На навагодняе свята ўжо дзясяты раз запрасіла маленькіх гродзенцаў… Эліза Ажэшка. Менавіта ў доме, дзе яна жыла, а сёння размяшчаецца філіял абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Карскага і дом-музей пісьменніцы, ладзяцца святочныя мерапрыемствы так, як гэта адбывалася пры жыцці Элізы Ажэшкі.
Дырэктар бібліятэкі Лідзія Мальцава паведаміла, што сёлета на свята запрасілі 80 дзетак з Лойкаўскага дзяржаўнага дзіцячага сацыяльнага прытулку, Панямунскага дзіцячага дома, дзіцячага дома змешанага тыпу Кастрычніцкага раёна Гродна і 10 дзяцей з Луганскай і Данецкай абласцей Украіны з бацькамі. Спонсары свята — гродзенскія дзяржаўныя і прыватныя арганізацыі — падрыхтавалі падарункі і салодкія пачастункі, а супрацоўнікі бібліятэкі і валанцёры праекта “Жывая гісторыя” наладзілі для дзетак вясёлыя гульні і танцы, прыход Дзеда Мароза са Снягуркай і іншых казачных герояў.
На гэтым свята не скончылася. Для дзяцей былі арганізаваны майстар-класы па вырабе навагодніх упрыгажэнняў і напісанні літаратурных твораў, а таксама дабрачынны канцэрт у каледжы бытавога абслугоўвання насельніцтва. Хлопчыкі і дзяўчынкі былі не толькі гледачамі, але і ўдзельнікамі. Яны прадэфіліравалі па подыуме ў адзенні ад гродзенскіх дызайнераў і потым атрымалі яго ў падарунак.
Арганізатарамі святочных мерапрыемстваў сталі ўдзельнікі праекта “Жывая гісторыя” Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, абласная навуковая бібліятэка імя Я.Карскага, Гродзенскае абласное аддзяленне “Беларускага дзіцячага фонду” і Гродзенскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж бытавога абслугоўвання насельніцтва.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА.