Наркотыкі ў школе: дзе знайсці рэзервы для барацьбы

- 13:59Сацыяльны ракурс

4 лютага ўступіў у сілу Закон “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь па пытаннях процідзеяння незаконнаму абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў”. Дзеянне гэтага дакумента накіравана на тое, каб прывесці заканадаўства ў адпаведнасць з Дэкрэтам № 6 “Аб неадкладных мерах па процідзеянні незаконнаму абароту наркатычных сродкаў”. Меры неабходныя і своечасовыя:
у 2014 годзе ў 4,5 разу вырасла колькасць крымінальных спраў, якія былі ўзбуджаны за нарказлачынствы з удзелам падлеткаў. У цэлым фігурантамі крымінальных спраў у мінулым годзе сталі 389 непаўналетніх. З пачатку студзеня па завершаных крымінальных справах адзначаецца прырост колькасці злачынстваў сярод непаўналетніх на 3%. Пра тое, якія яшчэ віды злачынстваў, акрамя ўжывання і распаўсюджвання наркатычных сродкаў, рэгістраваліся сярод непаўналетніх у мінулым годзе, нам з нагоды Дня міліцыі, які адзначаўся ўчора,
4 сакавіка, расказаў начальнік аддзела арганізацыі работы ІСН МУС Рэспублікі Беларусь палкоўнік міліцыі Віталь Алегавіч ЯНЧЫН.

— Віталь Алегавіч, пра якую тэндэнцыю — рост ці зніжэнне колькасці злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі, мы можам гаварыць сёння, калі падведзены канчатковыя вынікі за мінулы год і ўжо ёсць пэўныя прагнозы на найбліжэйшы перыяд?
— Упершыню за 8 гадоў у краіне адзначаны рост колькасці злачынстваў, праўда, нязначны — на 3 працэнты. Тым не менш за апошнія 10 гадоў (у параўнанні з 2004 годам) колькасць злачынстваў зменшылася амаль у 3,5 разу. Што тычыцца колькасці злачынстваў, то яшчэ на пачатку мінулага года мы прагназавалі, што будзе назірацца іх усплёск. Гэта звязана з тым, што ў маладзёжным асяроддзі, у тым ліку сярод непаўналетніх, шырокую папулярнасць атрымала распаўсюджванне наркотыкаў, асабліва спайсаў. Калі раней набыць гэты наркотык можна было толькі ў буйным горадзе, то цяпер ён даступны ўсюды. З-за сваёй даступнасці, таннага кошту спайсы атрымалі шырокае распаўсюджанне. Зразумела, сваю ролю адыграла і тое, што на працягу значнага часу спайсы не былі забаронены, не ўваходзілі ў спіс небяспечных наркатычных сродкаў згодна з крымінальным заканадаўствам. Дарэчы, што тычыцца злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, здзейсненых непаўналетнімі, за мінулы год іх колькасць склала 464 (2013 год — 127).
Менавіта наркотыкі сталі асноўнай бядой і галоўнай праблемай мінулага года. Калі гаварыць больш падрабязна пра нарказлачынствы з удзелам непаўналетніх, то больш за 65% ад агульнай колькасці гэтых злачынстваў здзейснены навучэнцамі сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, 18% — навучэнцамі школ і гімназій. Гледзячы на такую статыстыку, можна зрабіць высновы, што прафілактыку ў такіх установах адукацыі неабходна праводзіць у большым аб’ёме. Акрамя гэтага, у мінулым годзе неаднаразова былі выяўлены факты нарказлачынстваў у інтэрнатах, дзе пражываюць навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў (5% злачынстваў ад агульнай колькасці). Непасрэдна ў саміх установах адукацыі было выяўлена ўсяго толькі 3% злачынстваў.
Факты выяўлення злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў сярод непаўналетніх, ва ўстановах адукацыі і ў інтэрнатах — гэта вынік сумеснай наладжанай работы, якую мы правялі разам з сістэмай адукацыі. Зразумела, што большасць гэтых злачынстваў (22 — у інтэрнатах і 14 — у школах і ліцэях) былі выкрыты пры дапамозе педагогаў.
У нас яшчэ ёсць рэзервы да далейшых сумесных дзеянняў. Факты знаходжання непаўналетніх у стане наркатычнага ўзбуджэння, асабліва ў інтэрнатах, дзе з падлеткамі сам-насам застаюцца толькі выхавальнікі, не павінны заставацца без увагі. Адметна і прыемна, што ў большасці выпадкаў, калі ў інтэрнаце быў заўважаны навучэнец у стане наркатычнага ўзбуджэння, выхавальнікі тэлефанавалі не ў дзяжурную часць міліцыі “102”, а свайму інспектару па справах непаўналетніх. Гэта сведчыць аб даверлівых адносінах паміж участковымі інспектарамі і іх падапечнымі. Трэба, каб непаўналетнія разумелі, што беспакаранымі яны ў любым выпадку не застануцца. І не мае значэння, дзе яны ўжылі наркотык — на вуліцы ці ў інтэрнаце. Гэтае дзеянне ўсё роўна вартае пакарання. Важнае значэнне мае і ранняе выяўленне маладых наркаспажыўцоў. Калі па нейкіх прычынах такая бяда з падлеткам ужо адбылася, чым раней мы будзем пра гэта ведаць, тым больш эфектыўнай будзе дапамога спецыялістаў. Такім чынам мы можам паспрабаваць засцерагчы падлетка ад паўторнага ўжывання наркотыкаў.
Калі гаварыць пра бягучы год, з пачатку студзеня па завершаных справах адзначаецца прырост злачынстваў на 3%.

— Пасля ўступлення ў сілу Дэкрэта № 6 “Аб неадкладных мерах па процідзеянні незаконнаму абароту наркатычных сродкаў” прайшло 2 месяцы. Ці можна ўжо зрабіць першыя высновы наконт таго, наколькі эфектыўным стаў новы законапраект? Ці стала ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года менш выпадкаў ужывання і распаўсюджвання наркатычных сродкаў непаўналетнімі?
— Так, ужо сёння мы адчуваем эфектыўнасць работы, якая праведзена пасля падпісання Дэкрэта № 6. Гэты дакумент з’явіўся своечасова. Дэкрэт узмацняе адказнасць, і гэта даволі дзейсна. Тым не менш выпадкі распаўсюджвання і ўжывання наркатычных сродкаў непаўналетнімі выяўляюцца, таму што наркаманія — няпростая праблема. Здзяйсняюць такія злачынствы часцей за ўсё тыя, хто ўжо стаяў з мінулага года на ўліку ў ІСН за адміністратыўныя правапарушэнні, або тыя, хто вызваліўся ад крымінальнай адказнасці і выйшаў на свабоду пасля амністыі, якая была праведзена не так даўно. Увядзенне і ўзмацненне крымінальнай адказнасці за паўторнае з’яўленне ў стане наркатычнага ўзбуджэння, узмацненне адказнасці за збыт наркатычных сродкаў ці ўжыванне наркотыкаў у грамадскім месцы маюць перадумовы для таго, каб колькасць крымінальных спраў гэтай катэгорыі ў бягучым годзе стала большай. Але гэтая, на першы погляд адмоўная статыстычная тэндэнцыя павінна мець значны прафілактычны эфект, які, зразумела, будзе назірацца не адразу, а паступова.

— А якія перадумовы былі для таго, каб узмацніць крымінальную адказнасць за распаўсюджванне і ўжыванне наркатычных сродкаў?
— З пачатку мінулага года налічвалася каля 50 матэрыялаў, згодна з якімі было адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальных спраў з-за таго, што непаўналетнія не дасягнулі ўзросту крымінальнай адказнасці. Мы бачылі, што даволі значная колькасць нарказлачынстваў была здзейснена падлеткамі, якія не дасягнулі 16-гадовага ўзросту. На гэта трэба было рэагаваць. Для нас важна як мага раней папярэдзіць падлеткаў, што іх можа чакаць пасля таго, як яны паспрабуюць наркотыкі. Таму што потым без дапамогі спецыялістаў, якія займаюцца рэабілітацыяй, будзе цяжка пазбавіцца залежнасці і вярнуцца да нармальнага жыцця. Аднымі прафілактычнымі мерамі гэтую праблему не вырашыць, тут патрэбна падключаць сацыяльныя, псіхалагічныя, медыцынскія аспекты, якія дапамогуць пераадолець залежнасць. Вельмі часта падлеткі, якія ўжываюць наркотыкі, разумеюць, што самі яны не змогуць пазбавіцца залежнасці, як бы гэтага ні хацелі. Залежнасць становіцца мацнейшай за іх сілу волі (калі такая ўвогуле яшчэ засталася).

— Наколькі эфектыўныя такія маштабныя мерапрыемствы па вяртанні падлеткаў, якія маюць залежнасць, да нармальнага жыцця? Часта, як паказвае статыстыка, “хварэць” на наркотыкі падлеткі працягваюць нават пасля рэабілітацыі.
— Створана міжведамасная група па тым, каб у кожнай вобласці стварыць установы, якія дапамогуць з комплекснай рэабілітацыяй непаўналетніх, звязаных з наркотыкамі. Марудзіць нельга. Чым раней пачнём, тым хутчэй будзе аказвацца дапамога залежным падлеткам. Стварае такія ўстановы Міністэрства адукацыі разам з аблвыканкамамі. Прынята рашэнне, што кожная вобласць павінна сама прааналізаваць, на якую колькасць месцаў павінен быць разлічаны рэабілітацыйны цэнтр, як у ім будзе арганізоўвацца працэс рэабілітацыі. Сёння па рашэнні суда мы адпраўляем залежных падлеткаў у Крывічы ў вучылішча закрытага тыпу. Але там знаходзяцца не толькі наркаманы, але і іншыя падлеткі, якія парушылі закон. Мы ўпэўнены, што наркаманаў трэба трымаць асобна. Іншыя дзеці, няхай яны і правапарушальнікі, ні ў якім разе не павінны трапляць пад іх уплыў.

— Віталь Алегавіч, як вы ставіцеся да анкетавання школьнікаў на схільнасць да ўжывання наркотыкаў? Наколькі дзейснай, на ваш погляд, з’яўляецца такая мера? Ці будзе яна жыццяздольнай?
— Я лічу, што анкетаванне на схільнасць школьнікаў да ўжывання наркатычных сродкаў павінна праводзіцца ананімна. Гэта значыць, што вынікі анкетавання павінны быць вядомы толькі спецыялістам. Да таго ж сярод школьнікаў, якім толькі споўнілася 11 гадоў, анкетаванне будуць праводзіць з пісьмовага дазволу бацькоў. На сёння жадаючых прайсці такое анкетаванне не вельмі многа. Некаторыя бацькі, навучэнцы баяцца яго праходзіць, таму што асцерагаюцца нейкіх наступстваў у выпадку выяўлення схільнасці да залежнасці, баяцца стаць ізгоямі. Бацькі павінны разумець: чым раней яны даведаюцца пра тое, што ў іх дзіцяці ёсць схільнасць да залежнасці, тым хутчэй змогуць звярнуцца да спецыялістаў. Важна разумець галоўнае: у адзіночку з гэтай праблемай не справіцца.

— Калі гаварыць пра іншыя віды злачынстваў з удзелам непаўналетніх, якая тэндэнцыя назіраецца: які рэгіён па выніках мінулага года часцей за ўсё трапляў у крымінальныя зводкі ў сувязі са злачынствамі з удзелам непаўналетніх?
— Калі некалькі гадоў назад у нас адзначаўся ўсплёск махлярстваў, звязаных з мабільнымі тэлефонамі, камп’ютарнай тэхнікай, то зараз мы заўважаем зніжэнне колькасці гэтых злачынстваў. Знізілася і колькасць дробных крадзяжоў, здзейсненых непаўналетнімі. Тым не менш асноўная доля здзейсненых злачынстваў — гэта, як і раней, крадзяжы (1396 выпадкаў з 2654 злачынстваў). Часцей за ўсё крадзяжы непаўналетнімі здзяйсняюцца паасобку, а аб’ектамі ўвагі падлетка становяцца любыя прадметы, якія яму спадабаліся, або рэчы, якія былі некім забыты. Акрамя крадзяжоў, была заўважана тэндэнцыя да павелічэння выкрадання транспартных сродкаў. Але па выніках года іх колькасць хоць і нязначна, але знізілася. Своечасова адрэагаваўшы на гэты від злачынстваў, мы змаглі іх папярэдзіць.
Дарэчы, 42% злачынстваў былі здзейснены непаўналетнімі ў начны час. У сувязі з гэтым была актывізавана работа па папярэджанні знаходжання непаўналетніх на вуліцах без суправаджэння дарослых.
Па выніках мінулага года найбольш цяжкая сітуацыя, звязаная са злачынствамі, якія здзейснены непаўналетнімі, назіралася ў Брэсцкай вобласці. За мінулы год там адбыўся рост па большасці відаў злачынстваў (і па крадзяжах, і па наркотыках).

— Якія меры па прадухіленні злачынстваў у падлеткавым асяроддзі будуць ініцыіраваны і прыняты МУС у самы бліжэйшы час? Што, на ваш погляд, дапаможа знізіць прырост злачынстваў?
— У сакавіку — красавіку плануецца пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх пры Савеце Міністраў, на якой будзе абмяркоўвацца, што рабіць далей, як удасканаліць работу па прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Сёння заканадаўства прыведзена да норм у адпаведнасці з Дэкрэтам № 6. Асаблівай увагі заслугоўвае і праблема п’янства, алкагалізму сярод непаўналетніх. Раённыя ІСН павінны будуць накіраваць сваю дзейнасць на тое, каб не дапусціць пашырэння маштабаў гэтай праблемы. Інспектары па справах непаўналетніх павінны размяжоўваць паміж сабой правапарушэнні, якія не аказваюць уплыў на паводзіны і жыццё падлеткаў (пераход вуліцы ў нявызначаным месцы, праезд без білета), і тыя, ад якіх залежыць здароўе, будучыня непаўналетніх. ІСН павінны працаваць у першую чаргу з тымі, хто ўжывае алкаголь, наркотыкі, парушае грамадскі парадак, а таксама мае схільнасць да крадзяжоў. Гэта ўсё — наша работа. Вялікую ўвагу трэба звяртаць на нядобранадзейнасць у сем’ях. А гэта, між іншым, з’яўляецца адной з перадумоў да здзяйснення правапарушэнняў падлеткамі. Для таго каб работа з дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, прыносіла большы эфект, мы ўжо сёння думаем над удасканаленнем Дэкрэта № 18.

Гутарыла Наталля ДУБІК.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.