Нашчадкі перамогі

- 12:22Выхаванне, Рознае

Пра важнасць патрыятызму, цікавасці да гісторыі Радзімы, павагі да ветэранаў беларускія школьнікі чуюць часта: пра гэта расказваюць настаўнікі, пішуць у падручніках, гавораць у СМІ. Нехта лічыць, што сучасным падлеткам занадта шмат захапленняў прапаноўвае XXI стагоддзе, а памяць аб страшнай вайне паступова пакрываецца пылам. Навучэнцы Саюзнай дзяржавы, якія сабраліся ў Мінску на рэспубліканскі злёт пошукавых атрадаў “Мы — нашчадкі перамогі”, з гонарам даказваюць адваротнае: інтарэс да гісторыі не згас, а памяць народа — у надзейных руках маладых.

Злёт праводзіцца Міністэрствам адукацыі Беларусі разам з Міністэрствам абароны з 18 па 26 ліпеня на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства ў рамках рэспубліканскай акцыі “Мы гэтай памяці верныя”. Удзельнікамі злёту сталі 80 навучэнцаў 14—17 гадоў. Гэта члены лепшых беларускіх аб’яднанняў па інтарэсах ваенна-патрыятычнай накіраванасці, актывісты пошукавага руху, члены саветаў музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі Беларусі, а таксама прадстаўнікі пошукавых атрадаў Расійскай Федэрацыі. У сталіцу прыехалі каманды ад кожнай вобласці Беларусі і Мінска, а таксама школьнікі з Арэнбургскай вобласці і Удмурцкай Рэспублікі Расіі.

Урачыстае адкрыццё злёту прайшло ў сценах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. “Чалавек можа называцца патрыётам тады, калі ён добра ведае сваю гісторыю, культуру, любіць сваю Радзіму. Менавіта такую ідэю мы ўкладваем у работу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні нашай моладзі, — сказала падчас адкрыцця Ларыса Васільеўна Емяльянчык, кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. — І нам сапраўды ёсць чым ганарыцца: нашымі вучнямі, іх перамогамі на шматлікіх конкурсах, фестывалях. Мы можам ганарыцца ўдзельнікамі акцый “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” і “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”. І я спадзяюся, што сёння, прымаючы ўдзел у гэтым мерапрыемстве, вы яшчэ больш узбагаціце сябе новымі ведамі і зноў дасце нам падставу для гонару”.

Далучылася да яе і Алена Уладзіміраўна Ануфровіч, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства: “Мы спадзяёмся, што гэты злёт стане яркім аглядам краязнаўчай і пошукавай работы атрадаў нашай краіны і Расійскай Федэрацыі. Тысячы беларускіх і расійскіх юнакоў і дзяўчат штогод здзяйсняюць паходы, вядуць пошукавую работу, прымаюць удзел у зборы гістарычных матэрыялаў, стварэнні музеяў і помнікаў гісторыі. Вы маладыя, энергічныя і смелыя. Прадэманструйце свае веды ў пошукавай і краязнаўчай рабоце, падзяліцеся імі з калегамі. Пераканана, што менавіта вы станеце прадаўжальнікамі традыцый старэйшага пакалення і сапраўднымі патрыётамі Беларусі і Расіі”.

Гермаген Кандрацьевіч Рубцоў, ганаровы ветэран Вялікай Айчыннай вайны, запрошаны на ўрачыстае адкрыццё злёту, павітаў маладых пошукавікаў і горача падзякаваў ім за цікавасць і ўвагу да гісторыі. Памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнікі цырымоніі ўшанавалі хвілінай маўчання.

20 ліпеня ў рамках злёту прайшла панэльная дыскусія “Мы — нашчадкі перамогі”. На пряцягу дзвюх гадзін юныя патрыёты дзяліліся вопытам пошукавай работы, расказвалі аб рабоце мясцовых музеяў, дзе самі з задавальненнем працуюць экскурсаводамі. Вучні сярэдняй школы № 35 Брэста расказалі аб сваім ваенна-гістарычным клубе “Грэнада-2”: там велізарных поспехаў дасягнулі ў рэканструкцыі батальных сцэн Айчыннай вайны 1812 года, Першай сусветнай вайны і, вядома, Вялікай Айчыннай вайны. У пастановачных баях удзельнічае адначасова каля 100 чалавек, а касцюмы нават у дробных дэталях адпавядаюць сапраўдным. Зборная каманда школьнікаў з Асіповіч, якая прадстаўляла Магілёўшчыну, таксама мае немалы вопыт у рэканструкцыі: мясцовы ваенна-гістарычны клуб “Штык” правёў рэканструкцыю бою першай паловы ХХ стагоддзя. Каманда сярэдняй школы № 40 Віцебска падзялілася ведамі па пошуку даных у электронных базах удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. За апошні год маладыя гісторыкі з Віцебшчыны праверылі даныя больш чым аб 5 тысячах удзельнікаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іх раёна. Вучні Парыцкай сярэдняй школы Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці расказалі аб маштабным праекце “Халакост. Гісторыя — сучаснасць”, падчас якога яны збіраюць даныя аб тысячах загінуўшых у Парычах яўрэяў, звязваюцца з іх сваякамі і аднаўляюць хроніку ваенных падзей.

Бурныя апладысменты сарвалі вучні сталічнай сярэдняй школы № 2 аповедам пра дзейнасць свайго пошукавага атрада “Нёман”: падчас турыстычнага паходу яны знайшлі і вырашылі аднавіць закінуты помнік спаленай фашыстамі вёскі Новае Сяло. Вучні кожны год вяртаюцца туды і даглядаюць мемарыял, дарогу да якога забыліся нават мясцовыя жыхары. Каманда з Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна расказала пра дзейнасць гісторыка-краязнаўчага клуба “Крыніца”. Яго ўдзельнікі зацікавіліся гісторыяй сваёй 160-гадовай Аляксандра-Неўскай царквы і літаральна з нуля сабралі матэрыял для цэлай кнігі пра яе лёс. Маладзечанцы з сярэдняй школы № 5, якія прадстаўлялі Мінскую вобласць, правялі віртуальную экскурсію па мемарыяльным комплексе “Шталаг 342”, дзе расказалі пра аднайменны канцлагер. Пошукавікі з удмурцкай вёскі Сігаева (Сарапульскі раён) і з Арэнбургскай вобласці расказалі пра свае школьныя музеі, дзе краязнаўчыя і ваенна-патрыятычныя экспазіцыі прадстаўлены тысячамі экспанатаў.

У праграму злёту таксама ўключаны конкурс “Візітоўка каманды”, конкурс на лепшую атрыбутыку пошукавага руху, правядзенне вучэбных трэнінгаў і майстар-класаў “Тэорыя пошукавай работы”, вечар патрыятычнай тэматыкі “Паклонімся вялікім тым гадам”, сустрэча з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, акцыя “Дарога да абеліска” па добраўпарадкаванні памятных месцаў ваеннай гісторыі, спартыўная праграма “Выбар моладзі — быць здаровым” і культурна-забаўляльныя мерапрыемствы.

На тыдзень знаходжання ў сталіцы для ўсіх удзельнікаў запланаваны экскурсіі па Мінску, у тым ліку ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у Нацыянальны архіў і Нацыянальную бібліятэку Беларусі, музей метрапалітэна, Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча, а таксама паездка на “Лінію Сталіна”.

Кацярына ЖОРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.