Насустрач кампетэнцыям ХХI стагоддзя

- 10:29Якасць адукацыі

“Насустрач кампетэнцыям ХХI стагоддзя!” — пад такім дэвізам на мінулым тыдні на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі праходзіў міжнародны навукова-практычны семінар “Выкарыстанне стратэгій актыўнага навучання для развіцця функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў”. Мерапрыемства прайшло пры садзейнічанні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і сакратарыята праграмы прафесійных абменаў і павышэння кваліфікацыі Савета Еўропы Pestalozzi.

Мэтамі семінара былі прасоўванне іміджу Рэспублікі Беларусь і нацыянальнай сістэмы адукацыі ў міжнародную адукацыйную прастору, пашырэнне супрацоўніцтва па еўрапейскіх праграмах у сферы дадатковай адукацыі дарослых, дэманстрацыя і распаўсюджванне эфектыўнага вопыту нацыянальнай сістэмы адукацыі.

У рабоце міжнароднага семінара прынялі ўдзел педагагічныя работнікі з 11 краін: Балгарыі, Венгрыі, Латвіі, Партугаліі, Польшчы, Румыніі, Сербіі, Славеніі, Турцыі, Францыі, Эстоніі, а таксама кіраўнікі і педагогі ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Першы прарэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі каардынатар праграмы павышэння кваліфікацыі і прафесійных абменаў Савета Еўропы Pestalozzi Людміла Георгіеўна Тарусава азнаёміла замежных гасцей з асаблівасцямі нацыянальнай сістэмы адукацыі.

У Мінскім абласным ліцэі ўдзельнікі семінара на практыцы азнаёміліся з вопытам метадычнага канструявання адкрытай адукацыйнай прасторы, арыентаванай на фарміраванне ключавых кампетэнцый навучэнцаў, перш за ўсё грамадзянскасці, адказнасці і здольнасці да паспяховай самарэалізацыі ва ўмовах зменлівага грамадства.

Як заўважыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Пазнякова, адукацыйная прастора Мінскага абласнога ліцэя рэалізоўвае прынцыпы індывідуалізацыі (тэхналогію цьютарскага суправаджэння адоранасці), халістычнай адукацыі (паводле Джона Мілера), мабільнага навучання (сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі), а таксама традыцыйныя формы і метады навучання.

У ліцэі даўно выкарыстоўваецца ідэя халістычнага мыслення, якое заснавана на ўменні і здольнасці бачыць сувязь розных прадметаў школьнага цыкла, а таксама з’яў жыцця, прыроды і культуры. Ліцэісты актыўна і паспяхова займаюцца навуковай і даследчай дзейнасцю, вынікі якой высока ацэньваюцца як на рэспубліканскім, так і на міжнародным узроўні. Напрыклад, даследчая работа-праект “Новы тып крыла” ў трактоўцы Increasing wing lift for safer landing прадстаўлялася на Intel ISEF у Пітсбургу (штат Пенсільванія, ЗША). У гэтым даследаванні свае ідэі рэалізоўвалі навучэнцы ліцэя Віктар Беляўцоў, Мікіта Сыраватнікаў і Алег Карабко.

“На пытанне “Што патрабуецца ад школы?” у дакладзе Сусветнага навуковага таварыства даецца адказ: “Развіты розум, імкненне вучыцца і здольнасць прымяняць веды на практыцы — вось ключ да нашай будучыні”. Разам з трыма асноўнымі кампетэнцыямі, якія павінна фарміраваць у вучняў сучасная школа, асабліва хочацца вылучыць здольнасць да самаадукацыі. Паспяховая яе выпрацоўка будзе немагчыма, калі ў дзіцяці адсутнічае вопыт вядзення навукова-даследчай работы”, — заўважыла Алена Уладзіміраўна Пазнякова.

Для таго каб удзельнікі семінара змаглі пагрузіцца ў вучэбны працэс ліцэя, яго настаўнікі падрыхтавалі цэлую галерэю адкрытых урокаў.

Над распрацоўкай інтэграванага ўрока біялогіі, фізікі і беларускай літаратуры “Амбівалентны характар балота: біялагічны, фізічны і літаратурны аспекты” працавалі Л.М.Кавалеўская, В.А.Званцова, В.Д.Скіба. Урок з’яўляецца рэалізацыяй халістычнай адукацыі на трансдысцыплінарным узроўні. Гэта значыць, настаўнік і вучні аб’ядноўваюцца вакол пэўнай грамадска значнай праблемы і разглядаюць яе ў фармаце 3D. У гэтым выпадку тэмай урока сталі балоты — нязменны складнік прыроднага ландшафту Беларусі, ці, як іх яшчэ называюць, лёгкія Еўропы.

