Настаўнік назаўжды. Рыгор Мартынавіч Савіцкі — чалавек свайго часу і педагог вялікай эпохі

- 17:02Образование

Ён пачаў свой працоўны шлях настаўнікам па ліквідацыі непісьменнасці, са зброяй у руках прайшоў вайну, а пасля яе адраджаў школы да новага жыцця. Рыгор Мартынавіч Савіцкі — чалавек свайго часу і педагог вялікай эпохі.

У школе ён выкладаў геаграфію і астраномію — прадметы, якімі быў захоплены, якія любіў і глыбока ведаў. Мне ніколі не прыходзіла ў галаву спытаць у дзядулі, чаму менавіта геаграфія. Ці марыў ён пра кругасветныя падарожжы і марскія прыгоды? Хутчэй за ўсё, марыў, як і любы хлопчык, які прачытаў творы Жуля Верна, Фенімара Купера, Аляксанд­ра Бяляева. Памятаю, як падчас вячэрніх прагулак дзядуля расказ­ваў пра сузор’і на начным небе, планеты і зоркі, як мы схіляліся над картай свету і ён гаварыў, тлумачыў, разважаў…

Хаця як мог даведацца пра Фенімара Купера хлопчык, які нарадзіўся ў 1910 годзе ў сялянскай сям’і ў невялікай вёсцы недалёка ад Жлобіна? Мусіць, калі вучыўся ў школе, ужо савецкай, а потым у педагагічным тэхнікуме.

Памятаю, як падчас вячэрніх прагулак дзядуля расказваў пра сузор’і на начным небе, планеты і зоркі, як мы схіляліся над картай свету і ён гаварыў, тлумачыў, разважаў…

Святло ведаў

У 1920—1930-я гады ў савецкай краіне ішоў працэс ліквідацыі непісьменнасці сярод насельніц­тва. Быць настаўнікам у той час было вельмі ганарова. Школа давала не толькі добрую адукацыю, але і выхаванне на аснове адукацыі.

Свой працоўны шлях Рыгор Савіцкі пачаў у канцы 1920-х маладым настаўнікам па ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнас­ці ў сельскіх школах Гомельскай вобласці. З 1934 года працаваў настаўнікам геаграфіі, потым дырэктарам школы ў Слуцку.

Малады педагог не толькі вучыў, але і вучыўся. У 1940 го­дзе атрымаў вышэйшую адукацыю ў педагагічным інстытуце імя А.М.Горкага ў Мінску па спецыяльнасці “Настаўнік геагра­фіі”.

Усё жыццё працавала педагогам і яго жонка Марыя Аляк­сееўна Савіцкая. Яна таксама пачынала з работы па ліквідацыі непісьменнасці ў 1930 годзе, а апошні запіс у працоўнай кніжцы маёй бабулі зроблены ў 1986 годзе. На Случчыне яны працавалі разам. Там жа сям’ю заспела вайна. Шмат гадоў назад бабуля ўспамінала, што пра пачатак вайны даведаліся раніцай пасля выпускнога вечара ў школе. Мужчыны адразу ж адправіліся ў ваенкамат. У школе тэрмінова пачалі рыхтаваць дакументы да эвакуацыі.

Партызан і салдат

Пасля акупацыі Слуцка сям’я дырэктара школы засталася ў горадзе, хаця гэта было вельмі небяспечна: у любы момант немцы маглі даведацца, хто ён. Рыгор Мартынавіч працаваў на маслазаводзе, быў падпольшчыкам і партызанскім сувязным. У пэўны момант паступіла паведамленне, што яму з сям’ёй трэба тэрмінова сыходзіць у партызаны.

Дзед быў членам партызанскага атрада да ліпеня 1944 года, а потым уліўся ў рады Чырвонай Арміі. Пра гэты перыяд свайго баявога жыцця дзядуля расказваў скупа і нешматслоўна. Ха­дзіў у разведку, удзельнічаў у баявых аперацыях, забяспечваў работу партызанскага аэрадрома. Дарэчы, майму бацьку, якому тады было шэсць гадоў, назаўсёды запомнілася, як самалёты з вялікай зямлі дастаўлялі на лясны аэрадром прадукты, медыкаменты і забіралі цяжкапараненых. Пасадачная паласа была загадзя падрыхтавана партызана­мі, ноччу на некалькі мінут запальваліся вогнішчы — і самалёт прызямляўся.

Перад тым як партызанскія атрады далучыліся да Чырвонай Арміі, сем’і партызан былі эвакуіраваны ва ўжо вызвалены Кіеў. У іх ліку была і мая бабуля з дзецьмі. Там таксама была разруха, было голадна і холадна, так што прыйшлося ім нялёгка. Трэба было шукаць жыллё і неяк здабываць ежу. А потым быў шлях дадому, на спадарожных вайсковых машынах. У дарозе трохгадовая сястрычка майго бацькі захварэла і ў хуткім часе памерла.

Вярнуўшыся ў вызвалены родны Слуцк, пакрыху пачалі наладжваць сваё жыццё, пераадольваючы шматлікія цяжкасці. Горад быў у руінах, іх былы дом ацалеў, але там ужо жылі іншыя людзі. Марыя Аляксееўна вельмі пакутавала з-за смерці дачкі. Да таго ж сям’ю засмучала, што не было вестак ад Рыгора Мартынавіча. Потым аказалася, што ён цяжка паранены і знаходзіцца ў шпіталі ў Варшаве. Гэта дало надзею, што ён вернецца да іх жывы.

