Настаўнік і народны майстар: Андрэй Ганчарэнка з Краснаполля мэтанакіравана адраджае рамяство разьбы па дрэве

- 13:18Хранители традиций

Не проста настаўнік, а народны майстар Беларусі. Педагог Андрэй Ганчарэнка з Краснаполля мэтанакіравана адраджае рамяство разьбы па дрэве. Падрабязнасці даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Мастацкай апрацоў­кай дрэва займаюся ўсё свядомае жыццё. Захапіўся гэтай народнай творчасцю ў юнацкім узросце, калі вучыўся ў тагачасным Аршанскім педвучылішчы. Там быў адпаведны гурток. Памятаю, што на першыя заняткі прыйшоў са зламанай рукой. Але рамяство так зацікавіла мяне, што ўпотай здымаў гіпс — настолькі хацелася паспрабаваць нешта змайстраваць, — падзяліўся ўспамінамі Андрэй Васіль­евіч.

Маладым настаў­ні­кам працоўнага навучання Андрэй Ганчарэнка вярнуўся на малую ра­дзіму — у Краснапольскі раён. Пачынаў выкла­даць у сельскіх школах, потым перайшоў у сярэднюю школу гарадскога пасёлка. Тут і замацаваўся: прыкіпеў душой да ўстановы і вучняў.

Андрэй Ганчарэнка са сваім вучнем — неаднаразовым пераможцам трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні Глебам Прывалавым

— У педагогіцы бачу сваё прызванне. Для мяне важна не проста навучыць хлопчыкаў працаваць рукамі. Імкнуся разгледзець здольнасці дзяцей, раскрыць іх таленты. Актыўна перадаю падрастаючаму пакаленню ўласныя навыкі і ўменні. Дзеці могуць зрабіць лыжку, табурэт і нават стол. Мая справа працягваецца ў вучнях. Цяперашнія выхаванцы вынікова выступа­юць на рэспубліканскай алімпіядзе і ў творчых конкурсах, некаторыя выпускнікі сталі на настаўніцкі шлях. Дасягненні навучэнцаў прыно­сяць мне вялікае маральнае задавальненне, — расказаў Андрэй Васільевіч.

Натхненне і радасць педагог знаходзіць таксама ў рамястве разьбяра па дрэве. Сур’ёзна займацца гэтай творчасцю Андрэй Ганчарэнка пачаў 12 гадоў назад:

— Тады прапанавалі папрацаваць у раённым Доме рамёстваў. Гэтая падзея стала зыходным пунктам майго прафесійнага росту. Стаў шмат ездзіць па фестывалях і пленэрах, вывучаць вопыт іншых, развівацца. Істотную дапамогу мне аказалі знакамітыя беларускія майстры Валерый Казлоўскі, Васіль Сілкоў, Святаслаў Міхальчык, Ігар Скляр.

Паступова Андрэй Ганчарэнка выпрацаваў свой стыль, асабісты почырк. Вызначыў для сябе педагог і прывабныя кірункі ў творчасці:

— З асаблівым энтузіязмам займаюся адраджэннем беларускай народнай цацкі. Ствараю аўтарскія аўтэнтычныя фігуркі, якія адлюстроўваюць старадаўні сялянскі побыт, нашу нацыянальную культуру. Шматлікія работы дынамічныя, спрыяюць развіццю дробнай маторыкі дзяцей. У кожнай заўсёды закладзены сэнс — мудрасць з казак, прыказак і прымавак.

Менавіта за адраджэнне драўлянай механічнай цацкі Андрэй Ганчарэнка атрымаў ганаровае званне народнага майстра Беларусі.

З таго моманту мінула пяць гадоў, а ён да гэтай пары працягвае лі­чыць сябе падмайстрам:

— Атрымаць высокую ацэнку працы было прыемна. Але творца не можа спыняцца ў самаўдасканаленні. У плане адточвання тэхнікі і майстэрства мне яшчэ ёсць куды імкнуцца.

Зараз Андрэй Васіль­евіч захапіўся стварэннем манументальных драўляных скульптур — казачных герояў па матывах міфаў і легенд. Паралельна працягвае рабіць з дрэва цацкі, унікальныя прадметы інтэр’ера, разнастайныя вырабы прыкладнога характару. Значна, што ў сваіх работах майстар папулярызуе імідж роднага краю.

Рамяство педагог паспяхова сумяшчае з выкладаннем. Ён не толькі вядзе ўрокі працоўнага навучання, але і ў рамках прадмета вучыць хлопцаў прафесіі сталяра:

— Усё паспяваць дазваляе дакладнае размеркаванне часу. Што­дня ў 5 раніцы я нязменна ў майстэрні. Працую з дрэвам да 7 гадзін, пасля чаго спяшаюся на заняткі ў школу. Вяртаюся дадому і зноў накіроўваюся да станкоў.

У сваёй дзейнасці Андрэй Ганчарэнка вялікую ўвагу ўдзяляе захаванню беларускіх традыцый у цэлым і рамяства разьбы па дрэве ў прыватнасці. Ён перакананы: сучаснаму пакаленню нельга забываць свае вытокі.

— Як казаў Уладзімір Караткевіч, хто забу­дзе продкаў — стра­ціць сябе. Мы павінны памятаць, як жылі нашы прадзеды, у што яны верылі, якіх каштоўнасцей прытрымліваліся. Без гэтага немагчыма захаваць нацыянальную самасвядомасць, — падкрэсліў педагог.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара