Навыкі камунікацыі для дзіцяці з аўтызмам

- 8:55Спецыяльная адукацыя

Карэкцыйна-педагагічная работа з дзецьмі з аўтыстычнымі парушэннямі будуецца на аснове праграмы ТЕАССН. Яе мэта — максімальнае інтэграванне дзяцей у грамадства, забеспячэнне найлепшай якасці жыцця, дасягненне максімальна магчымай самастойнасці дзяцей. Гэтая канцэпцыя прадугледжвае структураванне часу, прасторы і відаў дзейнасці.

Навучанне дзіцяці з аўтыстычнымі парушэннямі павінна будавацца на дыягнастычнай аснове і выяўленні яго здольнасцей і патэнцыяльных магчымасцей. Фарміраванне камунікатыўных навыкаў ажыццяўляецца падчас сумеснай дзейнасці: камунікатыўна-маўленчай, прадметнай, гульнявой, канструктыўнай, выяўленчай, вучэбнай. Дыягностыка, назіранні, гутаркі з бацькамі дазваляюць скласці індывідуальныя праграмы для кожнага дзіцяці з такімі парушэннямі.

Псіхолаг і настаўнік Лілі Нільсан гаварыла: “Калі дзіця не можа падысці да акружэння, то акружэнне падыдзе да яго”. Для наладжвання сувязі паміж дзіцем і аб’ектамі навакольнага свету ў нашым ЦКРНіР быў створаны “Маленькі пакой”. У ім знаходзяцца прадметы з рознымі ўласцівасцямі, яны прымацаваны зверху і збоку на сценах так, што дзіця пры кожным руху кантактуе з імі. Для аснашчэння такога пакоя добра падыходзяць прадметы хатняга ўжытку, цацкі, якія гучаць і круцяцца.

Візуалізацыя — адзін з найважнейшых складовых кампанентаў структураванага асяроддзя навучання, які спрыяе развіццю камунікацыі ў людзей з аўтыстычнымі парушэннямі. Для дзяцей неабходна ствараць спецыяльныя візуальныя інструменты — розныя расклады, інструкцыі, падтрымку ў сацыяльных сітуацыях і г.д. Варыянты раскладаў (рэжымаў дня) могуць быць наступныя: прадметны (скрыня з прадметамі); фатаграфічны (фотаздымкі на таблічках або ў альбоме); малюнкавы; пісьмовы. Візуалізаваны расклад паведамляе навучэнцу з аўтызмам, якія заняткі будуць праводзіцца і ў якой паслядоўнасці. Расклад павінен быць прадстаўлены ў фармаце “зверху ўніз” або “злева направа”. Па меры сталення дзяцей у расклад можна ўключаць слоўныя інструкцыі, самыя простыя піктаграмы.

Для навучання чытанню дзяцей з аўтыстычнымі парушэннямі выкарыстоўваецца методыка глабальнага чытання, або чытання слоў цалкам. Яны звычайна добра запамінаюць цэлыя словы, назвы, напісаныя на розных рэкламных буклетах, упакоўках лекаў і г.д. Для замацавання дзецьмі навыкаў чытання ў дамашніх умовах іх бацькі размяшчаюць таблічкі з надпісамі на прадметах, якія іх акружаюць.

Алена Янушка, педагог, даследчык з Масквы, прапанавала методыку, якая накіравана на распрацоўку карэкцыйнага ўздзеяння з дапамогай сумеснага малявання з дзіцем з аўтызмам. Разам з дзіцем малюецца сюжэт, блізкі яго цікавасцям, пры гэтым эмацыянальна каментуецца тое, што адбываецца. Дзіця ўдзельнічае ў стварэнні малюнка, “падказваючы” развіццё сюжэта.

Таксама выкарыстоўваюцца структураваныя карты-інструкцыі для развіцця камунікацыі і сацыялізацыі дзяцей, структураваныя карты-інструкцыі для развучвання песень. Неабходна структураваць моманты настрояў, падзей, важныя ў жыцці дзяцей, напрыклад, “Дні нараджэння”, “Мой настрой” і г.д. У рамках эксперыментальнага праекта, які праводзіўся ў нашай установе з 2010 па 2012 год па тэме “Апрабацыя навукова-метадычнага забеспячэння карэкцыйна-педагагічнай дапамогі дзецям з аўтыстычнымі парушэннямі ва ўмовах ЦКРНіР” мной былі створаны камунікатыўныя альбомы для дзяцей з аўтыстычнымі парушэннямі. У іх выкарыстоўваюцца фотаздымкі, на якіх адлюстроўваюцца канкрэтныя сітуацыі, што сустракаюцца ў штодзённым жыцці. Дапаможнікі аказаліся эфектыўным сродкам, які дазваляе пашырыць магчымасці дзяцей у зносінах.

У працэсе работы з камунікатыўным альбомам адпрацоўваліся формы сацыяльных паводзін, камунікатыўныя навыкі: зварот па дапамогу, уменне назваць дамашні адрас і г.д. Такія сітуацыі спецыяльна мадэлююцца, напрыклад, “Аптэка”, “Магазін”, “Выклік хуткай дапамогі”. Дзеці навучаліся арыентаванню ў часе пры дапамозе календара.

