсітэтах. Вядучыя ўніверсітэты краіны павінны працаваць па сістэме 3.0 і быць, з аднаго боку, генератарамі новых тэхналогій, а з другога — забяспечваць вырашэнне задачы з узнаўленнем навукова-педагагічных кадраў для сістэмы адукацыі краіны і станавіцца донарамі кадраў для іншых устаноў адукацыі — удзельнікаў адукацыйна-навукова-вытворчых кластараў.

Сярод задач сістэмы вышэйшай адукацыі былі адзначны неабходнасць выбудоўвання сістэмы абароны інтэлектуальнай уласнасці, генерацыя новых навуковых ведаў і ўкараненнне іх у тэхналагічныя ланцугі. Гэтаму будзе спрыяць увядзенне ва ўстановах вышэйшай адукацыі абноўленых стандартаў трэцяга пакалення. Стандарты пакалення 3+ не будуць карэнным чынам адрознівацца ад існуючых, але ў іх будзе прадугледжвацца большая варыятыўнасць адукацыі ў рамках прыкладных вучэбных планаў у адпаведнасці з патрэбамі заказчыкаў кадраў. Толькі ў такім выпадку ўстановы вышэйшай адукацыі змогуць адказваць на тэхналагічныя выклікі, абумоўленыя з’яўленнем новых тэхналогій і індустрыяй 4.0.

Шмат увагі ўдзялялася абмеркаванню ўкаранення новых форм і тэхналогій арганізацыі вучэбнага працэсу — дыстанцыйнай адукацыі і сеткаваму ўзаемадзеянню.

Таксама было адзначана, што адной з задач сістэмы вышэйшай адукацыі, звязанай з экспартам паслуг, павінна быць дыверсіфікацыя міжнароднага супрацоўніцтва, а таксама павелічэнне колькасці адукацыйных праграм (у першую чаргу магістарскіх) для англамоўных студэнтаў.

Прысутныя не абышлі ўвагай і пытанне сістэмы ацэнкі ўзроўню ведаў студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, выказаўшыся на карысць існуючай дзесяцібальнай сістэмы, якая дае магчымасць больш дэталізавана ацэньваць студэнтаў і якая добра зарэкамендавала сябе ў сістэме вышэйшай адукацыі.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара.