Надзея МІКУЛІЧ: “Вывучылася на настаўніцу» а стала артысткай”

Артыстку, якая на гэты раз стала гераіняй рубрыкі “Мая школа”, старэйшае пакаленне памятае як салістку вядомага вакальна-інструментальнага ансамбля “Верасы”: менавіта яна запявала вядомую ўсім “Малінаўку”. Тыя, хто маладзейшы, часцей бачылі яе з гітарай падчас выканання ўласных апрацовак народных песень. Але ўсе вельмі добра ведаюць яе аксамітны тэмбр голасу. Сёння на пытанні “Настаўніцкай газеты” адказвае заслужаная артыстка Беларусі, спявачка і кампазітар Надзея МІКУЛІЧ.

— Надзея Анатольеўна, адкуль вы родам і якім ветрам вашу сям’ю на нейкі час занесла ў Данецк?

— Нарадзілся я ў Скідзельскім раёне Гродзенскай вобласці. У пашпарце ў радку месца нараджэння запісана: “Пасёлак цукровага завода”.

А ў першы клас я пайшла ў Данецку. Тады ён яшчэ называўся Сталіна. У мяне нават ёсць фотаздымак, на якім напісана “Сталино, 1961 год”. Бацька пасля арміі вырашыў не вяртацца на Радзіму, а пераехаць ва Украіну — у Данецку жыла яго родная цётка (дарэчы, працавала яна ў шахце). Пасля таго як абсталяваўся там і пайшоў праца­ваць, забраў нас з мамай туды. Спачатку жылі на кватэрах, а потым пабудавалі дом (ён быў з чатырма ўваходамі, як бы зараз сказалі, таўн-хаус). Прыехалі мы ў Данецк, калі мне было каля трох гадоў, і пражылі там да­волі доўга. Два мае першыя школьныя гады прайшлі там.

— Што вы памятаеце са школьных гадоў?

— Гэта былі першыя ўражанні ад школы. Памятаю, якое прыгожае было свята Першага верасня. Дарэчы, недзе ёсць данецкая шахцёрская газета, у якой быў апублікаваны фотаздымак з нашага першага школьнага званка: дзесяцікласнікі і мы, першагодкі, а сярод іх — я.

Памятаю настаўніц, якія вучылі мяне ў пачатковай школе: у Данецку — Лідзія Якаўлеўна, а ў Гродне ў 3—4 класах была Марыя Панцялееўна.

У класе я любіла паклёпнічаць: закладала тых, хто нешта не рабіў ці рабіў не так. Потым нават настаўніца мне сказала, што я непрыгожа раблю.

Пісалі ў школе мы пёрамі і чарнілам. У трэцім класе я вучылася ўжо ў Гродне. Ся­дзела за адной партай з хлопчыкам, які мне вельмі падабаўся, — Жэнем Ягоніным. На адным з урокаў настаўніца дала заданне і выйшла з класа. Атрымалася так, што Жэня, цягнучыся да чарніліцы (а яна была адна на дваіх) неспецыяльна дакрануўся пяром да маёй рукі. Я, каб адпомсціць, зрабіла тое самае. Спачатку толькі па руках, а потым мы сталі пэцкаць адно аднаго. Я паспявала адварочвацца, і таму сцяна за мной (а ся­дзела я на крайнім радзе) была ўся фіялетавая. Калі настаўніца прыйшла, мы былі гразныя як чэрці. Канечне, выклікалі баць­коў у школу, але тады ўсё абышлося: касцюм адмыўся ад чарніла. (Смяецца.) Як толькі я зарэгістравалася ў “Аднакласніках”, Жэня мяне там адшукаў. Мы падтрымлівалі зносіны да самай яго смерці.

Аднойчы ледзь не давяла да інфаркту Марыю Панцялееўну. Школа наша была каля дарогі, і раніцай, выходзячы з аўтобуса, трэба было пераходзіць дарогу. Аднойчы мы прыехалі з настаўніцай на адным аўтобусе і разам чакалі, каб перайсці праезную частку на іншы бок. І вось набліжаецца машына, я зры­ваюся з месца і куляй бягу — вось такое чарцяня! У Марыі Панцялееўны ледзь сэрца не разарвалася, а мне ж было цікава перабегчы дарогу перад самай машынай, а не тады, калі яна была далёка.