Сумесна з бацькамі для кожнага дзіцяці мной быў створаны дапаможнік “Мая кніга”. Гэты вопыт атрымаў распаўсюджванне ва ўстановах адукацыі Гродна, дзе навучаюцца дзеці з аўтызмам. У змест дапаможнікаў уваходзяць фотаздымкі, малюнкі, развіццёвыя заданні і многае іншае, звязанае з жыццёвым вопытам дзіцяці, яго сям’ёй, блізкімі людзьмі і з тым, што адбываецца ў іх жыцці. Пры стварэнні буквара былі ўлічаны стэрэатыпныя захапленні дзяцей. Напрыклад, дзяўчынка вельмі любіла гуляць з героем з мультфільма Мікі Маусам. Адпаведна, на старонкі “Буквара” і “Я — кнігі” наклейваліся карцінкі з любімым персанажам, што стварала станоўчую матывацыю, і дзіця з задавальненнем займалася і выконвала розныя заданні.

Магчымасць пачуць і быць пачутым самому — гэта абавязковая ўмова для эфектыўнага навучання, для чаго мною быў выкарыстаны метад сацыяльных гісторый. Сацыяльныя гісторыі з’яўляюцца кароткім апісаннем пэўнай сітуацыі, падзеі або дзейнасці і ўключаюць інфармацыю пра тое, чаго можна чакаць у такой сітуацыі і чаму. Сацыяльныя гісторыі маюць вельмі шырокую сферу прымянення: развіццё навыкаў па доглядзе сябе (чыстка зубоў, адзяванне і г.д.), сацыяльных навыкаў (просьба аб дапамозе, падзяка); дапамога аўтычным дзецям у прыняцці змен у іх звычайным раскладзе (адсутнасць або замена настаўніка, пераезд); выкарыстанне як паводзінскай стратэгіі (што рабіць, калі ты злуешся, як змагацца з неадчэпнымі думкамі і г.д.).

Важна адзначыць, што розныя сістэмы навучання і тэрапіі паспяхова сумяшчаюцца са стратэгіяй структураванага навучання. У рабоце з дзецьмі з аўтыстычнымі парушэннямі таксама актыўна выкарыстоўваецца альтэрнатыўная сістэма камунікацыі PECS, у аснове якой ляжыць навучанне абмену карткі на жаданы прадмет або дзеянне. Мэта праграмы — падахвоціць дзіця спантанна пачаць камунікатыўнае ўзаемадзеянне. Гэтая сістэма дапамагае дзіцяці з аўтызмам, якое “не гаворыць”, выказваць свае жаданні, патрэбы даступным для яго і зразумелым для дарослых спосабам. Гэты метад павінен выкарыстоўвацца ў супрацоўніцтве з бацькамі. Калі дзецям суджана загаварыць і ў іх для гэтага ёсць патэнцыял, яны загавораць. Калі ж у дзіцяці мутызм, яны не здольны ствараць гукі, то ў гэтым выпадку карткі будуць адзіным спосабам кантакту са светам.

Паводзінскія праблемы дзяцей нярэдка прымушаюць бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей з аўтызмам, адмовіцца ад выхаду ў грамадскія месцы і абмежаваць асяроддзе зносін. Аўтызм не з’яўляецца праблемай толькі дзіцячага ўзросту. Цяжкасці камунікацыі і сацыяльнай адаптацыі мяняюць форму, але не праходзяць з гадамі, дапамога і падтрымка павінны суправаджаць чалавека з аўтызмам усё жыццё. Нямногім дзецям удаецца перайсці да самастойнага жыцця пасля дасягнення паўналецця, аднак некаторыя дабіваюцца поспеху.

Да мяне прыйшла ідэя стварыць асабісты тэлефонны даведнік для людзей з аўтызмам. Гэта выданне практычнага прызначэння, куды могуць уваходзіць неабходныя нумары тэлефонаў з суправаджальнай карцінкай або фотаздымкам. Напрыклад, нумары тэлефонаў блізкіх сваякоў, знаёмых, экстранных службаў, прадпрыемстваў быту і г.д. Даведнік можа папаўняцца. У працэсе работы з асабістым тэлефонным даведнікам адпрацоўваюцца формы сацыяльных паводзін, камунікатыўныя навыкі: навучанне ўменням выказваць просьбы, каментаваць падзеі, задаваць пытанні, выказваць эмоцыі, быць пачутымі павышае зацікаўленасць і актыўнасць дзяцей, падлеткаў. Тэлефонная сувязь дазваляе аператыўна звязацца з неабходным абанентам. Дапаможнік спрыяе павышэнню якасці ўзаемаразумення і ўзаемадзеяння людзей з аўтыстычнымі парушэннямі з іх сацыяльным акружэннем.

***

Можна шмат чаго дабіцца, калі верыць у дзіця, падыходзіць да яго з улікам яго асаблівасцей і магчымасцей, абапіраючыся на дапамогу спецыялістаў і бацькоў. Адным з надзейных спосабаў пазнаць што-небудзь пра чалавека быў і застаецца эксперымент. Многія дзеці прымаюць прапанаваную ім дапамогу, але пры гэтым застаюцца “ў сваёй шкарлупіне”. Неабходна апрабаваць розныя формы работы. Дасягненні пэўных вынікаў — гэта карпатлівая, працяглая работа, якая патрабуе цярплівасці. Не год і не два міне, пакуль зможам убачыць няхай самы маленькі, але станоўчы вынік.

Ларыса СЯМЁНАВА,
настаўніца ЦКРНіР Гродна.