Настаўнік павінен пастаянна развівацца і ўдасканальвацца

Сёння наша суботняя планёрка праходзіць разам з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Жыткавіцкага райвыканкама Гомельскай вобласці Аляксандрам Львовічам ЕМЯЛЬЯНАВЫМ, які адразу пагадзіўся на размову.

— Аляксандр Львовіч, як вы можаце ахарактарызаваць сістэму адукацыі Жыткавіцкага раёна?

— Сістэма адукацыі раёна развіваецца дынамічна. Ва ўстановах адукацыі паспяхова і своечасова вырашаюцца задачы, пастаўленыя дзяржавай перад адукацыяй краіны ў цэлым. Педагагічны калектыў раёна добра разумее, што сучасны настаўнік павінен пастаянна развівацца, вучыцца, удасканальваць свае прафесійныя навыкі і веды, таму мы заўсёды правільна рэагуем на інавацыйныя працэсы ў сістэме адукацыі краіны і ўкараняем іх у сябе з улікам сваіх рэгіянальных асаблівасцей.

У цяперашні час сістэма адукацыі Жыткавіцкага раёна складаецца з 41 установы адукацыі, з іх 26 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, 11 — дашкольнай адукацыі, 2 установы дадатковай адукацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр з прытулкам і Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Адукацыю атрымліваюць 5802 навучэнцы, з якіх школьнікаў — 4448, дашкольнікаў — 1335. Створаная сетка ўстаноў адукацыі дазваляе ў поўнай меры задавальняць адукацыйныя запыты законных прадстаўнікоў нашых навучэнцаў. У раёне паспяхова працуе раённая гімназія, пры якой ёсць інтэрнат, што дазволіла нам забяспечыць ахоп гімназічнай адукацыяй сельскіх школьнікаў. У цяперашні час у гімназіі вучыцца больш за 30% школьнікаў з сельскіх населеных пунктаў.

— Якую ролю адводзіце раённаму метадычнаму кабінету ў павышэнні метадычнай дасведчанасці педагогаў? Наколькі ў вашым раёне запатрабаваны РВМК?

— У апошні час шмат гавораць пра тое, ці патрэбны РВМК. Нягледзячы на багацце метадычнай інфармацыі ў інтэрнэт-рэсурсах, працэсам павышэння метадычнай дасведчанасці педагогаў неабходна кіраваць. Менавіта ў гэтым наш РВМК бачыць сваю асноўную функцыю. Метадычны кабінет вывучае, аналізуе педагагічныя цяжкасці і прапануе педагогам раёна тыя формы метадычнай работы, а таксама тыя інтэрнэт-крыніцы, якія для іх з’яўляюцца найбольш актуальнымі. У кожным раёне ёсць педагогі, якія маюць станоўчы, прадукцыйны вопыт, які неабходна распаўсюджваць. Па прычыне сціпласці, занятасці педагогаў педагагічная грамадскасць так і не даведалася б пра шматлікія педагагічныя знаходкі, калі б гэтым не займаліся нашы метадысты. Лічу, што патрабуюць кіравання на ўзроўні раёнаў і працэсы атэстацыі, павышэння адукацыйнага ўзроўню педагагічных кадраў.

— З увядзеннем профільнай адукацыі памяняліся акцэнты ў арганізацыі адукацыйнага працэсу, таму хочацца спыніцца на арганізацыі профільных класаў у вашым рэгіёне.

— Увядзенне профільнай адукацыі ў раёне асаблівых цяжкасцей не выклікала. Настаўнікі раёна ўспрынялі ўсё спакойна. Была праведзена папярэдняя тлумачальная работа з бацькамі і вучнямі. Профільныя класы (групы) былі арганізаваны з улікам пажаданняў вучняў і іх законных прадстаўнікоў. Зразумела, пад увагу браліся неабходныя ва ўстанове ўмовы: наяўнасць педагагічных кадраў адпаведнай кваліфікацыйнай катэгорыі, вучэбнай базы ўстановы па неабходным профілі. З улікам актуальнасці вывучэння замежных моў, а таксама неабходнасці здачы на ЦТ адной з дзяржаўных моў нашы навучэнцы пераважна выбіралі філалагічны профіль. Разам з тым мы змаглі задаволіць патрэбу навучэнцаў і ў фізіка-матэматычным профілі, а таксама арганізаваць профілі з вывучэннем на павышаным узроўні гісторыі Беларусі і грамадазнаўства. На базе гімназіі Жыткавіч створаны дзве профільныя педагагічныя групы, адна з іх працуе ўжо другі год. У педагагічныя групы залічаны навучэнцы профільных класаў і іншых школ горада.

