Настаўніцкае шчасце

- 12:00Адукацыйная прастора

Як няпроста сёння ў свеце лічбавых тэхналогій прыцягнуць увагу школьнікаў да вывучэння мовы, да чытання мастацкай літаратуры! Настаўніцы рускай мовы і літаратуры гімназіі Глуска Жанне Іванаўне Кудрэевай удаецца зрабіць свае ўрокі сапраўднай падзеяй, сумесным перажываннем “моманту ісціны”, у якім задзейнічаны не толькі інтэлект, але і пачуцці дзяцей, увасобленыя ва ўчынку, у дзеянні. Напярэдадні прафесійнага свята Ж.І.Кудрэева падзялілася сваімі думкамі аб настаўніцкай рабоце, пытаннях выкладання любімых прадметаў і прафесійных планах.

Пра прафесійны выбар. Кажуць, што не мы выбіраем дарогі, а яны нас. Думка прыгожая, але не заўсёды правільная. Ва ўсякім выпадку дарогу настаўнікі выбіра­юць самі. Выбар прафесіі быў зроблены выключна па закліку сэрца. Наконт прадмета роздумаў таксама не ўзнікала. Ён быў выбраны дзякуючы маёй школьнай настаўніцы рускай мовы і літаратуры Святлане Рыгораўне Брэус. Высокі прафесіяналізм любімай настаўніцы, яе адданасць справе, а галоўнае — дзівосная вера ў нас, яе вучняў, дапамаглі зрабіць правільны выбар. У 1988 годзе скончыла Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.А.Куляшова і ўжо больш за 30 гадоў прысвяціла любімай справе. Добра памятаю і сваё першае месца работы — маленькую сельскую школу, і першыя ўрокі, і тыя цяжкасці, што адчуваліся: па метадычна правільнай пабудове заняткаў, па арганізацыі дзяцей. Дзякуючы вопытным калегам, усе яны былі з лёгкасцю пераадолены.

Навучэнцы Ж.І.Кудрэевай паказваюць высокія вынікі на раённым этапе Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, атрымаўшы больш за 60 дыпломаў. Яны займаюць прызавыя месцы на трэцім і заключным этапах гэтых спаборніцтваў, становяцца лаўрэатамі абласнога тура алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”. Летась на інтэрнэт-алімпіядзе па рускай мове БДПУ імя Максіма Танка ўладальніцамі дыпломаў сталі Арсенія Царык і Дар’я Мышкавец.

Пра паспяховы ўрок. Перадумова паспяховага ўрока ў тым, калі ты адчуваеш, што складваецца тандэм “вучні — настаўнік”: дзеці разумеюць цябе, ты разумееш іх, пануе творчая атмасфера даверу і павагі. Я імкнуся
данесці вучням, што руская мова неабходна ім у штодзённым жыцці, каб адчу­ваць сябе ўтульна і камфортна, не саромецца гава­рыць, выказваць свае думкі, аналізаваць, разважаць. І калі на ўроку атрымліваецца гэтага дасягнуць, да таго ж ты аказваешся пачутай, гэта і ёсць перадумова поспеху. Для мяне ў прыярытэце не гатовае выкладанне матэрыялу, запамінанне, узнаўленне, а самастойнае авалоданне навучэнцамі ведамі, уменнямі.

Пра метады і прыёмы работы. Сучасны педагог павінен ісці ў нагу з часам. У сваёй рабоце выкарыстоўваю прыёмы тэатралізацыі, інфармацыйныя тэхналогіі, тэматычныя даследаванні, дыскусіі, дыялог, гульню. Так, прыёмы тэатралізацыі прымяняю пры вывучэнні казкі С.Маршака “Дванац­цаць месяцаў”, чытанне па ролях — пры вывучэнні аповесці А.Грына “Пунсовыя ветразі”. У 11 класе вучні з задавальненнем рыхту­юць прэзентацыі, знаходзяць цікавы матэрыял па жыцці і творчасці паэтаў і пісьменнікаў. Яны праводзяць міні-даследаванні на зададзеную тэму (напрыклад, “Тэма асабістай адказнасці і асабістага выбару чалавека ў рамане М.Булгакава “Майстар і Маргарыта”). Але, скажу шчыра, я не з’яўляюся самым актыўным прапагандыстам новых тэхналогій і лічу, што мала валодаць метадамі і прыёмамі, трэба валодаць значна больш важным мастацтвам — мастацтвам любіць дзяцей, любіць справу, якой займаешся. Важна не столькі падзяліцца ведамі, якімі валодаеш, мая задача — дапамагчы навучэнцам уба­чыць і раскрыць іх творчы патэнцыял, закладзены прыродай.

Пра рускую літаратуру. Адразу з некаторым прафесійным сумам павінна заўважыць: часы сёння не самыя лепшыя для нашага прадмета. За акном XXI стагоддзе з яго дынамізмам, прагматызмам, іншымі арыенцірамі… Ні для каго, мабыць, не сакрэт, што адбылася, калі можна так ска­заць, відэалізацыя культуры. Мяне, вядома ж,
такое становішча спраў не можа не засму­чаць. Бо ў лепшых узорах літаратуры закла­дзена столькі дабра, спагады, міласэрнасці, маральнасці. А хіба, скажам, пушкінскага “Яўгена Анегіна” дарма называюць энцыклапедыяй рускага жыцця? А колькі гэтых самых “энцыклапедый” зашыфравана ў дзясятках іншых твораў рускай класічнай літаратуры. І тым больш шкада, што ў цяперашняй масавай літаратуры першапачаткова не закла­дзены такія паняцці, як душа, дабро, сямейная вернасць і інш.

Пра сачыненні. Сачыненні на літаратурныя тэмы не выклікаюць у вучняў, як правіла, энтузіязму, а правакуюць спісванне,
тым больш ёсць адкуль. Між тым штодзённая педагагічная практыка паказвае: разважаць і разумець пры правільным падыходзе сучасная школьная моладзь умее. І акцэнты можа правільна расставіць, і зададзеныя аўтарам характары растлума­чыць. Няхай па-свойму, няхай многае з пункта гледжання сённяшніх пазіцый, але сама спроба ў большасці выпадкаў шчырая і сумленная. На ўроках літаратуры ў праграмных творах я спрабую знайсці ключавыя выразы, якія дапамогуць падштурхнуць вучняў да разважання, выклікаць работу думкі і пачуццяў. Напрыклад, пры вывучэнні паэмы “Мцыры”
звяртаю ўвагу на радкі паэта: “…а душу можно ль рассказать?”. У вучняў атрымліваецца цікавая мініяцюра-разважанне на гэтую тэму.

Пра адпачынак. Адпачываю душой, калі займаюся з высокаматываванымі вучнямі, рыхтую іх да конкурсаў і алімпіяд. І гэта працай не лічу. Адпачываю, калі збіраецца ўся сям’я. Люблю гуляць на прыродзе. У вольны час захапляюся чытаннем. Мне блізкія М.Лермантаў, А.Чэхаў, І.Бродскі. Рэкамедавала б прачытаць усім кнігу Дж.Сэлінджара “Над про­пастью во ржи”. Гэта кніга і для дарослага, і для дзіцяці.

Пра планы. Сёлета я класны кіраўнік 11 класа, і мая задача — дапамагчы вучням падрыхтавацца і паспяхова здаць ЦТ. Дапамагчы рэалізаваць планы сваіх выхаванцаў для мяне будзе вялікім шчасцем.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.