Навізна ідэй і выніковасць

- 12:15Адукацыйная прастора, Рознае

226 заявак было пададзена для ўдзелу ў ХІ Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. 78 праектаў былі прадстаўлены ў фінале. Лепшыя распрацоўкі настаўнікі паказалі ў 5 намінацыях, якія ахоплівалі ўсе сферы дзейнасці сістэмы адукацыі: электронныя адукацыйны рэсурсы ў дашкольнай і пачатковай адукацыі, у базавай і агульнай адукацыі, у спецыяльнай адукацыі, праектна-даследчай дзейнасці з выкарыстаннем ІКТ, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў кіраванні адукацыяй.

Другі год фінал конкурсу быў арганізаваны ў Лідзе. Каб трапіць у Ліду, удзельнікам прыйшлося прайсці раённы і абласны этапы.

— На завочны этап удзельнікі прадстаўлялі відэакейс, які змяшчае кароткую прэзентацыю конкурснай работы. Усе відэакейсы ўдзельнікі загружалі на відэахостынг YouTube. Такая арганізацыя завочнага этапу дазволіла правесці яго максімальна адкрыта: усе жадаючыя, у тым ліку і самі ўдзельнікі конкурсу, маглі пазнаёміцца з конкурснымі праектамі, пакінуць свае каментарыі, задаць пытанні аўтарам, — расказвае метадыст упраўлення дыстанцыйных адукацыйных паслуг Нацыянальнага інстытута адукацыі Інга Пінголь.

Урачыстае адкрыццё заключнага этапу конкурсу адбылося ў Лідскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Удзельнікаў віталі першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская і старшыня журы, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі фізіка-матэматычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Сяргей Зянько.

Абарона праектаў адбывалася ў выглядзе стэндавага даклада. Пры ацэньванні работ члены журы кіраваліся такімі крытэрыямі, як адпаведнасць работы мэтам і задачам конкурсу, актуальнасць задачы, якая вырашаецца, выразная ўзаемасувязь паміж выкарыстаннем ІКТ і дасягнутымі адукацыйнымі вынікамі, навізна ідэй, падыходаў, тэхналогій, выніковасць — наяўнасць канчатковага выніку і станоўчага вопыту работы па кірунку, па якім прадстаўлены праект, адпаведнасць распрацоўкі дызайн-эрганамічным патрабаванням, метадычная выверанасць работы і пераканаўчасць прадстаўленых матэрыялаў, публічнае прадстаўленне вынікаў праекта.

Дыпломамі І ступені ХІ Рэспубліканскага конкурсу
“Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” узнагароджаны:

Аліна Міхайлаўна Стэльмачонак, настаўніца нямецкай мовы Зелянкоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя Т.С.Мырыненка Полацкага раёна Віцебскай вобласці, за работу Deutsch im Unterricht.by;

Наталля Віктараўна Лябёдкіна, выкладчык фізікі, Ала Аляксандраўна Шавейка, выкладчык спецдысцыплін Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі, за работу “Электронны модуль “Электрамагнетызм”;

Марына Аляксандраўна Марцуль, Вадзім Баіравіч Цыбікаў, выкладчыкі англійскай мовы Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі, за работу “Электронны дапаможнік “Графічны англійскі”;

Наталля Мікалаеўна Грыгор’ева, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 7 Рэчыцы Гомельскай вобласці, за работу “Школьны сайт як сеткавы рэсурс для ўзаемадзеяння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу ва ўмовах інфарматызацыі грамадства”;

Кірыл Аляксандравіч Дземусеў, настаўнік фізікі і інфарматыкі Грабаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Гомельскай вобласці, за работу “Адкрыты інтэрнэт-партал “Штодзённік настаўніка”;

Вольга Віктараўна Краўчанка, настаўніца гісторыі, Павел Юр’евіч Краўчанка, навучэнец 11 класа сярэдняй школы № 2 імя В.М.Калеснікава Рагачова Гомельскай вобласці, Андрэй Віктаравіч Назарчук, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму, за работу “Дапаможнік па гісторыі Беларусі (другая палова ХVI — канец XVIII ст.)”;

Віктар Якаўлевіч Лагвіновіч, Якаў Якаўлевіч Лагвіновіч, настаўнікі матэматыкі сярэдняй школы № 6 Кобрына Брэсцкай вобласці, за работу “Інтэрнэт-платформа Oscar для работы з адоранымі навучэнцамі”;

Ганна Рышардаўна Улевіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры Беняконскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці, за работу “У краіне Рускай Мовы і Літаратуры”;

Святлана Рыгораўна Пузіноўская, настаўніца інфарматыкі, Раман Юр’евіч Злобін, навучэнец 9 класа сярэдняй школы № 4 Дзяржынска Мінскай вобласці, за работу “Асновы анімацыі”;

Вікторыя Мікалаеўна Скальская, Алена Уладзіміраўна Руткоўская, настаўніцы пачатковых класаў, Вольга Юр’еўна Грышан, настаўніца біялогіі гімназіі Смаргоні Гродзенскай вобласці, за работу “Сеткавы праект “У Краіне Здароўя”.

