Настаў час сканцэнтравацца на падтрымцы экспарту

- 11:07Інфармацыйная гадзіна

Дзяржавы Еўразійскага эканамічнага саюза павінны аб’яднаць намаганні па сумеснай падтрымцы экспарту ў трэція краіны, заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка ў Маскве на IV Еўразійскім эканамічным кангрэсе.

“Еўразійскай эканамічнай камісіі неабходна сканцэнтравацца на падтрымцы экспарту на рынкі трэціх краін”, — сказаў дыпламат. На яго думку, Еўразійскі эканамічны саюз павінен актыўна ўзаемадзейнічаць з усімі як буйнымі, так і невялікімі сусветнымі ігракамі, у першую чаргу гэта Еўрапейскі саюз, Кітай, Індыя, краіны Лацінскай Амерыкі, Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна. “Настаў час, каб ЕЭК сканцэнтравалася на актыўнай падтрымцы экспарту Еўразійскага эканамічнага саюза на рынкі замежных краін, значных ігракоў, — сказаў Ігар Петрышэнка. — Мы стварылі арганізацыю, якая павінна ад пачатку адпрацоўкі прапаноў і да завяршэння кантрактных абавязацельстваў падтрымліваць бізнес”.

Дыпламат лічыць, што Еўразійскаму банку развіцця таксама неабходна актыўней падключацца да экспартнага крэдытавання. Акрамя таго, трэба выпрацаваць і актыўна папулярызаваць брэнд “Тавар ЕАЭС”.
“Павінны быць задзейнічаны ўсе інструменты — пачынаючы ад фінансавых і заканчваючы ў тым ліку лічбавым складнікам”, — адзначыў пасол.

Ігар Петрышэнка таксама падкрэсліў, што разам з развіццём міжнародных сувязей павінны хутчэй ліквідавацца бар’еры на ўнутраным рынку ЕАЭС, паколькі яны пера-шкаджаюць не толькі краінам — удзельніцам саюза, але і замежнаму бізнесу, які хоча супрацоўнічаць і ўкласці свае грошы.

Кангрэс, які праводзіўся пры падтрымцы Еўразійскай эканамічнай камісіі, сабраў амаль 800 чалавек. Ён з’яўляецца пляцоўкай дыялогу дзелавой супольнасці, ЕЭК, органаў улады дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза, прафесійных і грамадскіх арганізацый. Адна з галоўных тэм мерапрыемства — перазагрузка эканамічных адносін краін еўразійскага кантынента. Асобныя сесіі на кангрэсе былі прысвечаны Мытнаму кодэксу ЕАЭС, функцыянаванню адзінага рынку лякарстваў, фарміраванню агульнага энергетычнага рынку, развіццю прамысловай кааперацыі.