Нас выбіраюць — мы выбіраем

- 12:41Рознае, Якасць адукацыі

15 чэрвеня ў сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі традыцыйна распачалася прыёмная кампанія. Па першых тэлефонных званках у прыёмныя камісіі навучальных устаноў нашай краіны яшчэ цяжка спрагназаваць, як пройдзе прыём сёлета. Можна сцвярджаць адно, што пакуль ажыятажу сярод падлеткаў няма. Але, як расказваюць педагогі прафтэхустаноў, зацікаўленасць у маладзі рабочымі прафесіямі ўзрастае, і колькасць пададзеных дакументаў павялічваецца з кожным днём.

Трэба прызнаць, што з дапамогай многіх рычагоў, у тым ліку міжнародных, сёння ўдалося пераламаць сфарміраванае гадамі стаўленне да рабочай прафесіі як да нейкай другараднай, прыкметна ўзняць яе імідж, стварыць сучасны вобраз рабочага, які становіцца прывабным нават для самых пераборлівых. Характэрнай рысай для кожнага ўзроўню адукацыі, у тым ліку і для прафесійна-тэхнічнага, з’яўляецца прадастаўленне магчымасці прафесійна расці. Таму сёння ўжо нельга разглядаць атрыманне прафесіі рабочага як адзін раз і назаўсёды, калі далейшая працоўная кар’ера нават не разглядаецца, а свеціць перспектыва ўсё жыццё працаваць толькі рукамі, на адным месцы і ў адной сферы. Прыярытэт сёння — успрымаць яе як пачатак прафесійнай кар’еры, калі ў далейшым можна дарасці да арганізацыі свайго бізнесу, стварыць фірму і кіраваць ёю. Важна ў гэтым не спыняцца толькі на першай ступені прафесійнай адукацыі, а вучыцца ўсё жыццё.


Вось гэтую першую ступень могуць прадаставіць сёння 158 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі па 262 прафесіях. Як расказала кансультант упраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Таццяна Рыгораўна Арцем’ева, акрамя таго, у прыёме абітурыентаў для навучання па рабочых прафесіях удзельнічаюць штогод 45 устаноў адукацыі іншых узроўняў, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Так, у Пінскім індустрыяльна-педагагічным каледжы была распачата падрыхтоўка па рабочых прафесіях “Слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання”, “Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці”, “Вадзіцель аўтамабіля”, на якія існуе попыт на рынку працы. На аснове аналізу выканання кантрольных лічбаў прыёму ў мінулым годзе, дэмаграфічнай сітуацыі, якая складваецца ў краіне, вынікаў працаўладкавання выпускнікоў сёлета плануецца прыняць на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі ўсяго 32,6 тысячы чалавек. Гэтая лічба складае 96,9 працэнта да прыёму 2015 года, адпаведна на 1,1 тысячы чалавек менш.

Па словах прадстаўніка міністэрства, у структуры прыёму мяркуецца захаваць тэндэнцыі мінулых гадоў: прафесіі рэальнага сектара эканомікі будуць складаць каля 80 працэнтаў. Пры гэтым прадугледжваецца скарачэнне прыёму адносна мінулага года па профілях “Мастацтва і дызайн” на 31,8 працэнта, “Камунікацыі. Права. Эканоміка. Кіраванне. Эканоміка і арганізацыя вытворчасці” — на 22,6; “Тэхніка і тэхналогіі” — на 9,2 працэнта. У той жа час згодна з запытамі заказчыкаў кадраў будзе павялічаны прыём па профілях “Грамадскае харчаванне. Бытавое абслугоўванне” на 13,1 працэнта, “Сельская і лясная гаспадарка. Садова-паркавае будаўніцтва” — на 11,8; “Архітэктура і будаўніцтва” — на 7,5 працэнта.

— Каб удасканаліць структуру падрыхтоўкі з улікам зменлівага рэгіянальнага рынку працы, у гэтым годзе плануецца спыніць прыём па 183 незапатрабаваных прафесіях і адкрыць падрыхтоўку па 142 новых, — заявіла Т.Р.Арцем’ева. — Так, напрыклад, упершыню ў 2016 годзе будзе ажыццяўляцца набор на новую прафесію “Манціроўшчык шын і шынапнеўматычных муфт” у Гомельскім прафесійна-тэхнічным каледжы машынабудавання. Адметна тое, што штогод папулярнасць сярод моладзі маюць такія прафесіі, як цырульнік, кухар, кандытар, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці, прадавец. У той жа час установы адукацыі ў мінулым годзе адчувалі цяжкасці пры камплектаванні груп па прафесіях лёгкай прамысловасці, машынабудавання, дрэваапрацоўкі, будаўніцтва (муляр, цясляр, бетоншчык).

Умовы прыёму вызначаны Правіламі прыёму асоб для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі, зацверджанымі пастановай урада ад 14.07.2011 № 953, і ў гэтым годзе не мяняюцца.

На ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі прымаюцца асобы, якія маюць агульную базавую, агульную сярэднюю або спецыяльную адукацыю. Залічэнне ажыццяўляецца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.

Прыём дакументаў для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі ажыццяўляецца:

у дзённай форме атрымання адукацыi — з 15 чэрвеня па 20 жніўня.

Калі да канца тэрміну прыёму дакументаў колькасць пададзеных заяў на асобныя спецыяльнасці меншая, чым запланаваная колькасць месцаў для прыёму, то ўстанова адукацыі па ўзгадненні з заснавальнікам можа падоўжыць тэрмін прыёму дакументаў і залічэння ў склад навучэнцаў да поўнага ўкамплектавання груп, але не пазней чым да 15 верасня бягучага года;

у вячэрняй форме атрымання адукацыi — з 15 чэрвеня па 20 жніўня, а па спецыяльнасцях па напрамку адукацыі “Сельская гаспадарка” — з 1 кастрычніка па 20 лістапада;

ў завочнай форме атрымання адукацыі — з 1 па 10 кастрычніка;

ад замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія паступаюць для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі на платнай аснове, — з 15 чэрвеня па 10 верасня.

Залічэнне паступаючых ва ўстановы прафтэхадукацыі ажыццяўляецца на падставе іх заяў (пры адсутнасці конкурсу) або па конкурсе сярэдняга бала пасведчання аб агульнай базавай адукацыi цi атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі, або пасведчання аб спецыяльнай адукацыі. І толькі для асобных спецыяльнасцей профіляў адукацыі “Мастацтва і дызайн” і “Архітэктура і будаўніцтва” з мэтай выяўлення творчых здольнасцей прадугледжаны ўступныя выпрабаванні, вынікі якіх улічваюцца пры залічэнні.

Тэрміны правядзення ўступных іспытаў і залічэння для атрымання прафтэхадукацыі:

у дзённай форме атрымання адукацыі: першы паток — з 5 па 12 ліпеня, другі паток — з 21 па 24 жніўня, залічэнне ў склад навучэнцаў — па 25 жніўня;

у вячэрняй форме атрымання адукацыi — з 21 па 24 жніўня, залічэнне ў склад навучэнцаў — па 25 жніўня, па спецыяльнасцях па напрамку адукацыі “Сельская гаспадарка” — з 21 па 24 лістапада, залічэнне ў склад навучэнцаў — па 25 лістапада.

Для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў завочнай форме атрымання адукацыі залічэнне ў склад навучэнцаў ажыццяўляецца з 11 па 13 кастрычніка.

З мэтай рэалізацыі падпункта 1.6 пункта 1 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 жніўня 2014 года № 420 “Аб знаходжанні грамадзян Украіны ў Рэспубліцы Беларусь” у дачыненні да грамадзян Украіны, якія падалі дакументы аб пацвярджэнні іх пражывання і навучання на тэрыторыі Данецкай або Луганскай абласцей Украіны, установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі Рэспублікі Беларусь пры наяўнасці вакантных месцаў, устаноўленых планамі прыёму, маюць права прымаць вышэйзгаданых грамадзян для атрымання (прадаўжэння) прафесійна-тэхнічнай адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў або на ўмовах аплаты, прадугледжаных для грамадзян Рэспублікі Беларусь па выніках субяседавання ў парадку i на ўмовах, якiя вызначаюцца ўстановамі адукацыі.

У сувязі з тым, што пра наяўнасць вакантных месцаў можна меркаваць пасля залічэння, то прыём вышэйзгаданых грамадзян для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі да правядзення названай працэдуры магчымы толькі на ўмовах прыёму для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на платнай аснове.

Як падкрэсліла Таццяна Рыгораўна, падрабязную інфармацыю пра магчымасці атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі можна атрымаць з Даведніка для паступаючых ва ўстановы адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, у 2016 годзе (выдавецтва “Вышэйшая школа”). На сайце Міністэрства адукацыі размешчаны нарматыўныя прававыя акты, якія рэгулююць парадак і правілы правядзення ўступнай кампаніі 2016 года.

У мэтах аказання дапамогі абітурыентам, бацькам і грамадскасці ў атрыманні інфармацыі па прыёме ў перыяд з 1 чэрвеня па 16 жніўня ў нашым галіновым міністэрстве будзе арганізавана работа гарачай лініі (тэлефон — 8 (017) 222-43-12).

Значную ролю ў выбары прафесіі адыгрывае прафарыентацыйная работа. У сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі яна вялася заўжды і ніколі не спынялася. Але сёння весці яе па-ранейшаму ўжо неэфектыўна. Змяніць стаўленне да сферы вытворчасці можна змяніўшы і формы прафарыентацыі. Дырэктар Вілейскага дзяржаўнага каледжа І.С.Кіцікаў лічыць, што для таго, каб установа была запатрабавана ў моладзі, каб маладыя людзі прыходзілі туды вучыцца, трэба загадзя і на працягу года весці прафарыентацыйную работу сярод выпускнікоў школ. Яна павінна быць доўгатэрміновай, ахопліваць увесь рэгіён і нават выходзіць далёка за яго межы. Спецыфіка любога рэгіёна ў тым, што ён не мае маштабаў горада, падлеткаў не так многа, як хацелася б, таму кожнаму лягчэй аказаць павышаную ўвагу. Не трэба чытаць лекцыі аб тым, наколькі неабходна рабочая прафесія, бо гэта сёння не спрацоўвае на ўсе сто. Таму трэба асвятляць гэта іншым, больш эфектыўным спосабам, напрыклад, паказваць тую ці іншую прафесію ў рэальнасці больш відовішчна. Напэўна няма ніводнага чалавека ў Вілейскім раёне і яго акрузе, хто яшчэ ні разу не заглядваў у каледж на мерапрыемствы, звязаныя з прафесійным майстэрствам яго навучэнцаў, не пакаштаваў прысмакаў, зробленых рукамі кухараў і кандытараў, не пабываў на майстар-класах па вырабе прычосак, па пашыве вопраткі, на выставах дэкаратыўна-прыкладной творчасці, на днях адкрытых дзвярэй. Для юных наведвальнікаў і іх бацькоў арганізаваны экскурсіі па каледжы, калі можна ўбачыць, як працуюць вытворчыя майстэрні, рэсурсны цэнтр па эксплуатацыі і рамонце аўтамабіляў, станцыя тэхнічнага абслугоўвання, вучэбныя цырульня і кафэ. Падчас сустрэч гасцям дэманструецца прафарыентацыйны відэаролік аб прафесіях, выступае агітбрыгада “Рабочы раён”, якая, дарэчы, аб’ездзіла ўсё наваколле і пабывала ў суседніх раёнах. Таксама дэманструецца работа гурткоў і аб’яднанняў па інтарэсах “Клуб джэнтльменаў”, “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць”, “Кераміка”, “Тры волаты”.

На базе каледжа арганізаваны курс дапрафесійнай адукацыі “Уводзіны ў прафесію”. Праграма навучання разлічана на 38 гадзін. Дзякуючы ёй навучэнцы маюць магчымасць азнаёміцца з асновамі такіх прафесій, як цырульнік, візажыст, майстар па манікюры, швачка, кухар, слесар па рамонце аўтамабіля, вадзіцель аўтамабіля, зваршчык. Заняткі праводзяцца майстрамі вытворчага навучання і выкладчыкамі каледжа.

Вілейскі дзяржаўны каледж прыняў удзел у прэзентацыйнай пляцоўцы “Кірмаш прафесій” у час правядзення змены прафарыентацыйнай накіраванасці на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня”. Яе ўдзельнікамі з’яўляюцца навучэнцы 8—10 класаў, якія рыхтуюцца да паступлення ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі і ўстановы вышэйшай адукацыі. У аснове змены ляжыць ідэя стварэння ўмоў для прафесійнага самавызначэння выхаванцаў.

Таксама каледж пастаянна ўдзельнічае ў прафарыентацыйным мерапрыемстве “Фэст прафесій” для вучняў 9—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Вілейскага раёна.

Творчы калектыў з ліку навучэнцаў Вілейскага дзяржаўнага каледжа пастаянна наведвае адну з галоўных модных падзей года — Рэспубліканскі фестываль-конкурс моды і фота “Млын моды”.

Свае падыходы ў прафарыентацыйнай рабоце існуюць у Кобрынскім політэхнічным каледжы. Сёлета там прайшоў прафарыентацыйны марафон “Нас выбіраюць — мы выбіраем!”. Вучні ўсіх агульнаадукацыйных школ Кобрына і Кобрынскага раёна прынялі ўдзел у гэтым марафоне. Для навучэнцаў выпускных 9 і 11 класаў былі арганізаваны відэагасцёўня “Мая прафесія лепшая!”, відэалекторыі “Клічу ў сваю прафесію”, экскурсіі ў вучэбныя карпусы каледжа, інтэрнаты, бібліятэкі і выставачныя залы. У вучэбных вытворчых майстэрнях былі праведзены майстар-класы па ўсіх прафесіях. У фае каледжа працавалі інфармацыйна-кансультацыйны і псіхолага-педагагічны цэнтры. У завяршэнне сустрэчы ўсім падлеткам і класным кіраўнікам была раздадзена прафарыентацыйная друкаваная прадукцыя (флаеры, лістоўкі, плакаты, календары, постары-матыватары, буклеты). У марафоне ўзялі ўдзел 315 навучэнцаў выпускных класаў.

Ала КЛЮЙКО.