Насельнікі “Задолля” Анастасіі Адамовіч

- 12:13Культура

У пачатку ліпеня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў пачала працаваць экспазіцыя аўтарскіх лялек і малюнкаў Анастасіі Адамовіч. Па вышэйшай адукацыі яна мастацтвазнавец, аднак вось ужо 13 гадоў працуе прафесійным мастаком па ляльках. Сёння яе неверагодныя казачныя экспанаты аб’яднаны тэматыкай беларускага бестыярыя — зборніка легенд, паданняў і вераванняў беларусаў у розных міфалагічных істот у дахрысціянскі перыяд. А таму прыдуманы сусвет “Задолля”, а менавіта так называецца выстава, засяляюць Дамавік, Скарбнік, Лазнік, Лесавуха, Русалка і іншыя персанажы. Як жа дзіцячае захапленне ператварылася ў любімую справу, ці дапамагаюць акадэмічныя веды ствараць амаль жывых лялек, як нараджаюцца іх вобразы і дзякуючы чаму становяцца непаўторнымі, са сваімі характарамі і гісторыямі, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала аўтар выставы.

Лялька як справа жыцця

Анастасія Адамовіч змалку любіла гуляць у лялькі, шыць ім сукенкі, ствараць прычоскі, размалёўваць іх. А калі пасталела, то гэтае захапленне перарасло ў сапраўдную сур’ёзную справу. “Спачатку я вучылася ў сталічным мастацкім ліцэі № 26 на аддзяленні прыкладнога мастацтва, цяпер гэта гімназія-­каледж мастацтваў. Там было вельмі шмат факультатыўных заняткаў, якія праводзілі таленавітыя педагогі. З іх дапамогай мы змаглі асвоіць розныя тэхнікі: саломапляценне, шыццё, аплікацыю, кераміку, выцінанку, і ўвесь час нешта тварылі, — прыгадвае мастачка. — А паколькі гэты ліцэй арыентаваны на Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, то адразу было зразумела, куды я буду па­ступаць. Адзінае, я спачатку паступіла на прамысловы дызайн, дзе мне з маім дэкаратыўна-­прыкладным профілем аказалася няўтульна, і давялося перапаступаць на мастацтвазнаўчае аддзяленне, бо мне здалося вельмі цікавым паглядзець з іншага боку на тое, чым я займалася дагэтуль. Таму па адукацыі я мастацкі крытык з грунтоўнай тэарэтычнай базай”.

Пасля заканчэння акадэміі Анастасія два гады працавала мастаком­дызайнерам па сцэнічных касцюмах і ў той жа час пачала ствараць сваіх першых лялек. Хутка зразумела, што менавіта яны і ёсць справа яе жыцця. З 2008 года яна прафесійны мастак па ляльках.

Малады від мастацтва

Аўтарская лялька — даволі малады мастацкі феномен, які атрымаў развіццё ў нашай краіне адносна нядаўна — у 1990­-я гады, прыйшоўшы з ЗША і Заходняй Еўропы. А па­сапраўднаму папулярнай гэтая з’ява стала толькі ў пачатку 2000­-х. Аўтарская лялька — гэта не народная творчасць, не цацка і не лялька­-абярэг, гэта складаны твор мастацтва, у якім праз сінтэз скульптуры, жывапісу і дызайну нараджаюцца непаўторныя вобразы, створаныя па сваіх законах. Нядзіўна, што і першапраходцамі ў гэтай галіне сталі майстры тэатральнай лялькі, мультыплікатары, скульптары і проста мастакі-наватары. “Прасцей кажучы, лялька — тая ж карціна, толькі напісаная ў трохмернай прасторы, якую можна разгледзець з усіх бакоў. Гэта сур’ёзная, вывераная праца, якая складаецца з мноства этапаў”, — тлумачыць Анастасія.

Стварэнне лялечнага персанажа

Кожная лялька А.Адамовіч выканана ў адзіным экзэмпляры і ствараецца часам некалькі месяцаў. Асноўныя матэрыялы, якія выкарыстоўвае мастачка, — палімерная гліна, тэкстыль, акрыл, бавоўна, дрэва, скура. Пачынаецца стварэнне лялькі з даследавання, бо Анастасія абапіраецца на сюжэтную кампазіцыю, якая адлюстроўвае пэўную гістарычную эпоху, краіну, у якой “жыве” лялька, і нават яе характар і жыццёвую гісторыю. Каб атрымалася гарманічная работа з выразным, дакладным сюжэтам, акрамя мастацкага густу і пэўных навыкаў патрабуюцца веды па міфалогіі, літаратуры, гісторыі і нават чалавечай анатоміі.

“Мае лялькі — гэта не толькі прыдуманыя вобразы, а ў шэрагу выпадкаў вобразы, якія грунтуюцца на міфалогіі ці пэўным літаратурным творы, — расказвае мастачка. — Зараз у інтэрнэце шмат інфармацыі, і галоўнае — не заблытацца ў ёй, таму што вельмі шмат звестак па расійскай міфалогіі, якая адрозніваецца ад нашай. Беларускі бестыярый у большасці сваёй даволі нейтральны, што мне вельмі падабаецца, бо ў ім такая добрая канцэпцыя справядлівасці: як ты жывеш і які ты чалавек, так уласна духі да цябе і ставяцца. А значыць, калі, напрыклад, у лесе ты паводзіш сябе прыстойна, не псуеш дрэў, то Лесавуха дапаможа выйсці з лесу і не будзе цябе заводзіць у глыб або ў балота. Тое ж самае і з Дамавіком: калі ты клапоцішся пра сваю гаспадарку, то ён табе будзе дапамагаць. А калі ты гультай ці нядобры чалавек, то ён будзе шкодзіць. Але маім персанажам пашанцавала, і трапілі яны да добрага гаспадара, таму ўсе яны з усмешкай на вуснах”.

Пасля таго, як нараджаецца вобраз лялькі, Анастасія стварае эскіз і пераходзіць да матэрыяльнага ўвасаблення: на каркасе фарміруе аб’ёмы цела, стварае галаву і рукі, а затым пераходзіць да рос­пісу персанажа, робіць прычоску і ўжо пасля гэтага бярэцца за адзенне і абутак. “Каб стварыць добрую ляльку, трэба разумець чалавечую анатомію, міміку, дзе якія мышцы знаходзяцца і як яны працуюць. Бо без такіх ведаў не атрымаецца натуральная міміка. І каб зляпіць чалавекападобныя рукі, таксама трэба разумець іх механізм. Лялька — гэта заўсёды стылізацыя пэўнага вобраза, і калі яна будзе цалкам паўтараць постаць чалавека, то атрымаецца статуэт­ка, — удакладняе А.Адамовіч. — У той жа час мала зрабіць выразны твар ляльцы, бо будзе проста сімпатычная цацка, неабходна, каб яна расказвала сваю гісторыю постаццю і дэталямі адзення. Нават падстаўка можа шмат чаго расказаць. Напрыклад, мой Дамавік стаіць на драўляным кубку, каб быў зразумелы яго памер. Бо ва ўсіх крыніцах ён апісваецца як істота, якая непрыметна для гаспадара ганяе мышэй, а таму ён павінен быць большым за іх. Яшчэ ў майго Дамавіка ёсць ліхтарык, прычым ён уключаецца. Бо Дамавік — гэта начная істота, якая ўсе свае гаспадарскія справы выконвае пасля поўначы. Яшчэ ў яго ёсць нажнічкі, сумка з інструментамі, а на поясе — лыжка для піцця малака, якое яму пакідае ўдзячны гаспадар. А Скарбнік, натуральна, сядзіць на куфры, бо ён захавальнік і прымнажальнік гаспадарскага багацця, галоўны рахункавод, які аберагае і лічыць грошы. Вось так і складаецца вобраз”.

“Задолле”

Манавіта так называецца выстава Анастасіі Адамовіч, якая дэманструецца ў зале Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў да 16 жніўня. “Мне хацелася прыдумаць такую назву, якая б адразу гаварыла, што гэта не дзіцячы праект, а выстава сталага мастака. Сяброўка параіла натхніцца тым, што я чытаю. І ў мяне ўзнікла асацыяцыя з фэнтэзійным раманам Ніла Геймана “За­дверье” і ўсімі намі любімым Залюстрэччам Льюіса Кэрала, дзе чароўны свет знаходзіцца вельмі блізка, хоць і не бачны. У маім выпадку за долам існуе мой невялічкі сусвет, які засяляюць мае персанажы”, — прызнаецца Анастасія.

