Настаўнік назаўжды. Больш за 40 гадоў Кацярына Сакалюк працуе ў Ляхавецкай сярэдняй школе

- 15:44Образование

Настаўнік — асаблівая прафесія, якая выбірае асаблівых людзей, такіх як настаўніца матэматыкі Кацярына Сакалюк з Ляхавецкай сярэдняй школы Маларыцкага раёна. У яе жыцці прызванне і прафесія ідуць побач.

…Педагог прыйшла на работу раней звычайнага. Сёння ў яе ўрокі пачынаюцца толькі з трэцяга. Але настаўніца па старой завядзёнцы захацела пракруціць яшчэ раз у галаве падрыхтаваныя заняткі, асабліва ў 9-м класе. На ўрок геаметрыі павінны завітаць калегі, у якіх «форткі».

Нельга сказаць, каб Кацярына Паўлаўна неяк па-асабліваму перажывала. Але пэўнае хваляванне ўсё ж было. Зрэшты, турбавацца зусім няма чаму. За 42 гады работы ў Ляхавецкай сярэдняй школе не злічыць, колькі праведзена ўрокаў, у тым ліку адкрытых. Да кожнага з іх заўсёды рыхтавалася старанна і адказна. Так было і цяпер. Кацярына Сакалюк дэталёва прадумвала кожны этап заўтрашніх урокаў. Хочацца даць вучням трывалыя веды, падабраць эфектыўныя метады, прыёмы і сродкі.

…У Ляхаўцах сонечнае надвор’е, час ад часу налятае ветрык, пад нагамі шамаціць рознакаляровае лісце. Кацярына Паўлаўна, усміхаючыся, на вітанні вяскоўцаў ветліва адказвае “Добры дзень!” і нетаропка ідзе наперад. Апалы жоўты дубовы ліст, які павольна кружыўся ў паветры, а потым упаў ля яе ног, імгненна перанёс у верасень 1973-га. Тады ёй, маладой настаўніцы, букет з дубовага лісця з жалудамі падарылі хлопцы з 10-га класа, куды яна была назначана новым класным кіраўніком.

— Мяне вучылі незвычайныя настаўнікі, — расказвае суразмоўніца. — Юнакі, старэйшыя за мяне на некалькі гадоў, пасля заканчэння школы вырашылі набыць вышэйшую адукацыю ў тагачасным Брэсцкім педагагічным інстытуце імя А.С. Пушкіна, але па нейкіх прычынах туды не паступілі. У раённым аддзеле адукацыі ім прапанавалі папрацаваць у школе… настаўнікамі. Пагадзіліся. Так у мяне сталі выкладаць учарашнія выпускнікі.

Кацярына Паўлаўна з выбарам будучай прафесіі вызначылася яшчэ пяцікласніцай. Паспрыяла гэтаму настаўніца рускай мовы і літаратуры Яўгенія Тыцык, якая навучыла адрозніваць дабро ад зла, праўду ад хлусні, выхоўвала на прыкладах сумленнасці і справядлівасці, любові да людзей і роднай зямлі. Дзякуючы педагогу дзяўчына стала шмат чытаць мастацкай літаратуры. Пэўны ўплыў на выбар жыццёвай сцежкі аказала і настаўніца фізікі Ніна Касянюк.

У дзяцінстве Кацярына Сакалюк любіла з сябрамі гуляць у школу. За гэтым заняткам часта не заўважала, як праляталі кароткія зімовыя дні.

— Ад дома да школы было далекавата, а напрамую, праз балоты, тры кіламетры, — успамінае яна. — Зімой, калі там замярзала вада, гэта быў мой шлях ранкам у школу і вечарам назад. Пасля ўрокаў, калі выпадаў снег, мы з сяброўкамі адразу беглі на балоты, бралі кійкі ў рукі і гулялі ў школу, малюючы на лёдзе, як на чыстым аркушы. Сяброўкам задавала рашыць розныя задачы і арыфметычныя прыклады, а пасля правярала іх, выпраўляла памылкі, ставіла адзнакі і, як у дзённіку, распісвалася. Зрэшты, матэматыку любіла заўсёды. У вольны час, калі не чытала, то рашала задачы. Выконваць дамашняе заданне заўсёды пачынала з матэматыкі.

У сваіх ведах Кацярына Паўлаўна была ўпэўнена, але для падстрахоўкі ў 10-м класе стала вучыцца на падрыхтоўчых курсах, арганізаваных у Брэсцкім педагагічным інстытуце. Пасля школы паступіла туды на аддзяленне матэматыкі фізіка-матэматычнага факультэта.

У інстытуце была актывісткай: усюды паспявала. Вучылася добра. Таму і трапіла ў лік першых на размеркаванні. Свой выбар малады педагог спыніла на Маларыцкім раёне. Там вакансія была толькі ў Ляхавецкай сярэдняй школе.

— Акрамя гадзін матэматыкі далі таксама класнае кіраўніцтва ў 10-м класе, дзе вучыліся 23 чалавекі, — гаворыць суразмоўніца. — За некалькі дзён да пачатку новага навучальнага года адміністрацыя школы сур’ёзна азадачыла. Ва ўстанове была традыцыя: класны кіраўнік з выпускным класам да 1 верасня рыхтуе святочную насценгазету. Будучых вучняў, вядома ж, я зусім не ведала. Сабраць іх дапамаглі калегі-настаўнікі. Мы шмат тады гаварылі, абмяркоўвалі першавераснёвую школьную лінейку, зрабілі макет насценгазеты, а затым яе выпусцілі. Газета атрымалася маляўнічая і ўсім спадабалася.

1 верасня маладая настаўніца чакала не толькі з нецярпеннем, але і з хваляваннем. Старанна рыхтавалася да гэтай даты. Не раз уяўляла, як увойдзе ў кабінет, што скажа. Ёй з першага ўрока хацелася стаць тым чалавекам, каму можна давяраць сакрэты, з кім можна будзе падзяліцца радасцю перамог і горыччу няўдач. Вось такую, на першы погляд, невырашальную задачу паставіла перад сабой Кацярына Паўлаўна. Ведала, што абавязкова дасягне гэтага. Прыкладам былі школьныя настаўнікі.

— Як педагог выхоўвала сваіх вучняў так, каб яны годна ўвайшлі ў дарослае жыццё, — расказвае Кацярына Сакалюк. — Школьнікаў трэба не толькі навучыць неабходнаму, але і падрыхтаваць да самастойнага жыцця, захаваць у душы і сэрцы галоўнае — чалавечнасць. У клас заўсёды ўваходзіла з настроем і ўсмешкай. Часта імправізавала, падбадзёрвала вучняў добрым словам. На ўроках заўсёды было месца жартам.

З першага дня прафесійнай дзейнасці ёй хацелася стаць прафесіяналам, таму займалася самаўдасканаленнем, шукала новыя формы і метады работы. Да нястомнага самаразвіцця падштурхоўвалі поспехі вучняў. Многія адказы на хвалюючыя пытанні настаўніца шукала ў педагагічных працах А.С. Макаранкі, В.А. Сухамлінскага, К.Д. Ушынскага, Л.М. Талстога, Я.А. Каменскага, І.Г. Песталоці і С.Т. Шацкага, а пасля грунтоўнага асэнсавання прачытанага прымяняла набытыя веды на практыцы.

Педагогу хацелася зрабіць жыццё вучняў цікавым і разнастайным. Таму яна развучвала з імі танцы, арганізоўвала і праводзіла шмат пазакласных мерапрыемстваў, часта бывалі ў паходах і на экскурсіях.

— У жыцці прытрымліваюся прынцыпу: калі ўзяўся за нейкую справу, давядзі яе да канца, — гаворыць Кацярына Паўлаўна. — Да пастаўленай мэты трэба ісці не збочваючы. Цяжкасці мяне ніколі не пужалі, а загартоўвалі, давалі веру ва ўласныя сілы. У 57-гадовым узросце вырашыла спыніць педагагічную дзейнасць. Строіла грандыёзныя планы. Але праз некалькі месяцаў засумавала па ўроках і вучнях. Зразумела, што без школы жыць не змагу. Неўзабаве прапанавалі папрацаваць на замене настаўніка матэматыкі, а потым зноў і зноў. Як гэта цудоўна нанава адчуць сябе настаўнікам! 

… Урок геаметрыі ў 9-м класе ў Кацярыны Сакалюк прайшоў на выдатна: атрымаўся цікавым і эфектыўным. Настаўніцы важна было не здзівіць калег выкарыстаннем інавацыйных прыёмаў, а навучыць! І гэта ёй удалося.

 Мікалай НАВУМЧЫК,
 намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара