На ўласным прыкладзе

- 12:07Сацыяльны ракурс

Днямі ў рамках валанцёрскага руху БРСМ “Добрае сэрца” ў Мінскім абласным прыёмніку-размеркавальніку адбылася акцыя “На ўласным прыкладзе” з удзелам вядомых беларускіх спартсменаў і падлеткаў, якія па рашэнні суда будуць накіраваны ў лячэбна- і вучэбна-выхаваўчыя ўстановы закрытага тыпу Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Мерапрыемства ўжо стала традыцыйным. З кожным годам яно аб’ядноўвае ўсё больш людзей, якія хацелі б працягнуць руку дапамогі падлеткам, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. Юрый Жукоўскі, чэмпіён свету па тайскім боксе, у прыёмніку-размеркавальніку не ўпершыню: ён пастаянны ўдзельнік акцыі “На ўласным прыкладзе”. Сёлета разам з ім сюды завіталі майстар спорту міжнароднага класа і чэмпіён свету па кікбоксінгу Мурат Азярбіеў, майстар спорту міжнароднага класа пераможца многіх міжнародных турніраў па тайскім боксе Секу Бангура, а таксама чэмпіён свету сярод юніёраў па тайскім боксе Валдзіс Бяляўскі.
Пераканаць падлеткаў у тым, што, памыліўшыся, чалавек заўсёды мае шанс вярнуцца да нармальнага жыцця, галоўнае — не апускаць рук, а дабівацца пастаўленай мэты, — справа няпростая. Самае галоўнае тут — уласны прыклад. Юрый Жукоўскі пачаў размову з таго, што менавіта ў гэтым прыёмніку-размеркавальніку ён чатыры гады назад сустрэў Валдзіса Бяляўскага. Валдзіс, які ў той час стаяў на ўліку ў ІСН, прыехаў сюды на паказальную экскурсію, каб на ўласныя вочы ўбачыць сваю магчымую будучыню. Менавіта гэты момант прымусіў сённяшняга чэмпіёна пераглядзець адносіны да жыцця і сур’ёзна заняцца спортам. Думаецца, не апошнюю ролю тут адыграла і сур’ёзная падтрымка трэнера.
Дарэчы, Валдзіс не адзіны, з кім Юрый пазнаёміўся пры падобных умовах. Сёння ў клубе, дзе ён працуе, трэніруюцца яшчэ некалькі хлопцаў, якія ў свой час былі пазбаўлены волі.
У ходзе сустрэчы вядомыя спартсмены правялі некалькі майстар-класаў па тайскім боксе і кікбоксінгу, а таксама прапанавалі падлеткам паспрабаваць уласныя сілы. Папярэдняя напружанасць і скаванасць растварыліся ў шчырай атмасферы, якую стварыў трэнер. Многія рашыліся прадэманстраваць сваю спартыўную форму. Юрый Жукоўскі адзначыў, што некаторыя з хлопцаў маюць выдатныя фізічныя даныя для таго, каб займацца спортам прафесійна.
“Пасля трэніровак, дзе ты аддаеш усе сілы, не хочацца ніякіх агрэсіўных дзеянняў ні са свайго боку, ні з боку ўяўных сапернікаў, — падкрэсліў ён. — Спорт — лепшы спосаб зняць стрэс. Я ведаю гэта не па чутках, бо сам быў няпростым падлеткам. У мяне не было багатых бацькоў ці нейкіх дарагіх рэчаў, дзякуючы якім я мог выдзеліцца. Пра сотавыя тэлефоны тады нават размовы не было. Усё, што мяне выдзяляла, — кулакі. Мне хацелася даказаць усім і кожнаму, што я моцны і праўда на маім баку. Цяпер хацеў бы падзяліцца з хлопцамі жыццёвай высновай: на вуліцы кулакамі праўды не знойдзеш, як ні старайся.
Я вырас у вёсцы і бачыў, што для многіх яе цэнтрам з’яўляецца магазін. Цяпер нярэдка бачу, як каля яго праводзяць свой час сябры майго дзяцінства, з якімі я некалі хадзіў у школу, ляпіў снегавікоў… Некаторых, на жаль, ужо няма… Не хачу сказаць, што я лепшы, проста аднойчы я абраў іншы шлях і вельмі гэтаму рад”.
Таксама падзяліцца гісторыяй свайго спартыўнага поспеху ў прыёмнік-размеркавальнік прыйшоў майстар спорту чэмпіён Беларусі па жыме лежачы і армрэслінгу Віталь Зелянковіч. На ўласным прыкладзе Віталь прадэманстраваў, як хлопчык самага маленькага росту ў класе, дзякуючы сіле волі, станавіўся пераможцам рэспубліканскім турніраў у чатырох спартыўных дысцыплінах. Пачынаў Віталь з барацьбы, дзе дасягнуў значных поспехаў, але траўміраваў калені. Пасля гэтага перайшоў у жым лежачы. Доўгі час з’яўляўся мацнейшым прадстаўніком беларускага армрэслінга.
“Пачынаць ніколі не позна, — адзначыў В.Зелянковіч. — У той жа армрэслінг можна прыходзіць у дарослым узросце, гэта не гімнастыка і не хакей, дзе тэхніка напрацоўваецца з дзяцінства. А значыць, у кожнага ёсць шанс, галоўнае — жаданне!”
Завяршылася сустрэча ўручэннем падарункаў падлеткам, пасля чаго ўдзельнікі мерапрыемства дзяліліся ўражаннямі, цікавіліся магчымасцю трэніравацца, абмяркоўвалі планы на будучыню. Да Юрыя Жукоўскага выстраілася чарга, і кожнаму было ясна: яго словы — не пустыя абяцанні, за імі стаіць сапраўднае жаданне падтрымаць. Вось ужо ў руках у хлопцаў запаветныя паперкі з тэлефонам трэнера, і не важна, што хлопцы не з Мінска, яны ўпэўнены: дастаткова проста патэлефанаваць, і ён падкажа, дзе можна займацца тайскім боксам у любым рэгіёне краіны, дзе можна знайсці сябе.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.