— У якіх прадметаў была перавага?

— Я любіла геаметрыю. Гэта не значыць, што па ёй у мяне заўсёды былі адны “пяцёркі”, аднак на алімпіядзе па гэтым прадмеце ўдзельнічала. Праўда, там нічоге не рашыла, але факт застаецца фактам.

Вельмі падабалася руская мова, але, відаць, таму, што яе нам выкладала цудоўная настаўніца — Іна Анатольеўна Карпюк, жонка беларускага пісьменніка Аляксея Карпюка. Памятаю, як яна правярала сшыткі: не збірала іх у стос і не несла дадому, а падчас урока падсаджвалася да кожнага, правярала сшытак і ставіла адзнакі. Зносіны з ёй былі вельмі цесныя.

Строгая была настаўніца малявання, але яна была настолькі цудоўнай апавядальніцай, што мы, седзячы за сваімі работамі, заслухваліся яе гісторыя­мі. Гэта было як у казцы “Тысяча і адна ноч”: мы з нецярпеннем чакалі наступнага ўрока, каб паслухаць працяг аповеду.

— Часта даставалася за гарэзлі­васць?

— Я была ў школе нават занадта гарэзлівая. Перада мной сядзеў аднакласнік з вялікімі вушамі, і я — што б вы думалі — рабіла на пальцах рагатку і шпуляла па яго вушах папяровымі снарадамі. (Смяецца.) Памятаеце, у эфір некалі выходзіла праграма “Аднакласнікі”? У адной з іх разам са мной удзельнічаў беларускі артыст чалавек-аркестр Лёня Клунны. Да Лёні (а ён мінчанін) прыйшло некалькі чалавек, а да мяне — чалавек 17, і сярод іх быў якраз той хлопец, у чые вушы я страляла з рагаткі. Знайшлі таксама маё першае каханне — ён быў на год старэйшы за мяне. Калі ён увайшоў у студыю, нават вядучы адзначыў, што вушы ў яго яшчэ большыя. Сапраўды, калі б ён быў маім аднакласнікам, па вушах я яму, канечне, настраляла б. (Смяецца.)

У восьмым класе аднаго з аднакласнікаў — Лёву Цымента — агрэла партфелем па галаве. І даволі моцна. Ну раздражняў ён мяне пастаянна! Дзякуй богу, усё тады абышлося.

— Ці здаралася прапускаць урокі?

— Я сябравала з усёй школай і заўсёды хацела, каб усім было весела і смешна. Сачкавала ўрокі з усім класам: куды яны — туды і я. Выдатнікі, двоечнікі — усе ішлі. Заставалася на ўроках усяго некалькі чалавек. А аднойчы мы збеглі з урокаў і вырашылі захварэць — усім класам акуналі галовы ў халодны Нёман. Вось гэта стаў ледзь не адзіны выпадак, калі я была не з класам, бо я спявала, мне нельга было прастуджвацца. Збоку стаяла і глядзела.

— Надзея Анатольеўна, кім вы хацелі стаць у дзяцінстве?

— Калі была зусім маленькай, хацела быць артысткай, бо любіла спяваць і смя­шыць лю­дзей. Смяялася я вельмі заразліва, і калі ў кампаніі хацелася ­ўзняць настрой, мяне прасілі пасмяяцца. Атрымлівалася нешта накшталт мяшочка са смехам — памятаеце, былі такія? І тады ўжо рагаталі ўсе. Нават зараз падчас выступленняў на канцэртах магу дазволіць сабе расказаць некалькі анекдотаў — люблю, калі гледачы смяюцца.

А вось калі стала школьніцай, захацела стаць настаўніцай спеваў. У выніку вывучылася на настаўніцу спеваў, а стала артысткай. Па спецыяльнасці папрацавала толькі падчас педагагічнай практыкі. На трэцім курсе мы спрабавалі свае сілы з першакласнікамі. Я сама тады хадзіла з коскамі, дзеці мяне за іх асцярожненька цягалі, бо не маглі запомніць, як да мяне звярнуцца. На чац­вёртым курсе практыка была ўжо ў сёмым класе. Сярод маіх вучняў быў ­адзін хлопчык, які заўсёды садзіўся на першы рад насуп­раць мяне (заняткі праходзілі ў актавай зале). Потым мне расказалі, што гэта быў адзін з самых гарэзлівых вучняў і што ён аднойчы на нейкай святочнай дэманстрацыі на павадку праз увесь горад правёў звычайнага пеўня.