— Сёння шмат гавораць пра ўзаемадзеянне сям’і і школы, якія ў выхаванні дзяцей павінны быць партнёрамі. На практыцы ж атрымліваецца, што выхаваўчыя аспекты зрушаны ў бок школы. Атрымліваецца, што цяпер і бацькоў трэба выхоўваць. Як наладжана ўзаемадзеянне з бацькамі ў вашым рэгіёне?

— Так, мы цалкам згодны з той пазіцыяй, што школа і бацькі павінны быць партнёрамі. Вядома, асноўная роля ў выхаванні дзіцяці належыць сям’і, але ж усім зразумела, што бацькі бываюць розныя, з розным узроўнем адукацыі і выхавання. Часта бацькі не спраўляюцца з выхаваннем не таму, што не жадаюць спраўляцца, а таму, што не ведаюць пэўных псіхолага-педагагічных аспектаў выхавання. Менавіта ў ліквідацыі гэтых прабелаў мы і бачым сваю асноўную задачу. У раёне даўно склалася пэўная сістэма ўзаемадзеяння з бацькамі. У гэтую сістэму ўключаны практычна ўсе суб’екты соцыуму на месцах. З 2006 па 2009 год у раёне была рэалізавана праграма “Спадчына”, задачай якой стала выкарыстанне выхаваўчага патэнцыялу нашай культурнай і праваслаўнай спадчыны ў адукацыйным працэсе. Затым была рэалізавана праграма “Разам” па ўзаемадзеянні з бацькоўскай грамадскасцю, якая таксама дазволіла зрабіць значны крок наперад у гэтым напрамку. У нас назапашаны значны вопыт работы з замяшчальнымі сем’ямі.

— Наколькі запатрабаваны вучнямі і бацькамі шосты школьны дзень? Што ў гэты дзень прапануюць школы раёна сваім вучням?

— У кожнай установе раёна шосты школьны дзень мае сваю спецыфіку, якая залежыць ад шэрага фактараў, а менавіта ад колькасці навучэнцаў, арганізацыі падвозу навучэнцаў з некалькіх населеных пунктаў, наяўнасці ўстаноў культуры і спорту на тэрыторыі населенага пункта. У раёне шмат школ, куды падвозяць дзяцей адразу з некалькіх населеных пунктаў, таму ў такіх школах ёсць вопыт правядзення выязных субот на базе сельскіх устаноў культуры. Акрамя таго, у раёне мае месца арганізацыя ўстановамі сумесных субот, у рамках якіх праводзяцца міжшкольныя конкурсы і спаборніцтвы. У кожнай школе ёсць свой план шостага дня, распрацаваны на вучэбны год. У ім прадугледжана работа аб’яднанняў па інтарэсах, спартыўных секцый, масавыя мерапрыемствы, дні здароўя, экскурсіі рознага характару, валанцёрская і цімураўская работа, работа органаў дзiцячага самакiравання.

На базе нашых устаноў працуюць у суботні дзень і аб’яднанні па інтарэсах устаноў культуры, спартыўныя секцыі ад ДЮСШ. У шэрагу школ працуюць філіялы музычных школ і школ мастацтваў. У раёне дзве ўстановы дадатковай адукацыі, якія арганізоўваюць шосты дзень не толькі на сваёй базе, але і ладзяць мерапрыемствы ў школах. Мы стараемся выкарыстоўваць усе магчымасці, каб тыя дзеці і бацькі, якія вырашылі прыйсці ў суботу ва ўстанову адукацыі, правялі яе весела і з карысцю.

— Аляксандр Львовіч, а якія праблемы больш за ўсё хвалююць начальніка аддзела адукацыі сёння?

— Жыткавіцкі раён — сельскі раён, у якім ёсць тэндэнцыя да памяншэння колькасці навучэнцаў. Натуральна, што мяне як начальніка аддзела адукацыі хвалююць працэсы аптымізацыі сеткі ўстаноў, якія цягнуць за сабой шэраг праблемных пытанняў не толькі на ўзроўні сістэмы адукацыі, а і ў цэлым населеных пунктаў, у якіх ліквідуюцца ўстановы адукацыі. Не могуць не хваляваць пытанні аховы здароўя нашых дзяцей. Не заўсёды хапае сродкаў, каб стварыць аптымальныя ўмовы для арганізацыі адукацыйнага працэсу. Праблемных пытанняў шмат, але мы стараемся іх вырашаць у цесным узаемадзеянні з мясцовымі органамі ўлады, бацькамі, падшэфнымі арганізацыямі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *