На яго падручніках узрастала нацыя

- 12:14Людзі адукацыі

Прафесару Віталю Міхайлавічу Фаміну — 90

Нядаўна Віталю Міхайлавічу Фаміну, доктару гістарычных навук, прафесару Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, споўнілася 90 гадоў. У далёкім 1954 годзе ён паступіў сюды на гістарычны факультэт, і з таго часу яго жыццё непарыўна звязана з роднай альма-матар.

Віталь Міхайлавіч Фамін — вядомы ў нашай краіне і за мяжой даследчык, аў тар больш як сотні навуковых работ, у тым ліку шэрага манаграфій. Настаўнікі і навучэнцы школ добра ведаюць яго як аўтара падручнікаў па гісторыі Беларусі. А выпускнікі гістарычнага факультэта БДПУ, якім пашчасціла асабіста слухаць яго лекцыі, памятаюць Віталя Міхайлавіча як вельмі дасведчанага і ўдумлівага выкладчыка.

Сам прафесар з вялікай цеплынёй гаворыць пра сваіх студэнтаў — сённяшніх і тых, якія ўжо скончылі навучанне і цяпер самі выкладаюць у школах, каледжах, універсітэтах, працуюць у навуковых установах. Многія з іх сталі вядомымі людзьмі. Дарэчы, міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка таксама вучань прафесара Фаміна.

Акрамя навукова-педагагічнай дзейнасці, Віталь Міхайлавіч шмат часу прысвяціў падрыхтоўцы кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Пад яго кіраўніцтвам абаронена больш за 30 кандыдацкіх і 3 доктарскія дысертацыі. Усё гэта дае падставу казаць, што ў краіне склалася навуковая школа прафесара Фаміна. Віталь Міхайлавіч шмат гадоў уваходзіць у савет па абароне дысертацый БДПУ. Да яго аўтарытэтнага і ўзважанага меркавання заўсёды прыслухоўваюцца як маладыя, так і дасведчаныя вучоныя.

У самаго Віталя Міхайлавіча шлях у навуку быў няпростым. Яму было ўсяго 14 гадоў, калі пачалася вайна, і вучобу ў школе давялося перапыніць. Пасля вызвалення роднай Гомельшчыны скончыў 8 клас, а ў канцы 1944 года быў прызваны ў армію. На фронт не трапіў, бо хлопцаў 1927 года нараджэння ваяваць ужо не адпраўлялі. Але служыць давялося ажно 9 гадоў.

Дэмабілізаваўся Віталь Міхайлавіч у 1953 годзе і праз год паступіў на гістарычны факультэт педагагічнага інстытута. Пазней была аспірантура, дактарантура і, пачынаючы з 1963 года, няспынная выкладчыцкая праца. 25 гадоў прафесар Фамін загадваў кафедрай гісторыі СССР, якая на пачатку 90-х была перайменавана ў кафедру славянскай гісторыі і метадалогіі гістарычнай навукі.

Віталь Міхайлавіч, які прыйшоў у гістарычную навуку ў далёкім 1953 годзе, прызнаецца, што яна прыносіла яму не толькі радасці, але і расчараванні. На гісторыкаў заўсёды моцна ціснула ідэалогія і палітыка, многія важныя дакументы, якія пралілі б святло на падзеі ХХ стагоддзя, не рассакрэчаны да цяперашняга часу. Гэта істотна ўскладняе работу і прыўносіць у гістарычную навуку шмат суб’ектывізму.

Многае змянілася на пачатку 90-х гадоў XX стагоддзя, калі пала таталітарная сістэма, Савецкі Саюз разваліўся і наша Беларусь, нарэшце, набыла незалежнасць. Гэта быў сапраўды блаславёны час, калі беларусы адчулі сябе нацыяй. Упершыню за цэлыя стагоддзі ў нас з’явілася магчымасць для адраджэння і развіцця нацыянальнай гістарыяграфіі.

Падручнікаў па гісторыі Беларусі за савецкім часам не было. Школьнікам прапаноўваліся толькі асобныя старонкі пра нашы землі ў курсе агульнай, савецкай, гісторыі. Сёння ў гэта цяжка паверыць, але там нічога не гаварылі пра Вялікае Княства Літоўскае. Віталь Міхайлавіч кажа, што нават на гістарычным факультэце педінстытута знаёмству з ВКЛ была прысвечана толькі пара лекцый. Ды і многае іншае пра Беларусь вывучалася мімаходзь, у кантэксце гісторыі суседніх дзяржаў.

Паўстала задача ліквідаваць прабелы і стварыць самастойную, незалежную ад палітыкі і ідэалогіі нацыянальную гісторыю. Асабліва важна было вярнуць яе ў правільны кантэкст і разглядаць нашу краіну як частку еўрапейскай цывілізацыі.

Гэта было няпроста — адрадзіць тое, што замоўчвалася многія гады. У лютым 1993 года на гістарычным факультэце БДУ адбылася Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў, дзе спецыялісты абмеркавалі і прынялі канцэпцыю айчыннай гісторыі і падыходаў да яе вывучэння. А за год да гэтага, у 1992, з’явіўся вучэбны дапаможнік па гісторыі Беларусі (аўтары М.В.Біч, У.Н.Сідарцоў, В.М.Фамін) — такі патрэбны для нацыянальнай школы і юных беларусаў, якія толькі пачыналі жыццё ў незалежнай краіне.