Гады тры назад мяне запрасілі ў маё роднае вучылішча, дзе адкрылі мой імянны кабінет. Было вельмі прыемна. Захо­джу у вучылішча — гучаць мае песні, а ўздоўж сцен стаяць студэнты і апладзіруюць. І вось у такой урачыстай атмасферы я прайшла ў ­аўдыторыю, упрыгожаную маімі афішамі і фотаздымкамі. На вітрынах ляжалі мае дыскі і нават была выстаўлена мая асабовая справа, захаваная з тых часоў, калі я была сту­дэнткай.

— Раскажыце, калі ласка, як вас забіралі з “Чараўніц” у “Верасы”.

— Я спявала ў “Чараўніцах”, калі яшчэ была студэнткай вучылішча. У нашай навучальнай установе вучыліся і будучыя педагогі, і будучыя музыканты. Дзейнічаў вельмі моцны эстрадны аркестр, які заўсёды іграў на танцах (дыскатэк у сённяшнім разуменні не было). Ім кіраваў Генадзь Лятынскі. Калі хлопцы скончылі вучылішча, аркестр распаўся. І тады з’явіўся наш музпедаўскі ансамбль: ударная ўстаноўка, барабаны, рытм-гітара, бас-гітара і клавішы. Ходзячы на танцы і назіраючы за іх работай, вельмі хацелася навучыцца іграць на гітары (асноўным інструментам у вучылішчы быў акардэон). А калі ў паездках нехта браў у рукі гітару, я была ў захапленні: шэсць струн, а такая прыга­жосць! І я дабілася свайго. Сябры спачатку паказалі некалькі акордаў, потым сама стала нешта падбіраць.

Праз некаторы час вырашыла сабраць дзяўчат у такі самы ВІА, як у хлопцаў. Крыху павучыліся, падрыхтавалі некалькі песень. Калі на танцах хлопцы ішлі на перапынак, іх месца займалі мы, каб не было паўзы. Менавіта там мяне заўважыла дачка дырэктара вучылішча, якая іграла на саксафоне ў адным з самадзейных калектываў Палаца тэкстыльшчыкаў.

Праз некаторы час я прыйшла на праслухоўванне ў жаночы вакальны ансамбль Палаца культуры. І калі даведалася, што ансамблем кіруе той самы Гена Лятынскі, ні кроплі не раздумвала. Клавіятура ў акардэоне і іоніцы, на якой мне прапанавалі іграць, аднолькавая, таму мяне адразу паставілі за інструмент і прапанавалі ўключыцца ў работу (ігралі апрацоўку народнай песні “Чаму ж мне не пець?”), але мне было непрывычна іграць на клавішах па гарызанталі, таму праз некаторы час я асвоіла бас-гітару.

Мы заўсёды ігралі па нотах — былі ў нас спецыя­лісты, якія знімалі з магнітафонных ­запісаў партытуры. Для мяне асвойваць нотныя запісы было нескладана. У адной з песень — рамансе “Я встретил вас” — была вельмі складаная партыя бас-гітары, я ніяк не магла ўхапіць. Як спяваць кантыленную тэму і пры гэтым іграць рытмічны бас?! Некалькі дзён дома спрабавала ўсё скласці ў адно, а калі праспявала гэта на рэпетыцыі, Лятынскі быў шчыра здзіўлены і пасля таго выпадку да апошніх сваіх дзён лічыў мяне лепшай басісткай сярод жанчын.

У 1971 годзе да нас на гастролі прыехалі яшчэ не вядомыя тады “Верасы” пад кіраў­ніцтвам заслужанага артыста БССР Эдуарда Міцуля. Тады калектыў быў жаночым (акрамя барабаншчыка, якога запрашалі з іншага калектыву). З-за змен у скла­дзе “Верасам” патрабавалася дзяўчына, якая іграе і спявае (адна з артыстак перахо­дзіла ў калінінградскі ансамбль “Балтыйскія чайкі”, другая выходзіла замуж і сыходзіла з калектыву). Гэта быў мой шанс.

