Настаўнік, даследчык, кіраўнік

- 10:34Людзі адукацыі

Павел Ястрэмскі — з прадстаўнікоў маладога дырэктарскага корпуса Полаччыны. Кіраўнік установы адукацыі, настаўнік гісторыі і вучоны-даследчык, асоба яркая, творчая, неардынарная, з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і шырокім полем захапленняў — нездарма да яго, як магнітам, прыцягвае моладзь. І штораз гэта азначае пачатак новага праекта і сур’ёзнай справы.

—Полацк — мая малая радзіма, але школьны шлях пачаўся на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Бацька быў ваеннаслужачым, таму ўсё дзяцінства прайшло па ваенных гарнізонах у акружэнні лю­дзей у камуфляжы, — расказвае Павел Генадзьевіч. — У дзіцячы сад пайшоў у Цверы, у першы клас — у Архангельску, потым была школа ў пасёлку Міхнева ў Падмаскоўі. Там бацька ў званні падпалкоўніка завяршыў кар’еру, сям’я вярнулася ў Беларусь, і ў 11 класе я вучыўся ўжо ў сярэдняй школе № 1 Полацка. Да таго ў мяне і думак не было аб педагагічнай спецыяльнасці, хутчэй бачыў сябе ваенным. А тут — больш пад уплывам маіх настаўнікаў — прыхільнасць да ваеннай гісторыі перарасла ў такое моцнае захапленне, што да выпускнога на сто працэнтаў ведаў: буду паступаць на гістарычны факультэт. Разгледзеў некалькі варыянтаў і выбраў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе не проста выдатная навуковая школа, а нават муры — помнікі і сведкі гісторыі некалькіх стагоддзяў. Спачатку і ва ўніверсітэце не збіраўся праца­ваць у адукацыі. Але прыйшоў на практыку, правёў першыя ўрокі ў старшых класах — і пачаў задумвацца: чаму б не школа? Магчыма, сказалася сямейная спадчына: мой пра­дзед Іван Афанасьевіч — настаўнік і абаронца Айчыны, ­удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, Перамогу ён не сустрэў, загінуў на тэрыторыі Польшчы… Такім чынам, падаў я дакументы ў магістратуру, наважыўся і накіраваўся ў аддзел адукацыі: “Хачу ўладкавацца на работу”. Гэта было за тыдзень да 1 верасня. Прынялі. Стаў настаўнікам у сярэдняй школе № 16 і кіраўніком краязнаўчага аб’яднання па інта­рэсах у цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

У кастрычніку вакол маладога настаўніка ўжо сфарміравалася ядро будучай каманды са старшакласнікаў, якія цікавіліся краязнаўствам і гісторыяй. Педагог кіраваў школьным гуртком (які потым перарос у пошукавы клуб), праводзіў з навучэнцамі факультатыўныя заняткі; нярэдка яны проста збіраліся ў кабінеце, каб пагутарыць аб ваеннай гісторыі Беларусі. Неўзабаве Павел Ястрэмскі разам з вучнямі пачаў хадзіць у паходы з наведваннем месцаў баявой славы. Пачыналі, як успамінае педагог, з даследавання першага этапу Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі, вывучалі агнявыя кропкі, не раз пабывалі на лініі Полацкага ўмацаванага раёна каля тутэйшых вёсак.

— Не магу днямі сядзець на месцы, выкладаць толькі ўрокі ў кабінеце, карыстацца толькі падручнікам, — адзначае мой суразмоўнік. — Тэорыя мёртвая і нецікавая без практыкі, у дачыненні да гісторыі гэта асабліва актуальна. Таму з першых месяцаў у школе стараўся далучаць дзяцей да пошукавай дзейнасці, даследаванняў, сацыяльна значных праектаў, карысных спраў, потым наладзілася супрацоўніцтва з ваенным камісарыятам Полацкага, Расонскага раёнаў і Наваполацка ў пошуках воінскіх пахаванняў, не адзначаных на картах, фотафіксацыі брацкіх пахаванняў з прозвішчамі і імёнамі загінуўшых. У навуцы мая тэма — ваенныя злачынствы нацыстаў і іх памагатых у перыяд акупацыі, ваенныя канфлікты на сучаснай тэрыторыі Беларусі пачынаючы ад старажытнарускага перыяду. Даводзіцца працаваць у архівах, але я найперш гісторык-практык і больш прытрымліваюся работы па тых мясцінах, дзе адбываліся гістарычныя падзеі. Возьмем, напрыклад, баявыя дзеянні пад Полацкам летам 1941 года. Безумоўна, можна і трэба абапірацца на адпаведную літаратуру, інтэрнэт-крыніцы, архіўныя даныя. Але даследаваць перад маніторам за кубачкам кавы, не выходзячы з дому — не мой варыянт. Калі ёсць магчымасць — рукзак у рукі і ў дарогу: паглядзець, дзе прахо­дзіла перадавая лінія, зафіксаваць, сфатаграфаваць і па магчымасці паказаць навучэнцам сапраўднае аблічча вайны. У вольны час мы з сябрамі ў якасці валанцёраў удзельнічаем у афіцыйных археалагічных экспедыцыях па Віцебскай вобласці. Самая каштоўная і значная для мяне знаходка на раскопках зроблена ў родным гора­дзе: на тэрыторыі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра я знаходзіўся на квадраце з рыдлёўкай у руках, выкладваў глебу на адвал, са мной побач сядзела дзяўчына — яна гэта ўсё акуратненька перабірала. І нам пашчасціла знайсці ўнікальны артэфакт — актавую пячатку Ефрасінні Полацкай!

Галоўнае для настаўніка-гісторыка ў нашы дні, на думку Паўла Ястрэмскага, каб моладзь не сумнявалася ў сваім гістарычным мінулым, каб навучэнцы ведалі ўсіх герояў — абаронцаў роднага краю, знакамітых гістарычных асоб. У вывучэнні гісторыі краіны пачынаць трэба з малой ра­дзімы, роднай вёскі, горада, раёна: менавіта мясцовы матэрыял мацней уражвае і пераконвае, знахо­дзіць жывы водгук у падрастаючага пакалення, фарміруе светапогляд. Праз гэта нара­джаецца сапраўдная грамадзянскасць і захапленне гісторыяй. У лютым мінулага года Павел Генадзьевіч узначаліў калектыў сярэдняй школы № 1 Полацка. Па словах П.Ястрэмскага, неацэннай для яго з’яўляецца падтрымка калектыву, калег, упраўлення па адукацыі райвыканкама. Асабліва ў гэтай сувязі ён удзячны свайму куратару і папярэдніку на дырэктарскай паса­дзе, ветэрану педагагічнай працы Яўгеніі Мурутковай.

— Кіраўнік мэтанакіраваны, ініцыятыўны і адказны, з высокім арганізатарскім патэнцыялам, — гаворыць аб маладым дырэктары начальнік упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама Ірына Драздова. — Павел Генадзьевіч бачыць стратэгію і перспектывы развіцця ўстановы адукацыі, умее наладзіць эфектыўную работу ў камандзе, мае павагу як сярод калег, так і сярод навучэнцаў, цікавіцца сучаснымі распрацоўкамі і інавацыйнымі напрамкамі ў адукацыі. За ім ідзе калектыў, упэўнена, пад яго кіраўніцвам школа дасягне значных вынікаў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Уладзіслава БЫЦКО.