Гэта быў сапраўдны прарыў. У вучэбным дапаможніку з’явіліся тэмы, якіх ніяк не магло быць у савецкіх падручніках. Гісторыю Беларусі адкрывалі для сябе не толькі навучэнцы, але і настаўнікі школ.

З таго часу і на працягу ўжо больш як двух дзесяцігоддзяў Віталь Міхайлавіч Фамін займаецца падрыхтоўкай падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па гісторыі Беларусі для школьнікаў 9—11 класаў. У суаўтарстве з іншымі даследчыкамі ў яго выйшла 8 кніг, а таксама атлас па гісторыі Беларусі 1917—1945 гг. Апошняе перавыданне падручніка для адзінаццацікласнікаў (аўтары В.М.Фамін, С.В.Паноў, Н.М.Ганушчанка), якое было выпушчана ў свет у 2013 годзе, і зараз выкарыстоўваецца ў школе.

“Віталь Міхайлавіч зрабіў вельмі вялікі ўклад у айчыннае вучэбнае кнігавыданне, — гаворыць дацэнт кафедры гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Сяргей Паноў. — Яму ўласцівы глыбокі аналіз сучасных з’яў у пераемнасці з гістарычным мінулым, паважлівыя адносіны да савецкай гісторыі, з якой ён знаёмы як непасрэдны ўдзельнік і сведка. Здаровы жыццёвы розум і бадзёрасць жыццеўспрымання вызначаюць асабістую пазіцыю Віталя Міхайлавіча як стваральніка вучэбнай гістарычнай літаратуры. Яго крытычнае мысленне неаднойчы дапамагала знайсці карэктныя падыходы да асвятлення складаных з’яў грамадска-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і духоўнага жыцця беларускага народа”.

Сёння прафесар Фамін тлумачыць сваім студэнтам, што ёсць розныя пункты гледжання на ўсе гістарычныя падзеі, але заўсёды трэба трымацца навуковых пазіцый. І, нават маючы пэўныя абмежаванні, вельмі важна сумленна рабіць сваю справу. У жыцці не заўсёды ёсць месца подзвігу, але заўсёды ёсць месца здрадзе. Таму трэба быць вельмі абачлівым, думаць пра наступствы і не здраджваць сабе, сваім маральным перакананням і ўяўленням аб прыстойнасці. Жыццё доўгае, палітычныя лады і ўмовы мяняюцца, а гонар і сумленне застаюцца назаўсёды.

Віталь Міхайлавіч прызнаецца, што ніколі не быў занадта строгім са студэнтамі. “Выкладчык заўсёды ведае, як студэнт хадзіў на лекцыі, як ён працаваў і якія ў яго поспехі, — гаворыць прафесар. — І калі руплівы студэнт недавучыў адно пытанне і выцягнуў менавіта гэты білет, — гэта не прычына яго завальваць. У выкладчыка заўсёды ёсць падмога — навадныя пытанні, дзякуючы якім студэнт можа паглядзець на тэму шырэй, зрабіць высновы аб прычынах гістарычных падзей і шляхам лагічных разваг прыйсці да правільнага адказу”.

Прафесар Фамін працуе з моладдзю больш як паўстагоддзя і адзначае, што за гэты час яна вельмі змянілася. Калі ў 70-х маладыя людзі марылі пераўтварыць свет, у 90-х — шукалі сябе ў гэтым свеце, то зараз лічаць, што ўвесь свет — у смартфоне. “Змены — гэта натуральны працэс, нават клімат мяняецца, — заўважае Віталь Міхайлавіч. — Але наша задача — зацікавіць студэнтаў сваёй навукай, навучыць іх авалодваць новымі ведамі. Калі гэта будзе, то яны самастойна знойдуць неабходны матэрыял, адаптуюць яго пад свае патрэбы і выкарыстаюць з максімальнай карысцю”.

На кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў, дзе зараз працуе Віталь Міхайлавіч, адзначаюць, што гэта надзвычай сціплы і добразычлівы чалавек. Зрэшты, у пытаннях навуковай этыкі і навуковай праўды ён заўсёды праяўляе цвёрдасць і прынцыповасць.

“Віталь Міхайлавіч выпрацаваў свой ні з кім не параўнальны стыль чытання лекцый і правядзення семінарскіх заняткаў, — гаворыць загадчык кафедры Анатоль Вялікі. — Яго лекцыі вызначаюцца логікай, унутранай складнасцю і структураванасцю, што робіць іх даступнымі і вельмі цікавымі для студэнтаў”.

Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, прафесар Фамін шмат працуе. Мы сустрэліся з ім на кафедры, і я была ўражана, наколькі гэта глыбокі, шматгранны і сучасны чалавек. У Віталя Міхайлавіча вельмі трапныя інтэрпрэтацыі сённяшніх падзей, тонкае пачуццё гумару і філасофскі погляд на свет. Напэўна, гісторык, які пражыў доўгае, насычанае падзеямі жыццё і пры гэтым удумліва аналізаваў рэчаіснасць, не можа не быць філосафам. І сёння яго важкае слова вучыць не толькі гісторыі, але і самому жыццю.

Шаноўны Віталь Міхайлавіч! Мы віншуем вас з юбілеем. Жадаем вам добрага здароўя, аптымізму і новых дасягненняў у любімай вамі гістарычнай навуцы!

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.