Настаўнікі будучыні

- 10:05Адукацыйная прастора, Рознае

Правільна вызначыцца з прафесіяй — надзвычай важны і адказны крок у жыцці кожнага чалавека. Найчасцей прафесія выбіраецца раз і назаўсёды. Але, каб зрабіць гэты выбар правільна, неабходна затраціць шмат часу, многае ўзважыць, адэкватна разлічыць сілы.

А дной з магчымасцей асэнсаванага выбару будучай прафесіі з’яўляюцца класы педагагічнай накіраванасці. Іх асноўная мэта — арыентацыя на педагагічныя спецыяльнасці матываваных выпускнікоў школ, гімназій і ліцэяў. Такія класы плануецца адкрыць і на Маларытчыне. Пакуль жа 8 дзесяцікласнікаў з Маларыцкай раённай гімназіі пачалі з верасня мэтанакіравана рыхтавацца да паступлення на педагагічныя спецыяльнасці УВА.

Вучні штотыдзень наведваюць факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, разлічаныя на 2 гады. Мэта факультатыву, які праводзіць настаўніца рускай мовы і літаратуры Ірына Сезік, заключаецца ў стварэнні ўмоў для прафесійнага самавызначэння вучняў і фарміравання ў іх пазітыўнай устаноўкі на выбар педагагічнай прафесіі.

— Анкетаванне паказала, што ў гімназіі ёсць вучні, зацікаўленыя ў атрыманні прафесіі настаўніка, — гаворыць Ірына Сезік. — Асаблівасцю факультатыўных заняткаў з’яўляецца тое, што вучні на іх атрымліваюць веды пра педагогіку, спецыфіку настаўніцкай прафесіі, яе ролю ў грамадстве і патрабаванні, якія прад’яўляюцца да асобы педагога.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.