“Школа павінна фарміраваць жыццёвыя навыкі, якія дазволяць маладому пакаленню дасягаць пастаўленых мэт, знайсці сваё месца ў жыцці, — лічыць начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Ляхавіцкага райвыканкама Брэсцкай вобласці Святлана Канстанцінаўна Якубоўская. — Сёння мы дакладна разумеем, што не кожны наш вучань будзе прафесарам ці лётчыкам. Для нас важна іншае — каб ён быў Чалавекам з вялікай літары ў жыцці, таму ў школе перш за ўсё патрэбна вучыць чалавечнасці, павазе да гістарычнай і культурнай спадчыны, да асобы, да правоў чалавека”. Як рэалізоўваюцца гэтыя задачы — гутарка С.К.ЯКУБОЎСКАЙ з нашым карэспандэнтам.
— Святлана Канстанцінаўна, над якімі праектамі працуюць вучні і педагогі раёна ў бягучым навучальным годзе? Якіх поспехаў дасягнулі яны?
— Сёлета пяць устаноў адукацыі раёна сталі ўдзельнікамі інавацыйных праектаў. Так, педагагічны калектыў гімназіі Ляхавіч працуе над рэалізацыяй праекта “Укараненне кампетэнтнасна-арыентаванай лічбавай мадэлі прафарыентацыйнай работы як кампанента мабільнай адукацыі”. Інавацыйны праект “Укараненне мадэлі рэгіянальнага адукацыйнага кластара як умова прафесійнага самавызначэння навучэнцаў” — у цэнтры ўвагі педагогаў Жарабковіцкай сярэдняй школы. У яго межах рэалізоўваецца новы фармат арганізацыі вольнага часу школьнікаў — вучэбная бізнес-кампанія “Няхітрыя вырабы”. Яна дае магчымасць навучэнцам атрымаць падчас адукацыйнага працэсу практычны вопыт у галіне прадпрымальніцтва і менеджменту.
Ужо за першае паўгоддзе гэтага навучальнага года нашы навучэнцы (асабліва профільных класаў) маюць шмат узнагарод абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Напрыклад, навучэнцы педагагічнага класа сярэдняй школы № 2 Ляхавіч атрымалі дыплом рэспубліканскага ўзроўню за лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня, вучні гімназіі сталі пераможцамі ў рэспубліканскім конкурсе дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі.
З 2014/2015 навучальнага года ў раёне на базе сярэдняй школы № 2 Ляхавіч штогод адкрываліся спецыялізаваныя спартыўныя класы. На сёння іх 4. У мінулым годзе навучэнцамі раёна заваяваны залаты і бронзавы медалі на першынстве Еўропы па дзюдо; у першынствах Рэспублікі Беларусь — 19 медалёў па чатырох відах спорту; 86 медалёў у скарбонцы раёна ў першынствах Брэсцкай вобласці па розных відах спорту. Дарэчы, за апошнія пяць гадоў падрыхтаваны 13 кандыдатаў у майстры спорту Рэспублікі Беларусь.
— Як адпачываюць школьнікі на зімовых канікулах?
— Мы імкнуліся зрабіць для вучняў дні школьных канікул цікавымі і запамінальнымі, насычанымі разнастайнымі падзеямі і сустрэчамі. На перыяд зімовых канікул у кожнай установе агульнай сярэдняй адукацыі раёна распрацаваны план мерапрыемстваў, які ўключае арганізацыю і правядзенне навагодніх свят, фізкультурна-аздараўленчых, спартыўна-масавых мерапрыемстваў, паходаў і экскурсій, калектыўных творчых спраў і іншых выхаваўчых мерапрыемстваў. Так, напярэдадні Новага года з мэтай удасканалення і развіцця турысцкага і спартыўнага майстэрства на базе Конькаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы адбыўся раённы навагодні турнір па тэхніцы горна-пешага турызму. У спаборніцтвах прынялі ўдзел 9 каманд устаноў адукацыі раёна. Удзельнікі турніру прадэманстравалі свае ўменні і навыкі па тэхніцы горна-пешага турызму і спартыўнага арыентавання, атрыманыя на занятках па інтарэсах.
У раёне арганізавана работа аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем дзяцей на базе ўстаноў адукацыі. У канікулярны перыяд ва ўстановах адукацыі раёна арганізоўваюцца экскурсіі на знешніх маршрутах, у якіх прымаюць удзел больш за 40% навучэнцаў. Праводзяцца таксама паходы, экскурсіі, краязнаўчыя экспедыцыі на ўнутраных маршрутах, у якіх задзейнічаны 50—70% навучэнцаў. Арганізоўваецца наведванне музеяў устаноў адукацыі раёна.
— Як наладжана ва ўстановах адукацыі раёна работа ў шосты школьны дзень? Ці ахвотна ідуць у суботу ў школу вучні?
— У кожнай установе адукацыі рэалізоўваецца ўласная мадэль шостага школьнага дня. Асаблівая ўвага ўдзяляецца прыцягненню навучэнцаў да заняткаў фізічнай культурай і спортам, прапагандзе здаровага ладу жыцця. Забяспечанасць спартыўным інвентаром устаноў адукацыі дазваляе ва ўсіх установах стварыць каманды па гульнявых відах спорту, а таксама арганізаваць работу клубаў “Юны алімпіец”. Выкарыстоўваюцца новыя формы і метады работы (майстар-класы па відах спорту, фестываль чырлідынгу), паказальныя выступленні навучэнцаў спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, конкурсы на лепшы сцэнарый алімпійскага ўрока, віктарыны, конкурсы па прапагандзе алімпійскага руху, маладзёжныя ток-шоу, брэйн-рынгі “Фізкультура — спорт — здароўе!”, “Беларусь алімпійская”, “Урокі чэмпіёнаў” з запрашэннем спартсменаў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у розных відах спорту.
Усе ўнутрышкольныя, гарадскія і раённыя спартыўныя і турыстычныя спаборніцтвы праводзяцца ў шосты школьны дзень. Таксама арганізоўваюцца раённыя акцыі дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў БРПА і БРСМ, злёты, конкурсы і іншыя масавыя мерапрыемствы. Акрамя таго, у суботу скарэкціраваны графікі работы сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы, бібліятэкараў, настаўнікаў фізвыхавання, працоўнага навучання, музыкі і інфарматыкі, каб у шосты дзень гэтыя спецыялісты былі поўнасцю задзейнічаны для работы з дзецьмі. І трэба адзначыць, што навучэнцы раёна ахвотна наведваюць мерапрыемствы шостага школьнага дня.
— Святлана Канстанцінаўна, якія задачы на новы каляндарны год вы ставіце? Якія праблемы хацелася б вырашыць?
— У рабоце аддзела і ўстаноў адукацыі і спорту несумненна ёсць пазітыўная дынаміка, але мы разумеем, што ёсць над чым працаваць у далейшым, каб умацаваць і прымножыць нашы дасягненні, каб дабіцца павышэння якасці адукацыі ў рэгіёне. Мы ставім перад сабой задачу адкрыць новыя напрамкі гуртковай работы — авіямадэляванне і суднамадэлізм, разглядаем новыя формы работы ў дашкольных установах адукацыі.
Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.