Надзея жыве надзеяй

- 12:26Сацыяльны ракурс

Гаспадыня дзіцячага дома сямейнага тыпу ў аграгарадку Мірны Баранавіцкага раёна Надзея Якубовіч штодня ў справах. Вось і ў дзень нашай сустрэчы ў яе было запланавана шмат: акрамя штодзённых клопатаў трэба было яшчэ і ў раённы аддзел адукацыі заехаць, і адзенне з абуткам сваім выхаванцам набыць — пакуль яны знаходзяцца ў дзіцячым садку і школе, ёсць магчымасць адлучыцца. Але жанчыне не прывыкаць. І мноства запланаваных спраў яна робіць лёгка і нязмушана — дзякуючы шматгадоваму вопыту, бо гэтая справа — выхаванне дзяцей з асаблівым лёсам — для Надзеі Мікалаеўны, можна сказаць, сямейная.

Да пераезду ў Мірны Надзея Якубовіч працавала ў вёсцы Вольна — у бальніцы сястрынскага догляду санітаркай. Але паралельна актыўна дапамагала сваёй маці Галіне Канстанцінаўне Бянкевіч, якая 15 гадоў працуе мамай-выхавальніцай дзіцячага дома сямейнага тыпу ў вёсцы Крошын згаданага раёна. Яе вялікая сям’я складалася з дзесяцярых дзяцей. Праўда, цяпер яна стала крыху меншай. Адна дзяўчына ўжо выйшла замуж, а два юнакі сышлі на свой хлеб — працуюць на вытворчасці.
Быць гаспадыняй дзіцячага дома сямейнага тыпу — справа нялёгкая. Тым не менш, добра ведаючы гэты хлеб, Галіна Канстанцінаўна і дачцэ сваёй параіла звярнуць ўвагу на дзяцей, якім не хапае сямейнага клопату.
— Я бачу, што ты, Надзя, — клапатлівая маці сваіх дзяцей, — неяк у размове падкрэсліла Галіна Канстанцінаўна. — Дзеці твае, Ігар і Ангеліна, заўсёды дагледжаныя, выхаваныя. Да таго ж ты маеш добрую практыку абыходжання з дзецьмі, знаходзіш з імі агульную мову. Умееш арганізаваць гульні, віктарыны, іншыя заняткі. Увогуле, ім з табой цікава. Дык вось, ці не пара табе адкрыць свой дом сямейнага тыпу?
— Але ж я не маю педагагічнай адукацыі, — засумнявалася дачка.
— Затое ў цябе добрая і ласкавая душа. I ты адкрытая дзецям. А калі захочаш, то дыплом выхавальніка не будзе лішнім. Цяпер вучацца завочна, нават па інтэрнэце. Так што рабі выснову.
З гэтага ўсё і пачалося. Параіўшыся з мужам Уладзімірам і атрымаўшы яго згоду, Надзея прыняла канчатковае рашэнне. Хаця выдатна разумела, што прымае на сябе вялікую адказнасць. А калі даведалася, што ў аграгарадку Мірны адкрываецца дом сямейнага тыпу, паспяшалася ў раённы аддзел адукацыі.
Там ведалі дачку Галіны Канстанцінаўны як выдатную памочніцу маці. Гэта таксама спрыяла станоўчаму рашэнню аб прыняцці на работу. Так Надзея і Уладзімір, маючы дваіх непаўналетніх дзяцей, прынялі ў сваю сям’ю яшчэ шасцярых ва ўзросце ад 3 да 14 гадоў.
На адкрыццё дзіцячага дома сямейнага тыпу ў мінулым лістападзе прыехала шмат гасцей, у тым ліку прадстаўнікі кіраўніцтва вобласці. Яно і не дзіўна. Ажыццяўляючы зацверджаную прэзідэнтам праграму па накіраванні дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на сямейныя формы выхавання, Брэстчына ўжо мае пэўныя набыткі. Яшчэ адзін дом сямейнага тыпу ў той дзень адкрыўся ў Івацэвічах. Напрыканцы мінулага года — яшчэ два. Будаўніцтва яшчэ чатырох дамоў запланавана на 2015 год. Усяго ж па стане на канец мінулага года ў вобласці функцыянавала 36 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, дзе выхоўвалася 229 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Акрамя таго, 660 непаўналетніх выхоўваліся ў прыёмных сем’ях і 1186 — у апякунскіх.
…Мы з Надзеяй Мікалаеўнай гутарым у прасторнай зале, дзе стаіць доўгі стол, за якім сям’я збіраецца за сняданкам і вячэрай. Абедаюць дзеці па меры прыходу з урокаў. Вось і цяпер першакласнік Яська і шасцікласніца Дануська са школы дадому вярнуліся першымі. Дзяўчынка пайшла пераапранацца, а цікаўны хлопчык, уладкаваўшыся ў мяккім крэсле, слухаў нашу з Надзеяй размову. Часам ён знікаў па нейкіх сваіх справах, а калі вяртаўся, атрымліваў заўвагу ад гаспадыні дома:
— Яська, у нас за сабой прыбіраюць месца. Прывыкай, калі ласка, да гэтага, — ласкава заўважыла Надзея, паказаўшы на пакінутае ім на крэсле пакамечанае пакрывала.
— Прабач, мама, — і хлопчык пачаў хутка наводзіць парадак.
— Як у вас увогуле хапае часу на ўсё ў такім вялікім доме? — цікаўлюся ў гаспадыні.
— Адна б я ніколі не справілася, — усміхаецца яна. — Ды і не трэба ўсё браць на сябе. Мы ўсё разам робім — у гэтым сакрэт. У нас няма падзелу на мужчынскую і жаночую справу. Але спачатку кожны прыводзіць да ладу сваё рабочае месца. На гэта шмат часу не трэба.
— Па кухні прызначаюцца дзяжурныя?
— А як жа! Трэба выпрацоўваць навыкі самаабслугоўвання: абіраць бульбу і моркву, мыць падлогу і посуд, прыбіраць у сталовай. Праўда, з улікам узросту да гэтых заняткаў прыцягваюцца старэйшыя дзеці, часцей Дануська і Саша, — тлумачыць Надзея Мікалаеўна.
Пры гэтым у кожнага з дзяцей хапае часу не толькі на тое, каб займацца хатнімі справамі і ўрокамі, але і справай, цікавай менавіта яму. Так, васьмікласнік Саша захапляецца фуболам, ён уваходзіць у школьную зборную каманду, не прапускае па тэлебочанні ніводнай гульні БАТЭ. Шасцікласніца Дануська завіхаецца, як дарослая, на кухні. З яе атрымаецца выдатная гаспадыня.
— Каб вызначыць здольнасці сваіх дзяцей, назіраю за імі, размаўляю пра ўсё, — гаворыць Надзея Мікалаеўна. — Звяртаюся і да педагогаў, атрымліваю канкрэтныя парады, наведваю ўрокі і бацькоўскія сходы. Дома мы рыхтуем да свят канцэрты і выставы малюнкаў. Запрашаем на гэтыя мерапрыемствы суседскую дзятву. Нашы дзеці наведваюць у школе гурткі па інтарэсах. Там раскрываюцца іх здольнасці. Плануем старшакласнікаў адпраўляць на заняткі ў Палац школьнікаў. Балазе мы жывём недалёка ад райцэнтра.
Дарэчы, і дырэктар Мірнаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Аляксей Міхайлавіч Ждановіч расказаў, што Якубовічы з першых дзён наладзілі цесную сувязь са школай. Надзея Мікалаеўна наведвае дзіцячы сад і школу, прысутнічае на ўроках, удзельнічае ў мерапрыемствах, якія рыхтуюць вучні і іх бацькі. Увогуле, актыўна і аб’ектыўна вывучае сваіх выхаванцаў.
— Што плануеце на перспектыву? — напрыканцы размовы пытаюся ў мамы гэтай вялікай сям’і.
— 3 кожным годам спадзяёмся прырастаць. У сэнсе колькасці. На першым этапе плануем павялічыць сям’ю да 10 чалавек, затым — да 15. У распараджэнні дзяцей двухпавярховы прасторны і светлы дом з гаспадарчымі пабудовамі. Месца за агульным сталом дастаткова. Галоўнае, каб у доме былі наладжаны шчырыя ўзаемаадносіны паміж дзецьмі. Як кажуць, перш за ўсё — “пагода ў доме”. Мы з мужам жывём надзеяй, што ў нас усё атрымаецца.

Канстанцін СТАНКЕВІЧ.