“Верасоўцы” цэлай дэлегацыяй на чале з канферансье Веньямінам Тунісам прыйшлі да мяне дадому, каб адпрошваць у Мінск. Мне трэба было яшчэ год вучыцца, і бацькі мяне не адпусцілі. Пакуль вучылася, увесь час вельмі хвалявалася, што на прапанаванае мне месца возьмуць кагосьці іншага. Але мяне чакалі, а я вучылася і бачыла сябе на вялікай сцэне.

— Ведаю, што вас размеркавалі не ў Мінск. Як удалося вырашыць гэтае пытанне?

— Пасля заканчэння вучылішча, як я ні прасілася, мяне размеркавалі ў Баранавічы. Слёз было мора. З Баранавіч мне слалі тэлеграмы: “Тэрмінова прыязджайце ўладкоўвацца на работу”. Не хацелі мяне адпускаць, матывуючы тым, што ім таксама патрэбны кадры. Усё лета, пакуль я была на апошніх канікулах пасля атрымання дыплома ў вучылішчы, кіраўніцтва філармоніі і Баранавіцкага аддзела адукацыі змагаліся за мяне. У выніку прыйшлося запісацца на прыём у Міністэрства асветы. Прыняў мяне, 19-гадовае дзяўчо, намеснік міністра і запытаў: “Вельмі хочацца на сцэну?” “Вельмі. Гэта мая мара,” — адказала я. Пытанне было вырашана. Мне далі адмацаванне, і я трапіла ў склад “Верасоў”.

— Са сваім будучым мужам вы пазнаёміліся таксама ў “Верасах”?

— Так. Спачатку ён працаваў проста рабочым (мы яго і іншых хлопцаў, што дапамагалі перавозіць і ўстанаўліваць абсталяванне, жартам называлі тасканіні), пасля пайшоў на стажыроўку, каб стаць адміністратарам “Чараўніц”, а ў выніку скончылася тым, што ён стаў дырэктарам ансамбля і працаваў з імі 10 гадоў.

— Муж не раўнаваў вас да работы?

— Некалькі разоў было такое. Ставіў ультыматум: або я, або “Верасы”. У “Чараўніцы” я вяртацца не хацела — вырасла ўжо з іх. І так склалася, што потым ён сам прыйшоў у “Верасы”, але доўга працаваць не змог — былі на тое прычыны.

— Пасля нараджэння дачкі вы ўжо не вярнуліся ў “Верасы”. На сцэну хацелася?

— Канечне! Але ў мяне было толькі некалькі песень, і мой муж Барыс узяў мяне ў “Чараўніцы” асобным нумарам. Пакуль дзяўчаты пераапраналіся і адпачывалі, я спявала свае тры песні. Але як цяжка яны мне даваліся пасля страты голасу і доўгага яго аднаўлення! Голас стаў не такі высокі, як у верасоўскі час, але, кажуць, прыгожы…

— Відаць, для спевака гэта самае страшнае…

— Так, самае страшнае — страціць голас. Мне прыйшлося доўга лячыцца, аднаўляць функцыянальнасць галасавых звязак… Піла таблеткі, калолі ўколы, але галоўным было не напружваць галасавыя звязкі і маўчаць. Як жа гэта цяжка — маўчаць…

Але адна справа — вылечыць звязкі, а іншая — вярнуць голас. Зрабіць гэта мне дапамагла цудоўны педагог Ірына Палянская, якая працавала ў філармоніі.

— А потым была падрыхтоўка да ўсесаюзнага конкурсу?

— Гэта быў 1983 год. Мой апошні шанс заявіць пра сябе на ўсесаюзным узроўні, бо ў конкурсе ўдзельнічалі выканаўцы да 30 гадоў. У гэты час захварэла дачка, і я была вымушана паехаць у Гродна. Атрымалася так, што мяне ніхто не папярэдзіў пра час, калі павінна было адбыцца праслухоўванне, хаця я пра гэта прасіла. Падлячыўшы дачку, я ­вярнулася ў Мінск — якраз у той дзень, калі праходзіў адбор на конкурс. Было вельмі крыўдна… Але Леанід Аляксеевіч Арахоўскі, які тады кіраваў эстраднымі кадрамі, дапамог зноў персанальна для мяне сабраць мастацкі савет і даў мне шанс паехаць на конкурс.

