Напішы сам, або Як падмануць “Антыплагіят”?

- 12:05Навука і інавацыі

У чым розніца паміж правамернымі і некарэктнымі запазычаннямі? А самацытаванне — гэта плагіят? Навошта патрэбна экспертная ацэнка арыгінальнасці навуковых тэкстаў і якімі кампетэнцыямі павінен валодаць эксперт? Што ўяўляе сабой “Антыплагіят” і як працуе сістэма? На гэтыя пытанні адказала афіцыйны прадстаўнік кампаніі “Антыплагіят” у Беларусі па навучанні Ірына СТРАЛКОВА. Семінар для даследчыкаў-пачаткоўцаў “Праблема некарэктных запазычанняў у адукацыі і навуцы. Сістэма “Антыплагіят” як інструмент ацэнкі арыгінальнасці навуковых работ” прайшоў у межах тыдня аспіранта, арганізаванага факультэтам журналістыкі і cаветам маладых вучоных БДУ. 

Разам з развіццём ІТ у акадэмічнае асяроддзе прыйшоў шэраг пытанняў: прапанаванне работ “пад ключ”, паніжэнне эфектыўнасці традыцыйных метадаў кантролю ведаў, якасці навуковых вынікаў і адукацыі ў цэлым. Але галоўная сярод іх — праблема, якую моладзь называе CtrlC — CtrlV, ці інакш copy-paste. Улічваючы выклікі, у 2005 годзе свет убачыла сістэма “Антыплагіят”, што стала першым рашэннем па пошуку рускамоўных запазычанняў. У Беларусі яна трывала замацавалася са сту­дзеня 2017 года і стала лідарам сярод падобных праграм у нашай краіне, Расіі, Казахстане і Кыргызстане.

“Антыплагіят” — спецыялізаваная інфармацыйна-пошукавая сістэма, накіраваная на выяўленне тэкставых запазычанняў і ацэнку іх карэктнасці і правамернага выкарыстання ў навуковых работах (па ходзе мерапрыемства прамоўца неаднойчы падкрэсліць, што сістэма не разлічана на ацэнку арыгінальнасці тэкстаў). Праграма ставіць задачу павысіць празрыстасць навуковага асяроддзя, якасць навуковай камунікацыі і адказнасць аўтараў. Сярод вартасцей “Антыплагіяту” можна вылучыць апрацоўку тэкстаў рознага аб’ёму і фармату (pdf, docx, rtf, zip, odt, txt і інш.), карэктную апрацоўку афармлення цытат, бібліяграфіі і агульных фраз, а таксама знаходжанне перакладных запазычанняў, парафраз і спроб абходу сістэмы.

Дарэчы

Каля 80 тысяч публікацый на постсавецкай прасторы належаць выдаленню, прычынай чаго стаў самаплагіят (некаторыя з іх публікаваліся да 20 разоў у розных выданнях са зменным складам аўтараў і іншымі назвамі).

Для праверкі работы карыстальнік загружае дакумент з тэкстам і атрымлівае справаздачу, дзе “падсвечаны” фрагменты запазычанняў, паказаны выкарыстаныя крыніцы і разлічаны “працэнт арыгінальнасці”. У поўнай версіі эксперту даступна больш звестак пра работу і адкрыты доступ да рэдагавання вынікаў. Бясплатная версія праграмы даступна на сайце www.antiplagiat.ru (тут існуюць абмежаванні па аб’ёме тэксту і адкрыты доступ толькі да 3 першых крыніц запазычання). 

Вялікай памылкай пры выкарыстанні сістэмы Ірына Стралкова называе тое, што фармальна высокі ўзровень арыгінальнасці лічыцца паказчыкам якасці работы. У большасці выпадкаў аналізуюцца толькі працэнты, заяўленыя ў рабоце, — гэта значыць, што рэцэнзент не праглядае дэталёвую справаздачу сістэмы і, адпаведна, не можа прааналіза­ваць карэктнасць запазычанняў (як вынік — розніца паміж правамерным і неправамерным цытаваннем нівеліруецца). Таксама распаўсюджаны сітуацыі, калі чалавек, які правярае работу, не гатовы браць на сябе адказнасць за канчатковы вынік або не хоча губляць час на тое, што не аплачваецца (падрыхтоўка якаснага заключэння займае ад 10 га­дзін). У такіх выпадках праверка работы часта дэлегуецца самому аўтару.