Экспазіцыя “Задолля” складаецца з 21 лялькі і 13 карцін, створаных з 2015 па 2020 гады. Хтосьці скажа, што не так ужо і шмат экспанатаў. Аднак вы толькі ўявіце, што ў сярэднім адна лялька памерам каля 30 см ствараецца 2—3 месяцы, а часам трэба і паўгода, каб лялька ажыла. Так­-так, менавіта ажыла, бо, калі глядзіш на іх, узнікае адчуванне, што яшчэ хвілінку, і яны пачнуць гаварыць з табой. “Я проста добра раблю сваю справу дзякуючы выдатнай адукацыі і таленту, а прафесіяналізм дазваляе зрабіць так, каб вы паверылі ў эмоцыі лялькі”, — дадае мастачка.

Побач з лялькамі прадстаўлены і малюнкі А.Адамовіч. “Яны выступаюць своеасаблівым акампанементам, фонам і аблямоўкай для казачна­міфалагічных персанажаў. Аўтарская графіка фарміруе выставачную прастору, яе героі — рачныя німфы, русалкі — пераклікаюцца з героямі лялечнай калекцыі, і разам яны заключаюць гледача ў казачнае поле аўтарскай фантазіі. Дзве гэтыя грані творчасці мастачкі родніць паміж сабой імкненне да віртуознай прапрацоўкі дэталей мастацкага вобраза, нюансаў задуманага персанажа, — каменціруе мастацтвазнавец куратар выставы Ксенія Жукоўская. — Сабраныя разам аб’ёмныя прадметы і графічныя лісты пераносяць у звышрэальнасць, дазваляюць і адначасова падштурхоўваюць на час адмовіцца ад штодзённасці і акунуцца ў фантазію, выбудоўваючы тым самым дыялог з гледачом”.

Увага — на дэталі!

Усе творы А.Адамовіч вылучаюцца якасным выкананнем. Нават самыя маленькія дробязі, якія часам не адразу заўважыш, зроблены вельмі прафесіянальна і з пэўным сэнсам. Так, уся фурнітура і аксэсуары лялек на 99,9% створаны ўручную, бо знайсці мініяцюрныя гузічкі, спражкі, сумачкі, акуляры, нажнічкі, венікі, расчоскі проста немагчыма. “Калі я вырабляю такія дэталі сама, то дакладна ведаю, якога памеру і ў якой стылістыцы мне трэба іх зрабіць, бо ў кожнай лялькі свая колеравая гама, як і ў карціны”, — падкрэслівае мастачка.

Некаторыя лялькі Анастасіі маюць завостраныя вушы і нагад­ваюць троляў ці гоблінаў, а іх капелюшы падобныя да каўпакоў гномаў. “На самай справе, дзе б людзі ні жылі, усе іх вераванні грунтуюцца на адных і тых жа прыродных з’явах, нейкіх незразумелых навакольных рэчах, якім людзі прыдумляюць свае тлумачэнні, — дадае мастачка. — Таму персанажы ў прынцыпе маюць шмат агульнага, і я старалася зрабіць не чыста беларускія вобразы, а хутчэй касмапалітычныя, каб іх разумелі, скажам, і ў Эстоніі, і ў Германіі, і ў іншых краінах”.

Акрамя таго, кожная лялька мае свае адметныя рукі. Так, у працаўніка Дамавіка натруджаныя рукі-­лапаты з кароткімі пальцамі, а ў Скарбніка яны больш тонкія, бо ён эліта і толькі лічыць грошы. “У Лесавухі ўжо артрытныя рукі з доўгімі пазногцямі на руках, і ногі, як у троля, з доўгімі пальцамі, бо па ідэі гэта лясны троль. Дарэчы, сама Лесавуха нідзе не апісваецца, але ў мяне да гэтага быў Лесавік, які вельмі хутка паляцеў у Швейцарыю, а я яго яшчэ не пражыла для сябе, і мне захацелася зрабіць нешта падобнае. Так і з’явілася Лесавуха. У яе нават вышыўка на сукенцы ўнізе са шрыфтам, які нагадвае руны, і ў цэнтры можна прачытаць яе імя, — удакладняе Анастасія. — А ў Лазніка пальцы з распухлымі падушачкамі, якія дапамаглі перадаць яго працяглы кантакт з вадой. І, дарэчы, у яго руках збан з малаком, насуперак меркаванню, што ў лазні п’юць піва, бо на самай справе Лазнік вельмі рэзка супраць гэтага і лічыць, што алкаголю ў лазні не месца”.

У выставачнай зале пануе атмасфера казачнасці і дабрыні, якую ствараюць лялькі. Нават Гаргуся і Ягуся з неверагодна праўдападобнымі пазітыўнымі ўсмешкамі, што, магчыма, не зусім адпавядае традыцыйнаму вобразу злой ведзь­мы. “Гаргуся і Ягуся, умоўна кажучы, стрыечныя сёстры, толькі адна паляцела жыць у Еўропу, а другая засталася жыць у нашым лесе. Злосны вобраз Бабы Ягі ўкараніўся ў нас дзякуючы рускім казкам і ілюстрацыям Івана Білібіна. Менавіта ў іх Баба Яга — людаедка, якая паядае дзяцей, са­джае іх у печ і г.д. На самай справе варыянтаў паходжання гэтага персанажа вельмі шмат. Ёсць версія, што Баба Яга — гэта бабуля, якая шмат ведае і проста жыве ў лесе без усялякай містычнай асновы. А што да касцяной нагі, дык Баба Яга стаіць на мяжы свету жывых і мёртвых і выступае правадыром, што зноў жа не азначае яе злога пачатку. Існуе варыянт, які мне найбольш сімпатычны, што правобразам Бабы Ягі была Берагіня — багіня славянскай міфалогіі, якая дала пачатак беларускаму роду. Таму мае бабулі з хітрынкамі і мудрымі вачыма, якія шмат пражылі і ўбачылі, але цалкам пазітыўныя”, — расказвае мастачка.

У кожным творы — рысы мастака

У А.Адамовіч шырокі дыяпазон лялек: дзядкі і бабулькі, юнакі і дзяўчаты, хлопчыкі і дзяўчынкі, нават немаўляты. У кожнай чытаецца аўтарскі стыль, а калі прыгледзецца, то, здаецца, і рысы самой мастачкі. “Мне часта кажуць, што мае лялькі падобныя да мяне. На што я адказваю: “Асабліва Бабкі Ёжкі” (усміхаецца). Існуе распаўсюджанае меркаванне, што мастак усюды малюе аўтапартрэт. Я дапускаю, што ў маіх лялек агульная стылістыка. У рэшце рэшт, чый твар часцей за ўсё мы бачым у люстэрку? Свой, — гаворыць мастачка. — На самай справе ёсць вельмі ўмоўны мой аўтапартрэт сярод малюнкаў, а таксама партрэты майго куратара, сястры і сяброўкі. Усе работы выкананы ў змешанай тэхніцы з элементамі акварэлі і графікі. На іх твары маіх персанажаў графічныя, а вакол іх дабаўлены колер. І гэта зроблена наўмысна, каб падкрэсліць некаторую звышнатуральнасць маіх лясных і рачных духаў”.


Кожную ляльку А.Адамовіч можна разглядаць гадзінамі, заўважаючы ўсё новыя і новыя дэталі і нібы слухаючы яе гісторыю. І ў пэўны момант узнікае пытанне, а ці магчыма навучыць чалавека мастацтву лялькі з нуля. Анастасія сцвярджае, што, канечне, можна, толькі вучоба будзе доўгай, шматпланавай і відавочна не будзе вычэрпвацца відэаўрокамі на YouTube: “Я сама доўга вучылася, бо стварэнне лялькі патрабуе не толькі фантазіі: тут неабходны грунтоўныя веды, мастацкі густ і хаця б базавыя веды па анатоміі. Нават мне часта даводзіцца ўзнаўляць свае веды, напрыклад, па гісторыі моды, каб кампіляцыя дэталей у лялечным касцюме не выглядала недарэчнай”.

А на пытанне, ці хацела б Анастасія каму­-небудзь перадаць свае веды па стварэнні аўтарскай лялькі, яна адказала, што, напэўна, ёй было б цікава выкладаць у гімназіі­-кале­джы мастацтваў, які яна сама калісьці скончыла: “Я б праводзіла факультатыўныя заняткі, бо навучанне я ўяўляю так: дзеці з набітай рукой прыносяць мне замалёўкі сваіх вобразаў, а я ім падказваю, як тэхнічна іх увасобіць. Каб яны стваралі сваё, арыгінальнае, а не паўтаралі за мной. У мяне такая пазіцыя, інакш атрымаецца прафанацыя”.

За 13 гадоў Анастасія Адамовіч стварыла не адзін дзясятак лялек. І для яе ўсе яны любімыя, хоць і няма любімчыкаў. “Нелюбімых лялек я не ствараю, — адзначае яна. — Пры гэтым я ніколі не працую ў стол, бо заўсёды разумею, што змагу зрабіць яшчэ лепш. Таму ніколі не шкадую сваіх лялек і выпус­каю іх у свет з лёгкім сэрцам”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва Анастасіі АДАМОВІЧ.