Мерапрыемствы вочнага этапу былі адкрытымі і для настаўнікаў і навучэнцаў старшых класаў лідскіх школ. А канкурсанты маглі паўдзельнічаць у шматлікіх майстар-класах па выкарыстанні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе і прэзентацыях ад ІТ-кампаній — партнёраў конкурсу Intel, Stem edu, “ЭПСОН ЕВРОПА Б.В.”, “САММИТ-ТЕХНОЛОДЖИЗ”, “АСБИС”.

Як адзначыў дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Сяргей Важнік (а менавіта інстытут разам з Міністэрствам адукацыі з’яўляецца арганізатарам конкурсу), такія творчыя агляды вельмі патрэбны для падтрымкі таленавітых настаўнікаў. Па выніках конкурсу будзе створаны адкрыты банк электронных адукацыйных рэсурсаў, распрацаваных яго ўдзельнікамі, і размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале www.adu.by.

Ужо сёння электронныя адукацыйныя рэсурсы беларускіх настаўнікаў карыстаюцца цікавасцю не толькі ва ўласнай школе, але і ў свеце. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Беняконскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Ганна Улевіч распрацавала электронны адукацыйны рэсурс “У краіне Рускай Мовы і Літаратуры”. Колькасць яго наведвальнікаў перавысіла 15 тысяч чалавек. Сярод іх — жыхары Беларусі, Расіі, ЗША, Нідэрландаў, Казахстана, Украіны.

— Работа над стварэннем рэсурсу вялася паўтара года, — расказвае Ганна Рышардаўна. — На галоўнай старонцы публікуюцца матэрыялы для падрыхтоўкі да ўрокаў, віншаванні, аб’явы. Рэсурс утрымлівае 26 старонак. Блок “Мая бібліятэка” прадстаўляе аўтарскія публікацыі — алгарытмы, табліцы, апорныя схемы, лінгвістычныя казкі, слоўнікі, памяткі. Старонка “Урокі арфаграфіі” дапаможа вучням пасябраваць з арфаграфіяй і пісаць дыктоўкі на 10 балаў. Блок “Анлайн-рэпетытар” дае магчымасць атрымаць анлайн-кансультацыі. Таксама можна праверыць свае веды па асноўных тэмах рускай мовы і атрымаць падрабязны аналіз зробленых памылак. А ўсяго было распрацавана больш за 700 адзінак інтэрактыўнага дыдактычнага матэрыялу — 146 практыкаванняў і 220 тэстаў па мове, 126 тэстаў па літаратуры, 32 электронныя публікацыі, 27 інтэрактыўных плакатаў, 56 крыжаванак, 57 гульняў, 16 экспрэс-алімпіяд, 9 слоўнікаў, 14 прэзентацый па літаратуры.

Адметнасцю конкурсу з’яўляецца і тое, што суаўтарамі праектаў выступаюць… школьнікі. Так, “Дапаможнік па гісторыі Беларусі (другая палова XVI — канец XVIII ст.)” распрацавалі настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 2 імя В.М.Калеснікава Рагачова Вольга Краўчанка, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Рагачоўскага райвыканкама Андрэй Назарчук і навучэнец 11 класа сярэдняй школы № 2 Павел Краўчанка. Настаўніца інфарматыкі Святлана Пузіноўская і навучэнец 9 класа Раман Злобін з сярэдняй школы № 4 Дзяржынска прадставілі на конкурс інтэрактыўны дапаможнік па інфарматыцы “Асновы анімацыі”.

— У 9 класе праходзяць тэму “Асновы анімацыі”. Задача настаўніка не проста азнаёміць з ёй, а навучыць дзяцей рэальна працаваць у гэтай сістэме, — расказвае Святлана Рыгораўна. — Разам з Раманам, які актыўна займаецца камп’ютарнымі тэхналогіямі яшчэ з 6 класа і які не раз быў пераможцам конкурсаў і алімпіяд, мы і стварылі гэты дапаможнік.

Разам са сваёй настаўніцай інфарматыкі, Марынай Лук’янец, падняліся на сцэну, каб атрымаць узнагароды, і навучэнкі сярэдняй школы № 27 Гродна Ілона Лукуць і Дар’я Земляная. Іх сумесная работа “Вывучэнне інтэрнэт-сэрвісаў і стварэнне віртуальнага музея школы, які прысвечаны героям Вялікай Айчыннай вайны Гродзеншчыны” адзначана дыпломам ІІІ ступені, а дзяўчаты, якія, дарэчы, вучацца ў 11 класе і мараць аб прафесіі ў галіне інфармацыйных тэхналогій, атрымалі ў падарунак сучасныя мабільныя тэлефоны.

30 праектаў адзначаны дыпломамі ХІ Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Як і год назад, сярод пераможцаў абсалютная большасць — гэта прадстаўнікі Гродзенскай вобласці. Яны атрымалі 16 дыпломаў: два І ступені, шэсць — ІІ і восем дыпломаў ІІІ ступені.
За гады існавання конкурс стаў сапраўднай пляцоўкай перадавога вопыту настаўнікаў Беларусі. Як трапна заўважыў старшыня журы Сяргей Зянько, педагогі кожны год здзіўляюць новымі творчымі знаходкамі, засваеннем новых тэхнічных сродкаў і тэхналогій.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.