Наперад да фінішнай прамой

- 8:04Якасць адукацыі

Абласны этап — гэта паўфінал рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. За плячамі ўдзельнікаў — доўгі шлях адбораў, а наперадзе — фінішная прамая заключнага этапу, на якую выйдуць толькі самыя лепшыя. На Міншчыне за гэтае права ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды спаборнічалі 880 навучэнцаў 8—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Інтэлектуальныя спаборніцтвы па 17 прадметах прайшлі ва ўстановах адукацыі Жодзіна, Маладзечна, Слуцка, Вілейкі, Барысава, Узды, Дзяржынска, а таксама ў Мінскім дзяржаўным абласным ліцэі. 70 педагогаў суправаджалі каманды навучэнцаў, а ацэньвалі іх 115 кампетэнтных спецыялістаў, што ўвайшлі ў склад журы.

Лепшыя знаўцы біялогіі сабраліся ў Мінскім дзяржаўным абласным ліцэі: 20 навучэнцаў 9 класа, 19 дзесяцікласнікаў і 22 навучэнцы 11 класа. Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця алімпіяды іх вітала начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама:

— На Усебеларускім народным сходзе ў чэрвені мінулага года былі вызначаны прыярытэты развіцця дзяржавы. Сярод іх — інавацыйнае развіццё і раскрыццё патэнцыялу моладзі. Прадметная алімпіяда — гэта якраз форма выяўлення таленавітай моладзі, якая сваім інтэлектам будзе развіваць нашу краіну, — звярнулася да навучэнцаў Галіна Мікалаеўна Казак. — Сюды трапілі толькі прыкладна10 працэнтаў удзельнікаў другога этапу. Вы ўжо зараз пераможцы, прыклад для сваіх таварышаў.

Алімпіяда па біялогіі праходзіла ў два этапы. Першы, тэарэтычны, прадугледжваў рашэнне тэставых заданняў. Другі, практычны, — выкананне заданняў у лабараторных умовах. Для гэтага ўдзельнікі алімпіяды адправіліся ў лабараторыі БДПУ імя Максіма Танка. Дзевяцікласнікі выконвалі практычныя заданні па заалогіі, батаніцы, фізіялогіі чалавека і жывёл. Вучні 10 і 11 класаў на практыцы дэманстравалі веды фізіялогіі і анатоміі раслін, генетыкі і малекулярнай біялогіі, біяхіміі і мікрабіялогіі. Асаблівасцю трэцяга тура Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі сёлета стала з’яўленне мікрабіялогіі сярод практычных заданняў, раней заданні з гэтага раздзела прадмета з’яўляліся толькі на заключным этапе.

— У свеце сёння бачна вялікая зацікаўленасць малекулярнай біялогіяй і тэхналагічнымі працэсамі, звязанымі з ёй. Такія заданні ўсё часцей з’яўляюцца ў заданнях рэспубліканскай алімпіяды, бо яны карэкціруюцца з улікам алімпіяды міжнароднай, — расказвае Аляксандр Георгіевіч Песнякевіч, старшыня журы, кандыдат біялагічных навук, дацэнт кафедры мікрабіялогіі біялагічнага факультэта БДУ. — У школе некаторыя аспекты мікрабіялогіі, у прыватнасці бактэрыі, вывучаюцца толькі ў самым пачатку курса. Справіцца з заданнямі практычнага тура па мікрабіялогіі сёлета маглі толькі тыя, хто шчыра цікавіцца біялогіяй, чытае многа дадатковай літаратуры.

Аляксандр Георгіевіч узначальвае журы на абласным этапе алімпіяды ўжо шмат гадоў і робіць некаторыя высновы наконт узроўню складанасці заданняў і падрыхтаванасці вучняў Мінскай вобласці.

— Увогуле заданні сёлета былі крыху лягчэйшымі за мінулагоднія, чаму мы рады. Бо занадта складаныя заданні могуць знішчыць жаданне вучня ўдзельнічаць у алімпіядзе далей. У той жа час узровень складанасці застаўся дастатковым, каб здзейсніць рэальны адбор лепшых, — дзеліцца меркаваннем старшыня журы. — Адзначу, што за апошнія гады не назіраецца значнага змянення агульнага ўзроўню ведаў навучэнцаў, ён застаецца прыкладна аднолькавым.

Найбольш хвалюючымі падзеі алімпіяды, верагодна, былі для дзевяцікласнікаў, якія на абласным этапе выступалі ўпершыню, але адразу ж паказалі сябе як заўзятыя аматары прадмета.

— Цікавасць да біялогіі ў мяне з’явілася, як толькі мы пачалі вывучаць прадмет “Чалавек і свет”. Потым, калі вывучалі непасрэдна біялогію, у кожным раздзеле знаходзіла для сябе нешта цікавае, — расказвае Кацярына Халянкова, навучэнка сярэдняй школы № 4 Салігорска. — Абласная алімпіяда аказалася няпростай, але гэта вялікі вопыт. Вопыт не толькі набыцця ведаў, але і зносін з аднадумцамі. Акрамя таго, выконваючы заданні, слухаючы, што абмяркоўваюць старшакласнікі, разумееш, як многа яшчэ ты не ведаеш, як многа яшчэ трэба вывучыць. Для мяне гэта стымул да далейшага развіцця, ад гэтага біялогія становіцца яшчэ больш цікавай.
Хвалюючай і адказнай была алімпіяда і для адзінаццацікласнікаў.

— Мы разумеем, наколькі вялікія зараз стаўкі, бо перамога ў алімпіядзе можа паўплываць на далейшае паступленне ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Быў пройдзены вялікі шлях. Падрыхтоўцы да алімпіяды аддаецца вялікая колькасць часу і намаганняў. Хочацца, каб гэта прынесла плён, — дзеліцца Уладзіслаў Канчак, навучэнец гімназіі № 1 Салігорска.

Журы адзначыла, што сёлета на абласной алімпіядзе не было яўных лідараў, якія асабліва выдзяляліся б на агульным фоне. Але два туры выпрабаванняў, зразумела, вызначылі пераможцаў. Дыпломам І ступені былі ўзнагароджаны Энтані Далгінін, навучэнец 11 класа МДАЛ, Аліса Каўбасюк, дзесяцікласніца гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна, і вучань 9 класа гімназіі № 10 Маладзечна Антон Кацуба. Яшчэ шасцёра ўдзельнікаў алімпіяды атрымалі дыпломы ІІ ступені, 13 вучняў узнагароджаны дыпломамі ІІІ ступені.

Каманда Мінскай вобласці для ўдзелу ў заключным этапе алімпіяды па біялогіі сфарміравана, цяпер вучні выходзяць на фінішную прамую. Але, каб паказаць там свой лепшы вынік, ім неабходна яшчэ нямала папрацаваць.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.