— Як толькі ў метадычных дапаможніках прапісваюцца крытэрыі ацэнкі і лічбавыя паказчыкі арыгінальнасці работ, гэта, як правіла, адбівае ад самой навуковай працы. Задакументаваныя фразы, накшталт “для атрымання  адзнакі 9—10 узровень арыгінальнасці не павінен быць меншым за 85%” ці “ўзровень арыгінальнасці ў 40% можа быць ацэнены адзнакай 5”, ставяць крыж на якасці работы, на тым, якой яна магла быць у ідэале, — адзначыла Ірына Барысаўна. — У пагоні за высокім працэнтам арыгінальнасці аўтары вымушаны перапісваць уласныя ці запазычаныя тэксты, дабаўляць малазначныя фрагменты — ліць ваду, шукаць спосабы падмануць сістэму ці ісці на падлог: правяраць не той ці не зусім той тэкст, які будзе вынесены на абарону. Але не трэба забываць, што “Антыплагіят” разлічаны на пошук запазычанняў, а не на выяўленне ўзроўню арыгінальнасці работы.

Памылкі пры цытаванні

Запазычанні ў навуковым асяроддзі падзяляюцца на некалькі катэгорый: правамерныя, правамерныя некарэктныя і неправамерныя. І ад выкарыстання кожнай з іх можа залежаць далейшы лёс работы: допуск ці нядопуск да абароны (дысертацыя, дыпломная работа), чырвонае ці зялёнае святло для публікацыі (артыкул). Так, калі спасылка аформлена няправільна, цытаванне будзе правамерным, але некарэктным: калі ў тэксце ўпамінаецца імя аўтара ці работы, спасылка на іх у бібліяграфічным спісе абавязковая. З’яўленне ў тэксце цытат і спасылак, не прадстаўленых у спісе літаратуры, і наадварот, з’яўленне ў спісе літаратуры крыніц, не заяўленых у рабоце, лічыцца грубай памылкай (таму не адкладвайце афармленне спіса літаратуры на “пасля”: узгадалі работу — прапішыце спасылку).

Правамернае запазычанне — гэта выкарыстанне ў навуковым творы часткі чужога тэксту з абавязковым указаннем на сапраўднага аўтара і крыніцу запазычання, аформленае згодна з правіламі цытавання. Прасцей: сітуацыя, калі чытач разумее, што фрагмент запазычаны, і можа без перашкод даведацца адкуль. Неправамерным лічыцца выкарыстанне чужога матэрыялу без спасылкі ці прыпісванне сабе ўрыўка чужой работы. Да асобнай катэгорыі адносяць тэхнічнае запазычанне — тытульны ліст, бібліяграфічныя спісы, навуковыя тэрміны, назвы прававых актаў і інш. (на іх сістэма не звяртае ўвагі, паколькі такія запазычанні правамерныя).

Дапушчальны аб’ём неправамерных запазычанняў у навуковых работах — 0%. Пры наяўнасці такіх элементаў у дысертацыі саіскальнік вучонай ступені будзе зняты з абароны і пазбаўлены права прадастаўляць на абарону новую работу тэрмінам на 5 гадоў. Такія выпадкі, па словах Ірыны Барысаўны, — рэдкасць, паколькі рэпутацыя ў акадэмічным асяроддзі не пусты гук.

Галоўнае патрабаванне сістэмы — каб у рабоце не было неправамерных запазычанняў. Адсюль — неабходнасць таго, каб кожны тэкст правяраўся экспертам. Такі спецыяліст, па словах Ірыны Стралковай, павінен мець адпаведную кваліфікацыю, быць кампетэнтным у галіне, у якой напісана дысертацыя (аўтар не можа быць экспертам уласнага тэксту, як і спецыяліст у галіне медыцыны не можа ацэньваць работу па літаратуразнаўстве). Задача кожнага эксперта — ацэньваць правамер­насць і карэктнасць цытавання работы. Ірына Барысаўна пераканана, што падыход да ацэнкі арыгінальнасці павінен быць дыферэнцыраваны ў залежнасці ад віду навуковага твора: дысертацыі, дыпломнай ці курсавой работы, навуковага артыкула і г.д. Таксама выступоўца лічыць, што адказнасць за фінальныя вынікі павінна ляжаць на эксперце, паколькі вынікі праверкі сістэмы “Антыплагіят” носяць папярэдні характар. Роля падобных спецыялістаў неацэнная, таму зараз на базе ІПКіП БДПУ імя Максіма Танка арганізоўваюцца курсы павышэння кваліфікацыі такіх кадраў.