Падчас вайны Рыгор Савіцкі змагаўся ў радах беларускіх партызан, потым у Чырвонай Арміі. Быў цяжка паранены.

На фронце адукацыі

Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у БССР не хапала настаўнікаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі: шмат хто загінуў, некаторыя перайшлі на іншую работу. Пасля праходжання рэабі­літацыі ў шпіталі Рыгор Савіцкі быў камісаваны і адразу ж атрымаў назначэнне дырэктарам школы ў Пружанах Брэс­цкай вобласці.

Трэба сказаць, для франтавікоў вайна ў 1944 годзе не скончылася. Праблемы былі ад шматлікіх банд, якія ўтваралі злачынцы, дэзерціры, былыя паліцаі. Таму кіраўнікам і нас­таўнікам школы ўвесь час прыходзі­лася быць напагатове, не толькі забяспечваючы вучэбны працэс, але і гарантуючы бяс­пеку.

У 1950-м Рыгор Мартынавіч быў назначаны дырэктарам сярэдняй школы № 11 у раёне трактарнага завода ў Мінску. Сям’я пераехала разам з ім, жонка ўладкавалася настаўніцай пачатковых класаў. Жыць спачатку прыйшлося ў школьнай спартыўнай зале. Але цяжкасці не палохалі, настаўнікі працавалі шмат і з энтузіязмам.

Педагогамі ў той час былі ў асноўным жанчыны і маладыя спецыялісты. Неабходна было стварыць згуртаваны калектыў, асаб­лівую педагагічную прастору, дзе б паспяхова ішоў працэс інтэлек­туальнага і духоўна-маральнага станаўлення навучэнцаў.

У школе вучыліся дзеці будаўнікоў і супрацоўнікаў трактарнага завода і жыхароў Трактаразаводскага пасёлка. Раён быў няпросты, у канцы 1940-х — пачатку 1950-х рас­казвалі нават аб бандытах з “Чорнай кошкі”, якія хаваліся дзесьці непадалёк. Тое, як з’явілася вулічная “рамантыка” ў тыя гады, як некаторыя падлеткі пад яе ўздзе­яннем станавіліся злачынцамі, добра апісаў Ула­дзімір Высоцкі ў яго знакамітай “Баладзе аб дзяцінстве”.

Важна было не дапусціць уплыву вуліцы на розумы дзяцей і падлеткаў, таму ў школе арганізавалі шмат гурткоў, навучэнцы асвойвалі фатаграфію, радыётэхніку, захапляліся спортам, актыўна наведвалі Дом піянераў. Педагогі займаліся з дзецьмі і пасля ўрокаў. Бацька заўсёды з глыбокай павагай успамінае настаўніцу рус­кай мовы з 11-й школы — блакадніцу, якая збірала вучняў у сябе дома, і яны гутарылі аб літаратуры, дзяліліся кнігамі. Настаў­ніца нават арганізавала паездку ў Ленінград, дзе школьнікі спыніліся ў невялікай кватэры яе знаёмых. Усім былі рады, усім хапіла месца і ежы.

У 1950-х гадах статус настаўніцкай прафесіі быў вельмі высокі. Пра педагогаў напісаны кнігі, зняты цудоўныя фільмы. Ад некаторых старажылаў чула, што, калі раней дырэктар ці педагог школы ішоў па вуліцы, з ім віталіся амаль усе жыхары раёна. Як паказаў час, такая пашана была заслужанай. Выхаванае гэтымі людзьмі пакаленне стварыла магутны абаронны, навуковы і прамысловы патэнцыял краіны, адправіла чалавека ў космас, адкрыла і асвоіла нафтавыя і газавыя радовішчы.

Настаўнік настаўнікаў

Рыгор Мартынавіч прапрацаваў у 11-й школе шмат гадоў, а потым узначаліў іншую сталічную ўстанову адукацыі — сярэднюю школу № 87. Ён стаў яе першым дырэктарам.

Хочацца выказаць глыбокую падзяку сённяшняму кіраўніцтву гэтай школы і тым, хто на працягу дзесяцігоддзяў ствараў яе гісторыю, вёў летапіс. У ім я знайшла радкі і пра свайго дзеда:

“Восенню 1963 года пачала працу новая ў Заводскім раёне сярэдняя школа № 87. Стваральнікам і кіраўніком яе калектыву быў дырэктар Рыгор Мартынавіч Савіцкі. Сем гадоў прапрацаваў ён тут у якасці кіраўніка школы і набыў вялізны аўтарытэт і павагу сярод навучэнцаў, настаўнікаў і бацькоў…

Педагагічныя калектывы школ, дзе ён працаваў у якасці дырэктара, адрозніваліся згуртаванас­цю, працавітасцю, творчым падыходам да справы, таму што Рыгор Мартынавіч ніколі не быў інспектарам над настаўнікамі, адміністратарам, які кантралюе, ці правільна выкладае педагог праграму. Гэта быў настаўнік настаўнікаў! Рознабакова адукаваны, чалавек вялікага сэрца і розуму, тактоўны, чулы. Гэта чалавек вялікай прывабнасці. Вось чаму ён заслужыў свой вялізны аўтарытэт”.

Што можна дадаць да гэтых слоў, якія кранаюць душу? Ма­быць, толькі тое, што за сваю працу Рыгор Мартынавіч Савіцкі быў удастоены звання заслужанага настаўніка БССР і што школьны настаўнік — гэта не работа, а лад жыцця, прызванне, дар, абавязак, гонар. Ён пражыў 74 га­ды. І застаўся ў сэрцах многіх лю­дзей. 

Вольга САВІЦКАЯ
Фота з сямейнага архіва