Наша грамадства сталее, яму неабыякавы лёс дзяцей

- 11:42Нашы дзеці

Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч прыняў удзел у рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. Ён наведаў сталічны дзіцячы дом № 5 і ўручыў яго выхаванцам падарункі.

Міхаіл Мясніковіч пагутарыў з педагогамі і дзецьмі, падрабязна распытаў, як арганізаваны побыт, якія поспехі ў навучанні. Больш за ўсё яго цікавілі планы дзяцей, кім яны бачаць сябе пасля таго, як пакінуць дзіцячы дом.

Адаптавацца да самастойнага жыцця выхаванцам дзіцячых дамоў і інтэрнатаў дапамагаюць не толькі педагогі, але і проста неабыякавыя людзі. Такія добраахвотнікі па поклічы сэрца дапамагаюць дзецям асвоіць неабходныя бытавыя навыкі, уцягваюць у спорт.

На думку Міхаіла Мясніковіча, сацыяльнай рабоце звычайных грамадзян пакуль удзяляецца недастаткова ўвагі. Гэтыя людзі заслугоўваюць удзячнасці і падтрымкі за тое, што не замыкаюцца на асабістых праблемах, а стараюцца дапамагчы дзецям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

“Такіх людзей становіцца ўсё больш. Гэта гаворыць пра тое, што наша грамадства ў добрым сэнсе сталее, яму неабыякавы лёс дзяцей, якія з-за шэрага акалічнасцей апынуліся ў складанай сітуацыі”, — падкрэсліў ён. У Беларусі каля 20 тысяч дзяцей-сірот, з іх 88% — сацыяльных, бацькі па тых ці іншых прычынах не могуць іх выхоўваць або пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Для выхаванцаў дзіцячага дома № 5 арганізавалі яркі навагодні паказ. Перад імі выступілі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Старшыня Савета Рэспублікі павіншаваў дзяцей і педагогаў з надыходзячым Новым годам і ўручыў падарункі — камп’ютар з прынтарам, цукеркі і мячы. На працягу апошніх гадоў выхаванцы дзіцячага дома актыўна ўдзельнічаюць у спаборніцтвах па міні-футболе. Яны двойчы — у 2016 і 2017 гадах — станавіліся пераможцамі Рэспубліканскага турніру па міні-футболе сярод каманд дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў і дзіцячых вёсак. Акрамя таго, дзеці ўдзельнічаюць у раённых, гарадскіх і рэспубліканскіх конкурсах выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Пасля свята дзеці цёпла пагутарылі з Міхаілам Мясніковічам за кубкам чаю. Яны расказалі госцю пра сябе, падзяліліся планамі.

Сталічны дзіцячы дом № 5 працуе з 30 сакавіка 1997 года. Зараз тут выхоўваюцца 74 дзіцяці: 23 дзяўчынкі і 51 хлопчык. За час існавання дзіцячага дома 46 выхаванцаў былі перададзены пад апеку, у прыёмныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, 37 дзяцей усыноўлены, 24 дзіцяці вярнуліся ў біялагічныя сем’і.