Настасся Саўчук: у школе мая душа. Займаюся тым, што люблю, што атрымліваецца і прыносіць задавальненне

- 10:18Образование

Настаўніца гісторыі, грамадазнаўства, айчыннай і сусветнай мастацкай культуры Настасся Мікалаеўна Саўчук з Макранскай сярэдняй школы Маларыцкага раёна працуе ўсяго трэці год. Яна засталася тут пасля абавязковай адпрацоўкі і не збіраецца мяняць прафесію і ўстанову адукацыі.

Маладому педагогу падабаецца ў Макранскай школе. Але больш за ўсё яе трымаюць вучні, без якіх яна ўжо не можа пражыць і дня, асабліва без свайго 10 класа. У ім усяго 5 вучняў, якія без сваёй настаўніцы таксама не ўяўля­юць жыцця.

Шчырая, адкрытая, справядлівая, вясёлая, цярплівая і добрая, умее слухаць і чуць… Гэта ўсё пра яе. Калегі дадаюць: адказная, настойлівая, мэтанакіраваная, любую справу імкнецца давесці да лагічнага завяршэння, выдатна ведае свой прадмет, валодае камп’ютарам, мудры псіхолаг і справядлівы суддзя, выдатны імправізатар, артыст, які не чакае апладысментаў.

Настаўніца адзначае, што ў школе створаны камфортныя ўмовы для работы. Тут утульна, працуецца лёгка. Настасся Мікалаеўна ва ўсім адчувае падтрымку калег, якія ў любы момант падкажуць, па­раяць. Да слёз кранае, калі вучні пішуць паведамленні, тэлефануюць, перажываюць, калі яе не бывае на рабоце па ўважлівых прычынах. І сама настаўніца шчыра радуецца, калі заходзіць у клас і бачыць на тварах вучняў усмешкі.

Настасся Саўчук — выпускніца Мельніцкай базавай школы Маларыцкага раёна і Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава. На гістфаку БрДУ імя А.С.Пушкіна набыла спецыяльнасць настаўніка гісторыі і археолага. Археалогія зачароўвала яе змалку. Дзяўчына цікавілася гэтай прафесіяй, шмат чытала пра яе. Хацела зай­мацца даследаваннямі, капацца ў зямлі, хадзіць у экспедыцыі, рабіць адкрыцці. Але адначасова хацела і стаць настаўніцай.

Настасся Мікалаеўна з мнагадзетнай сям’і. У дзяцінстве часта даглядала меншых сясцёр і братоў. 4 чалавекі — гэта ўжо цэлы клас! Калі бацькі працавалі, дзяўчынка “адкрывала” школу дома: садзіла братоў і сясцёр за стол. Звінеў званок і пачынаўся ўрок. Настасся любіла выкладаць матэматыку, праводзіць дыктоўкі, а яшчэ — расказваць розныя легенды і паданні, прачытаныя ў кнігах і часопісах. “Вучні” заўсёды з захапленнем слухалі цікавыя гісторыі.

“Быць табе настаўніцай”, — не раз казаў дачцэ бацька. І яго словы збыліся. Тата цешыў сябе тым, што Насця працягне педагагічную дынастыю. Ён па адукацыі настаўнік фізічнай культуры і здароўя.

Акрамя бацькі, на выбар будучай прафесіі паўплывалі настаўнік гісторыі Пётр Ківачук і дырэктар Мельніцкай базавай школы Іван Шышук. Менавіта з іх дзяўчына брала прыклад. Хацела быць такой, як Пётр Іванавіч і Іван Барысавіч.

Калі Насця вучылася на 4 курсе ўніверсітэта, тагачасны дырэктар Пажэжынскай базавай школы Ніна Сірота патэлефанавала дэкану гістфака і папрасіла накіраваць да іх настаўніка-студэнта.

Я бачыла сябе настаўніцай з указкай ля карты і з крэйдай ля дошкі, — успамінае Настасся Мікалаеўна. — Але тады, напэўна, не хапіла смеласці пра гэта сказаць уголас. І толькі крыхі пазней, калі дэкан спытаў, чаму не згаджаюся, адказала, што яшчэ падумаю. Праз некалькі дзён адважылася і патэлефанавала дырэктару школы.

Студэнтку “нагрузілі” гадзінамі гісторыі, грамадазнаўства і мастацтва. Дзяўчына старанна рыхтавалася, некалькі разоў перачытвала ўніверсітэцкія канспекты, методыку выкладання, прадумвала структуру кожных заняткаў. І калі са званком зайшла ў 9 клас на першы ўрок, юнакі сказалі: “Ты, мабыць, новая вучаніца? Адкуль прыехала?” Студэнтка, саромеючыся, далікатна патлумачыла, што яна новая настаўніца і з сённяшняга дня будзе выкла­даць у іх гісторыю.

Любы ўрок — гэта канструкцыя. І многае залежыць ад устойлівасці яе каркаса. Любы кампанент заняткаў павінен быць на сваім месцы: мэтазгодным, узаемазвязаным з іншымі элементамі і працаваць на канчатковы вынік.

Настасся Саўчук хутка заваявала давер вучняў, стала для іх сябрам і любімым настаўнікам. Кожны ўрок Настассі Мікалаеўны быў цікавым, пазнавальным і не падобным на папярэдні. Пра складаныя рэчы яна імкнулася гаварыць проста і даходліва.

Пасля атрымання дыплома дзяўчыну перавялі ў Макранскую сярэднюю школу, дзе далі тыя ж гадзіны гісторыі, грамадазнаўства і мастацтва, класнае кіраўніцтва ў 9 класе, а яшчэ паўстаўкі сацыяльнага педагога. На гэтай пасадзе малады спецыяліст таксама сябе выдатна зарэкамендавала. Пацвярджэнне гэтага — 2-е месца на раённым этапе абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Педагог сацыяльны — 2023”.

На пытанне, чаму пасля 2 гадоў адпрацоўкі ў школе не з’ехала з вёскі і не стала шукаць іншую прафесію, Настасся Саўчук адказвае, што яе прызванне — быць настаўнікам.

У гэтым я пераканалася з першых урокаў, — гаворыць  педагог. — Тут, у школе, мая душа. Займаюся тым, што люблю і ўмею, што атрымліваецца і прыносіць задавальненне і радасць. На іншым месцы сябе не ўяўляю. 

Адзіная часовая нязручнасць — неабходнасць дабірацца на работу з Маларыты, дзе жыве Настасся Саўчук. У школу і са школы кожны дзень яна ездзіць на машыне. Гэта каля 22 кіламетраў у адзін бок.

Настасся Мікалаеўна з ліку крэатыўных  педагогаў. Яна ў штодзённым пошуку, імкнецца да ўсяго дайсці сама. Яе хвалююць пытанні “Як стаць добрым настаўнікам?”, “Што для гэтага трэба зрабіць?”, “Як удасканаліць прафесійную кампетэнтнасць для ўласнага кар’ернага росту?” і г.д.

Педагог лічыць, што любы ўрок — гэта канструкцыя. І многае залежыць ад устойлівасці яе каркаса. Любы кампанент заняткаў павінен быць на сваім месцы: мэтазгодным, узаемазвязаным з іншымі элементамі і працаваць на канчатковы вынік.

Калі чалавек любіць тое, чым займаецца, і займаецца тым, што любіць, то яго можна лічыць шчаслівым. Гэта дае стымул у працы, падштурхоўвае да пошуку.

Хочацца пажадаць маладому педагогу творчых поспехаў, удзячных вучняў і бацькоў, ажыццяўлення ўсяго задуманага.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара