На скрыжаванні гісторыі і краязнаўства

- 13:06Культура

Некалькі гадоў назад мы знаёмілі нашых чытачоў з цікавымі і свайго кшталту ўнікальнымі даведнікамі для школьнікаў і настаўнікаў вядомага гісторыка і краязнаўца Сымона Барыса “Адзінкі вымярэнняў. Даўнія і сучасныя” і “У нас так клічуць. Беларускія імёны”. З таго часу творчы даробак даследчыка значна папоўніўся. Так, убачылі свет укладзены ім зборнік “Беларускія песні і гімны”, кніга “Нарачанка і яе берагі”, напісаная С.В.Барысам разам з А.В.Рогачам. У выдавецтве “Беларуская навука” рыхтуюцца да перавыдання кніга С.В.Барыса па этнаграфіі “Сцежкамі дзядоў” і напісаны ім жа “Каляндар беларускай гісторыі”. Нарэшце, у выдавецтве “Мастацкая літаратура” чакае выхаду ў свет яго кніга “Бліскавіцы над Заслаўем”, а ў “Адукацыі і выхаванні” прывязаны непасрэдна да школьнай адукацыі зборнік “Настаўнік пасля ўрокаў” (укладальнікі С.В.Барыс, В.В.Варганаў, Д.І.Кургановіч, Л.Б.Трыгорлава і інш.). Міжволі не можаш не здзіўляцца апантанасці і ініцыятыўнасці Сымона Вікенцьевіча. Пра некаторыя з гэтых кніг наша гутарка з даследчыкам.

— Сымон Вікенцьевіч, што ўяўляе сабой змест кнігі “Настаўнік пасля ўрокаў”?
— Гэта каля 50 артыкулаў, размеркаваных па 7 раздзелах: “Калі закончыўся ўрок”, “Кабінет гісторыі”, “Краязнаўства. Музеі. Экскурсіі”, “Выхаваўчая гадзіна. Школьныя вечарыны”, “Інтэграваныя мерапрыемствы”, “Конкурсы. Віктарыны. Гульні” і “Факультатывы. Дадатковыя заняткі”. Аб сваім вопыце работы пасля ўрокаў з вучнямі расказалі 26 аўтараў — усе вопытныя настаўнікі, прычым не толькі гісторыі, але і іншых прадметаў (“Геаграфіі”, “Беларускай мовы”, “Фізікі”, “Біялогіі”, і бібліятэкар). Змешчаныя ў кнізе матэрыялы пераважна ўжо друкаваліся ў педагагічных часопісах — “Беларускі гістарычны часопіс”, “Гісторыя: праблемы выкладання” (цяпер “Гісторыя і грамадазнаўства”), “Выхаванне і дадатковая адукацыя”, “Роднае слова”. Шэраг артыкулаў быў замоўлены спецыяльна для гэтай кнігі.

— Чым канкрэтна можа дапамагчы настаўніку гэтая кніга?
— Гэта шырокі спектр дастаткова праблемных пытанняў, пачынаючы, напрыклад, ад таго, як правесці Тыдзень гісторыі ў школе, і заканчваючы тым, як зацікавіць вучняў, каб яны самі з ахвотай ішлі ў музей, як правесці пазнавальную і карысную экскурсію, як ажывіць краязнаўчую работу і інш. Так, напрыклад, у раздзеле “Калі закончыўся ўрок” аўтары В.Варганаў і Д.Кургановіч прапаноўваюць два варыянты правядзення Тыдня гісторыі ў школе. Зразумела, не ўсё настаўнікі ў школах возьмуць з гэтых сцэнарыяў, але ўзяць за аснову і творча выкарыстаць могуць шмат чаго. У раздзеле “Кабінет гісторыі” акцэнтуецца ўвага на тым, як зрабіць просты, з меншымі затратамі кабінет гісторыі, але каб у ім было тое, што рэальна дапамагае вучням і настаўніку. Матэрыялы для кабінета маглі б быць размеркаваны па наступных тэмах: “Кіраўнікі ВКЛ, БССР, Рэспублікі Беларусь”, “Нашы героі”, “Гісторыя беларускай арміі. Ваенная прысяга”, “Страты Беларусі ў войнах” і інш. Тут жа аўтары змяшчаюць і спецыяльную бібліяграфію “Заняткі па гісторыі пасля ўрокаў”. Раздзел “Выхаваўчая гадзіна. Школьныя вечарыны” — гэта 15 мерапрыемстваў (“Як да нас прыйшла кніга?”, “Полацк вядомы і невядомы. Полацк — калыска нашай дзяржаўнасці”, “Беларусь — краіна замкаў”, “Беларускія манастыры і кляштары”, “Горад Мінск — наша сталіца”, “Мінск. Праспект Незалежнасці” (завочнае падарожжа па галоўным праспекце сталіцы рыхтуюць вучні 10—11 класаў для вучняў 5—6 класаў), “Радзіма мая дарагая”, “Цуды Беларусі”, “Песні Вялікай Айчыннай вайны”, “Чарнобыльская трагедыя”, “Каханне ў гісторыі. Ты пакліч мяне”, “Славутыя імёны Бацькаўшчыны”, “Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь”, “Шлях да Беларусі”, “Выбар прафесіі”). Акрамя таго, у кнізе змешчаны 8 інтэграваных мерапрыемстваў, якія праводзяцца настаўнікам гісторыі разам з іншымі настаўнікамі па геаграфіі, прыродазнаўстве, біялогіі, беларускай літаратуры і фізкультуры. Не буду пералічваць усяго, што ёсць у выданні, але хацеў бы заўважыць: тут прадстаўлены самы разнастайны дыдактычны і практычны матэрыял, своеасаблівая панарама вопыту беларускіх настаўнікаў з розных раёнаў.

— Калі кніга выйдзе ў свет?
— Ужо сёлета. Укладальнікі лічаць, што яна спатрэбіцца ў кожнай школе, бо, прынамсі, школьныя вечарыны праводзяцца ў кожнай школе. Дарэчы, яна зможа зацікавіць не толькі настаўнікаў, але і кіраўнікоў метадычных фарміраванняў, адміністрацыі школ. А яе тыраж і кошт, безумоўна, будуць залежаць ад колькасці заказчыкаў.

— Цяпер адносна яшчэ адной кнігі “Нарачанка і яе берагі”, напісанай вамі ў суаўтарстве з Анатолем Рогачам. Па назве можна здагадацца, што яна мае краязнаўчы змест. Але чаму менавіта рака Нарачанка вас зацікавіла?
— Ды таму, што мы з журналістам і краязнаўцам Анатолем Рогачам нарадзіліся і выраслі на беразе Нарачанкі! Над кнігай з Анатолем мы працавалі 25 гадоў. На жаль, у сакавіку 2010 года яго не стала, і гэта была для мяне велізарная страта. Ён быў бескарыслівым і нястомным даследчыкам на ўзор легендарнага маладзечанскага гісторыка Міколы Ермаловіча, які абследаваў усе мінскія архівы і ўсе аддзелы рэдкіх кніг мінскіх бібліятэк. Так і Анатоль Рогач амаль кожныя выхадныя ехаў з Вілейкі ў Мінск у архіў або ў Нацыянальную бібліятэку і ксеракапіраваў матэрыялы. А калі двойчы быў у санаторыі каля Гродна, ездзіў у Гродзенскі архіў. Акрамя таго, вельмі часта ездзіў у архіў Віленскага ўніверсітэта. І ўсё збіраў. Дарэчы, шмат артыкулаў ён напісаў для кнігі “Памяць. Вілейскі раён”, якая ўбачыла свет у 2003 годзе. Шкада, што “Нарачанкі і яе берагоў” ён ніколі ўжо не ўбачыць. А кніга насамрэч атрымалася цікавай. Яна складаецца з асобных навуковых артыкулаў і папулярных нарысаў пра паселішчы. А.Рогач напісаў артыкулы “Маркаўскае староства”, “Нарачанка мая, Нарачанка”, “Прыродныя багацці краю”, “Войстама”, “Спягла”, “Любань”, мною напісаны “Аздараўленчы цэнтр “Нарачанка”, “Занарацкі сельсавет”, “Сваткаўскі сельсавет”, “Касічы”, “Заброддзе”, “Асвета і адукацыя”, “Біяграфічны даведнік”. Хацеў бы заўважыць, што ў свой час мы накіравалі рукапіс кнігі ў школы, сельсаветы, бібліятэкі. І ніхто не адмовіўся прачытаць і выказаць свае заўвагі.

— Нарэшце, Сымон Вікенцьевіч, колькі слоў пра кнігу “Бліскавіцы над Заслаўем”…
— Дарэчы, літаральна днямі я аднёс яе рукапіс у выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Гэтая кніга на ваенную тэматыку. А прымеркавана яна да дзвюх гістарычных дат — 70-годдзя Вялікай Перамогі і 1030-годдзя Заслаўя (будзе адзначацца сёлета 29 жніўня). Яе змест складаюць апавяданні, нарысы і эсэ (“На зямлі непакорнай Рагнеды”, “Бацькава дачка Вера”, “Забытая гераіня”, “Герой без ордэна”, “Кроў і каханне”, “Каханая, сустрэнемся пасля вайны”, “Белае і чорнае”, “Нячыстая сіла”, “Ваенныя прымакі”, “Салют каля трох бяроз” і інш.), успаміны партызан і падпольшчыкаў, а таксама шэраг дакументальных матэрыялаў з Народнага музея баявой славы аб партызанскай брыгадзе “Штурмавая” (фотаздымкі, партызанскія песні).

— Дзякуй вам! Удзячных чытачоў вашым кнігам.

Мікола ЧЭМЕР.