На вялікіх хуткасцях

- 9:00Адукацыйная прастора, Вышэйшая школа

У новай высокатэхналагічнай вучэбна-­даследчай камп’ютарнай лабараторыі з верасня будуць займацца студэнты факультэта матэматыкі і тэхналогій праграмавання Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны.

Доўгатэрміновае партнёрства ўстановы адукацыі з кампаніяй “Тэхартгруп” дае шырокія магчымасці для працаўладкавання выпускнікоў. Для іх жа прызначана і цалкам адрамантаваная аўдыторыя памерам больш за 100 кв.м. Кіраўнік дэпартамента “Тэхартгруп” Аляксей Луд звярнуў увагу, што тут абсталяваны самы сучасны камп’ютарны клас на факультэце:

— У памяшканнях цяпер магутная тэхніка, якая дазваляе выра­шаць новыя задачы — праводзіць больш высоканадзейны аналіз даных, апрацоўваць большы аб’ём даных і г.д., а таксама рыхтаваць высокакваліфікаваных спецыялістаў для IT-кампаній, у тым ліку для “Тэх­артгруп”. Мы зацікаўлены максімальна ўкладваць у развіццё студэнтаў і будучых супрацоўнікаў кампаніі.

Студэнты будуць вывучаць сучасныя мовы праграмавання, займацца распрацоўкай крос­платформавых дадаткаў, канструяваннем праграмнага забеспячэння, аб’ектна-арыентаваным праграмаваннем, аперацыйнымі сістэмамі, сучаснымі вэб-тэхналогіямі, размеркаванымі вылічэннямі, базамі даных, сучаснымі платформамі праграмавання і інш. 

Плануецца таксама праводзіць сумесныя з “Тэхартгруп” семінары, круглыя сталы, дадатковыя трэнінгі для студэнтаў па новых інфармацыйных тэхналогіях. Лабараторыя дапаможа студэнтам распрацоўваць і ўласныя праекты, лі­чыць загадчык кафедры вылічальнай матэматыкі і праграмавання Дзмітрый Кузьмянкоў:

— Думаю, што мы арганізуем конкурс стартапаў. У цэлым адкрыццё лабараторыі дапаможа студэнтам удасканальваць свае навыкі. IT-прафесіі ў сучасным свеце вельмі запатрабаваны. Штогод факультэт выпускае каля 120 спецыялістаў. Галоўным чынам выпускнікі ідуць працаваць у буйныя IT-кампаніі. Мы бачым цікавасць і з боку сённяшніх абітурыентаў. Гэта паказалі ў тым ліку і праведзеныя нядаўна “Універсітэцкія суботы”, дзе абітурыенты і іх бацькі змаглі атрымаць усю неабходную інфармацыю.

Дэкан факультэта матэматыкі і тэхналогій праграмавання ГДУ імя Ф.Скарыны Сяргей Жогаль адзначыў, што адкрыццё новай лабараторыі — сур’ёзны крок у далейшым партнёрстве з кампаніяй — рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.