Паводле статыстыкі пошукавікаў Google і “Яндэкс”, больш за 30 тысяч запытаў у канцы мая 2019 года складалі пытанні, як падмануць “Антыплагіят”. Сярод такіх фокусаў па абходзе — устаўка нябачных слоў і сімвалаў, выкарыстанне амогліфаў (сімвалаў, падобных напісаннем, але розных па значэнні, як а і a, б і ϭ) і інш.

Спецыяліст расказала пра ідэальны алгарытм экспертнай праверкі. Першае, што трэба зрабіць эксперту, — пераканацца, што аўтар не спрабаваў абысці сістэму. Затым — ацаніць крыніцы запазычання на наяўнасць сувязі з аўтарам (зразумець, ці гэта самацытаванне, і тады даць ацэнку яго аб’ёму і абгрунтаванасці, або выявіць правамернасць ці неправамер­насць цытавання іншых аўтараў). І вынесці канчатковае заключэнне.

Самацытаванне

Артыкул — адзіны жанр навуковых работ, да якога прымяняюцца лічбавыя паказчыкі (аб’ём выкарыстання ўласных тэкстаў тут складае не больш за 30%), паколькі ён павінен утрымліваць значную частку новага матэрыялу. Аўтары даследавання і аўтары артыкула, як правіла, розныя людзі.

У дысертацыі інакш: крытэрыі аб’ёму не прымяняюцца. Занадта арыгінальная работа павінна выклікаць больш пытанняў, чым тая, што мае запазычанні, бо ўсе вынікі дысертацыйнага даследавання павінны быць апублікаваны да абароны. Самацытаванне, на думку Ірыны Стралковай, тут можа даходзіць да 100%, таму не пажадана мець суаўтараў у работах (па магчымасці не рэкамендуецца публікаваць артыкулы сумесна з кім-небудзь, у тым ліку з навуковым кіраўніком, паколькі пры абароне дысертацыі цяжка будзе дака­заць асабісты ўклад саіскальніка). Нельга таксама спасылацца на ўласную дысертацыю трохгадовай даўнасці: матэрыялы для цытавання павінны або выйсці ў манаграфіі, або выліцца ў шэраг артыкулаў.

— Меркаваць пра самастойнасць даследавання, яго навізну і іншыя ключавыя аспекты павінны высокакваліфікаваныя спецыялісты. Працэдуру праверкі трэба выбудоўваць так, каб даць эксперту доступ да ўсяго неабходнага функцыяналу і выключыць злоўжыванні, нямэтавае расходаванне праверак і фармальны падыход да працэдуры, — рэзюмавала афіцыйны прадстаўнік кампаніі “Антыплагіят”.

У дапамогу чытачу прамоўца рэкамендавала наступныя матэрыялы:

вэбінары Марыны Суворавай “Новыя магчымасці сістэмы “Антыплагіят” для эфектыўнай работы” (youtube.com) і “Хто не захаваўся, я не вінаваты” (www.unkniga.ru);

Ірыны Стралковай “Запазычанні ў навуковых публікацыях. Культура цытавання” (youtube.com);

Міхаіла Гельфанда “Дысертацыі і публікацыі. Дапушчальны аб’ём запазычанняў, агульнапрынятыя азначэнні, працэнт арыгінальнасці і іншыя фантомы” (youtube.com);

Вольгі Беленькай “Праблема самацытавання ў навуковых работах. Новыя магчымасці сістэмы “Антыплагіят” (youtube.com)

і артыкулы Юрыя Чаховіча “Як падма­нуць “Антыплагіят”: 7 парад ад дырэктара “Антыплагіяту” (www.lala.lanbook.com) і “Трое в лодке, нищета и собаки, или Как “Антиплагиат” ищет парафраз” (www.habr.com).

Ірына ІВАШКА.
Фота прадастаўлена арганізатарамі мерапрыемства.