Цікавым атрымаўся ўрок нямецкай мовы “Фальклорны вобраз ката ў дыялогу культур”. “Адным з важных напрамкаў работы на факультатыўных занятках па нямецкай мове з’яўляецца напісанне з навучэнцамі работ даследчага характару. Практычныя матэрыялы выкарыстоўваюцца ў далейшым на ўроках. Урок прысвечаны параўнальнаму аналізу канцэпта “кот — котка” на матэрыялах фальклорных твораў.

У сучасным свеце мы павінны імкнуцца разумець іншыя культуры. Менавіта фальклорныя творы змяшчаюць у сабе інфармацыю аб традыцыях, звычаях і асаблівасцях побыту любога народа”, — расказала пра свой урок А.І.Дубоўская.

Урок геаграфіі “Харчовая праблема” праводзіла Л.Г.Альгамец. “Сучаснае грамадства жыве ва ўмовах пастаянных змен каштоўнасцей і ідэалаў, неадназначнасці жыццёвага выбару. У сувязі з гэтым вялікае значэнне набывае мэтанакіраваная работа школы па фарміраванні ў падрастаючага пакалення цэласнага погляду на свет і месца чалавека ў гэтым свеце.

Прадстаўлены праграмны ўрок грунтуецца на інтэграцыі школьных дысцыплін, што дазваляе ўсебакова разгледзець аспекты харчовай праблемы, выкарыстоўваючы веды з англійскай мовы, матэматыкі, грамадазнаўства, біялогіі. На занятках кожны вучань быў уцягнуты ў актыўны пазнавальны працэс, які дапамагаў выразна ўсведамляць: думай глабальна, а дзейнічай лакальна”, — адзначыла Людміла Георгіеўна.

Урок беларускай літаратуры “Ці патрэбна нам “Мова”? Зрабі свой выбар” прадстаўляла Н.В.Лянкевіч. “Урок праводзіўся ў форме дзелавой гульні — прэзентацыі навуковага доследу “Прытчавасць рамана Віктара Марціновіча “Мова” (вопыт навуковага доследу)”. Гэты ўрок — імітацыя абароны дысертацыі. Літаратура апошніх дзесяцігоддзяў імкнецца да філасофскіх абагульненняў, да разумення быцця чалавека, што ў сваю чаргу прывяло да з’яўлення ў літаратуры такой з’явы, як прытчавасць. “Мова” — раман пра Беларусь без Беларусі. Народ, які страціць сваю мову, сваю культуру, асуджаны на выраджэнне. Гісторыя ведае шмат прыкладаў, калі на зямлі зніклі мовы, а ўслед за імі — іх носьбіты. Раман “Мова” — яркае таго пацвярджэнне. Гэта твор, які чарговы раз у іншасказальнай форме прымушае задумацца над глабальнымі праблемамі чалавецтва”, — пракаменціравала свой выбар настаўніца.

“Наш урок “Вывучэнне маральных каштоўнасцей на прыкладзе філасофскіх катэгорый свабоды і шчасця” праводзіўся зыходзячы з халістычнага прынцыпу навучання на аснове французскай мовы і грамадазнаўства ў 9, 10 і 11 класах. Навучэнцы паспрабавалі самастойна вызначыць паняцці “свабода” і “шчасце”, высветліць іх значэнне для сябе”, — адзначылі В.В.Шыманоўская і І.В.Нікіцінская.

* * *

На працягу двух дзён з удзельнікамі працавалі трэнеры. З беларускага боку ў іх ролі выступалі прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Мікалай Іванавіч Запрудскі і начальнік цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алена Уладзіміраўна Радзевіч, а таксама трэнер Савета Еўропы Баяна Галубовіч з Сербіі.

Трэнінг М.І.Запрудскага быў на тэму “Актыўная ацэнка як новая стратэгія навучання”. “Такая тэма была вызначана таму, што тэхналогія актыўнай ацэнкі мае вялікі патэнцыял фарміравання ў вучняў ведаў і прадметных уменняў, павышэння вучэбнай матывацыі і адказнасці за асабістае навучанне. Яна скіравана таксама на фарміраванне ў вучняў кампетэнцыі ХХІ стагоддзя, што адпавядае тэме семінара”, — патлумачыў Мікалай Іванавіч.

Ён таксама адзначыў, што гэтая тэхналогія блізкая да той, якая ў многіх краінах Еўропы вядома пад назвай Formative Assessment. У беларускім варыянце яна мае свае асаблівасці, таму на першых семінарах, якія ў 2009 годзе праводзілі ў Мінску педагогі з Польшчы, была прынята іншая назва — актыўная ацэнка (АА).

Паколькі АА мае сістэмны характар і за абмежаваны час немагчыма вывучыць усе метады і сродкі тэхналогіі, М.І.Запрудскі арганізаваў работу па двух істотных кампанентах: тэхніцы работы з мэтамі і рабоце настаўніка і вучняў з пытаннямі на ўроку.

На прыкладах было паказана, як беларускія настаўнікі фармулююць мэты пры падрыхтоўцы да ўрокаў:

• фактычна, настаўнік піша не мэту, а дэкларуе свае намеры, указваючы на тое, што сам збіраецца рабіць на ўроку;

• навучэнцы часта не ведаюць мэты, навошта яны сядзяць на ўроку, бо настаўнік не агучвае яе;

• у класе не параўноўваецца тое, чаму будзем вучыцца і чаму навучыліся.

Далей, па просьбе Мікалая Іванавіча, удзельнікі семінара расказалі, як арганізоўваецца работа з мэтамі ў іх школах. Працуючы ў групах па 4—5 чалавек, удзельнікі распрацавалі спісы правіл работы з мэтамі, прычым правілы павінны былі максімальна працаваць на фарміраванне кампетэнцый нашага стагоддзя. У канцы трэнер прапанаваў і пракаменціраваў свой спіс правіл, якія паспяхова выкарыстоўваюцца ў нашай краіне тымі настаўнікамі, якія валодаюць і прымяняюць АА.

Аналагічна ажыццяўлялася работа па такім кампаненце АА, як пастаноўка пытанняў. Групы ўдзельнікаў семінара распрацоўвалі адпаведныя правілы, якія потым прадстаўлялі і тлумачылі прысутным. “Калі настаўнік кіруецца гэтымі правіламі, то павышаецца актыўнасць дзяцей, развіваюцца іх камунікатыўныя здольнасці, крытычнасць і крэатыўнасць, адказнасць, уменні бачыць і фармуляваць праблемы. Актуальнасць гэтых кампетэнцый не выклікае сумненняў.

Такім чынам, і педагогі з Беларусі, і замежныя госці атрымалі новыя веды па АА, паглыбліся ў два істотныя кампаненты гэтай тэхналогіі, павысілі сваю педагагічную кампетэнтнасць, а таксама атрымалі адукацыйныя прадукты, якія, хочацца спадзявацца, будуць выкарыстоўвацца ў нашай краіне і за яе межамі”, — рэзюмаваў М.І.Запрудскі.

Алена Уладзіміраўна Радзевіч на сваім трэнінгу засяродзілася на развіцці крытычнага мыслення, якое беларускія педагогі даўно развіваюць у навучальных установах. Разам з удзельнікамі семінара яна шукала адказ на пытанне “Што такое крытычнае мысленне сёння?”.

“Іншым разам паводзіны вучняў прымушаюць задумацца над тым, што нешта мы робім не так. Напэўна, у сувязі з вялікім інфармацыйным цяжарам, які сёння адчувае кожны з нас, змяніліся падыходы да фарміравання крытычнага мыслення. Гэтае паняцце патрабуе пераасэнсавання. Спроба гэта зрабіць і лягла ў аснову майго трэнінгу”, — адзначыла Алена Уладзіміраўна.

А.У.Радзевіч разглядала стратэгіі развіцця крытычнага мыслення ў сучаснай школе, у прыватнасці такія метады, як “Мазгавы штурм”, “Актыўная ацэнка”, “Работа з візуальнымі выявамі”.

Баяна Галубовіч у сваім выступленні, прадстаўляючы праграму Савета Еўропы Pestalozzi, звярнула ўвагу на інструменты, якія яна выкарыстоўвае для павышэння кваліфікацыі і прафесійнай мабільнасці еўрапейскіх педагогаў. Затым Баяна правяла два трэнінгі. Адзін быў прысвечаны кампетэнцыі ХХІ стагоддзя — фарміраванню здольнасці вучыцца на працягу жыцця, а другі — прынцыпам і стратэгіі навучання на працягу жыцця. Абодва трэнінгі былі заснаваны на адчуваннях і пачуццях яго ўдзельнікаў і накіраваны на развіццё індывідуальнага светаадчування, развіццё творчых здольнасцей у групе. Жаданне вучыцца ўзнікае ў кожнага, і ажыццявіць яго можна ў мікра- ці макракалектыве. Галоўнае — мець матывацыю, якая грунтуецца на пачуццях “хачу” або “не буду”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.