Навучальныя ўстановы чакаюць вучняў

- 14:20Адукацыйная прастора

У магілёўскіх установах адукацыі поўным ходам ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года. Рамантуюцца класы, закупляецца новае абсталяванне, наводзіцца парадак у актавых і спартыўных залах, на прылеглай тэрыторыі. Верасень не за гарамі, таму ўвага пытанням падрыхтоўкі ўдзяляецца адпаведная.

— На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі рэгіёна да новага навучальнага года з абласнога бюджэту выдзелена звыш 11 млн 431 тысячы рублёў. На рамонт­ныя работы таксама прыцягваюцца сродкі з іншых крыніц фінансавання. Усе яны накіроўваюцца на работы, звязаныя са стварэннем бяспечных, аптымальных санітарна-гігіенічных умоў для арганізацыі адукацыйнага працэсу, на ўмацаванне вучэбнай і матэрыяльна-тэхнічнай базы. Адметна, што ў шэрагу навучальных устаноў сёлета былі праведзены маштабныя капітальныя рамонты, — паведаміла кіраўнік Магілёўскага абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці ўстаноў адукацыі Ганна Сіманоўская.

Па яе словах, капітальныя рамонты выкананы ва ўстановах адукацыі Магілёва, Асіповіцкага, Быхаў­скага, Горацкага і Кіраўскага раёнаў. Шмат чаго было зроблена ў рамках праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь” за кошт сродкаў Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця. Калі дакладней, па гэтай праграме вядзецца капітальны рамонт з мадэрнізацыяй у сярэдняй школе № 2 Глуска, Мышкавіцкай сярэдняй школе Кіраўскага раёна, Лапіцкай сярэдняй школе Асіповіцкага раёна, сярэдняй школе № 2 Слаўгарада, Вяззеўскай сярэдняй школе Асіповіцкага раёна. Значныя сродкі па рашэнні аблвыканкама былі накіраваны на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў навучальных устаноў і замену вокнаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі Магілёва. Акрамя таго, у адпаведнасці з рэгіянальнай інвестыцыйнай праграмай, зараз вядзецца будаўніцтва новых устаноў адукацыі.

— Якасць і аператыўнасць рамонтных работ пастаянна трымаюцца на кантролі. У склад камісій па вызначэнні гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года ўваходзяць начальнікі і спецыялісты структурных падраздзяленняў гар(рай)выканкамаў, цэнтраў па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, прадстаўнікі органаў санітарнай службы і іншыя зацікаўленыя. У кожным раёне вобласці зацверджаны графікі прыёмкі ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Выяўленыя недахопы выпраўляюцца ў самыя кароткія тэрміны. Усе сертыфікаты гатоўнасці павінны быць падпісаны да 1 жніўня, — адзначыла Ганна Уладзіміраўна.

Упэўніцца ў гэтых словах можна было падчас наведвання сярэдняй школы № 18 Магілёва. У апошнія дні ліпеня гэтая навучальная ўстанова амаль гатова да прыёму навучэнцаў. І гэта ня­гледзячы на тое, што ў летнія месяцы тут ішоў капітальны рамонт басейна. Як заўважыў дырэктар школы Сяргей Боніч, на рамонтныя работы сёлета было выдаткавана нямала працоўных і матэрыяльных рэсурсаў.

— На капітальны рамонт басейна затрачана звыш аднаго мільёна рублёў. Мы цалкам замянілі плітку, электраправодку і свяцільні ва ўсіх памяшканнях, паўсюдна ўсталявалі новыя дзверы, душавыя і кабінкі для пераапранання. Абноўлены сістэмы вентыляцыі, водападрыхтоўкі ў басейне, — расказаў Сяргей Барысавіч.

Акрамя капітальнага рамонту басейна, у школе правялі касметычны рамонт, адрамантавалі спартыўную залу і памяшканні для пераапранання пры ёй, завяршылі замену дзвярэй. Змяніўся і шэраг вучэбных кабінетаў. Тэхнічнае перааснашчэнне і бягучы рамонт ажыццявілі ў кабінетах фізікі, англійскай мовы, хіміі. Па лініі Міністэрства адукацыі быў перааснашчаны кабінет біялогіі.

— Мы істотна абнавілі вучэбную мэблю. Прычым зрабілі гэта ўласнымі сіламі. Усё з заказанага мэблевага раскрою робіць наш настаўнік працоўнага навучання Дзмітрый Генадзьевіч Козін. Гэта дазваляе значна эканоміць. Увогуле, наша школа амаль гатова да Дня ведаў. Мы з нецярпеннем чакаем нашых адпачыўшых вучняў, — заўважыў Сяргей Боніч.

Яслі-сад № 112 Магілёва таксама ўжо падрыхтаваўся да новага навучальнага года. Калектыў гэтай дашкольнай установы да працэсу падрыхтоўкі падыходзіць творча, імкнучыся са звычайнага зрабіць неардынарнае. Гэта праяўляецца ва ўсім, ледзь толькі заходзіш на тэрыторыю садка. Розныя малыя архітэктурныя формы, багацце кветак на клумбах, яркія гульнявыя пляцоўкі…

— Мы ўдзя­ляем вялікую ўвагу добраўпарадкаванню тэрыторыі. Кожны год стараемся прыўнесці нешта новае. Напрыклад, сваімі рукамі стварылі тапіярый. Што ж тычыцца падрыхтоўкі да чарговага навучальнага года, то сёлета мы адрэстаўрыравалі агароджу, дабавілі гульнявое і разнастаілі спартыўнае дваровае абсталяванне, усталёўваем два ценявыя навесы на тэрыторыі. У нас цалкам былі заменены ўсе аконныя блокі, атынкаваны і афарбаваны фасад будынка. Традыцыйна праведзены поўны касметычны рамонт у групах, адрамантаваны харчаблок і абноўлена памяшканне пральні. Дзякуючы дапамозе апякунскага савета, былі закуплены вялікія гульнявыя тэматычныя модулі. Адным словам, мы пастараліся стварыць максімальна камфортныя ўмовы для нашых выхаванцаў, — падкрэсліла загадчык ясляў-сада № 112 Аксана Кузмянкова.

Маштабныя рамонтныя работы сёлета былі праведзены ў навучальных установах Асіповіцкага раёна. На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года туды накіравалі звыш 3,4 млн рублёў. Сродкі задзейнічаны на рамонт школ і дзіцячых садоў, устаноў дадатковай адукацыі, у якіх былі праведзены касметычныя рамонты, заменены і адрамантаваны дах, вокны, фасады, абноўлены мэбля і вучэбнае абсталяванне, тэхналагічна пераабсталяваны харчаблокі. Найбольш істотныя работы за кошт сродкаў Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця праведзены ў Лапіцкай сярэдняй школе. Гэтая ўстанова цяпер выглядае як новая. Наогул, ва ўсіх навучальных установах раёна створаны ўсе неабходныя ўмовы для атрымання дзецьмі якаснай, паўнавартаснай адукацыі.

Такім чынам, установы адукацыі Магілёўшчыны да чарговага навучальнага года амаль готовы. У хуткім часе дзіцячыя галасы зноў зазві­няць у кожнай школе, кожнай навучальнай установе рэгіёна.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.