Настаўнік па прызванні

- 11:07Людзі адукацыі

Ужо ў дзяцінстве яна ведала, што стане педагогам. На прафесійны выбар паўплывалі цікавасць да настаўніцкай працы і любоў да англійскай мовы. Да сённяшняга часу яна з вялікай павагай успамінае школьных педагогаў, якія не толькі далі добрыя і трывалыя веды, але і паказалі правільны жыццёвы напрамак.

— Вельмі ўдзячна маці, якая выкладала матэматыку ў старшых класах маёй школы, і настаўніцы англійскай мовы Алене Іванаўне Лук’янёнак, якая з’яўляецца прыкладам высокага прафесіяналізму і арыенцірам у педагагічнай дзейнасці, — прызнаецца настаўніца англійскай мовы Вікторыя Антонаўна Бондар з сярэдняй школы № 2 Камянца. — Дзякуючы маці з дзяцінства жыла ў чароўнай школьнай атмасферы, звязанай з праверкай сшыткаў і падрыхтоўкай да ўрокаў, а дзякуючы настаўніцы англійскай мовы вызначылася з будучым профілем навучання.

Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава педагог 3 гады працавала на малой радзіме — у сярэдняй школе № 1 Шаркаўшчыны. Там яе надзвычай цёпла сустрэў дружны і творчы калектыў, які толькі ўмацаваў любоў да выбранай прафесіі. Вопытныя калегі заўсёды прыходзілі на дапамогу, аказвалі падтрымку. Станаўленне новага настаўніка праходзіла ў добразычлівай атмасферы, што вельмі важна ў пачатку працоўнага шляху. З 2003 года В.А.Бондар працуе ў сярэдняй школе № 2 Камянца.

— За 17 гадоў педагагічнай дзейнасці ў прафесіі не расчаравалася, — гаворыць Вікторыя Антонаўна. — Ужо спачатку добра ўсведамляла ўсе цяжкасці, з якімі давядзецца сутыкнуцца. Больш за ўсё падабаецца працаваць з дзецьмі, назіраць за іх сталеннем і развіццём. Сучасныя вучні любяць англійскую мову, таму галоўнае для педагога — захаваць і падтрымаць гэтую цікавасць, скіраваўшы яе ў карыснае рэчышча.

— Вікторыя Антонаўна — настаўнік па прызванні, — адзначае дырэктар сярэдняй школы № 2 Камянца І.С.Філіпаў. — Гэта надзвычай творчы і ініцыятыўны педагог, які пастаянна імкнецца да ўдасканалення прафесійнага майстэрства, адчувае абвостраную адказнасць за вынікі сваёй працы. Грунтоўная тэарэтычная падрыхтоўка, аптымальны выбар эфектыўных метадаў, сродкаў, форм і прыёмаў навучання, умелае выкарыстанне дадатковых матэрыялаў робяць урокі Вікторыі Антонаўны не толькі цікавымі і змястоўнымі, але і выхаваўчымі. Настаўніца выкладае прадмет даступна і эмацыянальна, скіроўваючы дзяцей да яго больш глыбокага вывучэння. Індывідуальны падыход да вырашэння складаных педагагічных задач дазваляе зрабіць заняткі разнастайнымі і спрагназаваць поспехі школьнікаў. Вікторыя Антонаўна працуе ў 5—11 класах з вучнямі рознага ўзроўню падрыхтоўкі, але заўсёды дабіваецца станоўчых вынікаў у рабоце з імі, абавязкова ўлічвае ўзроставыя і псіхалагічныя асаблівасці дзяцей.

В.А.Бондар актыўна выкарыстоўвае на ўроках камп’ютарныя, здароўезберагальныя і праектную тэхналогіі, а таксама тэхналогію крытычнага мыслення. Не абыходзіць увагай інтэрактыўную дошку. У планах — стварэнне блога для актывізацыі пазнавальнай дзейнасці школьнікаў і іх самаадукацыі, укаранення рознаўзроўневага навучання.

Вялікую ўвагу Вікторыя Антонаўна ўдзяляе алімпіяднай і навукова-даследчай рабоце з вучнямі. Штогод яе выхаванцы паспяхова выступаюць у раённых алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях. Перамогі дзяцей стымулююць да пастаяннага прафесійнага самаразвіцця. Так, сёлетняя выпускніца школы Настасся Раманюк пад кіраўніцтвам настаўніцы падрыхтавала работу “Інтэграцыя людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў сучаснае грамадства шляхам вывучэння англійскай мовы”, якая заняла 1-е месца ў Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі вучняў.

На працягу некалькіх гадоў В.А.Бондар з’яўляецца кіраўніком школьнага вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў замежнай мовы. Пад кіраўніцтвам Вікторыі Антонаўны штогод на высокім узроўні праходзяць прадметныя тыдні, накіраваныя на развіццё ў вучняў цікавасці да англійскай мовы і іх творчую самарэалізацыю. Тыдні замежных моў завяршаюцца канцэртам, якога школьнікі чакаюць з вялікім нецярпеннем і ў якім з не меншым задавальненнем удзельнічаюць.

У цэнтры прафесійнай увагі педагога — выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій пры фарміраванні іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў, кантрольна-ацэначная дзейнасць ва ўмовах профільнага навучання, прымяненне эфектыўных адукацыйных практык выкладання замежнай мовы на базавым і павышаным узроўнях навучання. Акрамя таго, настаўніца творча развівае і ўдасканальвае традыцыйныя метады выкладання, ахвотна дзеліцца напрацоўкамі з калегамі.

Вікторыя Антонаўна кіруецца ў жыцці дэвізам “Няма межаў для дасканаласці”, таму знаходзіцца ў нястомным творчым пошуку. Пераможца раённага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2007” лічыць, што сапраўдны педагог павінен быць добрым, чулым і справядлівым. Дзейнасць В.А.Бондар адзначана Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.