Філармонію прадстаўлялі пяцёра, у тым ліку я. Ад радыё на конкурс паехала Валянціна Пархоменка. Усім філарманічным артыстам далі калектывы, якія да конкурсу рыхтавалі аранжыроўкі, а мне як той, што спазнілася, нікога не дасталася. Але я знайшла выйсце: разам з яшчэ адным гітарыстам падрыхтавала ўласныя апрацоўкі дзвюх народных песень, а для трэцяй мне ўсё ж такі далі музыкантаў. Паехалі на конкурс, і так атрымалася, што два конкурсныя туры прай­шла толькі я з пяці артыстаў філармоніі. Званне лаўрэата было гарантавана. У фінале з 86 выканаўцаў прабілася ў шасцёрку лепшых і заваявала званне дыпламанта, а гэта адкрывала на эстрадзе новыя магчымасці: у канцэртах я магла выступаць не з некалькімі нумарамі, а спяваць цэлае аддзяленне.

За кожным спеваком філармоніі замацоўвалі калектывы. Мне дастаўся ансамбль сучаснага балета “Сэнс”. Яркія, ледзь не цыркавыя, касцюмы балета і я з апрацоўкамі народных песень часам выглядалі проста дзіўна. (Смяецца.) Разам з намі ў якасці канферансье і вакаліста працаваў вядомы тады бард Валодзя Бобрыкаў. Вось такая эклектычная праграма была, а праз некаторы час мы працавалі ў адной праграме з групай “Сузор’е”.

Некаторы час, ужо ў “Мінскканцэрце”, працавала з Ганнай Паўлаўнай Рыжковай. Яе ўвесь час параўноўвалі са славутым ­Аркадзем Райкіным — наш Райкін у спадніцы. Яе ўсе баяліся, і больш за ўсё з-за ­ўдзелу ў разнастайных сходах працоўнага калектыву. Вось дзе яна, вострая на язык, магла даць жару ўсім — ад дырэктара да міністра. Калі я пачала працаваць з Ганнай Паўлаўнай, усе, ведаючы яе жорсткі характар, мне спачувалі. А мне было цудоўна з ёй праца­ваць. Адно засмучала: у яе праз дзень былі перапады настрою. Магла быць у дэпрэсіі, і ўсё тады вакол здавалася дрэнным, затое ў гуморы яна давала дыхту ўсім: і ў гасцініцы, і ў рэстаране, і за кулісамі. І мне, бывала, даставалася, а я толькі хадзіла за ёй і прасіла ва ўсіх прабачэння за яе крыўды.

А потым у мяне з’явіўся свой калектыў, дзе былі гітарыст, спявак, танцавальная пара і артыст размоўнага жанру.

Гастролі вельмі падабаліся. Але на сконе СССР былі сітуацыі, калі па выніках гастролей мы ўваходзілі ў мінус. Неяк былі ва Украіне. Жылі ў жудасных умовах у нейкім інтэрнаце, шмат выступалі. Калі вярнуліся ў Мінск, аказалася, што мы яшчэ і вінаватыя засталіся “Мінскканцэрту”. Далей у такіх умовах працаваць было ўжо немагчыма. Маючы 20 гадоў стажу, і я пайшла на заслужаны адпачынак.

Самае цікавае тое, што, развітаўшыся з філармоніяй, я змагла запісаць чатыры аўдыяальбомы (тады гэта былі касеты), і заслужанай артысткай Беларусі я стала, таксама ўжо знаходзячыся на пенсіі. Зараз я вольная мастачка і спяваю на канцэртах, калі мяне запрашаюць.

— Вашы песні вельмі блізкія па духу да народных. Ці бывалі ў сувязі з гэтым нейкія казусы?

— Сапраўды, як кампазітар я вырасла на народнай музыцы, шэраг маіх песень пайшоў у народ. Два гады назад мяне запрасілі на тэлебачанне, дзе ў праграме “Залатая калекцыя беларускай народнай песні” я выканала ўласную песню на верш Яўгена Бароўскага “Ой, бяда”, і пасля падарылі сімвалічную зорку. Звярнула ўвагу на подпіс я толькі тады, калі ў “Аднакласніках” мой знаёмы заўважыў, што песня пазначана як народная. Тэлефанавала рэдактарам, прасіла выправіць. Але ў эфір так і пайшло: “Надзея Мікуліч з народный песняй…” Не так даўно зноў удзельнічала ў гэтым праекце, дзе прадставіла свае апрацоўкі народных песень.

— Як звычайна сустракаеце Новы год і Каляды?

— Калі была ў складзе “Верасоў”, мы працавалі амаль кожны Новы год, а некалькі гадоў запар канцэрты ў філармоніі былі 31 снежня, 1 і 2 студзеня. Найбольш складана было працаваць 1 студзеня. Часта ў навагоднюю ночь працавала на канцэртах каля Нацыянальнай бібліятэкі і Палаца спорту.

Апошнім часам мы з мужам сустракаем Новы год дома, зрэдку выбіраемся ў госці, а ўсё таму, што муж любіць вельмі рана класціся спаць. Таму я, напрыклад, раней магла сустрэць Новы год дома з Барысам, а потым паехаць да сябровак. А зараз ужо і сама нікуды ў госці не езджу.

— Што ў вас звычайна на святочным стале?

— Любім самі засаліць паляндвіцу, засмажыць дамашнюю пальцам пханую каўбасу, муж вельмі любіць галубцы, фаршыраваныя шампіньёны, запечаную курыцу. Але Барыс не любіць Новы год менавіта таму, што трэба ноччу есці. Шчыра кажучы, я не люблю гатаваць, а вось муж мой наадварот. Таму можна лічыць, што ў мяне ёсць асабісты кухар. (Смяецца.) Аднак ёсць страва, якая нам вельмі падабаецца і якую я нават на тэлебачанні неяк прадстаўляла. Спачатку ачышчаны і нарэзаны гарбуз трэба пасмажыць на патэльні, як бульбу, а потым туды дабавіць спецыі (перац, каляндру, кроп і інш.) і смятану, крыху патушыць, а потым дабавіць часнок.

— Гарбузы купляеце ці вырошчваеце?

— Свае, вырашчаныя на дачы, смачнейшыя. У нас з мужам на дачы ў кожнага свая гаспадарка. Барыс са старых вокнаў зрабіў цяпліцу і там ледзь не жыве на працягу ўсяго сезона. А ў мяне — парнічок. У гэтым го­дзе пасадзіла баклажаны і пару дзясяткаў памідораў. З тых кволенькіх раслінак вырас даволі ўдалы ўраджай. З баклажанамі была цікавая гісторыя. У пачатку лета вырас ­адзін, і так да канца жніўня ­адзін на градцы і вісеў. А потым, калі ўжо холадна стала, баклажаны раптам пайшлі ў рост. Мне нічога не заставалася, як сабраць ураджай. Сфатаграфавала яго і ў інтэрнэт размясціла. Было шмат каментарыяў, маўляў, які цудоўны ўраджай. Мне даводзі­лася тлумачыць, што гэта на фатаграфіі так прыгожа атрымалася, а на яве баклажаны былі памерам з мезенец. Для агуркоў сёлета зрабіла кропельны паліў, набраўшы ў бальніцы кропельніц. Мае агуркі нават пры маёй адсутнасці былі палітыя.

— Якія яшчэ ў вас ёсць захапленні?

— Я заўзятая рыбачка. Самую вялікую рыбіну злавіла, калі была ў Сібіры. Таго вялізнага шчупака сама нават не змагла выцягнуць. А так звычайна невялікія карасікі трапляюцца. У суседкі па дачы ёсць сажалка. Год назад мы з мужам запусцілі туды рыбу і сёлета ўжо рыбачылі.

— Чаго вы пажадалі б нашым чытачам напярэдадні Каляд і Новага года?

— Найперш, канечне, здароўя — гэта нікому не пашкодзіць. А яшчэ дабрабыту і разумення…

Гутарыў
Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з асабістага архіва Надзеі МІКУЛІЧ.

 

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *