На спыненне агню пагадзілася і апазіцыя

- 11:13Інфармацыйная гадзіна

Сірыйская апазіцыйная кааліцыя адобрыла ўвядзенне двухтыднёвага рэжыму спынення агню ў адпаведнасці з амерыкана-расійскай дамоўленасцю.

Разам з тым прадстаўнікі апазіцыі адзначылі, што выкананне ўзятых імі абавязацельстваў будзе залежаць ад урадавых войскаў.
Раней аб сваёй згодзе спыніць ваенныя дзеянні аб’явіў і ўрад Сірыі. Але пры гэтым ён мае намер прадоўжыць барацьбу з тэрарыстамі “Ісламскай дзяржавы” і “Джэбхат ан-Нусра”, а таксама іншымі аналагічнымі групоўкамі, звязанымі з “Аль-Кайдай”.
Нагадаем, што ЗША і Расія ўзгаднілі план аб умовах і тэрміне спынення ваенных дзеянняў у Сірыі 22 лютага. Пад пагадненне не падпадалі групоўкі “Ісламская дзяржава”, “Фронт ан-Нусра” і іншыя арганізацыі, прызнаныя Саветам Бяспекі ААН тэрарыстычнымі.
Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун вітаў дасягненне дамоўленасці аб спыненні агню ў Сірыі з 27 лютага. Садзейнічаць выкананню дамоўленасці пры неабходнасці бу-дзе спецпасланнік генеральнага сакратара па Сірыі Стафан дэ Містура.
23 лютага Прэзідэнт Сірыі Башар Асад выпусціў спецыяльную заяву, у якой заклікаў правесці датэрміновыя парламенцкія выбары ў Сірыі 13 красавіка.
“Прэзідэнт Асад выдаў указ № 63, які назначае 13 красавіка 2016 года датай правядзення выбараў членаў Народнага сходу (парламента Сірыі)”, — перадае сірыйскае агенцтва САНА.